Новая пастаноўка рэжысёркі Валянціны Мароз на падставе драматургіі Лёхі Чыканаса даводзіць, што дакументальны тэатр нічым не саступае мастацкаму. Сцэнічная дзея ў гэтым праекце не проста дакументуе гісторыі, узятыя з рэальнага жыцця, а выяўляе чалавека ў самым шырокім спектры праяў ягонае натуры — як цёмных, так і светлых. Многія героі, што перажылі гаротны досвед маральнага і фізічнага гвалту, паказаны людзьмі, якія не страцілі надзеі і вераць у сябе. І менавіта адцягненыя эпізоды спектакля, своеасаблівыя лірычныя адступленні, — дзе героі выяўляюць сваю любоў да жыцця, сцвярджаюць простыя чалавечыя каштоўнасці, як, напрыклад, дзяўчына з Украіны (актрыса Ірына Аверына), што распавядае, як яна эфектна можа падаць сябе, калі ездзіць у метро на эскалатары, — на кантрасце з жудасцямі негатыўнага досведу гэтых персанажаў здаюцца найбольш шчымлівымі момантамі імпрэзы. Эфект узмацняецца праўдзівай гуманістычнай любоўю выканаўцаў да сваіх герояў. У гэтым сэнсе нельга не згадаць кульмінацыйнае імгненне пастаноўкі, якім завяршаецца найбольш жахлівая з інсцэнаваных гісторый — пра згвалтаванага бацькам у дзяцінстве хлопца-трансгендара, ролю якога выконвае Анастасія Стальмахава. Кветкі, што праецыруюцца на постаць персанажа і сімвалізуюць сабой татуіроўкі, за якімі ён схаваў страшныя шнары на сваім целе, адначасова раскрываюць прыгажосць ягонае душы і сцвярджаюць яго права на ўласную ідэнтычнасць.
Увогуле дакументальны характар спектакля — тое, што ён заснаваны на расповедах ахвяр хатняга гвалту, якія шырока і рознабакова адлюстроўваюць гэтую заганную сацыяльную з’яву (гвалт фізічны, сэксуальны, эканамічны, гвалт мужа над жонкай, свекрыві над нявесткай), — нагадвае творчы метад Святланы Алексіевіч, што прынёс ёй сусветнае прызнанне. Спектакль чытаецца нібы адна з кніг нобелеўскай лаўрэаткі — як шматгалосная споведзь несправядліва пакрыўджаных і спакутаваных людзей.
Надзвычай важна: спектакль «Родныя людзі?» не толькі штурхае гледача да спачування ахвярам сямейнага гвалту, але і робіць яго неабыякавым да гвалту ўвогуле, даводзіць, што гвалт непрымальны ў любых сваіх праявах, паказвае, высвятляе, агаляе прыхаваныя механізмы гэтага сацыяльнага зла, якім чалавек неўсвядомлена кіруецца ў сваіх паводзінах. Прынамсі, уражаны глядач ужо не застанецца ягоным абыякавым сведкам.
Алесь Сухадолаў