У цэлым Minsk Design Week нагадваў архітэктурны варкшоп, арганізаваны па прынцыпе SESAM (Small European Architecture Students’ Assembly Meeting), — творчую лабараторыю для студэнтаў-архітэктараў, што праходзіць у розных краінах. Падчас такой лабараторыі студэнты даследуюць праблемы, якія іх цікавяць. Магчыма, сёлетні Мінскі тыдзень дызайну займеў гэты флёр студэнцтва менавіта таму, што ягонымі арганізатарамі выступілі маладыя архітэктары, якія летась курыравалі беларускую праграму SESAM. Таксама арганізатары свядома раўняліся на яшчэ адно студэнцкае мерапрыемства — MEDS (Meetings of Design Students, сустрэчы студэнтаў-дызайнераў), што мела на ўвазе хутчэй трэніроўку ў фармулёўцы праблемы і метадах яе вырашэння.
У той самы час у Тыдняў дызайну ва ўсім свеце ёсць дастаткова ўстойлівы фармат, зразумелы любому прафесіяналу. Гэтыя мерапрыемствы прысвечаны прадметнаму і прамысловаму дызайну і з’яўляюцца галоўным інструментам для наладжвання сувязяў паміж вытворцамі, дызайнерамі і замоўцамі. Класічны прыклад такога фестывалю — Тыдзень дызайну ў Мілане, які ўжо больш чым шэсць дзесяцігоддзяў вызначае галоўныя тэндэнцыі ў дызайне на бліжэйшы час. Менавіта там прадстаўляюцца самыя інавацыйныя распрацоўкі, ідэі, узоры з галіны прадметнага дызайну. Мэбля, асвятленне, арт-інсталяцыі, асобныя студэнцкія выставы, праграмы сустрэч для ўладальнікаў бізнэсу — усё гэта ператварае горад у вялікі кірмаш дызайну. Бадай, «кірмаш» тут ключавое слова: у Мілан дызайнеры едуць па кантракты і новыя сувязі. Таму ў іх мерапрыемстваў адсутнічае тэма, як і ў сусветных тыдняў моды. Канешне, менавіта ў Італіі, краіне са старажытнай гісторыяй рознага віду рамёстваў, з якіх і вырас прадметны дызайн, павінен быў з’явіцца такі сур’ёзны прафесійны форум. І канешне, немагчыма чакаць, што мінскае мерапрыемства можа быць падобным да міланскага: спецыфічны кантэкст, акцэнт на падтрымку іншых відаў прамысловасці з боку дзяржавы. Мясцовы тыдзень мог быць інакшага фармату, які, магчыма, і шукаюць на дадзены момант арганізатары.
У адрозненне ад Мілана, на мінскім фэсце практычна не было прадстаўлена прадметнага і прамысловага дызайну, калі не лічыць крыху дзіўную экспазіцыю, сабраную з некалькіх крэслаў і свяцільняў, што амаль згубілася ў вялізнай і занадта, да неахайнасці, індустрыяльнай прасторы «Ангара» — новай выставачнай пляцоўкі на Кастрычніцкай. Пры гэтым флагманскімі аб’ектамі для прыцягнення публікі павінны былі стаць павільёны, то-бок аб’екты, якія ўваходзяць у кампетэнцыю архітэктараў, а не дызайнераў.
Чаму ж у такім выпадку ў назве мінскага Тыдня ўвогуле фігуруе слова «дызайн»? Арганізатары тлумачаць: «Дызайн — гэта больш за модны павеў, гэта вобраз і асяродак жыцця чалавека, а кожны з нас — асоба, з уласнымі вопытам і густам, таму сучаснае разуменне дызайну шырэйшае за прадстаўленне модных часопісаў і парадыгм ХХІ стагоддзя, якія ўжо паспелі ўстаяцца».
Магчыма, сёлета падзея ў Мінску якраз і задумвалася як архітэктурная, і панятак «дызайн» выкарыстоўвалі, маючы на ўвазе яго прамое значэнне, бо з англійскай design перакладаецца як «праектаванне», і ў такім выпадку ўжо лагічна казаць пра сувязь з архітэктурай. Прафесійныя архітэктурныя мерапрыемствы заўсёды разглядаюць самыя вострыя пытанні і глабальныя тэмы, згадайма хоць бы Венецыянскае архітэктурнае біенале. У маніфесце Мінскага тыдня дызайну задаюцца пытаннямі «Як моцна мы прасоўваем ідэі, якія лічым геніяльнымі? Ці так гэта дрэнна — звяртацца да людзей, хаваючы свае сапраўдныя намеры?» Рэм Колхас ужо даўно адказаў на другое пытанне: так, дрэнна. Як толькі архітэктар аддзяляецца ад праблем грамадства, адбываецца дыскрэдытацыя прафесіі і пачынаецца так званае «прасоўванне ідэі», якое служыць выключна для задавальнення эга і ператварэння ў starchitect («зоркавы архітэктар»). Але «зорка» і «герой» — паняцці абсалютна розныя.Сама тэма Мінскага тыдня дызайну — «Папулярызацыя» — не звязаная з актуальнымі глабальнымі праблемамі архітэктуры, але ў нас дастаткова лакальных праблем, і нядрэнна было б архітэктарам для пачатку разабрацца з імі…
Катастрафічны стан двароў, адмена адзінага інструменту ўплыву насельніцтва на архітэктурнае планаванне — грамадскага абмеркавання праектаў, пасля якой ніводны жыхар не можа выказацца з нагоды зменаў у горадзе; праблемы архітэктурнай адукацыі; адсутнасць адкрытых архітэктурных конкурсаў на самыя важныя аб’екты ў горадзе; ліцэнзаванне, з-за чаго малыя архітэктурныя студыі маюць права распрацоўваць толькі інтэр’еры і невялікія дамы; забудова ахоўных тэрыторый водна-зялёнага дыяметра, знос кварталаў двухпавярховых дамоў у раёне Трактарнага завода, будаўніцтва бізнэс-цэнтра на месцы музея Вялікай Айчыннай вайны, дэмантаж помнікаў на Вайсковых могілках… Усе гэтыя вельмі сур’ёзныя пытанні не разглядаліся арганізатарамі-архітэктарамі.
У выніку Minsk Design Week не звязаны ні з архітэктурай, ні з дызайнам. Гэта, хутчэй, фармат варкшопа на абстрактную тэму з некалькімі куртатымі павільёнамі, якія мелі мала агульнага са шматабяцальнымі рэндарамі.
З цікавага — экспазіцыя студэнтаў і выкладчыкаў кафедраў прамысловага і графічнага дызайну Акадэміі мастацтваў, што праходзіла ў галерэі Савіцкага. Гэта моцная выстава дыпломных праектаў, у якой былі прадстаўлены распрацоўкі з галіны транспартнага дызайну і дызайну пабытовых вырабаў, праекты па ўладкаванні гарадской прасторы, плакаты і дызайн інтэрфейсаў.
Атрымаўся і праект бразільскай дызайнеркі Franci Kaucz: мазаіка па прыступках на ўсю даўжыню лесвіцы ад Зыбіцкай да Музычнага завулка. Паспяховая інтэрвенцыя ў гарадскі асяродак засталася гораду і пасля Тыдня. А павільён «DOM» расійскіх архітэктараў стаў фаварытам для аматараў сэлфі.
У любым выпадку, Мінску сапраўды не хапае якасных падзей, і, нягледзячы на няроўны ўзровень сёлетняга Тыдня, ёсць надзея, што, калі-небудзь, адмовіўшыся ад жадання стаць зоркамі, арганізатары-архітэктары захочуць стаць героямі і зробяць прафесійны і важны для горада фэст.
Алена Карпілава
***
Прома-кампанія Minsk Design Week вялася бездакорна — прыгожы сайт, пастаянна абнаўляльныя старонкі ў сацыяльных сетках, анонсы-анонсы-анонсы, супернасычаны расклад. Але першапачатковае ўражанне было змазана відавочнымі арганізацыйнымі накладкамі, калі мерапрыемствы альбо адмяняліся ў апошні момант, альбо пераносіліся на іншую пляцоўку, прычым даведацца пра тое можна было ці не са сторыз «Інстаграма». Бадай траціна інсталяцый, заяўленых у якасці прыгожых рэндараў, так і не пабачыла мінскі свет. Ці то гэта праблемы фінансавыя, ці то аўтары пераду-
малі ехаць, ці дзяўчаткі-валанцёркі, многія з якіх упершыню трымалі ў руках зварачныя апараты і цяслярскія прылады, так і не далі рады складаным тэхнічным канструкцыям.
«Я ў доміку» сталася ці не самай папулярнай канцэпцыяй амаль усіх павільёнаў-інсталяцый. Шкляныя, пластыкавыя, тканінныя купалы прапаноўвалі зайсці ўнутр, адасобіцца ад наваколля і засяродзіцца выключна на ўласных адчуваннях. Крыху больш падрабязна спынюся на праекце-маніфесце «Sky is the Limit» — яскравым прыкладзе таго, як дасціпную задумку падвялі хібы рэалізацыі. Меркавалася, што пад кожным купалам цікаўных напаткаюць розныя візуальныя і гукавыя эфекты, кожны купал створыць асаблівую атмасферу, дазволіць занурыцца ў сябе. Але ў выніку ты атрымліваеш толькі адзін эфект — нязручнасць, калі нагінаешся і перапаўзаеш пад металічнымі парэнчамі з аднаго купала пад іншы. Прынамсі гэтая мэта аўтараў — даследаванне прасторы ва ўмовах, калі вакол мноства бар’ераў, — дакладна была дасягнутая. А вось гукавую апаратуру аўтары (ці арганізатары) забралі з сабой пасля адкрыцця інсталяцыі, а аркушы — паперы? пластыку? — з якіх былі сшытыя купалы, растрапаліся ад ветру і нічога, акрамя неахайнасці, не стваралі.
Адзначым эка-фрэндлі дыскурс, які прасочваўся і ў інсталяцыях (на жаль, дрэва з пластыкавых кубачкаў для кавы пазбавілі ўсіх кубачкаў, а Павук з пластыкавых трубачак валяўся на зямлі ва ўсім сваім цудоўным рознакаляроўі, скінуты ці то вясёлымі наведнікамі «Зыбы», ці то бязлітасным травеньскім ветрам), і ў лекцыях. Тут варта згадаць расповед пра канцэпцыю шчаслівага лесу і спосабы прышчапіць яе ў гарадскую прастору — праект «I’M» калектыву Monogroup. Дарэчы, адзін з удзельнікаў групы, Аляксандр Хадзякоў, пачаў сваю лекцыйную прамову з тонкага тролінгу прасунутай хіпстарскай аўдыторыі: «…Калі я быў студэнтам, бэйджы былі вось такія (паказвае памер скрынкі запалак), а сёння на Тыдні дызайну ў мяне бэйджык у шэсць раз большы і пакрыты пластыкам. Чаму? Ну, проста гэта прышпільны бэйджык... Да гэтага мы змагаліся з прычынамі глабальнага пацяплення, з прадуктамі вытворчасці, са сваім спажываннем. А цяпер з чым мы змагаемся? Як напісана на сацыяльнай рэкламцы ў метро, мы змагаемся з наступствамі глабальнага пацяплення. Прычыны нас ужо не цікавяць. І мы цяпер займаемся тым, што ходзім у «Манкі фуд» (вегетарыянская кавярня з фалафелем. — заўв. аўт.), набываем арганічны суп за шалёныя грошы… Прычым супы гэтыя налітыя ў пластык, які нельга перапрацаваць. Адкіды мы не сартуем, проста выкідваем пластыкавы кубачак, ідучы па Кастрычніцкай міма гіганцкіх плоскасных стаянак…І ўсё ў нас цудоўна».
Менавіта лекцыйная праграма пакінула самыя пазітыўныя адчуванні і спадзяванні. Выступаць былі запрошаныя маладыя архітэктары, што абіраюць разумнае праектаванне, даследуюць інтэрактыўны асяродак і робяць праекты на стыку тэхналогій і экафіласофіі. Нават чалавеку, незаангажаванаму ў прафесію, было цікава паслухаць пра сучасны нацыянальны архітэктурны стыль (вядома ж — беларускі паўночны мінімалізм!), пра іранічную тыпалогію існуючай беларускай архітэктуры (кшталту неашале, хайтэк/хайтак, мясцовыя версіі палацавага стылю, бруталізму і футурызму — улюбёнца бюро, што распрацоўваюць праекты масавай жылой забудовы).
Гучалі важныя для будучых прафесіяналаў, якія складалі аснову лекцыйнай аўдыторыі, думкі пра прафесію. Напрыклад, што галоўная задача архітэктара — не нашкодзіць тканцы горада. Што ў архітэктара ёсць два шляхі: мастацкае праектаванне (якое мяркуе стварэнне прыгожых будынкаў, але мастацкае бачанне робіцца прыматам і іншыя фактары не бяруцца да ўвагі) і праектаванне аналітычнае, пры якім улічваюцца інтарэсы насельніцтва, асаблівасці тэрыторыі і г.д. Што ў цэнтры ўвагі дызайнера, архітэктара — чалавек. І архітэктарам з дызайнерамі варта вучыцца ў распрацоўшчыкаў лічбавых прадуктаў больш думаць менавіта пра карыстальніка і праектаваць сцэнарыі для яго. Гарады сапраўды могуць стаць сэрвісам для вырашэння праблем чалавека. І архітэктары павінны ставіць перад сабой правільныя мэты і праектаваць не для сацыяльных праблем, а для людзей, якія з імі сутыкаюцца…
Алена Каваленка