Цяпер наконт праграмы. Ёсць у Беларусі музычныя калектывы (не будзем іх пералічваць), якія, зрабіўшы новую праграму, бясконца, гадамі яе пракатваюць, толькі мяняюць гарады і пляцоўкі. Гэта называецца «працаваць на касу», ці займацца музычным абслугоўваннем насельніцтва. Справа, па вялікім рахунку, патрэбная, бо не кожны жыхар райцэнтра, прыехаўшы ў сталіцу, выправіцца ў філармонію. Ды толькі паўтор (рэпрадукаванне, узнаўленне) таго, што ад пачатку мела ў сабе элемент навізны, не заўжды здольны захоўваць тую навізну. Калектывы, якія рыхтуюць эксклюзіўныя праграмы (а «Вайна і мір» менавіта да такіх і належыць), выклікаюць незраўнёна большую павагу. І таму, што клопатам з ёй непараўнальна болей. І таму, што падобныя праекты складана, а мо і не варта пракатваць.
Згаданы канцэрт Акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы быў каштоўны і ўласна музычным складнікам, і рэжысёрскім. Спачатку пра першы. У праграме з’ядналіся дванаццаць твораў, з іх пяць упершыню прагучалі ў Беларусі. Сярод аўтараў — Кнут Нюстэдт, нарвежскі кампазітар, арганіст і дырыжор. Англійскія кампазітары Герберт Хоуэлс і Джон Тавенэр. Латышскія творцы Петэрыс Васкс і Эрык Эшэнвалдс. Такім чынам узнікаюць мастацкі разгорт, адчуванне стылёвай разнастайнасці, панарамы сучаснай еўрапейскай харавой музыкі.
Заўважу: ноты проста так, задарма пэўнаму выканаўцу ці калектыву ніхто даваць не будзе. Гэта не беларуская завядзёнка, калі кампазітар шчаслівы ад таго, што яго нарэшце выканаюць! Ноты і партытуры ў цывілізаваным грамадстве — гэта заўжды пытанне аўтарскіх правоў, за якія трэба заплаціць сур’ёзныя грошы. Або вынік даўніх творчых стасункаў з жывымі кампазітарамі, што даюць ноты ў рукі таму, у чыім высокім узроўні выканальніцтва ўпэўненыя. Уласна вакальнае ўвасабленне прэм’ерных і непрэм’ерных опусаў сведчыла пра сапраўды віртуознае майстэрства калектыву на чале з Вольгай Янум.
Творы глыбока духоўнага зместу, якія закранаюць пытанні веры, блізкія ёй па шматлікіх прычынах. Вольга Янум выкладала вакал і дырыжыраванне ў Мінскім духоўным вучылішчы, доўгі час (1995—2017) працавала там кіраўніцай хору. Цяпер яна не толькі мастацкая кіраўніца капэлы імя Шырмы, але і рэгент Святочнага хору храма ў гонар іконы Маці Божай «Всех скорбящих Радость». Відаць, нездарма ў праграме апошняй прэм’еры з’яўляюцца сачыненні і Паўла Часнакова, класіка рускай духоўнай музыкі, і «Ныне отпущаеши» эстонца Арва Пярта, і інструментальны твор Баха, што натхнёна ўвасобілі Алег Яцына (скрыпка) і Аляксей Афанасьеў (віяланчэль).
Згадаю яшчэ пра два сачыненні, выкананыя капэлай, якія пакінулі моцнае ўражанне і сталіся своеасаблівымі эмацыйнымі і сэнсавымі кульмінацыямі. Найперш гэта «Мелодыя» з музыкі Джона Уільямса да фільма «Спіс Шындлера». Аранжыроўка, а фактычна пералажэнне для хору былі зроблены Дзмітрыем Хлявічам, ён жа стаяў як дырыжор на чале калектыву. Немагчыма не пазнаць узвышанай і трагічнай мелодыі з вядомай кінастужкі, прысвечанай тэме Халакосту. І немагчыма не перажыць пачуцці глыбокага спачування і жалобы па нявінных ахвярах вайны.
Сусветнай прэм’ерай сталася выкананне твора беларускай кампазітаркі Вольгі Падгайскай «We Are Still Alive» («Мы яшчэ жывыя»). Словы вакальнага сачынення належаць англа-амерыканскаму паэту Уістэну Х’ю Одэну, пераклад на беларускую Віталя Рыжкова. Моцны твор прасякнуты, як у «Спісе Шындлера», трагічнай інтанацыяй, закранае тэму Халакосту і больш блізкую нам па часе тэму бежанцаў і адлюстроўвае стан сіратлівасці, беспрытульнасці, безабароннасці чалавека, няпэўнасці ягонага лёсу на раздарожжы гісторыі.
Думаю, новае сачыненне Вольгі Падгайскай музыказнаўцы будуць аналізаваць асобна. Але пакуль заўважу, што моцныя, верагодна, і зыходны тэкст, і пераклад. Апошні я ўбачыла ў «Фэйсбуку» напярэдадні канцэрта, таму ведала змест, аднак далёка не ўсім слухачам так пашчасціла. Звычайна нешта са спеўнага тэксту ты праз музыку чуеш і разбіраеш, а штосьці не (асабліва калі твор новы і не вядомы шырокай грамадскасці). Таму сяброўская падказка арганізатарам: калі наступным разам гэтае сачыненне, «Мы яшчэ жывыя», будзе выконвацца, лепей, каб тэкст быў часткай праграмкі канцэрта. Гэта вельмі дапамагае належным чынам ацаніць сэнс і майстэрства кампазітара, перакладчыка, вакалістаў.
Цяпер пра рэжысёрскі складнік праекта. Асноўнай перашкодай, якая замінае больш актыўнаму наведванню канцэртаў акадэмічнай харавой музыкі, і асноўнай праблемай для шырокага слухача з’яўляецца, як ні дзіўна, тая непахісная традыцыя, што незнарок ператвараецца ў застылы кансерватызм. Хор выйшаў з-за куліс, маляўніча размясціўся на станках (рознаўзрозневых прыступках). І спявае, не кранаючыся з месца. Прагучалі апладысменты, а далей вядучая абвясціла наступны нумар.
Існуе досыць распаўсюджанае меркаванне, маўляў, харавое мастацтва само па сабе так моцна ўздзейнічае на слухача, што не патрабуе ніякіх дадаткаў і ўпрыгожванняў. Але свет робіцца ўсё больш візуальным, і той візуальнасцю, яе баляваннем запоўнена ўся прастора цяперашняга жыцця. Таму жанры музыкі, апрыёры пазбаўленыя візуальнасці, прайграюць тым жанрам (да прыкладу, тэатральным), дзе «карцінкі» ўсяляк дапамагаюць глыбока адчуць і перажыць змест музычнага сачынення.
Думаю, менавіта такія ідэі панавалі ў свядомасці Алены Медзяковай. Апошнія пяць гадоў яна працуе рэжысёркай у Нацыянальным тэатры оперы і балета. У свой час я бачыла пастаўленую ёю оперу «Verbum nobile» («Слова гонару») Станіслава Манюшкі (праект быў паказаны на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў), а таксама надзіва ўдалы праект «Тэнары супраць басоў» у камернай зале імя Ларысы Александроўскай. Медзякова — таксама пастаноўшчыца спектакля «Рахманая» паводле Дастаеўскага (дарэчы, разам з тэатрам танца «Альтана», актыўна занятым у праекце «Вайна і мір»).
У анонсе праекта, пра які размова, сказана: гэта «спектакль, перформанс, дзейства, светлавое дзейства па-за межамі часу». Сапраўды, тут можна было пабачыць шмат свежых і нязвыклых пастановачных прыёмаў. Хор рухаўся, відазмяняў свае канфігурацыі (замкнёнае кола, лініі, «змейкі»). А яго ўдзельнікі выглядалі сапраўды артыстамі, а не толькі статычнымі спевакамі. Часам публіка рэагавала на такія навацыі крыху насцярожана: «Яны так і будуць спяваць спінай да нас?» — ціха і крыху іранічна спытала глядачка, што сядзела якраз за мной. Заўважу: на якасць гуку падобныя мізансцэны не паўплывалі, што сведчыць пра моц і майстэрства вакалу.
Істотным у агульнай канцэпцыі быў і ўдзел у праекце «Альтаны» (мастацкая кіраўніца Ганна Корзік). Калектыў вядомы, тытулаваны, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў сучаснай харэаграфіі. У 2015-м «Альтана» здабыла III прэмію на конкурсе IFMC у Віцебску. Экспрэсіўная пластыка сапраўды шмат у чым актывізавала глядацкае ўспрыманне. Праўда, здараліся і такія моманты, калі гукавое ўражанне аказвалася непараўнальна больш моцным. Таму хацелася заплюшчыць вочы і слухаць, каб не разбурыць эмацыйны настрой. І не таму, што артысты раздражнялі, а таму, што ўзаемадзеянне ўласна музыкі, спеваў і танца складанае. І наўрад ці магчыма пралічыць загадзя, які са складнікаў будзе дамінаваць. Адзінае пажаданне рэжысёрцы: мо не варта «злоўжываць» цемрай і ў зале, і на сцэне? Бо ачышчэнне, заяўленае нават у афішы, звычайна паяднанае са станам прасветленасці. А тут мінорнасць твораў у спалучэнні з цемрай нараджалі адчуванні не толькі паглыбленасці ў музыку, узвышанасці, але і... напаўдрымоты.
У любым выпадку праект «Вайна і мір» атрымаўся прыкметным, меў грамадскі рэзананс. Відавочна, хацелася б трапляць на падобныя канцэрты шырмаўцаў і надалей. Таму, што гэта знаёмства з новымі творамі, аўтарамі, стылямі. Таму, што самыя розныя пастановачныя эксперыменты, звязаныя з харавой музыкай, трэба толькі вітаць. Элементы тэатралізацыі сапраўды ператвараюць канцэрт у спектакль, дзейства. А новых уражанняў замнога ніколі не бывае