Нездарма Коласаву «Новую зямлю» Васіль Шаранговіч ведаў на памяць, дэкламаваў для суседзяў незлічоную колькасць разоў. Бацькі, па сутнасці сваёй, былі вясковыя інтэлігенты, для дзяцей ладзілі адмысловыя забавы, майстравалі лялькі, на Каляды ставілі ялінку. Першай настаўніцай была маці, спадар Васіль дасюль захоўвае яе алоўкавыя малюнкі, якія натхнілі ў дзяцінстве пайсці ў мастацкі гурток Генадзя Астроўскага. Як і паэты-класікі, Васіль Шаранговіч стаў голасам вёскі, лепшых яе памкненняў, пераасэнсаваных праз паэтычнае слова. Гэты шлях вёў да больш шырокай нацыянальнай тэмы, да арганічнага разумення беларускай літаратурай, якую шмат ілюстраваў. Нават калі звярнуўся да Міцкевічавага «Пана Тадэвуша», натхняўся знаёмымі матывамі — побытам шляхты старой Літвы. «Літаратурныя багацці, адкладзеныя з юнацтва ў маёй памяці, — пераважна беларускія, — згадваў мастак. — Мая маці ставілася да паэзіі і прозы нашых суайчыннікаў часам са здаровай крытыкай. Зямляк Максім Танк, які нарадзіўся за 8 кіламетраў ад Качаноў, неаднойчы быў крытыкаваны ёю на фоне Купалы і Багдановіча, бо “паэзія мусіць быць узнёслай”. Таму мой зварот да нацыянальнай тэматыкі ў складаныя 1960-я — цалкам натуральны».
Бацькі сур’ёзна дбалі пра адукацыю дзяцей, хоць атрымаць яе было няпроста: старэйшы Васіль па заканчэнні мясцовай сямігодкі хадзіў у школу ў суседні Мядзел у адзіноце. На ўвесь раён сфармаваўся толькі адзін клас выпускнікоў. У мінскай мастацкай вучэльні быў у групе адзіным вяскоўцам. У Акадэміі мастацтваў (тады Тэатральна-мастацкі інстытут) на графіку разам з ім паступіла адно некалькі беларусаў. Тагачасная сацыяльная і нацыянальная палітыка прыводзіла да такіх своеасаблівых вынікаў.
З часоў хрушчоўскай адлігі, з 1960-х сітуацыя стала мяняцца.
Сакрэтныя складнікі школы
У 1953 годзе на мастацкім факультэце Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута была створана кафедра графікі. Уласных методык не было, выкладчыкі прыязджалі з суседніх рэспублік, кожны са сваім разуменнем асаблівасцей навучальнага працэсу. Першы выпуск мастакоў-графікаў адбыўся ў 1959-м, сярод іх быў, напрыклад, такі выдатны творца, як Арлен Кашкурэвіч. Але менавіта тады, калі кіраўніком кафедры ў 1972 годзе стаў Васіль Шаранговіч, пачалася грунтоўна спланаваная падрыхтоўка зорак, выкрышталізаваліся метадалогія і прынцыпы выкладання, выпускнікі сталі вылучацца на ўсесаюзных, а пасля і міжнародных выставах адмысловым мастацкім светапоглядам і менталітэтам пры вельмі вялікай стылістычнай разнастайнасці. Практычна гаворка ідзе пра феномен. У чым яго сакрэт?
Васіль Шаранговіч — першы выпускнік інстытута, які быў запрошаны выкладаць у альма-матар, спачатку малюнак на аддзяленні дызайну, а потым, калі ўзнавілі набор на графіку, вёў малюнак там. Першая яго група была рознай па ўзроўні. Метадалогіі не было ніякай.
«Я пачаў фантазіраваць, нешта выходзіла, нешта, як гаворыцца, не лезла ні ў якія вароты, але галоўнае — я атрымліваў вопыт і разуменне таго, што мастацкая педагогіка з’яўляецца вельмі складаным працэсам... За больш чым трыццацігадовы педагагічны шлях я ўпэўніўся, а на першых кроках адчуў, што ад мастака-педагога патрабуецца вялікая самааддача, уменне псіхалагічна адчуваць студэнта, аналізаваць і ясна выказваць сваю думку. Педагог павінен мець адчуванне струн душы студэнта, каб потым ведаць, на якія з іх націснуць, дзе пахваліць, а дзе зганіць працу. Яму трэба быць не толькі мастаком, але мастацтвазнаўцам і псіхолагам. Я ўжо не кажу пра ўменне ўзяць аловак або пэндзаль і прафесійна паказаць, як гэта робіцца. Апошняе дапушчальна ў тых выпадках, калі словы не дапамагаюць. Тэорыі мастацкай педагогікі не існуе, і ўсё залежыць ад асобы самога выкладчыка. Гэта я ўжо зразумеў, калі сам вучыўся, а як пачаў вучыць, то адчуў, наколькі ўсё гэта складана і цяжка. Я кажу ў дадзеным выпадку пра педагога сапраўднага, а не таго, хто проста займае гэтае месца, бо трэба аддаваць не толькі сваё сэрца, але і думкі, а часам і свае ідэі».
Як загадчык кафедры Васіль Шаранговіч пачаў сваю рэформу з адбору студэнтаў. У акадэмію паступалі звычайна з дзвюх устаноў — з мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава і школы-інтэрната для адораных дзяцей імя Ахрэмчыка. Васіль Пятровіч хадзіў на прагляды і абароны дыпломаў у пошуках талентаў. Ведаў усіх выпускнікоў як у «Парнаце», так і ў вучэльні. На экзаменах маглі здарацца розныя сюрпрызы, але ў прынцыпе бясспрэчныя лідары ўжо былі вызначаныя. Аднойчы давялося прасіць дазвол выправіць адзнаку ў дыктоўцы, каб таленавіты чалавек прайшоў па конкурсе. Мог узяць вучня без адпаведнай падрыхтоўкі, калі быў відавочны патэнцыял. Як жыццё паказала, не памыліўся. Абмежаваў колькасць месцаў для дзяўчат і для прадстаўнікоў з іншых рэспублік, бо верагоднасць таго, што яны застануцца ў беларускім мастацтве, была невялікай.
Група набраная — пяць-шэсць чалавек, і пачыналася кшталтаванне асобы будучага творцы.
«Узлёт кафедры быў не выпадковым, а хутчэй заканамерным, — падсумоўвае Васіль Шаранговіч. — Ён грунтаваўся на тым, што я стаў абапірацца на нашу, мясцовую творчую моладзь, памятаючы свае студэнцкія гады. Былі пастаўлены ясныя мэты — высокі прафесіяналізм у спалучэнні з веданнем нацыянальнай гісторыі, этнаграфіі і літаратуры. Я пераконваў студэнтаў, што сапраўднае мастацтва заўсёды грунтавалася на нацыянальнай глебе, яно наталялася менавіта нацыянальнымі каранямі...
Я прасіў сваіх студэнтаў: калі плануеце станковую работу, выбірайце беларускую тэму. Шмат разважалі пра характар беларусаў, займаліся пошукамі тыпажу. Быў уведзены курс гісторыі Беларусі, прычым вучыліся не па тагачасных падручніках, лекцыі чыталі запрошаныя гісторыкі. Надзвычай важным лічыў сфарміраваць светапогляд. Але ні ў якім разе ніколі не ўмешваўся ў творчыя пошукі сваіх студэнтаў. Кожны павінен быў сам знайсці свой твар. Маёй справай было даць ім выдатных выкладчыкаў. Тут трэба было дзейнічаць паступова, і ўрэшце я пачаў запрашаць на працу сваіх выпускнікоў. Як, напрыклад, Уладзіміра Савіча. Нейкі час выкладаў Мікола Селяшчук, але не яго гэта было. Кінуў.
Дарэчы, мяне выклікалі “на дыван”, што, маўляў, толькі беларусаў набіраю на графіку. Аднак аднаго студэнта мог узяць і з іншай рэспублікі. Але ён усё роўна ілюстраваў беларускую літаратуру, прычым кнігу яму даваў тую, што не была перакладзена на рускую мову. Хочаш не хочаш, а нашу мову вучыць мусіў. У выніку амаль усе мае “замежнікі” засталіся ў Беларусі».
Пасля мастацтвазнаўцы падсумуюць: «У 1970-я ў графіку прыходзіць новае пакаленне. Прыхільнасць да нацыянальнай мастацкай традыцыі, цікавасць да беларускай літаратуры становяцца яго характэрнымі рысамі. Ілюстраванне вершаў, раманаў, апавяданняў, асабліва ў пачатку 1970-х, было адной з нешматлікіх магчымасцей асэнсавання нацыянальнай тэмы. Паступова з’явілася вялікая колькасць станковых серый і цыклаў, натхнёных кнігамі айчынных пісьменнікаў. Для многіх творцаў шлях да гісторыі свайго народа ляжаў праз літаратуру» (Вольга Басалыга. «Крэскі на аркушы часу». «Мастацтва» №2, 2009).
Беларускай акадэміі мастацтваў Васіль Шаранговіч прысвяціў больш за трыццаць гадоў: спачатку выкладаў малюнак, з 1972 па 1989-ы быў загадчыкам кафедры графікі, у 1986—1989 гадах — прарэктарам, а ў 1989—1997-х — рэктарам.
Больш за ўсё шкадуе пра няздзейснены праект, які не паспеў увасобіць. Менавіта пры яго рэктарстве інстытут быў рэарганізаваны ў акадэмію, аднак Васіль Шаранговіч хацеў адшукаць не толькі новы змест, але і новае архітэктурнае ўвасабленне. Дамогся, што ўстанове было выдзелена 22 гектары зямлі непадалёк ад Драздоў. Было выканана праектнае архітэктурнае рашэнне, ухвалена, дамоўлена з фінансавай падтрымкай. Меркавалася пабудаваць акадэмічны гарадок у стылі беларускага мястэчка ў сучасным яго вырашэнні — з усёй патрэбнай інфраструктурай: галоўным корпусам, з будынкамі і вулачкамі, якія сыходзіліся на цэнтральнай плошчы, садам для скульптурных кампазіцый і пленэраў. Выставачныя залы, салон-магазін і майстэрні для выкладчыкаў... Але зямля была аддадзена гораду.
Літаратура як крыніца стылю
Творчае крэда мастака фармавалася праз пераадоленне абставін: «Творчасць — гэта апантанасць і незадаволенасць сабой. Заўсёды казаў сваім студэнтам у Акадэміі мастацтваў: калі жадаеце стаць мастакамі, працуйце па 26 гадзін у суткі. І сам так паступаў: пасля асноўнай выкладчыцкай працы мяне чакала “другая змена” — начамі працаваў у майстэрні».
Для сваёй дыпломнай работы ў 1966 годзе Васіль Шаранговіч выканаў ілюстрацыі па матывах паэм Янкі Купалы. У серыі лінарытаў ужо выявіліся характэрныя рысы яго графікі. У аснове твораў майстра ляжыць моцная фармальная кампазіцыя, заснаваная як на ясным разуменні асаблівасцей візуальнага ўспрымання, так і на асэнсаванні адметнасці кніжнага і графічнага аркуша. Кожная работа прыцягвае амаль плакатнай выразнасцю, прапрацаванасцю сілуэта, дынамічным рытмам, абумоўленым кірункам і шчыльнасцю штрыха. Працуючы над ілюстрацыямі, мастак рабіў мноства эскізаў, пакуль не ўжываўся ў твор цалкам і не з’яўлялася адчуванне ладу і стылю, якіх вымагаў літаратурны тэкст. Таму для яго ілюстрацый характэрная ўвага да дэталі, абсалютная гістарычная дакладнасць, прапрацаванасць на ўсіх узроўнях — ад агульнага сілуэта да дробнага штрыха. Гэты перфекцыянізм ладуецца асаблівай эмоцыяй, настроем, наталяецца відавочнай і шчырай цікавасцю да тэмы. Твор счытваецца адразу, але ў яго закладаецца некалькі сэнсавых пластоў, таму пры ўважлівым разглядзе — як складаны візуальны тэкст — ён разгортваецца паступова.
На пытанне пра творчыя арыенціры Васіль Шаранговіч адказвае катэгарычна: «Ніхто не ўплываў!» Стылістыку графічнага твора заўсёды вызначала літаратура, якую ілюстраваў. Нават яго станковыя аркушы ў большасці выпадкаў інспіраваныя пэўным тэкстам. Бібліяй Скарыны ў партрэце першадрукара, выкананым у старых традыцых гравёрнай школы, паэмай Адама Міцкевіча ў «Смерці Гражыны», праграмным вершам у трохчасткавай аўталітаграфіі «А хто там ідзе?» з мяккай танальнай прапрацоўкай, характэрнай для ілюстрацый творцы да паэм Купалы. Трыпціх «Дзе крыўда адвечная спела» падсумаваў разважанні пра Купалаву паэзію. «Зямля, неба і чалавек, які яднае іх», — вызначае тэму мастак. Адметна, як праз рэалістычныя выявы аўтар перадае сімвалічны сэнс, асаблівым мільготкім рытмам складак адзення, пералікам аблокаў-сцягоў у вышыні, белымі і чорнымі птушкамі, ірваным ці пяшчотным малюнкам кветак, рэчамі побыту, што раптам набываюць глыбокі падтэкст. Плуг становіцца сімвалам працы, сялянская каса — сведчаннем нязломнасці.. Зрэшты, як у любым шматзначным творы, у любым візуальным лабірынце, кожны счытвае сваё. Літаратура дае такога кшталту падказкі толькі таму, хто здольны зразумець і ў сваім лёсе знайсці кропкі судакранання.
Выдавецтва «Беларусь» выпусціла кнігу Антона Бялевіча «Споведзь сэрца», прысвечаную Хатыні, Васіль Шаранговіч выканаў ілюстрацыі да яе ў два колеры — чорным і чырвоным. На аснове кнігі пазней зрабіў графічную серыю «Памяці вогненных вёсак». Тэма запатрабавала максімальнай выразнасці, калажнасці і... дзіцячых уражанняў часоў вайны, што арганічна пераплавіліся ў моцныя экспрэсіўныя вобразы, у гэтую чорна-чырвоную канструкцыю жаху.
Разглядаючы яго творы, размешчаныя ў манаграфіі 2008 года ў храналагічным парадку, я аднесла ілюстрацыі кнігі Якуба Коласа «З майго летапісу» да «суровага» стылю. Храналагічна ўсё супадала. Аднак вершы Коласа самі па сабе напісаны ў суровым стылі, таму і ілюстрацыі вырашаны адпаведна.
Улюбёны Купала зусім іншы, яго паэмы складаныя і шматслойныя, яны патрабуюць мовы сімвалізму, у пэўных выпадках — сюррэалізму. У 1976 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўзнікла ідэя выдаць ілюстраваны том паэм Купалы. 22 каляровыя літаграфіі Васіль Шаранговіч увасобіў манументальнымі па характары, бо лічыў, што менавіта такая форма найбольш адпавядае шматзначнай паэзіі генія. А паэму «Адвечная песня» прапанаваў выдаць асобнай кніжкай. Яна відавочна вылучалася сваім сюррэалістычным стылем і давала шмат магчымасцяў для інтэрпрэтацыі. У ёй перапляліся рэалістычныя сцэны і алегорыя. Аўтар выбраў сюжэтную лінію жыцця селяніна — якім яно было, без алегарычных наслаенняў, правёў яе праз 12 ілюстрацый — як месяцаў года — ад хрэсьбінаў да смерці. Метафарычнасць паэмы перадаў праз кантрасныя вобразы, праз сюррэалістычныя дэталі, наблізіўшы выяўленчую мову да вострай, выразнай формулы. Фактычна — асабліва гэта відавочна ў ілюстрацыях да Купалы — Васіль Шаранговіч стварыў класічныя, амаль кананічныя вобразы не столькі селяніна, колькі чалавека, глыбока ўкаранёнага ў сваю зямлю. Сучасная мова, абагуленасць вырашэння, глыбокі сімвалізм — усё гэта счытваецца хутчэй гарадскім, чым вясковым жыхаром. Ад сцёбу 1950-х, этнаграфізму 1960-х, у 1970-80-я нацыянальная тэма стала еўрапейскай, увасобілася праз узоры высокага стылю, што паступова сталі пазнавальнымі і без этнаграфічных падказак.
Ілюстрацыі да рамантычнага Міцкевічавага «Пана Тадэвуша» (1985—1998) запатрабавалі іншай тэхнікі — акварэлі. Яна дапамагла развіць сюжэт углыб, увасобіць жыццёвую плынь часу, прыўнесці лірычную апавядальнасць і асаблівы флёр гісторыі, чуллівасць і рамантызм. Але прастору мастак вырашае сцэнаграфічна, з выразным пазначэннем планаў: структура кніжнага аркуша ўсё ж не мяркуе глыбокай перспектывы.
«Работа над кнігай, — узгадваў спадар Васіль, — для мяне была карыснай ужо тым, што я мусіў акунуцца ў атмасферу “беларускай Атлантыды” — часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, — прааналізаваць творы тых, хто браўся за гэтую тэму раней, і паспрабаваць зрабіць як мінімум не горш за іх. “Пан Тадэвуш” з маімі ілюстрацыямі выйшаў у свет у 1985 годзе, а потым двойчы перавыдаваўся. У першым выданні было 24 ілюстрацыі, у апошнім, 2018 года, — 36 і яшчэ партрэт Адама Міцкевіча на франтыспісе».
Ілюстрацыі да «Новай зямлі» Якуба Коласа, выдадзенай у 2002 годзе, таксама выкананы ў тэхніцы акварэлі: «У юнацтве, у перапынках падчас касьбы з вясковымі мужыкамі, дэкламаваў ім “Новую зямлю” Коласа — ведаў усю на памяць. І не ўяўляў, што калісьці праілюструю гэты твор. Мне было за шэсцьдзесят, калі ўзяўся за гэтую працу, раней не мог — лічыў сябе ўнутрана непадрыхтаваным. За паўтара года ўдалося зрабіць больш за 90 ілюстрацый да паэмы. Дапамаглі ўспаміны дзяцінства, згадваў, як чытаў вяскоўцам урыўкі, як яны смяяліся, бо нейкія сюжэты былі знаёмыя і зразумелыя».
Вяртанне
Акрамя шэрагу пачэсных званняў — народнага мастака Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Польшчы, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, — Васіль Шаранговіч мае яшчэ адно, можа, менш гучнае, але не менш каштоўнае: ганаровага грамадзяніна Мядзельшчыны. І цяпер ужо не толькі па факце свайго нараджэння, але і па наяўнасці галерэі непадалёк ад родных мясцін, у мястэчку Нарач. Галерэя твораў Васіля Шаранговіча адкрылася 11 кастрычніка 2018 года. На плошчы ў 210 квадратных метраў размясцілася 130 работ — ілюстрацыі да твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры, станковыя аркушы, акварэлі і малюнкі.
На выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі, прымеркаванай да свайго 80-годдзя, мастак паказаў малавядомыя старонкі творчасці — дапрацаваныя ў 1990-х экспрэсіўныя гуашавыя эскізы 1970-х, якія раней не ўспрымаў як гатовыя работы. Апошнімі гадамі, праводзячы лета на Мядзельшчыне, непадалёк ад возера Баторына, напісаў дзясяткі краявідаў як на ўтульным падворку, так і ў ваколіцах. У 2016-м намаляваў і родную вёску Качаны, што паступова паглынаецца часам і дзівасілам. Нібыта і стаіць вядро на вечку старога калодзежа, але не зразумела, ці можна набраць у яго вады...
Сёння мастак доўжыць працу над маштабным акварэльным цыклам, прысвечаным закінутым вёскам, якія сыходзяць у нябыт... І ўпэўнены, што любоў да малой радзімы, да яе людзей і прыроды фармуе нераўнадушнага, неабыякавага чалавека. Гэтае пачуццё натхняе на творчасць.