Нам да такіх сум пакуль далёка, але распрацоўку «незацяганых» сюжэтаў варта толькі вітаць, бо пераважная большасць пастановак, адрасаваных малечы, грунтуецца на вечных і запатрабаваных казках Андэрсана, Шарля Перо, братоў Грым, а таксама Пушкіна і Ліндгрэн. Выбар сюжэта і лібрэта належыць балетмайстру-пастаноўшчыку Сяргею Мікелю.
Партытуру напісала маладая беларуская кампазітарка Кацярына Шымановіч. І гэта таксама радуе. Здаецца, Музычны тэатр, маючы параўнальна сціплыя бюджэты, даўно абагнаў наш Оперны ў памкненні знаходзіць новыя кампазітарскія імёны. Оперны разлічвае на Чайкоўскага і Вердзі, партытуры «самаігральныя», якія цяжка сапсаваць. Для Музычнага сезон за сезонам піша Алег Хадоска, ёсць новыя партытуры ў партфелі калектыву або яны замоўленыя і на падыходзе.
У сацыяльных сетках давялося чуць, маўляў, музыцы Шымановіч не хапае яркіх мелодый. Прынцыпова не згаджуся! Так, яна не Чайкоўскі, але музыка новага балета лёгкая, пластычная, разнастайная па рытмах. Пісалася пад канкрэтнае лібрэта і ўзнікала на замову харэографа. У дадатак юным слухачам неабавязкова адразу прапаноўваць творы, да прыкладу, Стравінскага з яго непараўнальна больш складаным рытмічным малюнкам. Няхай асвойваюцца ў свеце балетнага відовішча на больш простых і даступных прыкладах. У любым выпадку факт увасаблення на сцэне партытуры айчыннай кампазітаркі (дырыжорка Марына Траццякова) можна зноў-такі толькі вітаць.
Што яшчэ прываблівае ў «Джэймсе»? Яркая маляўнічасць сцэнаграфіі і касцюмаў (мастачка Любоў Сідзельнікава). Насычаны блакітна-сіні, а потым бірузова-зялёны колер «адзення сцэны» хочацца доўга разглядаць. Дэкарацыі зроблены з фантазіяй, майстэрствам, тонкім разуменнем, як узаемадзейнічаюць колер і тэатральнае святло. На сцэне паўстае свет утульны, радасны, разняволены, які нагадвае таленавітыя малюнкі дзяцей. Разнастайнасцю вызначаюцца і касцюмы шматлікіх сяброў галоўнага героя Джэймса (Аляксандр Місіюк).
Спектакль будуецца як успаміны дарослага Джэймса Тротэра пра ягонае дзяцінства. Страта бацькоў, прычынай смерці якіх стаў раз’юшаны насарог, жыццё ў злых цётак, нарэшце, сустрэча з добрым Чарадзеем, што падараваў хлопцу чароўны персік. Насарог і персік тут — антытэзы. Першы ўвасабляе агрэсію і небяспеку, другі — радасць і гармонію.
У пэўны момант персік пачынае расці, і герой аказваецца ўнутры разам з сямю сябрамі. Сярод іх Павучыха, Багоўка, Сараканог, Дажджавы чарвяк і інш. Для некаторых Мікель прыдумвае сола, для некаторых — дуэты. Магчыма, тая сюіта ў нечым і нагадвае балет «Шчаўкунок» і танцы цацак з розных краін. Але праз адметнасць, асаблівасць пластыкі пастаноўшчык імкнецца ахарактарызаваць пэўнага героя. Увогуле ў спектаклі хапае камедыйных фарбаў. Ад сатырычных у абмалёўцы зайздрослівых сваячак да мякка гумарыстычных у характарыстыках сяброў Джэймса.
Другая дзея балета ўвасабляе падарожжа герояў спачатку па марской прасторы. Пра яе нагадвае колер касцюмаў танцорак, што ўвасабляюць марскія хвалі. Вясёлае ажыўленне залы выклікаюць кіты (калі для руху па сцэне выкарыстоўваюцца ролікавыя дошкі), потым акулы, чые тулавы складзеныя з шэрагу фрагментаў. Далей кампанія падарожнічае па небе, дзе героі сустракаюцца з Каралём і Каралевай воблачных жыхароў (тыя распараджаюцца дажджом і маланкамі). Міжволі думаеш, які празорлівы быў пісьменнік! Бо воблачныя жыхары нагадваюць пра найноўшыя воблачныя тэхналогіі перадачы інфармацыі, патрэбныя інтэрнэт-карыстальнікам. Для характарыстыкі каралеўскай пары пастаноўшчык выкарыстоўвае формы класічнага танца. Вытанчанасць воблачных жыхароў імгненна знікае, як толькі яны сутыкаюцца з падарожнікамі. Не буду распавядаць, чым скончылася, як уратаваліся і адолелі даўнія дзіцячыя страхі. Бо спойлер — справа няўдзячная. Заўважу, што пастаноўка найперш адрасаваныя дзецям. Дарослым яна, магчыма, падасца занадта простай. Каб стварыць спектакль, блізкі па шматслойнасці і шматузроўневасці да «Шчаўкунка», дзе спалучаюцца казка, містыка і глыбокая філасофія, трэба быць амаль што геніяльным.
І яшчэ адна думка. Першы паказ балета адбыўся ў Міжнародны дзень тэатра. Як быццам і класна. На жаль, зала была запоўненая на палову, а мо і менш. Магчыма, тэатру не хапіла часу і грошай на рэкламу? Але ж канец сакавіка — час канікул. Дашкаляты і малодшыя школьнікі маглі запоўніць усю залу. Калі ж культпаход адбываецца ў межах сям’і, дык не кожны здолее ў будзень адпрасіцца з працы, каб з сынам-дачкой выправіцца ў тэатр. Таму прэм’еры дзіцячых спектакляў усё-такі варта прызначаць на выходныя ці святочныя дні.
Мяркую, тэатр здолее вырашыць пытанне наведвальнасці. Балет «Джэймс і Персік-велікан» варта паглядзець. Не так многа ў мінскай афішы дасціпных і зразумелых пластычных пастановак, адрасаваных самаму пяшчотнаму ўзросту.
Таццяна МІХАЙЛАВА