Першай выпускніцай Эдзі Майсееўны была Ларыса Талкачова. Пазней яна стала заслужанай артысткай Беларусі, вядучым канцэртмайстрам беларускай оперы, дзе дапамагла стварыць яркія і адметныя вобразы не аднаму спеваку. Сярод іх былі нашы оперныя зоркі Святлана Данілюк, Ірына Шыкунова, Людміла Колас, Яраслаў Пятроў. Талкачова — патомны музыкант, яе бацька, народны артыст Беларусі Сямён Талкачоў, быў вядомым у рэспубліцы оперным канцэртмайстрам. Ён сам выкладаў у Беларускай кансерваторыі і, тым не менш, аддаў дачку ў клас Тырманд.
Ларыса Сямёнаўна, як вы лічыце, Эдзі Майсееўна давала сваім вучням агульную канцэртмайстарскую базу ці яе заняткі мелі спецыялізаваную скіраванасць?
— Яна — асоба незвычайная, валодае вялікай эрудыцыяй, мае вельмі ясны, крыху іранічны розум. Часта яна здзіўляла нечаканымі цікавымі заўвагамі, пасля чаго пачынаеш іначай ставіцца да твора, які вывучыў і, здавалася б, добра ведаеш. Нягледзячы на сталы ўзрост, яна і цяпер захавала ясны розум, думае па-маладому.
Што да спецыялізацыі... Я б сказала, што яна давала магчымасць сабе як педагогу паназіраць за студэнтам, убачыць, куды ён імкнецца. У залежнасці ад гэтага і займалася з ім далей. Эдзі Майсееўна давала агульны комплекс ведаў, а студэнт на аснове гэтага мог выбіраць тое, што яму бліжэй, больш цікавае і прывабнае.
Вы самі выкладаеце ў Акадэміі музыкі.
— Так, пэўную колькасць гадоў выкладаю. База, якую атрымала ў свой час ад Эдзі Тырманд, вельмі дапамагае ў працы. Часцяком вяртаюся думкамі да таго, што яна патрабавала, да яе падказак. У мяне багаты канцэртмайстарскі досвед працы з салістамі ў оперы, філармоніі. Вядома, у выкладчыцкай дзейнасці яго выкарыстоўваю. Але багаж, атрыманы ў кансерваторыі, — важны падмурак.
Вы працуеце ў оперным тэатры. Ці ўплывае гэта на працэс выкладання?
— Я б так не сказала. У нас ёсць пэўная праграма навучання студэнтаў, якой прытрымліваемся. Але, вядома, вывучаем з імі клавіры, сцэны з опер. Імкнуся растлумачыць студэнтам спецыфіку такой працы, паколькі ведаю справу знутры.
Вы прыйшлі ў музыку пад уплывам бацькі — чаму ж менавіта па канцэртмайстарскім класе займаліся не ў яго, прызнанага майстра гэтай справы, а ў Эдзі Майсееўны?
— Сапраўды, бацька ў гэты час выкладаў у кансерваторыі, ён высока цаніў Тырманд, яе педагагічныя здольнасці, эрудыцыю і лічыў, што для мяне будзе карысна займацца менавіта ў яе. Аднак ён ніколі не адмаўляўся мяне пракансультаваць, штосьці падказаць і дапамагчы. Акрамя таго, я магла назіраць, як ён працуе з спевакамі, а гэта самая вялікая школа. Ён меў каласальны досвед працы са спевакамі, выступаў і як саліст. У свой час працаваў пад кіраўніцтвам выдатнага рускага дырыжора Мікалая Галаванава. Гэты ўнікальны прафесійны вопыт я ўвесь час адчувала і знаходзілася пад яго вялікім уплывам. А тое, што вучылася ў Эдзі Майсееўны, давала мне магчымасць чэрпаць і адтуль, і адсюль.
* * *
Адна з вядомых беларускіх канцэртмайстраў, заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Максімава таксама выйшла з класа Тырманд. Яе імя часта гучыць у айчынным эфіры, паколькі Ларыса Паўлаўна некалькі дзесяцігоддзяў паспяхова працавала вядучым канцэртмайстрам Беларускага радыё і тэлебачання, зрабіла велізарную колькасць фондавых запісаў з вакалістамі і інструменталістамі. Яна запомнілася меламанам і надзвычай цікавымі праграмамі, якія выконвала з вядомымі спевакамі ў Белдзяржфілармоніі.
Як вы прыйшлі ў канцэртмайстарства і што атрымалі ад сваіх педагогаў?
— Ганаруся, што скончыла нашу кансерваторыю ў выдатных музыкантаў: па спецыяльным фартэпіяна ў дарагога і любімага Рыгора Шаршэўскага, а па канцэртмайстарскім класе пашчасціла займацца ў Эдзі Тырманд. Гэта быў самы цікавы час у жыцці. Многія са студэнтаў, якія вучыліся побач, марылі быць салістамі-выканаўцамі, я ж адразу абрала любімую, вельмі складаную і не вельмі прэстыжную прафесію канцэртмайстра.
Эдзі Майсееўна шмат чаму мяне навучыла. Тое, што яна кампазітар, таксама аказвала на нас уплыў. У дадатак гэта эрудыяваны, сучасны, цікавы чалавек і музыкант. Яна ніколі не была, як кажуць, «акадэмічным пацуком» — а была нам сябрам, хоць і вельмі строгім. Усе, хто займаўся ў яе, з вялікай радасцю хадзілі на яе ўрокі, чакалі гэтай гадзіны.
Шаршэўскі навучыў мяне тэхналогіі ігры на фартэпіяна, а Тырманд — афарбоўваць гукі ў пэўныя колеры. Навучыла перадаваць аркестравае гучанне ў фартэпіянных пералажэннях: напрыклад, габой будзе гучаць так, кларнет — іначай, струнныя — па-іншаму. У тэхнічна складаных месцах твора, калі пальцам нязручна, вучыла канцэртмайстарскаму імпэту, паказвала, як выходзіць з сітуацыі, знаходзіць прыёмы, якія дапамагаюць складаныя фрагменты сыграць. Успамінаю, як мне яна ставіла на раяль клавір Канцэрта для скрыпкі з аркестрам Чайкоўскага. Яго вельмі цяжка іграць з аркуша, і калі я ў хуткіх тэмпах блыталася, Эдзі Майсееўна з усмешкай сказала: «Лорачка, ніколі не думала, што вы так дрэнна іграеце з аркуша!»
Яна па-сяброўску ставілася да нас. Калі ў каго-небудзь штосьці не атрымлівалася, яна, перафразуючы выраз «не валяйте дурака», казала «не валяйтесь дураком». І ўсе твае хітрыкі былі ёю раскрытыя.
Калі пабывала ў яе дома, убачыла, як мой педагог любіць кветкі: у яе на балконе меўся цудоўны сад, яна ўмела складаць цудоўныя букеты…
Я вучылася ў кансерваторыі ў 1960-я, у той час было складана знайсці пласцінкі з сучаснай эстрадай. У нашы крамы траплялі маленькія плыткі з танцавальнай музыкай Германіі, Польшчы. Неяк я купіла такія пласцінкі і, радасная, сутыкнулася з Тырманд, яна выходзіла з кансерваторыі, а я туды забягала.
Эдзі Майсееўна спыніла мяне і спытала: «Лорачка, што гэта ў вас такое?» Я засаромелася і чамусьці падумала — як магу паказаць ёй сваю слабасць, цікавасць да эстраднай танцавальнай музыцы? Разгарнула пакет, паказала пласцінкі, але рэакцыя аказалася для мяне зусім нечаканая — рэакцыя сучаснага і маладога чалавека. Яна сказала: «Як можна такога саромецца? Паглядзіце, якія тут імёны, якія кампазітары!» Сярод іх яна ўбачыла імя сваёй каляжанкі, з якой займалася ў Варшаве. «Лора, — працягнула яна, — у гэтым няма нічога ганебнага, выдатна, што чалавек спасцігае ўсё: і класіку, і эстраду, танцавальную музыку». Гэтая яе рыса характару мяне ўразіла, яна — пажылая жанчына, а вельмi сучасная і мабільная. Дарэчы, у фанатэцы Беларускага радыё ёсць сімпатычная эстрадная п’еса Тырманд для саксафона з аркестрам.
Менавіта Эдзі Майсееўне я абавязана тым, што апынулася на радыё. У яе канцэртмайстарскім класе ілюстратарам працавала спявачка Ясінская, якая з’яўлялася салісткай Беларускага радыё, і яны разам з Тырманд рэкамендавалі мяне для працы на радыё. Я прыйшла туды стажоркай, студэнткай 4-га курса і засталася назаўжды.
Памятаю, падчас заканчэння кансерваторыі на іспыце па спецыяльным фартэпіяна я іграла Сі-бемоль мажорны канцэрт Брамса, а аркестравую партыю ў ім на другім раялі на дзяржэкзамене выконвала сама Эдзі Майсееўна. І яе партыя гучала ярка, перадаючы фарбы аркестра. Працуючы на радыё, я зрабіла шмат запісаў, у тым ліку і сачыненняў Эдзі Тырманд. Музычныя і чалавечыя стасункі з ёй не забываюцца.
* * *
Успаміны, звязаныя з Эдзі Тырманд, ёсць і ў прафесара Беларускай акадэміі музыкі Ганны Каржанеўскай. Яна не толькі майстар сваёй справы, але і музыкант-асветнік, які імкнецца адкрыць слухачам невядомыя старонкі слаўнага мінулага айчыннага музычнага мастацтва.
Ганна Барысаўна, як паўплывала Эдзі Тырманд на ваша творчае жыццё?
— У Эдзі Майсееўны я займалася з 2-га курса кансерваторыі, менавіта тады ў нас пачынаўся канцэртмайстарскі клас. Высокапрафесійных выкладчыкаў у нас шмат, і доказ таму — Беларуская акадэмія музыкі, але педагогаў, якія стварылі цэлы кірунак, сваю школу, — такіх адзінкі ва ўсім свеце. І нам вельмі пашанцавала, што мы сутыкнуліся ў сваім жыцці, у творчасці, у адукацыі з Эдзі Майсееўнай, якая стварыла ў Мінску, у Беларусі такую школу канцэртмайстарскага майстэрства. Час паказаў, што гэтая школа дзеяздольная, вытрымлівае канкурэнцыю і на еўрапейскім узроўні, і на сусветным. Прыклад таму — мае калегі, а таксама студэнты нашай кафедры, якія паспяхова выступаюць на розных конкурсах, канцэртах з многімі выдатнымі піяністамі-акампаніятарамі і вылучаюцца ў лепшы бок.
Хачу згадаць цікавы эпізод. У савецкі час былі распаўсюджаныя камандзіроўкі для павышэння кваліфікацыі. Я ездзіла на такія курсы ў Маскоўскую кансерваторыю і з вялікай цікавасцю слухала, як працуюць вядомыя канцэртмайстры-педагогі Важа Чачава, Яўген Шэндэровіч, апошні тады займаўся рэдакцыяй клавіра оперы Чайкоўскага «Яўгеній Анегін». Шэндэровіч — вядомы канцэртмайстар, доўгі час выступаў з праслаўленым Яўгенам Несцярэнкам, іншымі прызнанымі музыкантамі. Пад яго рэдакцыяй выйшла некалькі цікавых зборнікаў, вельмі зручных для ігры.
З задавальненнем наведвала яго заняткі, мы пасябравалі. Аднойчы ён прынёс рэдактуру ўсяго клавіра оперы Чайкоўскага «Яўген Анегін» і папрасіў: «Ганна, паіграйце асобныя фрагменты — ці будзе вам зручна?» Ён захацеў паэксперыментаваць і паставіў ноты сцэны ліста Таццяны. А ў час вучобы ў Эдзі Майсееўны мы падрабязна прайшлі разам з ёй гэтую сцэну, і калі я пачала іграць рэдакцыю Шэндэровіча, то ўбачыла, што ён зрабіў цікавыя знаходкі, але тое, што мне прапаноўвала ў свой час Эдзі Майсееўна, аказалася не менш адметна. Паказала яе варыянты Шэндэровічу, і ён са здзіўленнем убачыў, што гэта вельмі зручна і тут жа сабе чырвоным алоўкам пазначыў у сваім клавіры.
У Эдзі Тырманд бачанне прафесіі канцэртмайстра склалася комплексна, бо яна была не толькі цудоўнай піяністкай, але і мела прафесійную адукацыю харавіка-дырыжора і кампазітара. Як вельмі эрудзіраваны чалавек, была добра абазнаная ў сусветнай музыцы. У СССР нашы погляды шмат у чым абмяжоўвала ідэалогія, некаторыя кампазітары былі недаступныя для праслухоўвання і вывучэння. Тырманд прыехала з Захаду, ведала імпрэсіяністаў, сучасную музыку, і яна для нас усё гэта адкрывала, у тым ліку і нашага земляка Станіслава Манюшку. Упершыню пачула пра яго менавіта ад Эдзі Майсееўны, яна стала прапагандаваць яго музыку. Цяпер мы ведаем, што Манюшка — наш зямляк, нарадзіўся пад Мінскам, лічыцца стваральнікам беларускай оперы. Яна ж адкрыла для нас Караля Шыманоўскага, рускіх кампазітараў ХХ стагоддзя, напрыклад Ігара Стравінскага, якога мы тут не выконвалі і не ведалі. Такі кругагляд і фундаментальная адукацыя, безумоўна, адбіліся на стварэнні школы канцэртмайстарскага майстэрства. Тырманд сама прызнавалася, што да многіх рэчаў даходзіла як кампазітар: як гэта трэба сыграць, зразумець, трактаваць.
Мы заспелі канцэрты, якія яна ладзіла разам са спевакамі, прычым праграмы заўсёды аказваліся вельмі арыгінальныя: напрыклад, вакальная музыка Брамса, творы Дэбюсі. Такія імпрэзы ўспрымаліся ў кансерваторыі як падзея, вялікая зала аказвалася поўная. Слухачоў прываблівалі музычны аўтарытэт Тырманд, яе цудоўная ігра, паўнагучнасць раяля. Тое, чаму яна нас вучыла, мы бачылі на яе канцэртах: можна пачуць усю музычную фактуру, адчувалася пранікненне ў задуму кампазітара — гэта важныя элементы канцэртмайстарскай школы.
Эдзі Майсееўна ладзіла канцэрты і сіламі сваіх студэнтаў, якія вучылі са спевакамі ўнікальныя праграмы. Напрыклад, усе вакальныя цыклы Мусаргскага прагучалі ў адным канцэрце ў выкананні салістаў Опернага тэатра, а вось акампаніятарамі з’яўляліся студэнты старэйшых курсаў і аспіранты Тырманд. Да гэтага часу памятаю канцэрт, пасля якога сама захацела іграць цыклы Мусаргскага. Згадваю выдатныя вечары з сачыненняў Стравінскага і Шыманоўскага, дзе гучалі іх вакальныя і скрыпічныя опусы. На такія канцэрты збягаліся не толькі піяністы, але і скрыпачы, кампазітары, музыказнаўцы, бо мы ўпершыню маглі пачуць гэтыя творы, пазнаёміцца з імі. Яны былі тады ў нас «за сямю пячаткамі», ноты немагчыма дастаць, як і паслухаць.
Як канцэртмайстар вы запісвалі вакальны цыкл Эдзі Тырманд — яна ўдзельнічала ў гэтым працэсе?
— У сваёй творчасці кампазітар імкнулася быць непаўторнай, унікальнай. Яе музыку можна было адразу адрозніць па нейкіх уласцівых ёй прыёмах і інтанацыях. А з Віктарам Скарабагатавым мы запісвалі яе цыкл рамансаў на вершы Бёрнса і нават паспрачаліся з аўтарам з нагоды выканання яго. Эдзі Майсееўна ўспрымала тое нармальна, ёй падабалася, што яе вучні маюць уласнае меркаванне. У пэўны момант мы мелі нахабства сказаць: «Вы напісалі музыку, дазвольце нам яе інтэрпрэтаваць». Яна пагадзілася, што мы маем права паглядзець на яе твор сваімі вачыма, але выканаўшы абсалютна ўсё тое, што напісана ў нотах.
Калі выконвалі яе творы, гэта была новая грань кантактаў з былым педагогам. У кампазітара мелася сваё ўяўленне пра напісанае сачыненне. Яна распавядала, што было задумана, як павінна быць выканана, і тым не менш адыходзіла ўбок, даючы магчымасць выканаўцам выказацца, прыадкрыць іншы аспект гэтай музыкі. Магчыма, сама Тырманд не ўяўляла, што яе опус можа менавіта так гучаць. Яна разумела працэс запісу і як аўтар, і як інтэрпрэтатар сачыненняў іншых кампазітараў, разумела, у якой ступені важная такая праца, бо гэта і называецца жыццём твора. Калі б было іначай, дык мы б запісалі толькі адзін варыянт яе цыкла, што было б сумна і нецікава, але калі музыка дазваляе ўвасобіць мноства выканальніцкіх трактовак, значыць, гэта якаснае сачыненне.
З класа Эдзі Майсееўны фактычна выйшлі ўсе вядучыя канцэртмайстры Беларусі. Уся наша кафедра — гэта яе вучні. Нашы выпускнікі выкладаюць ужо ў музычных вучэльнях, і калі іх выхаванцы прыходзяць паступаць да нас, мы чуем у іх знаёмыя прыёмы ігры і разумеем: гэта новыя прадстаўнікі нашай школы Эдзі Тырманд. Дарэчы, нашы выхаванцы паспяхова асвойваюцца ў розных краінах — Германіі, Францыі. Працуюць канцэртмайстрамі, бо запатрабаваныя, бо навучаныя чытаць з аркуша, ведаюць розныя стылі, дасведчаныя ў тым, як працаваць са спевакамі і інструменталістамі, якая розніца ў такіх падыходах. Лічу, крыніца іх энтузіязму — добрая школа і рамяство, пра якое любіла казаць Эдзі Тырманд. Студэнта трэба навучыць рамяству, а далей усё будзе залежыць ад таго, як ён сам будзе развівацца.
Распавядзіце, калі ласка, пра чалавечыя якасці Эдзі Майсееўны, у чым яе адметнасць?
— З маладосці я наведвала яе дом. Там заўсёды тоўпіліся музыканты, яе вучні. Памятаю, мы прыходзілі з мужам да яе ў госці і заседжваліся да дзвюх гадзін ночы. Заўжды ўзнікала мноства гутарак і цікавых абмеркаванняў — кніг, музычных твораў, падзей, успамінаў.
У дачыненні да сваіх студэнтаў у Эдзі Майсееўны было шмат амаль мацярынскіх пачуццяў. Яна ніколі не кідала сваіх выхаванцаў нават пасля таго, як яны заканчвалі кансерваторыю. Адчула гэта на сабе: калі толькі пачала працаваць, здараліся розныя цяжкасці, педагагічныя і прафесійныя. Ніколі не пакіне без увагі, пойдзе і даведаецца, што здарылася, няўжо штосьці было кепска сыграна? Мы заўжды адчувалі сябе абароненымі. І яе школай: Эдзі Майсееўна так вучыла, так казала — і гэта было дастаткова. І яе чалавечай трываласцю. Прыйдзеш да яе дадому, распавядзеш пра свае праблемы, яна супакоіць, знойдзе патрэбныя словы. Заўсёды дапамагала яе велізарнае пачуццё гумару — яна міла пажартуе і развее ўсе праблемы.
Яна ўсё жыццё не пераставала здзіўляцца, заўжды нешта шукала, усім цікавілася, умела захапляцца, шмат чытала. Калі нейкі пласт літаратуры прайшоў міма яе, яна абавязкова імкнулася запоўніць прагал, тэлефанавала нам, распавядала, што прачытала, давала сваю ацэнку. Мы, вядома, былі ёй за гэта ўдзячныя, бо ў жыццёвай мітусні многае не паспяваеш. Эдзі Майсееўна прымусіць, патэлефануе, раскажа, як гэта цікава, і міжволі цягнешся да сваёй бібліятэкі і пачынаеш чытаць. Яна ўвогуле захоплены чалавек — заўсёды захаплялася джазам, сучаснай музыкай, жывапісам, палітыкай.
Хачу ўспомніць характэрны выпадак. Неаднойчы даводзілася мне выступаць на міжнародных конкурсах у якасці дзяжурнага канцэртмайстра. На конкурсе ён іграе тым вакалістам, якія не маюць свайго акампаніятара. Вечарам табе далі ноты, ладзіцца адна рэпетыцыя — і раніцай гэтаму спеваку ты павінна акампанаваць. У такіх выпадках ратуе веданне папулярнага рэпертуару, але сустракаюцца сачыненні, якіх ніколі не іграла (бо немагчыма ведаць усё), даволі складаныя, у іх трэба разабрацца і іграць прыстойна, каб не падвесці перш за ўсё спевака і самому не страціць аўтарытэт. І тут дапамагае школа Эдзі Майсееўны, школа так званага пералажэння.
Трэба зрабіць сваё пералажэнне музычнага матэрыялу так, каб сыграць галоўнае і па магчымасці аблегчыць складаную фактуру. Мой педагог нас гэтаму навучыла — як аблегчыць, што можна выкінуць, а што нельга, каб музыка не пацярпела. Затое атрымліваеш магчымасць усё сыграць лепей і ў патрэбных тэмпах. Такіх прыкладаў у мяне было некалькі. Далі ў рукі складаныя арыі Гендэля, Баха, якія я ніколі не іграла. Давялося ўвечары паглядзець, што можна зрабіць, як да гэтага падысці. Усё склалася ўдала, ратавалі тыя самыя «ключыкі», атрыманыя ў кансерваторыі ад Эдзі Майсееўны.
Іншы прыклад: трэба сыграць сачыненне Вітальда Лютаслаўскага, сучаснага кампазітара з яго сучасным атанальным пісьмом, вывучыць хутка такі опус практычна немагчыма. Яго раманс называўся «Вецер у горадзе». Ідучы ад назвы, я ўявіла пэўныя асацыяцыі, напрыклад парывы ветру, паспрабавала адлюстраваць іх вялікімі пасажамі з мноства шаснаццатых нот. Калі глядзіш у ноты Лютаслаўскага, бачыш пры кожнай бекар ці дубль бемоль і разумееш: вывучыць тэкст за 4-5 гадзін немагчыма. Таму ідзеш шляхам кампазітара — пасаж уверх, пасаж уніз, важна, у які момант трэба сысціся па гармоніі са спеваком. Глядзіш на характар музыкі і фактычна сачыняеш твор разам з Лютаслаўскім. Мо кажу крамолу, але давялося так паступаць. Калі вярнулася ў Мінск і распавяла пра ўсё Эдзі Майсееўне, яна заўважыла: «Фа-дыез ці фа-бекар пры атанальнай музыцы не мае ніякага значэння. Трэба было зразумець сэнс кампазітарскай тэхнікі, ідэі, думкі гэтага сачынення, таму вы ўсё зрабілі абсалютна правільна». Калі б мне прынеслі такое сачыненне і далі некалькі дзён, то я, вядома, вывучыла б кожную ноту, г.зн. фа-дыез быў бы фа-дыез, фа-бекар быў бы фа-бекар, сыграла б менавіта так, як напісаў Лютаслаўскі. А калі здарылася такая экстрэмальная сітуацыя, то практычна гэта немагчыма.
Вакалістаў і журы такі падыход задаволіў?
— Больш за тое, нават сказалі, што гэта адно з лепшых выступленняў. Падкрэслю, конкурс прыходзіў у Польшчы, дзе музыку Лютаслаўскага добра ведаюць і вывучаюць. Як высветлілася, мой падыход не супярэчыў кампазітарскім ідэям і ягонай музыцы.
Ведаю, на тым конкурсе імя Манюшкі вы атрымалі спецыяльны дыплом…
— Так, гэта быў дыплом за лепшы акампанемент. Было вельмі прыемна, тым больш гэта здарылася ў Варшаве, родным горадзе Эдзі Майсееўны, дзе яна вырасла, дзе прайшла яе маладосць і дзе яна вучылася. Прыемна, што яе школа, яе кірунак атрымалі прызнанне менавіта там.
Тое, што яна ўклала ў нас, будзе жыць доўга — у нашых студэнтах, так бы мовіць, яе ўнуках. Яе школа, яе выдатная асоба будуць заўжды нас натхняць, мы заўсёды будзем ганарыцца тым, што мы вучні, выхаванцы і сябры Эдзі Тырманд. У адной з тэлеперадач яна сказала: «Мне не ўсё роўна, што пра мяне скажуць людзі пасля смерці». У гэтым увесь сэнс яе жыцця — і чалавечы, і творчы, і педагагічны.
Ірына Мільто, Аляксандр Мільто