Паштоўка 1. Лiбескiнд ужо побач
Архітэктурны праект МО выкананы ў бюро Studio Daniel Libeskind у супрацы з літоўскімі калегамі Do Architects. І гэта ўжо сама па сабе выдатная навіна. Даніэль Лiбескiнд — адзін з топ-10 архітэктараў свету, аўтар мемарыяльнага парка Вежаў Блізнят Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, Яўрэйскага музея ў Берліне, Каралеўскага музея Антарыа ў Таронта, Музея сучаснага мастацтва ў Мілане і трох Танцуючых Вежаў у Сеуле — пабудаваў музей у 600-тысячнай сталіцы Літвы.
Вядомы трэнд некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў: гарады, што робяць стаўку на развіццё, незалежна ад усіх іншых абставінаў, будуюць новы, па-добраму пафасны музей сучаснага мастацтва ў самым цэнтры і з самым знакамітым архітэктарам, якога толькі можна прыцягнуць. Яго імя працуе задоўга да з’яўлення МСМ, але на 200% рэклама ўключаецца, калі Заха Хадзід, Норман Фостэр, Фрэнк Гэры, Оскар Німеер, Рэнца Піяна, Сант’яга Калатрава, Рон Арад пакідаюць у горадзе свае тварэнні.
Пра гэтую тэндэнцыю пісаў Барыс Гройс, яна відавочная не толькі для правінцыі, але і для першых сталіц свету. Ды вось хоць бы эфект Більбаа: на поўначы Іспаніі, у Краіне Баскаў фронтмэнам пераўтварэнняў стаў Музей Гугенхайма (1997), пабудаваны па праекце Фрэнка Гэры. Адзначым, што метро, для «падтрымкі» эфекту, тут сканструяваў Норман Фостэр, і вядзе адна з яго ліній наўпрост на бераг акіяна. Але стымуляваў перамены менавіта музей, і горад змяніўся. Больш за тое, наведваюць яго ў тры разы больш людзей, чым прагназавалася першапачаткова.
Той факт, што Літва, па прыватнай ініцыятыве Дангуоле і Віктараса Буткусаў, сабрала сучасную музейную калекцыю і рэалізавала праект Даніэля Лiбескiнда, сведчыць пра сацыякультурную павестку больш, чым любая статыстыка.
А музейная статыстыка наступная:
Калекцыя — каля 5000 работ літоўскіх мастакоў XX — пачатку XXI стагоддзя.
Плошча выставачных залаў — 1300 кв. м.
Агульная плошча — больш за 3100 кв. м.
Кошт пытання: каля 3 млн еўра — зямельны ўчастак, 7 млн еўра — будаўніцтва МО.
Паштоўка 2. На прасвет
Музей МО ідэальна ўпісаны ў гарадскі ландшафт. Прытым што гэта заўсёды спрэчная пазіцыя для такога роду праектаў. Праблемная і пратэстная.
Для будаўніцтва было выбрана месца, з савецкіх часоў занятае кінатэатрам «Lietuva» (1965): знос будынка, хоць і закінутага, вядома, суправаджаўся незадаволенасцю настальгічна настроеных гараджан. Магчыма, нехта памятаў, што тут працаваў офіс кінафестывалю «Kino pavasaris» («Вясна кіно»). Але будынак усё ж быў знесены, МО пабудаваны, і канструкцыя яго такая, што праз усе шкляныя паверхні сцен бачныя суседнія вуліцы, верхняя пляцоўка, унутраны двор, дзе плануецца выстаўляць скульптуры і аб’екты. Жывапіс на трэцім паверсе, фатаграфічны (пакуль яшчэ) другі паверх — ва ўсіх ракурсах можна бачыць і стары горад, і мінакоў, і транспарт. Нават кавярня і кнігарня размешчаны так, каб публіка не праходзіла ў глыбіню памяшканняў. Адчуванне, што музей злучаны з самім жыццём горада, — адно з самых моцных.
Не меншая ўдача музея — талент Лiбескiнда ў дэканструкцыі. Майстар формы і геаметрыі, а да слова, філосаф і прафесійны музыкант, нават на невялікай, у параўнанні са сваімі трыумфальнымі аб’ектамі, плошчы пацвердзіў словы крытыкаў, што без Лiбескiнда нельга казаць пра дэканструктывізм у архітэктуры. Будынак насычаны скошанымі паверхнямі, дыяганальнымі бэлькамі, зігзагамі і кантрастамі. Усё, што можна было скрывіць і разрэзаць, было скрыўлена і разрэзана. Спачатку здаецца, што адчуванне дыскамфорту адпавядае постсавецкай канцэпцыі музея, але неўзабаве становіцца зразумелым: сучаснае мастацтва дыскамфортнае ў прынцыпе, то-бок безадносна да нядаўняй гісторыі. Таму дэканструкцыя як метад застанецца рашэннем па-за ўтылітарным уяўленні аб часе і чыімі-небудзь перавагамі. А прынцып «на прасвет» азначае, што прызначэнне мастацтва і музея — пераасэнсаванне.
Паштоўка 3. Ад вопыту 1960-х да сённяшняга выбару
Прагляд экспазіцыі рэкамендуецца пачынаць з трэцяга паверха, з праекта, на маю думку, праграмнага. «Усё мастацтва — пра нас» («All Art Is About Us», куратарка Рамінта Юрэнайтэ) — гэта жывапіс другой паловы XX стагоддзя, перыяду, на якім сканцэнтраваліся Буткусы. Дарэчы, ужо ў 2011 годзе іх калекцыя была прызнаная нацыянальным здабыткам.
У асноўным гэта досыць экспрэсіўныя абстрактныя работы, у якіх куратарка счытвае пасляваенныя траўмы, адгалоскі адлігі, брэжнеўскай стагнацыі, перабудовы i сённяшніх дзён. І вядома, персанальны вопыт — асабіста я б абрала Мiкалаюса Салкаўскаса і Андрыюса Закараўскаса. Але сам Буткус кажа пра ўніверсальнасць калекцыі: на яго думку, многія творы сугучныя сучасным перажыванням гледача, хоць хтосьці не пагодзіцца з прадстаўленымі інтэрпрэтацыямі мінулых гадоў. Мары і абсурд, руціна ці паэзія — у любым выпадку, «казаць пра час — значыць, выклікаць рэха. Яно ёсць у вопыце кожнага, гэта судотык з гісторыяй». Паводле майго ўражання, «рэха» спрыяе адчуванню трывогі, вялікая зала як быццам генеруе напружанне. У гэтым сэнсе куратарка цалкам сфармавала «інтэрпрэтацыі» драматызму савецкага перыяду гісторыі Літвы.
...Колькі слоў пра архіў, пра тую частку фонду, якая яшчэ чакае сваіх гледачоў. Архіў, у рамках маёй самастойнай канцэпцыі «на прасвет», знаходзіцца за шклянымі дзвярыма і таксама адкрыты для поглядаў. Па сутнасці такая ж прастора для мастацтва, як і выставачная зала, толькі замест подпісаў і куратарскіх тэкстаў — стойкі абсталявання.
Паштоўка 4. Фатаграфія штодзённасці на дзвюх мовах
У адрозненне ад вялікай залы МО, у малой пануе эфект пазнавання, які здараецца ў мелодыях і кінафільмах. «Плынь паўсядзённага жыцця» («The passage of daily life») сустракае нас добра знаёмымі імёнамі: Антанас Суткус, Аляксандрас Мацыяўскас, Альгімантас Кунчус. Вуліцы Вільні, Каўнаса і Палангі, ветэрынарная клініка, прыватныя інтэр’еры, вясковае жыццё, літоўцы 1970-х. Куратарка Рамінта Юрэнайтэ адной ідэяй аб’ядноўвае фатаграфічную частку з экспазіцыяй жывапісу. Пры гэтым яна вылучае і канцэптуальны для фатаграфіі складнік: мы бачым не толькі феномен літоўскай школы, па-свойму рамантычнай у дакументацыі часу, але і фатографаў, якія лічылі важным ісці іншым шляхам. І ў гэтым, мабыць, асноўная інтрыга для беларускага гледача. «Іншым шляхам» пайшлі Гінтаўтас Трымакас, Альфонсас Будвiцiс, Альгірдас Сескус, іх мы ведаем значна менш. Гэта асобны наратыў выставы, і становіцца ясна, чаму менавіта. Трымакас захапляецца формай, тэкстурай, пазбаўляючы аб’екты іх асяроддзя, павялічвае іх настолькі, ажно ўжо не зразумела, што перад намі. Дакументацыя ператвараецца ў знак, сімвал чагосьці адстароненага. Рэмігіюс Пачэса — майстар графікі і кампазіцыі, эфект ценяў напаўняе іроніяй. Нязначныя дэталі як быццам выпрабоўваюць медыум на трываласць: фіксацыя дзеля фіксацыі ператварае адбіткі ў шэраг меланхалічных вобразаў, у якіх можна ўбачыць літаральна ўсё. Гэта ўсё тая ж «Плынь паўсядзённага жыцця», але, безумоўна, іншая мова, а за ёй — адарванасць ад сацыяльных чыннікаў, ад любога актывізму.
Раздзелы выставы так умела супрацьпастаўленыя, што кантэкст літоўскай фатаграфіі апошніх дзесяцігоддзяў набывае патрэбны аб’ём. Адзначу: хоць другі напрамак беларусам знаёмы менш, гэтыя аўтары таксама сталі класікамі — сказаць, што яны засталіся ў андэграўндзе, ніяк нельга. Фатаграфічная прэзентацыя МО ў гэтай частцы стала двойчы пазнавальнай, і ёсць упэўненасць: фатаграфія і ў далейшым будзе ў фокусе ўвагі куратараў. А наведвальнікаў у гэтай зале ўжо цяпер больш, чым у іншых.
Паштоўка 5. Віла «Літва»: дакумент, вобраз, метафара
Магчыма, самая цікавая і ў куратарскім дачыненні разгорнутая інсталяцыя — «Віла «Літва»» (аўтары Nomeda & Gediminas Urbonas). У 2007 годзе яе прадстаўлялі на 52-м арт-біенале ў Венецыі з тэмай «Думай пачуццямі, адчувай розумам» (куратар Роберт Стор), і літоўскі павільён атрымаў тады «Ганаровае згадванне».
Бацька і сын П’ячэнцiнi (Пій і Марчэла) будуюць гэтую вілу — і гэта рэальны будынак, а не фігура прамовы, — у 1912 годзе. У 1933-м вілу арандуе літоўскі пасол Вальдэмарас Чарнекiс для размяшчэння пасольства, і тады яна атрымлівае сваю паэтычную назву. Затым (1937) Літва купляе вілу за 3 млн лір з іпатэчнымі плацяжамі да 1952 года, ну а далей, у жніўні 1940-га, пачынаюцца сусветныя катаклізмы: уваходжанне краіны ў СССР, падзеі Другой сусветнай вайны, кампенсацыі і г.д. Для Літвы віла была страчаная.
Праект, прадстаўлены ў МО, змяшчае два відэафільмы. Першы — з 1930-х, з амаль сямейнай хронікай пасла Стасіса Лазарайцiса, ціхамірным яшчэ жыццём і працай дыпламатаў у Італіі. Яшчэ адно відэа — з нашага часу, калі на арт-біенале ў Венецыі з макета вілы выпускалі ў неба галубоў у знак надзеі на прымірэнне. Літва заўсёды змагалася за вяртанне вілы як аб’екта нерухомасці, і мастацкі жэст павінен быў азначаць добрую волю і гатоўнасць доўжыць працяглы дыялог. Плюс падрабязная iнфаграфіка і адаптаваная рэпліка вілы таксама размешчаны ў экспазіцыі.
Такі быў дэбютны выхад у свет новага музея МО ў Вільні. Ужо ў сакавіку за першым сэтам, калі можна выкарыстаць тут спартыўную лексіку, рушыць услед другі. Балазе калекцыя ў Буткусаў вялікая. Чакаюцца скульптурныя аб’екты на адкрытай пляцоўцы музея. А беларусаў дакладна можна павіншаваць з культурнай падзеяй у такой блізкай краіне-суседцы.