Метамарфозы тэатральнага рэчыва

№ 5 (302) 01.05.2008 - 31.05.2008 г

Як і летась, «М’аrt кантакт» ускалыхнуў павольную плынь будзённага існавання. І ўсё ж варта было на тыдзень апынуцца ў Магілёве -- дзеля штодзённай, з ранку да вечара, прысутнасці ў жыцці тэатра, толькі тэатра і нічога, акрамя тэатра. Удзельнічаць у фестывалі -- значыць жыць ягонымі спектаклямі: такі звычайны працоўны расклад. «М’аrt кантакт», на якім уласны фармат быў дакладна акрэслены адразу, нічога новага ўдзельнікам не прапанаваў. У гэтым не было неабходнасці, бо структура форуму засталася ранейшай: штодзённыя ранішнія абмеркаванні спектакляў і прэс-канферэнцыі з творчымі калектывамі; не больш як тры прагляды штодня; майстар-класы з карыфеямі рэжысуры і сцэнічнай мовы; творчыя майстэрні драматургіі і маладых пастаноўшчыкаў. Апрача ўласнага фармату, кожны фестываль мае ўласную атмасферу.

У Магілёве яна надзвычай прыязная. У пакоі для гасцей людна і шумна. Усталёўваюцца новыя прафесійныя кантакты, разгортваюцца дыскусіі, высвятляюцца ўзаемаадносіны. Накшталт: «Памятаеце мой выдатны спектакль, які вы, крытыкі, не заўважылі?» -- «А хіба было там што заўважаць?» -- «Прыйдзіце, нарэшце, і паглядзіце!» Такі вялізны збор тэатралаў апошнімі гадамі -- рэдкасць. Так сталася, што менавіта ў Магілёве рэжысёры, крытыкі, акцёры і тэатральная прафесура атрымалі магчымасць зазіраць адно адному ў вочы, выказваць уласныя меркаванні пра той або іншы спектакль, пра таго або іншага рэжысёра. Абмен думкамі, досведам, назіраннямі -- частка фестывальных будняў. Узнікае нават адчуванне ўзноўленай тэатральнай супольнасці. Праўда, не надоўга -- да вяртання ў Мінск…
Затое ў Магілёве вакол кожнага спектакля разгараюцца страсці. Вольны абмен думкамі падчас ранішніх абмеркаванняў -- неацэнная прафесійная практыка для маладых беларускіх крытыкаў, якой яны фактычна пазбаўлены. А яшчэ для ўсіх нас -- майстар-класы ад маскоўскіх і піцерскіх калег. Прычым гэта не толькі выдатная школа, але і сур’ёзная падстава для перагляду прафесійных крытэрыяў. Кожную раніцу на працягу тыдня выходзіць фестывальны бюлетэнь. Удзельнікі форуму чакаюць яго і імгненна расхопліваюць. Маладая рэдакцыя, у складзе якой -- паэты, музыканты, журналісты і студэнты, працуе па начах. Немагчыма не заўважыць іх запал, шчырасць і апантанасць тэатрам. Апантанасць выдаткоўвае жывую энергію. Трапляючы пад яе ўплыў, старэйшыя калегі або крыўдуюць, або зноў адчуваюць сябе маладымі. І няхай гэта часам нагадвае самазабыўную гульню, выдатна, што «Веснік “М’art кантакт”» (як і альтэрнатыўнае маладзёжнае журы) існуе, бо форум у Магілёве -- маладзёжны. 

Вечаровыя мроі
Самае важнае на міжнародным фестывалі -- панарама спектакляў, запрошаных з розных краін. Як ні дзіўна, менавіта гэты своеасаблівы «парад тэатральных планет» часам прыносіць найбольшыя расчараванні... Ды толькі не ў Магілёве! Высокі прафесійны ўзровень фестывальнай праграмы, заяўлены на першым «М'аrt кантакце», дырэктар Андрэй Новікаў не толькі ўтрымлівае, але і пастаянна ўзнімае. Прынамсі, для дасведчаных прозвішчы рэжысёраў, удзельнікаў сёлетняга форуму, гучалі сенсацыйна -- як выбухі. Дастаткова сказаць, што з Магілёва ў новую тэатральную прастору прасякалі вокны спектаклі Андрэя Магучага, Вячаслава Какорына, Генадзя Трасцянецкага. І пра кожнага з іх варта распавесці больш падрабязна. Андрэй Магучы -- уладальнік расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска», прэстыжнага пецярбургскага «Залатога сафіта», а таксама «Edinburgh Fringe First Award». У ліку лепшых пастаноўшчыкаў Санкт-Пецярбурга. Апошнім часам стварае рэальную канкурэнцыю Льву Додзіну. Генадзь Трасцянецкі -- вучань Георгія Таўстаногава, адзін з самых знакамітых расійскіх рэжысёраў другога эшалона. Арганізатар фестывалю памяці Анатоля Эфроса і фестывалю спектакляў Камы Гінкаса. Займаецца педагагічнай дзейнасцю. Разам са студэнтамі Санкт-Пецярбургскай акадэміі тэатральнага мастацтва і Йельскага універсітэта паводле запісаў рэпетыцый і дзённікавых нататкаў зрабіў рэканструкцыю знакамітага спектакля Усевалада Меерхольда «Рэвізор». Гэта -- пра маштаб прафесіі і памкненняў. Вячаслаў Какорын -- асоба не менш знакавая. Між іншым, першую, акцёрскую адукацыю атрымаў у Беларусі. Дагэтуль з цеплынёй і ўдзячнасцю згадвае блізкіх ягонаму пакаленню беларускіх акцёраў і рэжысёраў, у прыватнасці, Генадзя Аўсяннікава і Андрэя Андросіка. Паставіў больш за сто спектакляў у тэатрах Расіі. Займаецца тэатральнай педагогікай, заснаванай на метадзе Міхаіла Чэхава. (У Магілёве падчас фестывалю праводзіў свой майстар-клас.) Аўтар нашумелага праекта «Другі тэатр», адзін з арганізатараў не менш знакамітага фестывалю «Рэальны тэатр» у Екацярынбургу. Зрэшты, нельга сказаць, што іншыя рэжысёры, удзельнікі форуму, трымаліся ў цені яркіх зорак. Лідзіруючыя пазіцыі ў тэатральным праглядзе ўпэўнена ўтрымліваў спектакль рэжысёра з Украіны Аляксея Лісаўца. Агульнае захапленне ў моладзі выклікаў пластычны спектакль маладога беларускага рэжысёра Яўгена Карняга.
Практычна кожны фестывальны дзень быў адзначаны моцнымі тэатральнымі ўражаннямі. Гэта заслуга арганізатараў «М’art кантакту»: сабраць і падобным чынам збалансаваць праграму -- справа вельмі складаная, калі не сказаць надзвычайная.
Пачыналася з «PRO Турандот» па п’есе Карла Гоцы «Прынцэса Турандот» у інтэрпрэтацыі Дзяржаўнага драматычнага тэатра «Прытулак камедыянта» (Санкт-Пецярбург). Відавочна, рэжысёр Андрэй Магучы прэзентуе свой спектакль аматарам тэатральных сенсацый. Нароўні са знакамітымі персанажамі, героямі дзеі становяцца сцэнічная імправізацыя, бескантрольны (у добрым сэнсе) палёт уяўлення, абсалютна вольная і абагаўлёная яе вялікасць гульня. Гульня -- у тэатр, у казку, у словы, у пачуцці, у каханне, у нараджэнне і смерць (зрэшты, ланцужок азначэнняў можа быць нашмат даўжэйшым). Жыццё ў «PRO Турандот» -- фантастычны палігон, казачны балаган, дзе адвольны вадаспад слоў у герояў ніяк не стасуецца з іх дзеяннямі і ўчынкамі. А калі нават стасуецца, не гэта галоўнае. Спектакль разлічаны на шчыльны кантакт з глядзельнай залай. Галоўныя персанажы -- Еўнухі -- распавядаюць нам уласныя гісторыі. Як цяпер кажуць, «па прыколе». Многае трымаецца на імпульсіўнай слоўнай імправізацыі. Многае -- на імпульсіўнасці жэстаў і ўчынкаў. Паважаючы Карла Гоцы і знакаміты вахтангаўскі спектакль, акцёры, рэжысёр і сцэнограф неаднойчы зробяць глыбокі рэверанс у іх бок. Перад гледачамі на экране нават пройдуць сцэны са славутага спектакля. І ўсё ж выбудаваная на падмостках карціна свету ўяўляе сабой штосьці накшталт ссунутых у часе і адвольна паяднаных між сабой самых розных зямных эпох -- з адпаведнымі адзнакамі чалавечага існавання. Не варта перабольшваць значэнне вербальнай інфармацыі. Важна не толькі тое, што ў кожнае сцэнічнае імгненне прамаўляюць героі казкі, куды больш істотна, якім чынам акцёры здатныя «зачапіць» глядзельную залу. З публікай яны размаўляюць, нібы з суседзямі каля пад’езда. Шчодрасць і цеплыня ўсмешкі -- галоўныя сцэнічныя атрыбуты. Тэатральныя ідэі ў гэтым спектаклі невычэрпныя. Астатняе -- паводле Гоцы. Цікава, што ідэю пастаноўкі Андрэю Магучаму прапанаваў адзін з самых знакамітых сцэнографаў тэатральнай Расіі Эміль Капялюш. Адмысловы і зацікаўлены творчы тандэм прынёс відавочны плён. Зрэшты, спектакль гэты немагчыма пераказваць. Ён штораз -- іншы, бо ягонае прызначэнне -- увасобіць феерыю вясёлых думак і адкрытых пачуццяў. Расхініце сэрцы, усміхніцеся! Хіба гэтага мала, калі атрымаецца? Важна, што «PRO Турандот» не мае ніякіх адносін да танных і пошлых камедый, забавак, якімі апошнім часам у нашых тэатрах так часта злоўжываюць. Як кажуць, смех смеху не роўны. Цікава, што пасля першага ж фестывальнага вечара ў паветры выразна залунаў «вобраз» Гран-пры! Ды так і пайшоў вандраваць ад пастаноўкі да пастаноўкі...
Спектакль «Рамэо і Джульета» Уільяма Шэкспіра быў прадстаўлены Кіеўскім акадэмічным тэатрам драмы і камедыі на левым беразе Дняпра. Рэжысёр Аляксей Лісавец літаральна «выкідвае» дзеянне на вольную ад дэкарацый прастору сцэны. Белае святло залівае падмосткі да самых каласнікоў. Спякотны веронскі поўдзень. Людзі пад сонцам. У мастацкім вырашэнні спектакля асаблівае значэнне набывае сцэнічная вертыкаль, бачная вышыня. У гледачоў абавязкова павінны ўзнікнуць думкі пра старонні -- зверху -- позірк на зямлю, дзе ўсё рухаецца, змяняецца, звініць. Спектакль часткова пратанцоўваецца. Дыяганальныя мізансцэны накрэслены мужчынскімі постацямі, выцягнутымі накшталт напятых струн. Усё выглядае вельмі эфектна. Джульета мільготкім ваўчком круціцца пасярод падмосткаў з шырока раскінутымі рукамі. Шчасце! Шчасце... Не ведаю, якім чынам, але думка пра тое, што каханне для крохкай дзяўчынкі -- нібы прысуд, узнікае амаль адразу, насуперак усяму. Выразнае прадчуванне ракавых ценяў смерці, асуджанасці зямнога кахання акрэслівае рэжысёрскую трактоўку спектакля. Касцюмы герояў, цыгарэта ў руках лэдзі Капулеці, намёк на яе блізкія ўзаемаадносіны са стрыечным братам Джульеты Тыбальдам, манеры і паводзіны герояў, усе сцэнічныя рэаліі сведчаць пра тое, што падзеі, за якімі сочаць гледачы, значна набліжаныя да нас у часе. На ўсім пазнакі італьянскага неарэалізму. Але веронская трагедыя ва ўсе эпохі падаецца жудаснай і бессэнсоўнай. Роля Джульеты -- сцэнічны дэбют маладой актрысы Вольгі Лук’яненка. Яна шчырая, імпульсіўная, палётная. Захопленая каханнем. Ёй цалкам адпавядае Ахцем Сеітаблаеў у вобразе Рамэо -- сур’ёзны і разважлівы юнак. Сцэны кахання адбываюцца на высокім двухпавярховым ложку, на яго штораз амаль узлятае Рамэо. Хісткая і «ненадзейная» канструкцыя, здаецца, вось-вось абрынецца долу. Выразная пастановачная метафара прымушае гледачоў амаль фізічна адчуваць блізкую гібель герояў. Спектакль акцэнтуе вельмі актуальную сёння праблему: віноўнікамі трагедыі, смерці Рамэо і Джульеты з’яўляюцца іх бацькі. Дакладней, бессэнсоўныя, бязглуздыя, недарэчныя дзеянні дарослых.
У спектаклі Аляксея Лісаўца шмат пастановачных ідэй, увасобленых эфектна і адмыслова. Але не ўсё ў ім ураўнаважана, і зусім непрадуманы дэкларатыўны фінал. Здаецца, рэжысёру не хапіла дыхання, каб дасказаць трагічную гісторыю да канца.Сустрэчу з рэжысёрам Вячаславам Какорыным чакалі з нецярплівасцю. Для нас ягоная творчасць -- своеасаблівае дасье страчаных магчымасцей. Хоць, уласна кажучы, з Беларуссю Какорын крэўнай сувязі ніколі не меў. Думаю, што прыжыўся б ён тут наўрад ці. Паводле існуючых акцёрскіх градацый, амплуа героя-неўрастэніка лічыцца вельмі рэдкім і ўразлівым. У рэжысуры адлік зусім іншы, дакладней, яго ніколі не вядуць. Тым не менш, рэжысёрскую індывідуальнасць Какорына, яе выяўлены жорсткі пачуццёвы стрыжань можна параўнаць з акцёрскім амплуа героя-неўрастэніка. Прынамсі, горкаўскія «Апошнія» ў ягонай інтэрпрэтацыі, увасобленыя Ніжагародскім дзяржаўным тэатрам юнага гледача, можна параўнаць з ударам плёткай наводмаш. Не тюгаўская зусім работа.У графічным чорна-белым абрысе гэтага спектакля ўсё вылічана да дробязей. Гаворка, так бы мовіць, без сантыментаў. Строгія, без непатрэбных дэталяў, дэкарацыі і касцюмы, строгая, без мітусні і лішніх рухаў, пластыка персанажаў, жорсткія скупыя словы, стрыманыя пачуцці. Нічога вонкі. «Я б іх яшчэ болей засушыў», -- з відавочным задавальненнем адзначыў рэжысёр на абмеркаванні. «Незасушаным» у спектаклі застаецца толькі Іван Каламійцаў у выкананні Леаніда Рэмнева. Не «паранены леў», як гэты вобраз трактуюць звычайна, а неўраўнаважаны чалавек з няўстойлівай псіхікай, імгненнымі зменамі душэўнага настрою, падуладны ўплыву іншых людзей -- і не загублены безнадзейна, да канца. Проста гэтая «партыя жыцця» ім прайграна. Менавіта праз вобраз Івана Каламійцава, дакладней, праз нюансы гэтага вобраза, раскрываюцца іншыя сэнсавыя лініі «Апошніх». Тут усё сыходзіцца да галавы сям’і. Не тое што ён такі ўжо спрактыкаваны лялькавод, але -- цэнтр своеасаблівага мікракосму. Галоўны ў зграі. «Апошнія» Вячаслава Какорына -- пра людзей, у якіх сумленне на другім плане. Пра тых, у каго не стае сіл зрабіць маральны выбар. І пра страту сумлення -- як разбуральны, смяротны для чалавека дыягназ. Менавіта таму і згвалтаванне Верачкі, і смерць Якава ў гэтым спектаклі ўспрымаюцца як падзеі шараговыя, звычайныя. У іх адчувальная прадвызначанасць маральнага краху. Разбурэнне сям’і Каламійцавых асэнсоўваецца Какорыным як геніяльнае прадбачанне Горкім паслярэвалюцыйнага сістэмнага крызісу Расіі. «Дарослыя на хаўтурах па ўласных дзецях» -- так фармулюе рэжысёр тэму спектакля.Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі «Вольная прастора» браў удзел у «М’art кантакце» другі раз. Менавіта гэты калектыў прывёз п’есу Эрыка Шміта «Аскар і Ружовая Дама», якую так упадабалі беларускія тэатры. Пастаўленая Генадзем Трасцянецкім у «Вольнай прасторы» камедыя Альфрэда дэ Мюсэ «Каханнем не жартуюць» уразіла членаў журы больш, чым усе астатнія спектаклі. І менавіта арлоўскі ТЮГ атрымаў сёлета Гран-пры. Хоць кажуць, што выбар быў не вельмі лёгкі. Калектыў, якому аддалі перавагу, насамрэч захапіў гледачоў неўтаймоўнай камедыйнай вынаходлівасцю. Спектакль нараджаўся праз эцюдную імправізацыйную гульню, і дух творчага палёту і разняволенасці прысутнічае ў ім як асаблівая метка. Праўда, у рэжысёрскім почырку застаюцца заўважнымі агульныя пастановачныя шаблоны (уласцівыя, дарэчы, і нашым беларускім тэатрам), але за выдатную акцёрскую работу Алены Крайняй (менавіта яна ў «Аскары і Ружовай даме» стварыла вобраз Аскара і атрымала ў Магілёве прыз «За лепшую жаночую ролю») можна дараваць нават самыя прыкрыя пралікі. І яшчэ -- за сыграны яе Разетай трагедыйны фінал. Такая рэзкая трансфармацыя жанру падалася хоць і не вельмі апраўданай, затое надзвычай уражальнай. Для многіх -- самае моцнае адчуванне на працягу фестывальнага тыдня. 

Палёты наяве
Беларуская частка праграмы збіралася прыдзірліва. Упэўнена можна сцвярджаць: «М’art кантакт» паказаў лепшае з таго, што сёлета адпавядала ягонаму фармату. Магілёўскі тэатр рыхтаваўся да форуму з адказнасцю. Пластычны перформанс паводле паэмы Янкі Купалы «Яна і Я» (прэзентуецца тэатрам як «сон у шлюбную ноч», «містычны спектакль пра каханне») выкананы з самаадданай эмацыянальнасцю, удумлівым і глыбокім спасціжэннем сутнасці нацыянальных рытуалаў і абрадаў. Плынь узрушанай свядомасці на фоне яркай відовішчнасці. Плён працы рэжысёра Віктара Куржалава, балетмайстара Дзіяны Юрчанка, кампазітара Андрэя Зубрыча, акцёраў Сяргея Здаранкова, Вольгі Насулька, Мікалая Раманоўскага, Яўгена Максіменкі, Ганны Печнікавай, Таццяны Шыбалавай і іншых, ахопленых агульнай мэтай -- адпавядаць. Атрымалася ўражальнае відовішча, прасякнутае энергіяй маладосці, прагай самавыяўлення. Напоўненае філасофскім асэнсаваннем чалавечага быцця -- у карагодзе шчасця і нягод, смутку і радасці, жыцця і смерці. Уплыў форуму на творчы патэнцыял тэатра цяжка пераацаніць. Штогод перад ім адкрываюцца усё новыя вышыні, удасканальваецца акцёрскае і рэжысёрскае майстэрства. Тэатр упэўнена вырываецца за межы ўласнага будзённага існавання.
Вакол спектакля «Сталіца Эраунд» Сяргея Гіргеля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі разгарэліся спрэчкі. Маладыя творцы выклікалі відавочныя сімпатыі ў крытыкаў. Найперш -- настойлівым імкненнем пашыраць прафесійныя далягляды. Драматург Сяргей Гіргель, рэжысёр Вольга Саратокіна, акцёры Дзяніс Паршын і Максім Паніматчанка, безумоўна, «адной крыві». Перадусім -- у жаданні выказацца пра асабістае і запаветнае, адкрыць гледачам уласны погляд на рэчаіснасць, знайсці для гэтага арыгінальны спосаб сцэнічнага мыслення. «Сталіца Эраунд», бясспрэчна, адпавядае фестывальнаму фармату -- але, хутчэй, ягонай лабараторнай частцы. Вытрымаць канкурэнцыю са спектаклямі «вялікай праграмы» аказалася праблематычным.
«Старэйшы сын» Аляксандра Вампілава і Сучаснага мастацкага тэатра, які сабраў пад сваім дахам таленавітых мінскіх акцёраў, трапіў пад бязлітасныя стрэлы крытыкаў. У Магілёве спектакль ігралі без дэкарацый, на сцэне, што значна больш за іх уласную ў канцэртнай зале Мінска. Узніклі праблемы са святлом. Было кепска бачна, зусім кепска чутно. Стварылася ўражанне, што і «Сталіца Эраунд», і «Старэйшы сын» ва ўмовах фестывалю многае страцілі.Затое пластычны спектакль «Не танцы» Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай акадэміі мастацтваў выклікаў агульнае захапленне. Малады рэжысёр Яўген Карняг і маладыя акцёры, леташнія дыпломнікі з курса Лідзіі Манаковай, не толькі прэзентавалі публіцы свой талент і натхненне ў свабодным творчым палёце. Яны ўварваліся ў нашу тэатральную рэчаіснасць і ўсё ў ёй перавярнулі. А гэта значыць, што і «М’ art кантакт», і малады творчы калектыў усім нам падаравалі надзею.

Людміла ГРАМЫКА