Для качэўніка ідылія — у навізне
Калі ідылію вызначаць як мірны, спакойны лад жыцця, то, кажучы пра мой замежны досвед, наўрад ці можна назваць яго пошукам ідыліі, хутчэй наадварот. Магчыма, для кагосьці наладжаны спосаб існавання ў родных сценах — ідэальныя ўмовы для творчай актыўнасці і жыцця. Мне ж больш да душы вобраз качэўніка, ён шукае сабе новую тэрыторыю, мяняе яе, абнаўляе. Мне часам здаецца, што па меры прывыкання да месца мой нейкі ўнутраны адлік часу пачынае тармазіцца, час запавольваецца і я запавольваюся. Вось тады я павінна здымацца з якара. Напэўна, так было ў мяне і з працай: тры гады — у мастацкай школе, тры гады — у мастацкім вучылішчы (час ідыліі)... І гэтага было дастаткова, каб не ўпасці ў руціну, не прыйсці да шаблонаў, не прывыкнуць.
Калі вярнуцца да майго перамяшчэння ў прасторы, то першарадным і самым важным матывам змены тэрыторыі і ад’езду ў Бельгію было жаданне выйсці з мясцовага хатняга камфорту. Дома ж заўсёды лепш, дома і сцены дапамагаюць. Да гэтага ў мяне ўжо быў вопыт працы па-за хатнімі сценамі, у гэтым ёсць пэўныя цяжкасці, скажам, гэта як гульня на чужым полі. Цябе ніхто не падтрымае, ты адзін у чужым асяроддзі, свайго роду экстрым. Такая сітуацыя патрабуе пэўных намаганняў і напружання для выжывання. Вось гэтага, мусіць, у большай ступені і хацелася: трапіць у атачэнне, не знаёмае табе, у якiм цяжка, некамфортна, але цікава, таму што ўсе новае — пачынаючы з мовы, адносін, законаў і заканчваючы працэсамі, якія адбываюцца ў мастацтве і якія ты не вельмі ведаеш на той момант... І інтэгравацца.
Магчыма, збоку жыццё за мяжой і ўяўляецца ідыліяй: такі «рог багацця», свабоднае жыццё мастака і ўсё такое. Але насамрэч усё значна складаней, чым можа здацца здалёк. У першую чаргу гэта праца на ўсю катушку, і там я навучылася, як трэба працаваць. Жыць у стане, які называецца «быць напагатове». Мы ж — мастакі, а ў мастака ўсё непрадказальна і заўтрашні дзень не гарантаваны. Вядома ж, было шмат пазітыўнага, добра, што гэты вопыт быў у маім жыцці, ні хвіліны не шкадую. Гэта свабода перасоўванняў, магчымасць убачыць на свае вочы ўсё, што адбываецца ў свеце мастацтва, магчымасць зірнуць на сябе ранейшую і на тое, што дзеецца дома, збоку. Гэта выдатны стымул і нагода рухацца наперад. У гэтым сэнсе брусельскі досвед можна назваць ідыліяй.
Збіраць арт-супольнасць, каб час не спыніўся
Ідэя арганізацыі ў Чарнагорыі найлепшага асяродка для мастакоў мяне вельмі прыцягнула і пацягнула ў гэтую краіну. Марат Гельман ствараў тут Еўрапейскую арт-супольнасць. У гэтай мадэлі, напэўна, я знайшла ўвасабленне ўсіх сваіх уяўленняў аб ідэальным суіснаванні, аб ідэальным жыцці мастака: гэта калі ўсе разам і ўсе розныя, калі ёсць магчымасць зайсці да якога-небудзь генія ў майстэрню і папросту пабалбатаць, магчымасць шмат бачыць і чуць. Мастаку неабходна адпаведнае мастацкае асяроддзе, якое яго сілкуе. Стварэнне арт-супольнасці — гэта і была спроба лакалізаваць мастакоў, сабраць іх пад адным дахам і даць умовы для працы. Выдатная задумка, і ўсё атрымалася не толькі на ўзроўні ідэі.
Прыязджалі запрошаныя рэзідэнты, у асноўным мастакі з Масквы, Піцера і Украіны, працавалі яны, як правіла, два месяцы ў рэзідэнцыі і па завяршэнні — выстава праекта, зробленага ў Чарнагорыі. Былі мастакі, якія жылі на той момант у краіне, і былі мясцовыя чарнагорскія аўтары. І ўсіх удалося сабраць у месцы, якое стала называцца Домам мастака, у горадзе Котар, на беразе заліва. Дом мастака — гэта вялікая пабудова былога югаслаўскага суднаходства, закінутая на працягу дваццаці гадоў з прычыны адсутнасці з нейкага моманту самога югаслаўскага суднаходства. Гэты будынак трохі падлаталі і пад выразным кіраўніцтвам Марата запоўнілі мастакамі. Майстэрні, выставачныя прасторы са штотыднёвымі вернісажамі і нават невялікія сувенірныя крамкі. Дадам: яшчэ ў гэтых сценах з пэўнай перыядычнасцю праводзіліся школы сучаснага мастацтва і дызайну, куды з’язджаліся маладыя творцы, слухалі курс лекцый, і як вынік працы школы — справаздачная выстава. Вось такі мікс з маладых, таленавітых і вядомых. Я заспела, напэўна, самы росквіт кам’юніці, механізм ужо быў раскручаны і працаваў на поўным хаду.
На старонках сацыяльных сетак я спрабавала як мага больш дэталёва асвятліць усё, што ў нас адбывалася, выкладваючы свае фотарэпартажы з выстаў і з розных іншых падзей, імкнучыся прыцягнуць увагу беларусаў да гэтага месца. На жаль, не так шмат землякоў з’явіліся на той пляцоўцы. Мяркую, гэта быў бы выдатны досвед для многіх.
Межы сучаснага мастацтва размытыя, і творца цяпер можа заходзіць у любыя прасторы, здзяйсняць сваё выказванне любым спосабам, сродкам, жэстам. Сучасныя мастакі маюць агульную мову камунікацыі, але кожны са сваім асабістым кантэкстам. Гэта і быў самы каштоўны досвед майго знаходжання ў арт-супольнасці: знаёмства з велізарнай разнастайнасцю аўтарскіх ідэй, з аўтарамі. Магу назваць некалькі імёнаў, з кім давялося працаваць побач, бо ўсіх не пералічыць... Гэта Сямён Файбісовіч, Аляксандр і Наталля Фларэнскія, Уладзімір Козін, Мікіта Аляксееў... Сам Марат Гельман, безумоўна, чалавек, значны ў свеце сучаснага мастацтва, безумоўна маштабны, безумоўна амбіцыйны, як без гэтага. Праекты яго таксама амбіцыйныя і грандыёзныя, яны ўцягваюць у справу вялікае кола творчых людзей. Ён рэалізуе свае амбіцыі, а ўсе ўдзельнікі яго пачынанняў рэалізуюць свае, і ўсім у выніку добра. Нават тым, хто застаецца не ўсім задаволены, што бывае, таксама добра.
І як любіць паўтараць Марат, «жыццё ніколі не будзе ранейшым». Ідэалу ніколі не будзе, лепш бы яго ніколі не дасягнуць, інакш час спыніцца. Адзін праект закрываецца, іншы відазмяняецца, усё працягваецца. Сярод апошніх ініцыятыў Марата Гельмана — арганізацыя і правядзенне форуму рускай культуры «СловоНово», куды з’язджаюцца рускамоўныя пісьменнікі, мастакі, музыкі, журналісты, якія цалкам або часткова жывуць і працуюць за межамі Расіі. Думаю, гэта неверагодна цікава.
Што тычыцца майго досведу знаходжання ў Чарнагорыі, то доўжыўся ён тры гады: мабыць, для мяне трохгадовы перыяд — ідэальны тэрмін ва ўмовах камфорту, больш не трэба. За гэты час падрыхтавала дзве выставы, адну — «Тэатр калектыўнага жэсту» — паказала ў Чарнагорыі і ў Бруселі, другую — «Уцёкі» — у Маскве і Мінску. Працавалася добра і прадуктыўна, нягледзячы на спякоту. Планка была ўсталяваная высока, асяроддзе змушала. Каго я там толькі не сустрэла! Наведвалі наш цэнтр самыя розныя творцы, і ў якасці турыстаў таксама шмат каму было цікава паглядзець, што ж там такое адбываецца. Аднойчы нават сустрэліся з мастаком, з якім даўным-даўно, у 90-я, працавалі разам у Доме творчасці «Сенеж», пад Масквой. За гады ўсё змяніліся да непазнавальнасці, і распазналі адно аднаго толькі па прозвішчах.
Ад галерыстаў чакаю артыстызму і пераканаўчасці
З арт-дылерамі мне працаваць не давялося. Магу толькі тэарэтызаваць на гэты конт. Гэта асобны свет са сваімі правіламі гульні і са сваімі гульцамі, свет, як мне здаецца, далёкі ад рэальнасці... але ён рэальна існуе. Заўсёды працавала толькі з галерыстамі, пра іх і магу казаць як пра прадаўцоў мастацтва.
Ідэальная мадэль працы з галерыстам — гэта ўзаемная любоў. Калі ўсё, што ты робіш, падабаецца, калі ён не перашкаджае сваімі пажаданнямі, не стаіць на дарозе, не замінае рухацца, то гэта ідэальна. Калі ён здольны інвеставаць у мастака, што ў прынцыпе павінна быць, то гэта зусім выдатна. У арсенале якасцяў прафесіянала пры працы з кліентамі павінен быць артыстызм, бо ён перадае захапленне творчасцю свайго мастака пакупніку. І вядома, важкая, адчувальная пераканаўчасць, уменне даць гарантыі высокага ўзроўню твораў мастацтва, з якімі галерыст працуе.
Прытрымлівацца правіл у вучобе і парушаць іх у творчасці
Як я мяркую, настаўнік патрэбны толькі тады, калі ты вучышся, у перыяд навучання. Творчасць і вучоба — гэта працэсы розныя, у знанай ступені супрацьлеглыя. Настаўнік, калі ён сапраўдны настаўнік, можа навучыць чамусьці, толькі ствараючы вучню пэўныя абмежаванні і рамкі, нейкія правілы гульні, якія той павінен выконваць. Гэта свайго роду ўмоўна прынятая сістэма каардынат, што дазваляе паступова рухацца і пры гэтым мець крытэрыі ацэнкі.
Калі ў вучобе неабходныя правілы, то творчасць — гэта дзейнасць па-за вядомымі, асвоенымі канонамі. «Ура» таму настаўніку, які закладвае вучню смеласць і сілу сысці ад іх. У жыццё, у вольную творчасць мастак выходзіць адзін. Далей ён кіруецца дапаможнікам і сам жа яго прыдумляе. Барыс Гройс параўноўвае мастацтва са спортам: уявіце, што некалькі чалавек вырашылі спаборнічаць і прабегчы крос, выстраіліся ў адну лінію, пачулі сігнал да старту, усе пабеглі наперад, а адзін пабег у іншым кірунку, не зважаючы на абмежаванні. У мастацтве толькі так і магчыма — бегчы аднаму і абмінаць шаблоны.
Кажучы пра маіх настаўнікаў, у першую чаргу я назаву свайго бацьку — мастака Мікалая Залознага. Сваёй падтрымкай ён даў мне аванс даўжынёй на ўсё жыццё. Нешта разглядзеў ува мне, адкрыў, выняньчыў і сказаў: наперад, ты будзеш шчаслівая, няма лепшага выбару, чым быць мастаком. І далей не было ў мяне сумневу ў тым, кім быць, на каго вучыцца. За маёй спінай заўсёды стаіць яго надзейная сцяна, выбудаваная яшчэ ў дзяцінстве, яго моц мастака, яго сіла, энергія, жыццялюбства. Мастацтва павінна здзіўляць, абнаўляць погляд на жыццё, яно не можа быць абыякавым, значыць, у ім мусіць быць вялікая канцэнтрацыя аўтарскай энергіі, здольнай выпраменьвацца.
Мне пашчасціла вучыцца ў Алега Уладзіміравіча Хадыкі. Напэўна, кожны, хто ў яго вучыўся, узяў сабе тое, што адпавядала яго інтэлектуальнаму ўзроўню, досведу і індывідуальным якасцям. Мой досвед адфільтраваў і пакінуў ключавыя пункты:
— творчы падыход не толькі да мастацтва, але да штодзённасці;
— шанаваць працэс, а не вынік;
— не давяраць агульнапрынятаму;
— знаходзіць у звычайным асаблівае, у дрэнным — добрае і карыснае;
— быць гнуткім да зменаў і ў зменах.
У двух словах за ўсё не скажаш... Але да гэтага часу гэта дапамагае мне ў разуменні нашага кантэксту. Сярод сваіх настаўнікаў яшчэ хачу назваць Леніну Мікалаеўну Міронаву. Я вучылася на мастацкім аддзяленні, і праграмай не было прадугледжана колеразнаўства. Па просьбе невялікай групы студэнтаў-жывапісцаў Леніна Мікалаеўна праводзіла для нас заняткі па колеразнаўстве. Потым яны плаўна перараслі ў курс пад назвай «Лічбавая сімволіка», а далей — у лекцыі па сучасным мастацтве. Леніна Мікалаеўна — чалавек з незвычайным інтэлектуальным багажом, якім яна шчодра дзялілася, прыносячы на заняткі горы выпісак, цытат з разнастайных крыніц усіх часоў і народаў. Яе лекцыі расчасалі хаос ведаў, усё ўпарадкавалася і лягло на патрэбныя месцы.
Сучаснаму мастацкаму працэсу неабходная альтэрнатыўная адукацыя
Свет сёння адкрыты. І інтэрнэт магутна ўсіх звязаў. Падобныя сацыяльныя, эканамічныя, экалагічныя праблемы і іх пераадоленне аб’ядноўваюць. Сучаснае мастацтва мае агульную мову, яно не жыве па-за кантэкстам сучаснасці, яно заўсёды задаецца пытаннем ці задае пытанне сучаснасці. Іншая тэма — як адпавядае наша «тут» усяму таму, што адбываецца «там», наколькі цікава гэта там. У Беларусі ёсць выдатныя мастакі, але мастацкі працэс — інертны. Занадта доўгі шлях трэба прайсці пачаткоўцу, каб самастойна ўпісацца ў кантэкст сучаснага мастацтва. Мяркую, наша сістэма адукацыі павінна быць больш адкрытай, больш гнуткай, здольнай змяняцца. Адукацыя можа змяніць сітуацыю, але спачатку трэба змяніць сістэму адукацыі. Патрэбныя новыя праграмы, з майстар-класамі, з запрошанымі лектарамі, варкшопы з куратарамі, з рэзідэнцыямі, інтэрвенцыямі і г.д. — мастацкая адукацыя не павінна застойвацца. І ўжо ёсць мастакі, якія так вучацца і так працуюць.
Сучаснае мастацтва — гэта толькі навізна
Адсутнасці навізны ў мастацтве няма і не можа быць, мастацтва заўсёды ідзе за руку з часам і ў нагу з ім. Навізны не будзе толькі ў сітуацыі, калі час спыніцца. Але час, наадварот, паскараецца, і мастацтва ідзе за дынамікай часу. Калi раней новае зневажалася, то цяпер толькі новае і ёсць мастацтва.
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя нараджаецца эпоха мадэрнізму, было зламана класічнае ўяўленне пра стаўленне чалавека да свету. Мастак ужо не паўтарае, не капіюе, не адлюстроўвае свет, а зменьвае яго, мастак — творца. З’яўленне мадэрнізму наўпрост звязана са зменамі ва ўсіх сферах жыцця грамадства — сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай. Рускі авангард мог з’явіцца толькі ў той час, у які ён з’явіўся.
І яшчэ прыклад. Эндзі Уорхала называлі чалавекам-люстэркам, ён мастак поп-арту, апалагет грамадства спажывання. У яго працах цяжка знайсці выявы прадметаў, ён малюе этыкеткі. Ён знайшоў гэты ход, ён адчуў свет спажывання і перанёс акцэнт з прадметаў і з’яў на знакі і сімвалы, якія падмяняюць самі аб’екты. Так у яго творчасці з’явілася абазначэнне долара, знак, які сам па сабе не мае наміналу. На яго прыкладзе добра відаць, што мастацтва — гэта свайго роду карціна свету, а мастак — асаблівае люстэрка. Ён і яго оптыка павінны быць тут і цяпер. Цытаванні ды інтэрпрэтацыі — характэрныя складнікі сучаснага мастацтва. Калі мастак што-небудзь наўмысна цытуе, гэта павінна быць відавочным.
Постмадэрнізм называюць культурай second hand, гэта эстэтыка сімулякру і віртуальнай рэчаіснасці. Ключавое для класічнага мастацтва паняцце «мэта» замяняецца на гульню, «завершаная праца» і яе самакаштоўнасць — на працэс. Дыстанцыяваны глядач ператвараецца ва ўдзельніка вытворчасці сэнсаў.
Цяпер усё часцей нашу эпоху пазначаюць тэрмінамі «метамадэрнізм», «рамантычны канцэптуалізм». Што за гэтым стаіць, як развіваецца? Трэба разабрацца...