Дэвіз сёлетняй сустрэчы — «Класіка і сучаснасць». Практычна палову праграмы склалі пастаноўкі, створаныя на падставе класічных літаратурных тэкстаў — не толькі драматычных, але і паэтычных і празаічных. Для размовы пра «вечныя тэмы» шукаецца новая мова. Рэжысёры імкнуцца да актуалізацыі, каб хрэстаматыйны твор, знаёмы бальшыні аўдыторыі, увасобіць нязвыклымі мастацкімі сродкамі. Сучасны тэатр больш не ілюструе літаратурны тэкст: той адыходзіць на трэці план, а першы і другі намагаюцца падзяліць міжсобку рэжысёр і артысты. Вядучай у спектаклі робіцца рэжысёрская ідэя — яна не тлумачыць і не адбівае літаратуру, але адштурхваецца ад яе. Трансфармацыя твораў Вальтэра, Мальера, Шэкспіра, Гогаля, Чэхава, Быкава, Вампілава, Макдонаха адбываецца ўсярэдзіне самога тэксту-падставы («Кандзід, або Аптымізм» Ігара Казакова, «Голы кароль» Алега Шапашнікава, «Тарцюф» Грыгорыя Казлова, «Жоўты пясочак» Камілі Хусаінавай, «Рэвізор» Мікалая Пінігіна як рэжысёра-пастаноўшчыка і Дзмітрыя Цішко як рэжысёра), дзе тэкст ці змяняецца часткова, ці перапісваецца цалкам, а можа заставацца і амаль не кранутым, але рэжысёрская мова трансфармуе ідэйны складнік літаратурнай першакрыніцы з дапамогай сцэнаграфіі («Кандзід, або Аптымізм», «Голы кароль», «Паляванне на сябе» Стаса Жыркова, «Рэвізор», «Жоўты пясочак», «Вішнёвы сад» Давіда Мгебрышвілі, «Каралева прыгажосці» Віталя Краўчанкі) ці акцёрскай работы («Каштанка» Юліі Перасільд, «Шмат шуму з нічога» Галіны Жданавай, «Вішнёвы сад» Льва Эрэнбурга). Пошук мовы, актуальнай для гледача, адбываецца праз ідэнтычнасць і досвед, уплеценыя ў канву класічнага твору («Жоўты пясочак»). Тое самае можна казаць пра стаўленне не толькі да класічных твораў, але і да адвечных тэм — вайны, сталасці, сутыкнення розных пакаленняў.
Што да нас, тутэйшых, дык прыемна канстатаваць зварот рэжысёраў да сучасных айчынных тэкстаў і супрацу з сучаснымі беларускімі драматургамі. Стас Жыркоў стварыў спектаклі «Гэтамы» паводле празаіка Андруся Горвата і «Яна яго кахала» — паводле драматурга Андрэя Іванова. Да спектакля «Кандзід, або Аптымізм» Дзмітрый Багаслаўскі адаптаваў тэкст Вальтэра. Тэматычна «М.арт.кантакт-2019» схапіў самыя актуальныя і вострыя тэмы: сэксуальнасць, крызіс ідэнтычнасці, нацыянальнае і міжнацыянальнае,
вайна.
Уся праграма форуму спалучыла «рытуал» і «відовішча», што ўласціва масавай культуры. Яскрава прасочвалася гэта ў пастаноўцы «Голы кароль» — візуальны вэрхал, ад якога немагчыма было адцягнуцца, ды сляпое пакланенне асобе праз абагаўленне цела. У падобнае відовішча ператварыўся і «Вырадак» (рэжысёр Андрэй Цісарук), калі на першы план спектакля паводле Марыуса фон Маенбурга выводзілася сэксуальнасць — чароўны магнэс для масавага гледача ва ўсіх відах мастацтва.
Рытуальнасць — гэта яшчэ і пакланенне, уласцівае культу асобы, да якога звяртаюцца стваральнікі спектакля «Тарцюф» і «Коба» (Станіслаў Рубінавас). «ЦеШо» (Улад Троіцкі) накрывае залу энергіяй, што вымагае прагнуць руху, і робіць страшную кульмінацыю ў момант рытуальнага прагаворвання з дзіцем азбукі — лемантар складаецца са слоў, якія называюць і апісваюць вайну.
Можна зразумець, чаму Моладзевая рэдакцыя форума назвала лепшым спектакль «Шмат шуму з нічога», які нават не прыняло прафесійнае журы крытыкаў: спалучэнне масавых відовішчных сцэн і класічных маналогаў, што перадусім здаюцца вырванымі з сацыякультурных кантэкстаў часоў свайго з’яўлення, але лёгка сакралізуюцца аўдыторыяй, выдатна кладуцца на крызіс ідэнтычнасці, характэрна для сучаснай моладзі. Такое самае спалучэнне, але пададзенае больш далікатна, можна заўважыць і ў спектаклі «Кандзід, або Аптымізм», дзе з сэксуальных сцэн вынікае і сацыяльная значнасць, і сакральнасць, і філасофскі сэнс. Тон хваравітага пошуку сябе ў вонкавай прасторы задаваў «Кандзід, або Аптымізм», а прапанову на пошук у прасторы ўнутранай рабіў «Старонні» Дзяніса Казачука.
Крызіс ідэнтычнасці — гэта таксама пошук слоў ды выразаў, якімі можна апісаць «хто ты ёсць». Фестываль выявіў: сёння нацыянальнае можа адбівацца без заглыблення ў гісторыка-культурны дыскурс («Гэтамы», «ЦеШо»).
Усё большай значнасці для грамадства набывае тэма вайны не ў пафасна-патрыятычным гучанні. Вайна робіцца часткай паўсядзённай гутаркі — пра яе вучацца гаварыць. Гэта можа быць размова, падобная да тэрапеўтычнай практыкі («Мая сям’я ў маім чамадане» Нарынэ Грыгаран), ці да пошуку нейтральнай мовы — каб апісаць ваенныя дзеянні («ЦеШо»), альбо да намагання па-новаму прагаварыць сваю нацыянальную драму («Жоўты пясочак»).
«М.арт.кантакт-2019» перадусім спалучыўся з перфарматыўнасцю: праграма прапаноўвала не толькі глядзець, пераасэнсоўваць, адчуваць, але таксама і пэўныя дзеянні, звязаныя з уласным целам і пазапраграмнай прасторай; інтэрактыўнасць вымагала адгукнуцца і нешта зрабіць. Як прыём спектакля («Тарцюф») яна прымушала не губляць пільнасці ды рэагаваць. Аднак пастаноўка можа змусіць да рэагавання і па-за глядзельняй. Самы просты з прыкладаў выхаду гледача як дзейнай асобы за межы залы — галасаванне квіткамі і напісанне водгуку ў публічнай прасторы тэатра. Перфарматыўнасць штурхае да рэфлексіі, якая змяняе глядацкія паводзіны. Спектакль «Гэтамы» можа быць перфарматыўным штуршком для актывацыі нацыянальнай самасвядомасці. У гэтым выпадку можна прасачыць хуткае рэагаванне аўдыторыі: перформанс меў прадуктыўнасць, калі пасля яго ў зале чуваць беларускую мову. Перфарматыўнасць дазваляе спазнаць новую (ці забытую) цялесную практыку. «ЦеШо» прымусіў пражываць дысананс спектакля-канцэрта і прасторы, у якой ён пастаўлены, — практычна досвед прагляду рок-канцэрта ў савецкім доме культуры.
Перфарматыўнасць праграмы ў бальшыні выпадкаў межавала з гвалтам, але асэнсаванне «чаму я, глядач, адчуваю гэта зараз» давала штуршок да спалучэння рэальнасці з тым, што адбывалася на сцэне. Рэфлексія, выкліканая перфарматыўнасцю, магла заахвочваць гледача да нейкіх рухаў у сацыяльнай прасторы, гэтаксама як і абсурд і сюррэалізм, што суправаджаліся сацыяльна-палітычным каментаром («Сібір», «Коба», «Старонні», «Голы кароль», «Яна яго кахала», «Вырадак», «Чалавек з Падольска») — прыкладам, пошук вырашэння праблем хоспісаў і ўласнай ідэнтычнасці, пераасэнсаванне культу асобы.
Сучасны тэатр — гэта пляцоўка не так для прагляду спектакля, як для яго пражывання. Пастаноўкі, што трапілі ў праграму форуму, накіраваныя на пражыванне гледачом. Папулярнасць монаспектакляў, якія фактычна стварылі асобную праграму, шмат у чым абумоўленая гэтай практыкай: паўтоны, даверлівасць, спавядальнасць уцягваюць гледача ў прастору пастаноўкі, не даючы шанцу адгарадзіцца ад таго, што адбываецца на сцэне. Тэмамі монаспектакляў зрабіліся глыбокія асабістыя драмы з моцным сацыяльным тлом — вайна («Мая сям’я ў маім чамадане»), хоспісы для асоб шаноўнага веку («Сібір»), страх, старасць і дыктатарства («Коба»), пражыванне драматычнага лёсу паэта, упадабанага рэжысёрам («За крапівой бераг» Валянціны Янавец).
Арганізатары форуму паспяхова патрапляюць спалучыць перавагі прафесіяналаў з вялікім глядацкім попытам і густамі масавай аўдыторыі, паміж якімі апынаецца Моладзевая рэдакцыя як асобны праект фэсту. «М.арт.кантакт» — моладзевы форум, ён з’яўляецца для Магілёва інструментам стварэння супольнасці, дазваляе студэнтам пачувацца значнай часткай чагосьці важнага. Сёлета нароўні з іншымі спектаклямі можна было бачыць і студэнцкую работу — «Жоўты пясочак» навучэнкі Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў, рэжысёркі Камілі Хусаінавай.
Моладзевы тэатральны форум жыве ў рытме сучаснага еўрапейскага тэатра. Ён своечасова падхоплівае асноўныя тэатральныя тэндэнцыі (тэматычна, на ўзроўні тэкстаў, сцэнічнай мовы, рухаў сацыяльнай прасторы). «М.арт.кантакт» — гэта прастора, якая існуе не для таго, каб усе замілавана ўздыхалі, маўляў, «як таленавіта», а каб спрачаліся, каб ішлі са спектакля, калі хочацца сысці, альбо глядзелі колькі гадзін запар, не адцягваючыся і нават не прысаджваючыся (бо ўжо няма куды). Гэта дзёрзкасць, актуальнасць і прага размаўляць пра складанае з рознай аўдыторыяй рознымі сродкамі.
Святлана Курганава