Менавіта гэты праект, курыраваны Андэрсанам у суаўтарстве са сваёй сяброўкай, пісьменніцай і дызайнеркай Джуман Малуф, выглядае выдатнай ілюстрацыяй таго, што можна зрабіць з «адзінкамі захоўвання», якія томяцца на паліцах запаснікаў, павучальны для нас прыклад, як творча і з карысцю перафарматаваць музейную калекцыю, каб зрабіць яе больш адкрытай і цікавай не толькі для аматараў мастацтва.
Мастацка-гістарычны музей у Вене — тое яшчэ месца збору дзіўных рэчаў, бо ў аснове імператарскай калекцыі, якая захоўваецца ў залах і фондах, — адна з самых вялікіх кунсткамераў у свеце. Стагоддзямі аўстрыйская дынастыя Габсбургаў збірала ўнікальныя артэфакты розных эпох — і ўсё гэта дасталася сучаснай куратарскай пары ў якасці выставачнага матэрыялу. Кіруючыся ўласнымі перавагамі і інтуіцыяй, Андэрсану і Малуф удалося абраць самыя мудрагелістыя аб’екты ці скампанаваць іх з больш-менш звычайнымі — у нейкую квінтэсенцыю «дзівацтва». З дапамогай прафесійных супрацоўнікаў нетыповыя куратары адабралі больш за 400 прадметаў, у асноўным са сховішчаў, з чатырнаццаці калекцый, прычым многія з іх і зусім ніколі не паказваліся публіцы. Сярод іх егіпецкія, грэчаскія і рымскія старажытнасці, карціны старых майстроў, экспанаты з Імператарскага казначэйства і Імператарскай зброевай палаты, рарытэты з Калекцыі манет і Калекцыі гістарычных музычных інструментаў, а таксама творы з Тэатральнага музея.
У выніку перад намі — кампактна сабраны ў адной з цэнтральных залаў музея ўнікальны паноптыкум кур’ёзаў і шэдэўраў, якія размясціліся ў прасторах і вітрынах, выкананых у каляровай гаме «Гатэля Гранд Будапешт». Усе яны сістэматызаваныя з сапраўды маніякальнай андэрсанаўскай сур’ёзнасцю. Але зусім не паводле стандартных музейных лякалаў. Дык вось, усяго восем выставачных зон рознага колеру, у кожнай — тэматычна сабраныя артэфакты. Напрыклад, парадныя партрэты людзей з валасатымі абліччамі розных эпох і ступеняў валасатасці. Ці выявы (і не толькі) жывёл, ранжыраваныя выключна па памеры, аднак вельмі разнастайныя паводле ўсіх астатніх крытэраў, — ад скульптур медузы і фенікса да чарапашых шкілетаў. Або пакой, са сцен якога на вас вельмі ўважліва і сур’ёзна глядзяць дзеці і немаўляты ў дарослых каралеўскіх уборах, і тут жа — сярэднявечны рыцарскі даспех шасцігадовага дзіцяці. Адна з велізарных вітрын прысвечана толькі зялёным прадметам — тут ёсць малахітавыя самародкі, парфіравая італьянская ваза ХVII стагоддзя і кітайская керамічная дынастыі Цінь, заспіртаваная драўняная жаба ў антыкварнай шкляной колбе, іклатая маска Маоры з Новай Зеландыі... І гэтак далей — «всё чудесатее и чудесатее», як казала кэралаўская Аліса.
У спецыяльна спраектаванай цэнтральнай вітрыне ўсё гэтае хараство вянчае заяўленая ў назве дамавінка для муміфікаванай землярыйкі — старажытнаегіпецкі арыгінал, пакрыты выявамі падзей з замагільнага жыцця грызуна, памерлага ў IV стагоддзі да нашай эры. Калі шчыра, ён не недта ўразіў таго, хто пабываў у «Зале мумій» Каірскага музея, напрыклад, — але туды наша куратарская пара проста не дабралася, абмежаваўшыся дзівацтвамі, якія захоўваюцца ў Вене.
Так, гэта вяртанне да старадаўняй еўрапейскай практыкі, з якой вырасла сучасная музейная справа, — да персанальнага «кабінета рэдкасцяў» (Cabinet of curiosities), той самай вялікай шафы, куды адукаваны гаспадар змяшчаў сабраныя на свой густ разнастайныя дзівацтвы навакольнага свету ў самых мудрагелістых спалучэннях: ад чарапоў, рэдкіх ракавін і таксідэрмаваных жывёл да карцін, рукапісаў і механічных аўтаматаў.
Цікава, паводле куратараў, яны «вельмі клапаціліся пра дзяцей як у выбары прадметаў, так і ў тым, што яны адлюстроўваюць». Рознаўзроўневыя экспанаванні, міні-вітрыны з адзінкавымі падсветленымі «сакрэтамі» — гэта ўсё таксама вельмі дзіцячая тэма.
Мабыць, адзіная куратарская прэтэнзія да экспазіцыі — гэта яе залішнія сістэмнасць і акуратнасць, што не пакідае зазору для містыфікацыі. Зрэшты, усе адабраныя аб’екты і так з цяжкасцю балансуюць на грані «нармальнасці», а рамкі традыцыйных экспазіцыйных тэхнік закліканы неяк сабраць асобныя дзівацтвы ў больш-менш зручную для ўспрымання агульную ўпакоўку. Уласна, парадак і амаль гарманічная сіметрыя ў кадры складаюць аснову фірмовай візуальнасці Андэрсана-рэжысёра, і ў сваім куратарскім праекце ён паслядоўны. Можа, гэтыя парадак і мімікрыя пад тыповую музейнасць і ствараюць той самы эфект пераканаўчасці, які надае дэвіятыўнасцям важкасць.
Вядома, гэта не рэвалюцыя і не інтэрвенцыя ў музей, пра якія мараць нашы асобныя мастакі-традыцыяналісты, звыкла ўстаўляючы свае фігуратыўныя творы ў музейныя прасторы, напоўненыя гэтай самай фігуратыўнасцю крыху больш, чым цалкам. Так з’яўляюцца «Музеі» ў музеях і прыцягнутыя за вушы да экспанатаў забаўляльныя інтэракцыі на штогадовыя Ночы музеяў.
І так, гэта не класіка сапраўдных «уварванняў у музей» аўтарства Фрэда Уілсана, хоць тэхнічна падыход вельмі падобны. Аднак вострыя крытычныя пасланні Уілсана — чарнаскурага мастака, які здолеў задаць важныя пытанні аб легітымнасці звыклай дамінантна-еўрапейскай дыдактыкі ў музейных практыках простай перакампаноўкай экспанатаў і этыкетажу, — іншыя. У параўнанні з імі эксцэнтрычнае згушчэнне экзатычнасці, што прэзентуюцца Андэрсанам і Малуф, выглядае вельмі «дэкаратыўным».
Калі разважаць пра нашу айчынную, даволі сумную сітуацыю... Чаму б і не паспрабаваць выйсці за рамкі ўстояных кодаў музейнай рэпрэзентацыі? Зайсці на тэрыторыю іншых супольнасцяў, акрамя музыкаў на адкрыцці? Мастацтва для мастацтва ў штучнай абгортцы для аматараў мастацтва — сумна і нецікава. Паспрабуйма адшукаць сваіх землярыек у запасніках!
Ці варта казаць, што ўніверсальных рэцэптаў не існуе і перад намі проста адзін з удалых прыкладаў узаемадзеяння музея з сучаснасцю? Аднак, перафразуючы першапачаткова зададзенае пытанне — як правільна выстаўляць музейную калекцыю, каб яна стала бачнай і цікавай для шырокай публікі, — можна на яго і адказаць. Вось так!
P.S. На жаль, час знаходжання «Землярыйкі ў труне» ў раскошных залах Музея гісторыі мастацтва завяршаецца, яна працуе толькі да канца красавіка. Кінаманам, жадаючым зірнуць на куратарскі аспект творчасці Уэса Андэрсана, давядзецца адправіцца крыху далей, чым у Вену, — у Мілан, дзе гэтай восенню яе выставіць Фонд Прада