«ЛЮБЛЮ». Зміцер Вайцюшкевіч. Аўтарскае выданне, 2018.
Зміцер Вайцюшкевіч у другі раз звярнуўся да паэзіі Маякоўскага. Першы альбом «MW» датаваны 2005-м, ягоная прэзентацыя адбылася ў тым ліку ў маскоўскім музеі паэта. З той плыткі ў новую праграму ўвайшлі некаторыя песні, якія былі гэтым разам вельмі істотна пераасэнсаваны. Прыкладам, «Бруклинский мост», што, адрозна ад першай, блюзавай версіі, набыла адчувальна рокавае адценне. Наогул гэтую кружэлку найперш вызначаюць вельмі высокай якасці ды дакладнасці аранжаванні. Як засведчыў сам музыка, падчас падрыхтоўкі да запісу ён толькі выкладаў калегам ідэі і накіды мелодый, якія потым шліфаваліся ўжо супольна. У гэтым удзельнічалі найперш музыканты джаз-гурта Apple Tеа, іх майстэрства ў галіне аранжаванняў не выклікае сумненняў. І ў выніку такія творы, як «Ночь», «Что вышло», «Ты» (амаль чыста джазавая п’еса!), робяць неверагоднае ўражанне. Дзве песні гучаць па-беларуску. Гэта «Паслухайце» (пераклад Рыгора Барадуліна) і «Размова з фінінспектарам пра паэзію» (пераклад Віталя Рыжкова). Апошні твор — наогул сюрпрыз: ён запісаны ў рэпавай стылістыцы ў выкананні самога перакладчыка з вельмі ўдалым, тонкім бітам. Апроч таго, плытка ўтрымлівае й інструментальныя версіі асобных песень, як, напрыклад, узорную зноў жа па аранжаванні «Невозможно».
Можна згадаць, што яшчэ Уладзімір Мулявін разам з «Песнярамі» ў свой час звяртаўся да паэзіі Маякоўскага, якая вельмі няпроста надаецца да ўвасаблення ў музыцы. І тая праграма выклікала надзвычай неадназначныя ацэнкі. Думаецца, у Вайцюшкевіча Маякоўскі «лёг», калі так можна сказаць, на музыку больш паспяхова і арганічна.
«ЦАР-АГОНЬ». Этна-трыа «Троіца». Аўтарскае выданне, 2019.
Мусіў у выніку сам сабе прызнацца: «Цар-Агонь» — тая праграма, якая з усіх выдадзеных калектывам пакідае найбольш моцнае ўражанне. Ды такое, што яе музыка пасля некалькіх праслухванняў працягвае гучаць у галаве ды прымушае звяртацца да сябе зноў і зноў. Як і раней, сыгранасць удзельнікаў трыа сягае ці не завоблачных вышыняў, іх дзівоснае ўзаемаадчуванне проста захапляе і выліваецца ў нешта ці не манументальнае з пункту гледжання кампазіцыі. Але, на маю думку, галоўны плён праграмы залежаў ад першапачаткова вызначанай ідэі, пра якую распавёў Іван Кірчук. А менавіта: ухіл у камернасць гучання, што дазваляе найперш максімальна наблізіцца да слухача, уразіць яго натуральнасцю ды шчырасцю падачы. І гэта атрымалася выдатна! «Зіма з летам», «Адаме», «Лета», «Шчадруха», «Ой, маю» — творы проста дасканалыя з гледзішча арганізацыі музычнай асновы і яе ўвасаблення, танютка збалансаванага і ўзорна занатаванага. Так, у кампазіцыі «Зіма з летам» звяртае на сябе ўвагу вынаходлівая партыя гітары, якая прысутнічае ў песні надзвычай утульна, дарэчы. Тое ж можна пачуць і ў творы «Мядзведзь», які трымаецца на вельмі смачным, тыповым для рок-музыкі гітарным рыфе, што тут выдатна да месца.
Тым не менш удзельнікі этна-трыа «Троіца» не адыходзяць ад некалі абранай методыкі стварэння песень. Іх аснова — народныя тэксты, на якія пішацца аўтарская музыка. Праграма «Цар-Агонь» лішні раз пацвердзіла, што ў сэнсе адчування выканаўцамі прыроднай мелодыкі тэкстаў і іх далейшага музычнага ўвасаблення музыкі трыа дэманструюць найвышэйшы пілатаж.
«ТАКАЯ ДОЎГАЯ ЗІМА». Віктар Шалкевіч. 2 CD. Аўтарскае выданне, 2019.
Да 60-годдзя вядомы акцёр і музыка падрыхтаваў падвойны альбом — своеасаблівую анталогію, якая дае магчымасць тым, хто раней не сустракаўся з ягонымі творамі, атрымаць ці не дасканалую інфармацыю пра стылістыку, агульную скіраванасць музычнай практыкі артыста. Яго, мне думаецца, не вельмі дакладна залічваць да выканаўцаў менавіта бардаўскай песні. Таму што творчасць Шалкевіча куды больш шырокая па ахопе, асабліва калі слухаць ягоныя песні, зафіксаваныя ў студыі супольна з акампануючым бэндам.
Першая плытка альбома — гэта 14 галоўным чынам балад, напісаных цягам многіх гадоў. Заўважу, што практычна ўсе яны не страцілі так бы мовіць свежасці. Другая плытка — песні апошняга часу. Менавіта яна і выклікала асабіста ў мяне найбольшую цікавасць. Хацелася пераканацца: ці змяніўся аўтар і выканаўца, калі й змяніўся, дык у які бок пакрочыў? Плытка тая не расчаравала.
Адно што характэрнай для Віктара іроніі ў песнях паменела, чаго, праўда, не скажаш пра прадмовы да кожнай з іх. Другі момант — аснова тых песень. Блюз, да якога ён часта і здаўна звяртаўся, застаўся на парадку дня («Блюз замкнёнага кола», «Вясна-блюз»), хоць пры гэтым, зноў жа ў параўнанні з мінулым, больш зрабілася лірыкі («Мая каханая, што ў лесе жыве», «Наш бедны вясковы Бог»). І ў цэлым цяперашні, юбілейны Шалкевіч усё ж паўстаў крыху больш памяркоўным, стрыманым, і гэта, аднак, аніяк яму не шкодзіць. Як і раней, слухаю яго з задавальненнем і нават асалодаю. Хоць бы таму, што ў рэпертуары Віктара Шалкевіча няма такіх песень, пра якія хочацца выгукнуць яму, як акцёру: «Не веру!» Абы плённых зім было ў ягоным жыцці яшчэ шмат!