МОЖНА ЛІЧЫЦЬ, ШТО КАНЦЭРТМАЙСТАР — АДЗІН З ГАЛОЎНЫХ У ПРАЦЭСЕ ВЫКАНАННЯ, А МІЖ ТЫМ ЁН ЗАЎСЁДЫ ЗНАХОДЗІЦЦА НА ДРУГІМ ПЛАНЕ. ТОЕ Ж МОЖНА СКАЗАЦЬ І ПРА ПЕДАГОГАЎ-КАНЦЭРТМАЙСТРАЎ — ПРА ІХ ВЯДОМА МАЛА. А БЕЛАРУСІ Ў ГЭТАЙ ГАЛІНЕ ЁСЦЬ ЧЫМ ГАНАРЫЦЦА, НАШЫ КАНЦЭРТМАЙСТРЫ З ГОНАРАМ ВЫСТУПАЮЦЬ НА МІЖНАРОДНЫХ КОНКУРСАХ І Ў КАНЦЭРТАХ З ВЯДОМЫМІ САЛІСТАМІ.
МНОГІЯ З ІХ — ВЫХАВАНЦЫ ЭДЗІ ТЫРМАНД, АДНОЙ З ЗАСНАВАЛЬНІЦ БЕЛАРУСКАЙ КАНЦЭРТМАЙСТАРСКАЙ ШКОЛЫ. ЯНА БОЛЬШ ВЯДОМАЯ Ў НАШАЙ РЭСПУБЛІЦЫ ЯК КАМПАЗІТАРКА, АЎТАРКА ХАРАВЫХ І КАМЕРНЫХ ТВОРАЎ, АЛЕ ЯЕ ГІСТАРЫЧНАЯ РОЛЯ Ў КАНЦЭРТМАЙСТАРСКАЙ СПРАВЕ БЕЛАРУСІ НЕ МЕНШ ЗНАЧНАЯ. ЯЕ ВЫХАВАНЦЫ РАСКАЖУЦЬ ПРА ЗАНЯТКІ Ў КЛАСЕ СВАЙГО ПЕДАГОГА. АЛЕ СПАЧАТКУ ХОЧАЦЦА ПРАПАНАВАЦЬ УВАЗЕ ЧЫТАЧА ЎСПАМІНЫ САМОЙ ЭДЗІ МАЙСЕЕЎНЫ ПРА ЯЕ ЦІКАВЫ ЖЫЦЦЁВЫ І ПРАФЕСІЙНЫ ШЛЯХ. ЯНЫ БЫЛІ ЗАПІСАНЫЯ Ў 1998 ГОДЗЕ.
Аляксандр Мільто: Эдзі Майсееўна, вы былі маёй першай настаўніцай музыкі, у якой я занімаўся з 1 па 7 класы ў Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе-дзесяцігодцы. Вы ніколі не ціснулі на вучня, заўсёды былі добразычлівая, умелі стварыць на ўроку даверлівую атмасферу. Памятаю, што з самага пачатку вялікую ўвагу звярталі на пявучасць гуку, музычнасць выканання. Але цяпер хацелася, каб вы распавялі пра сваё дзяцінства, пра тое, як прыйшлі ў музыку…
— Я нарадзілася ў Варшаве і там жыла да 1939 года. Музыкай пачала займацца ў чатырохгадовым узросце, у нас дома стаяў раяль, праўда, на ім ніхто не іграў, паколькі мае бацькі з музыкай не мелі нічога агульнага, а проста любілі яе. Над намі, на наступным паверсе, жыла піяністка, яна чула, як я па клавішах «гуляю», і вырашыла, што ў гэтым нешта ёсць. Угаварыла маю маму, каб я стала ў яе вучыцца. На жаль, не магу цяпер сказаць, што займалася з вялікай ахвотай, але магу падзякаваць маці, якая настойлівасцю, сілай духу і любоўю прымусіла мяне займацца музыкай. Памятаю, як ні дзіўна, твор, які іграла ў дзяцінстве, калі споўнілася 5 гадоў. Гэта была ўверцюра «Селянін і паэт» Зупе. Мы выконвалі яе з маёй настаўніцай у чатыры рукі. Калі цяпер чую тую музыку, да мяне адразу вяртаюцца прыемныя ўспаміны.
Афіцыйна ў навучальнай установе пачала займацца ў 12 гадоў, да гэтага ўсе заняткі праходзілі дома, у мяне заўсёды былі выдатныя педагогі. Год правучылася ў школе імя Шапэна, яе праграма прыкладна адпавядала нашаму музычнаму вучылішчу. Мой педагог пасля года заняткаў сказаў: «Хопіць вам тут вучыцца, вам трэба ісці ў кансерваторыю».
Калі паступала туды, на наяўныя месцы прэтэндавала 300 чалавек, але я прайшла. Навучанне доўжылася 9 гадоў, цяпер я разумею, што туды ўвайшлі курсы вучылішча і кансерваторыі.
Адна з прафесараў, у якой займалася, была вучаніцай Ганны Есіпавай, а педагог да яе, таксама прафесар Варшаўскай кансерваторыі, вучыўся ў Канстанціна Ігумнава. Ён ставіўся да мяне выдатна, але мяне трэба было паўшчуваць. З астатнімі студэнтамі ён быў такі строгі, што выкідваў іх разам з нотамі з класа, аднак на мяне ніколі нават голас не павышаў, а гэта для майго характару было дрэнна. Я сама тое зразумела, пайшла да рэктара і папрасіла перавесці мяне да іншага педагога, да жанчыны, якая займалася ў Есіпавай. Ведала, што яна вельмі строгая, студэнты мне яе расхвальвалі, яе прозвішча было Яцына. Тут ужо я баялася прыйсці на заняткі, не вывучыўшы ўсё як мае быць.
У 1939 годзе я павінна была скончыць кансерваторыю, але пачалася Другая сусветная вайна. Як і астатнія, я не магла ўявіць, што яна будзе такой страшнай і доўгай, думала, скончыцца праз тры месяцы. У Польшчы ўжо было неспакойна, і я вырашыла паехаць давучвацца ў Мінск, бо там яшчэ мірна і ціха.
Мой план быў такі: скончу ў Мінску кансерваторыю і вярнуся дадому, але лёс распарадзіўся іначай, больш сваіх родных я не ўбачыла. Атрымлівала ад іх лісты, пасылала пасылкі, бо яны там ужо галадалі. Так працягвалася, пакуль не пачалася вайна паміж немцамі і Савецкім Саюзам.
Эвакуявалася я ў Фрунзэ і там працавала канцэртмайстрам у оперным тэатры. А наогул дзе толькі ні працавала: у дзіцячым доме музычным кіраўніком, выкладала фартэпіяна, акампанавала балету, але асноўная праца — у тэатры. Вярнулася ў Мінск толькі ў 1948 годзе. Да гэтага прыязджала сюды, каб даведацца, ці змагу аднавіцца ў кансерваторыі. Тады рэктарам быў Мікалай Ільіч Аладаў, ён мяне памятаў, таму што я іграла на фартэпіяна добра. Калі прыехала з Варшавы ў Мінск, гэта каціравалася вельмі някепска.
Аладаў прапанаваў працаваць канцэртмайстрам, але трэба атрымаць урадавае запрашэнне, каб мяне з Фрунзэ адпусцілі. Для гэтага і паехала ў Мінск падчас адпачынку, пайшла адразу ў кансерваторыю. Прытуліў мяне Генрых Вагнер, дапамог нам з мужам знайсці пакой і ўгаварыў, каб пайшла вучыцца па спецыяльным фартэпіяна да Рыгора Шаршэўскага. Да вайны я больш за год займалася ў Аляксея Клумава, а пасля вайны мяне ўзялі адразу на пяты курс. Паралельна пачала працаваць канцэртмайстрам. Студэнтаў было мала і канцэртмайстраў таксама мала, а ў кансерваторыі вучыліся і вакалісты, і струннікі, і духавікі, акампанаваць не было каму. Калі заканчвала кансерваторыю, разам са мной выпускаліся ўсяго 5-6 чалавек.
Толькі піяністаў?
— Не, усіх. Гэта быў першы пасляваенны выпуск. Большасць мужчын прыйшлі пасля войска, таму студэнтаў мала. Пасля заканчэння вайны кансерваторыя пачала працаваць у 1945 ці ў 1946 годзе. Адначасова я паступіла на кампазіцыю і была першай студэнткай Багатырова. Тады ён толькі пачынаў займацца педагогікай, праз некалькі гадоў стаў рэктарам кансерваторыі пасля Аладава.
Яшчэ ў Варшаве я сачыняла лёгкую музыку, мяне нават павінны былі прыняць у Саюз — не кампазітараў, а эстрадных аўтараў і выканаўцаў. Тады лічылася вялікім гонарам патрапіць у гэтае аб’яднанне. Дарэчы, яго кіраўніком быў Ежы Пецерсбурскі, аўтар музыкі песень «Утомленное солнце» і «Синий платочек».
Але вернемся ў Менск. Тут пасля кансерваторыі я працавала канцэртмайстрам, прычым ледзь не ва ўсіх класах, у тым ліку духавых, струнных, але больш за ўсё, помню, вакальных і харавых. Да гэтага яшчэ працавала ў музычнай вучэльні, а потым прыйшла ў Спецыяльную музычную школу-дзесяцігодку, дзе адным з першых маіх вучняў быў Саша Мільто, і няхай ён пра гэта заўсёды памятае...
Заўсёды памятаю маю першую настаўніцу, як гэта можна забыць!
— Аддзяленне кампазіцыі я скончыла ў 1953 годзе...
Эдзі Майсееўна, наша гутарка ўсё ж прысвечана створанай вамі канцэртмайстарскай школе, таму давайце пагаворым пра тое, як вы сталі выкладаць канцэртмайстарскі клас і як стваралася ваша педагагічная сістэма. Многія ведаюць вас як аднаго з вядучых беларускіх кампазітараў, а што падштурхнула выкладаць менавіта канцэртмайстарства, а не кампазіцыю?
— Калі б я не займалася кампазіцыяй, то не ўзнікла б ніякай сістэмы, таго, пра што згадваюць мае вучні. Тое, што я пачала выкладаць канцэртмайстарскі клас, — чыстая выпадковасць. Да вайны акампанавала амаль ва ўсіх класах кансерваторыі. Пасля вайны была канцэртмайстрам у вакальных класах, у тым ліку ў жонкі Багатырова — Наталлі Савіцкай, але больш за ўсё іграла ў харавікоў, у прыватнасці ў Іллі Гітгарца.
Сваю педагагічную дзейнасць пачынала з выкладання спецыяльнага фартэпіяна, але потым мне прапанавалі весці канцэртмайстарскі клас. Як яго выкладаць, паняцця не мела. Майстры гэтай справы Сямён Талкачоў і Георгій Пятроў казалі мне: «Мы вам дапаможам, падкажам, што і як». Але, на жаль, ніхто мне нічога не падказаў. Памятаю, як прыйшла на першыя заняткі са студэнтам, у мяне ногі падкошваліся, не ведала, што гаварыць. Але студэнт ведаў менш, чым я, і таму было што падказаць.
У 50-я гады я прыйшла на канцэртмайстарскую кафедру — гэта павінна памятаць Ларыса Талкачова, яна была маёй першай студэнткай, памятаю яе і Наташу Парадоўскую. За ўсё я плаціла сваімі слязьмі. Нічога не ведала, ніякіх асаблівых правілаў, якія потым перадавала сваім студэнтам. Яны ўжо не набівалі сабе гузоў, я ўпэўненая, яны ўсе пайшлі з кансерваторыі гатовымі да працы.
У Варшаве я вывучала і харавую справу, потым, паўтару, вучылася кампазіцыі — і шмат зразумела ў тым, як трэба запісваць ноты і як іх трэба чытаць. Калі давала іграць сваё сачыненне камусьці, высвятлялася, што не ўсё ў нотным тэксце я выпісала дасканала. Тады ў мяне расплюшчыліся вочы на працу канцэртмайстра-педагога, які павінен папярэдзіць, зберагчы студэнта ад памылак канцэртмайстра. Чым далей, тым больш.
Згадайце, калі ласка, сваіх першых вучняў...
— Тады я была яшчэ маладая, мне ўсё здавалася цікавым. На першых уроках дрыжалі рукі і наогул усё, што магло дрыжаць ад страху, потым паступова прыстасавалася. Можна сказаць, я навучыла сама сябе. Тут падзейнічала правіла жыцця: калі чагосьці не ўмееш — вучы іншых. У дадзеным выпадку гэтае выказванне цудоўна адыграла сваю ролю. Можа, тады я пра гэта не думала, але цяпер азіраюся назад і бачу, што ў мяне не было ніякіх трафарэтаў — рабіць так ці так.
Усё ішло ад практыкі не толькі піяніста, але і кампазітара. Напрыклад, памятаю, як прынесла сваё сачыненне канцэртмайстру, дарэчы, маёй жа вучаніцы Ларысе Максімавай, каб яна вывучыла са спеваком. Вывучыла. Я пытаюся: «А чаму вы тут так доўга трымаеце ноту, а тут так хутка здымаеце?» Яна мне кажа: «Паглядзіце, вы так напісалі». І вось з гэтага моманту зразумела, у якой ступені канцэртмайстру патрэбная дакладнасць. Гэта адзін выпадак. Было і шмат іншых.
Калі можна, усё-ткі згадайце сваіх першых вучняў па канцэртмайстарскім класе.
— Гэта было вельмі даўно, дзесьці ў 1956-57 гадах. Першыя вучні не планавалі быць прафесійнымі канцэртмайстрамі-акампаніятарамі. Неўзабаве пасля вайны працы было шмат, і на кваліфікацыю мала хто глядзеў. У кансерваторыі выкладаў вядомы канцэртмайстар Сямён Талкачоў, я імкнулася раўняцца на яго. Спачатку ўвесь час атрымлівала заўвагі ад яго — тое не так, іншае не гэтак — і на гэтым вывучылася. Паступова стварылася сістэма, якую ўвесь час удасканальвала. Усё ішло ад жыцця, яно дыктавала, як і што. Вучылася, паўтару, сама ў сябе, знойдзенае імкнулася перадаць студэнтам. Па выніках маіх вучняў зразумела: гэта было не так ужо і дрэнна.
Каля чатырох дзесяцігоддзяў вы выкладалі канцэртмайстарства — ці вывелі нейкія прынцыпы гэтага мастацтва?
— Думаю, сапраўды так. Мае вучні цяпер кажуць, што я стварыла ўласную школу, з гэтым цалкам згодная. Можна сказаць, маўляў, ад сціпласці я не памру, але тут той выпадак, калі адчуваю сябе на кані: тое, што я кампазітар і піяністка, дапамагло мне стварыць гэтую сістэму. З чаго яна складаецца? Трэба прытрымлівацца таго, што напісаў аўтар.
Тут галоўную ролю адыгрывала мая кампазітарская дзейнасць. Калі я пісала менавіта так, дык чаму гэтага не хацеў, напрыклад, Чайкоўскі, Рахманінаў, з якімі не падумайце, што раўняюся. Проста я спрабавала зразумець у кожнай дадзенай фразе, што тут хацеў выказаць кампазітар, чаго ён дамагаўся. Вось, напрыклад, Рахманінаў: ён цудоўна іграў свае рамансы, як ён іх граў — так і запісаў. І канцэртмайстар павінен усё прачытаць, што напісана паміж радкоў, не прапусціць нічога з таго, што хацеў сказаць кампазітар, ставячы тут акцэнт, там крэшчэнда, дзімінуэнда, ноту з кропкай, паўзу. Я зразумела, што трэба жалезна трымацца такога прынцыпу.
Яшчэ адна важная рэч, да якой я імкнулася, — умець чуць сябе. Трэба вельмі ўважліва слухаць, якія гукі ў цябе атрымліваюцца, што яны ўвасабляюць, важна дакапацца, чаго хацеў тут аўтар, чаму ён так напісаў. Тут я даходзіла да дзівосных момантаў: напрыклад, чаму напісана чвэрць, а не чвэрць з кропкай? Гэта цэлая навука запісу нот і чытання гэтых нот. Мне здаецца, уменне іх чытаць і іграць дакладна — галоўная задача не толькі канцэртмайстра, але і наогул усякага музыканта-выканаўцы. Кампазітар, калі піша, ён жа чуе сваю музыку і хоча, каб было сыграна так, як ён чуе.
У мяне неяк здарыўся вельмі сумны выпадак. У Маскве павінен быў выконвацца адзін з маіх твораў, якім я ганарылася. Ён быў напісаны для скрыпкі, і я, натуральна, вельмі хацела сустрэцца з маскоўскай скрыпачкай, якая мелася яго выконваць. Яна абурылася: «Што вы, што вы, я іграла Шастаковіча, Хачатурана, я заслужаная артыстка, я ўсё ведаю!» Я пярэчу: «Ведаю, як у нас заслужаныя артысты часам іграюць нотны тэкст. Ведаю, што яны разумеюць лепш за кампазітара, тым больш беларускага кампазітара, ды яшчэ і жанчыны ў дадатак». Потым, калі я пачула ў канцэрце ўласнае сачыненне, каб там не была названая маё прозвішча, ніколі б не здагадалася, што гэта напісала я. Была ў такой ступені засмучаная, ажно, верце не верце, напілася потым. Пайшлі ў рэстаран з нашымі кампазітарамі, я выпіла і зрабілася потым вельмі вясёлая, так стрэс паступова прайшоў.
Што хачу сказаць? Трэба ўважліва разбірацца ў тэксце, дакладна перадаваць напісанае кампазітарам. Сваіх вучняў пазнаю па іх ігры: я магу на іх не глядзець, не ведаць, хто грае, але што гэта мая школа, на слых адразу даведаюся. І не толькі я. Усе мае былыя вучні, якія цяпер займаюцца выкладчыцкай працай, таксама імкнуцца зразумець сутнасць музычнага твора, дасягаюць годных вынікаў, працягваюць маю справа, і я гэтым вельмі ганаруся.
Канцэртмайстарская дзейнасць вельмі шматаблічная: праца ў оперы, філармоніі, у спорце, з харавікамі, з сімфаністамі — вы падзялялі сваіх студэнтаў па гэтых кірунках або навучалі іх агульным прынцыпам?
— Вядома, агульным прынцыпам, бо ноты напісаны і трэба выканаць тое, што напісана аўтарам. Канцэртмайстру ўсё роўна, іграе ў балеце ці акампануе салісту, ён павінен разабрацца ў тым, што напісаў аўтар, і выканаць гэта. Калі сумленны музыкант. Потым, калі будзе акампанаваць у балеце ці фізкультурнікам, яму трэба іграць гучней, чым са скрыпкай ці іншым інструментам. Але ў любым выпадку нотны тэкст павінен быць выкананы ідэальна, інакш атрымліваецца халтура.
Эдзі Майсееўна, вы кажаце, што ў нотах усё напісана, усё пазначана — гэта датычыць і сучаснай музыкі?
— Вядома, тут іншыя метады запісу, гэта магу сказаць і як кампазітар, але і такі нотны тэкст таксама трэба імкнуцца перадаваць дакладна.
Ці ёсць у вас любімыя аўтары ў сучаснай музыцы?
— Для мяне ўсе аўтары, з якімі сустракаюся ў працы ці як слухач, любімыя. А тыя, што не падабаюцца, я з імі не сустракаюся, у мяне ёсць права выбару. Мне здаецца, прафесійная музыка знойдзе выканаўцаў, якія зразумеюць яе, трэба толькі быць пісьменным інтэрпрэтатарам.
Каго вы бачыце прадаўжальнікам сваёй педагагічнай сістэмы?
— Гляджу, як працуе наша канцэртмайстарская кафедра, і бачу, што ўсе выкладчыкі, за выключэннем аднаго чалавека, навучаныя мной. Я вельмі задаволена іх працай. Уражанне, што яны ўсё знойдзенае і перададзенае мной пашыраюць і паглыбляюць.
Магу сказаць: мне вельмі падабаецца мая праца, звязаная з канцэртмайстарствам, бо яна аб’ядноўвае ў сабе ўсё — оперную музыку, інструментальную, вакальную, сімфанічную.
Пашырае музычныя далягляды. Напрыклад, калі праходзілі оперныя клавіры, трэба было ведаць інструментоўку — які інструмент, што іграе, улічваць іх тэмбры.
У Оперным тэатры працуе адна мая былая студэнтка, вядомы цяпер канцэртмайстарка, заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Талкачова — і паказвае выдатныя вынікі. Але яна ў маім класе ўжо была прывучаная да таго, каб знаёміцца з партытурай, ведаць гучанне інструментаў.
Вы маеце шчасце бачыць, як творча рэалізаваліся вашы лепшыя вучні. Ці ўсе апраўдалі вашы надзеі? Назавіце вашых улюбёнцаў, калі можна.
— У мяне столькі ўлюбёнцаў, што, напэўна, не хопіць часу назваць іх усіх. І гэта будзе не шчыра, магу кагосьці забыцца. Таму лепш нікога не назаву. Ёсць такія, якія выдатна займаюцца са студэнтамі, паказваюць добрыя вынікі, і я шчаслівая, калі гэта чую. Тады разумею, што жыла і працавала не дарма.
Ірына Мільто
Аляксандр Мільто