Цяперашняя панарама праакцэнтавала некаторыя важныя моманты нашай анімацыі.
ПРА ФЕСТЫВАЛІ, ПРЭМІІ І ВАЎКОЎ
Фестывальныя акцэнты атрымаліся цалкам гучнымі і пераканаўчымі. «Лагодны воўк» рэжысёркі Наталлі Дарвінай (Хаткевіч) стаў сапраўднай падзеяй года і атрымаў перамогу на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у намінацыі «Лепшы анімацыйны фільм». Карціна «Ваўчанятка» знакамітага Ігара Воўчака стала пераможцай першай Нацыянальнай кінапрэміі. Наогул у кантэксце кінапрэміі наша анімацыя прагучала выразна і годна: прыз за лепшы сцэнар атрымаў Дзмітрый Якутовіч, суаўтар фільма «Баявая машына» рэжысёркі Наталлі Касцючэнка, а лепшым мастаком-пастаноўшчыкам была прызнана Ала Мацюшэўская за працу ў фільме «Марк Шагал. Пачатак» Алены Пяткевіч. Вось такія нашы хатнія фестывальныя здабыткі. З замежнымі дасягненнямі складаней, шлях да іх толькі пачынаецца. «Ваўчанятка» і «Лагодны воўк», напрыклад, увайшлі ў конкурсную праграму ХХIV Адкрытага расійскага фестывалю анімацыйнага кіно, які пройдзе ў сакавіку ў Суздалі.
Вядомы майстар Ігар Воўчак зрабіў карціну амаль пра сябе — уласна, многія яго фільмы ў той ці іншай ступені аўтабіяграфічныя. Для лірычнай прыпавесці рэжысёр разам з мастачкай Галінай Раманавай знайшоў своеасаблівую, амаль рамантычную стылістыку, дзе вострая і адначасова пяшчотная шурпатасць рысак спалучаецца з палётнай мяккасцю малюнка. Малады Ваўчанятка скруціўся абаранкам у бярлозе ў чаканні маці і ў выніку сіроцтва трапіў у дом паляўнічага. Тут яго чакаюць розныя сустрэчы з няўрымслівым катом і лагодным сабакам, дзе гаспадар у цяльняшцы мроіць сваім марскім мінулым і трывае сварлівую жонку. Паляўнічы абліччам неяк нагадвае сяброў самога рэжысёра — Алега Белавусава і Эдуарда Назарава.
У любым выпадку гэта ўспрымаецца як водгук легендарнага мінулага айчыннай анімацыі. Так і не здолеўшы прызвычаіцца да ўтульнага, але чужога дому, Ваўчанятка ўцякае, збягае на прыроду, у невядомасць, насустрач волі і ўзыходзячаму сонцу. Сама ідэя стужкі, знятай па кароткім аповедзе Яўгена Чарушына, перадае дух і светаадчуванне пакалення перыяду росквіту айчыннай анімацыі і неўтаймаваную волю да свабоднага аўтарскага самавыяўлення. Адсутнасць тэксту і якіх-небудзь вербальных падказак для гледача надае прыпавесці суб’ектыўна-асабісты характар і прастору для разважання.
Актуальнымі застаюцца фальклорныя матывы і персанажы, якія даюць досыць вялікі прастор для сюжэтаў, для фармавання і нават парадзіравання культурных кодаў. Карціна «Лагодны воўк» Наталлі Дарвінай (Хаткевіч) захапляе стыхіяй беларускай мовы, гумарам і візуальнымі падрабязнасцямі. Яна чароўная і пацешная па сюжэце: тут дзякуючы аўтарцы сцэнарыя Алене Масла і рэжысёрскай інтэрпрэтацыі перайначваецца беларуская казка пра злога ваўка, які з галоднага становіцца лагодным. Неяк раз маленькі баранчык выратаваў ваўка, што захрас у гурбе, а потым растаў перад сілай дабра і любові. Нарэшце перамагло сяброўства: баба звязала ваўку прыгожы цёплы шалік, а ён пачаставаў суседзяў рэшткамі мёду і змяніў на сваім доме надпіс «Галодны воўк» на «Лагодны воўк».
Па сутнасці, дзве гэтыя стужкі пазначылі мірнае суіснаванне і інтэграцыю аўтарскага і масавага кіно. І кожная з іх здольная мець шырокую аўдыторыю.
КУРС НА СЕРЫЯЛЫ
Яшчэ адзін важны і відавочны момант — беларуская анімацыя пераходзіць на серыяльны прадукт. Так робіцца чарговы крок да поўнаметражнага фільма. Гэтае вельмі дарагое задавальненне запатрабуе ад студыі сур’ёзных стратэгічных зрухаў: не толькі важкай вытворча-тэхнічнай базы, але і цэлага корпуса прафесіяналаў. Сярод іх патрэбныя і ўсім вядомыя класікі-энтузіясты, якія звыкла любяць свой дом пад назвай «Студыя», і вялікая маса супрацоўнікаў шырокага кола.
Насамрэч серыяльнае жыццё пачыналася паступова і невыпадкова. Пачаткам стварэння своеасаблівага серыяла пра знакамітых дзеячаў беларускай культуры стаў «Марк Шагал. Пачатак» рэжысёркі Алены Пяткевіч і мастачкі-пастаноўшчыцы Алы Мацюшэўскай. Фільм «Майстар вольных мастацтваў», зняты ў 2018 годзе, працягнуў гэтую серыю. Цяпер Алена Пяткевіч працуе над стужкай пра Максіма Багдановіча — так можа адбыцца цыкл пад умоўнай назвай «Жыццё выбітных людзей», дзе жанр біяграфічнага фільма асэнсаваны ў арыгінальным аўтарскім ключы. Па сутнасці, гаворка ідзе пра паступовае фармаванне цыклу карцін у жанры «эмацыйнай біяграфіі» — гэта выразнае і ёмістае азначэнне належыць Ірыне Кадзюковай, якая сама працуе над фільмам пра Дантэ Аліг’еры. Вось такія маштабы мыслення нашых аніматараў!
Карціна «Магістр вольных мастацтваў» пакідае ўражанне аўтарскай версіі лёсу сусветна вядомага вучонага і асветніка Францыска Скарыны. Рэжысёрка даўно акрэсліла сваё месца ў беларускай і еўрапейскай анімацыі. Магічна зачароўвае ўжо пачатак фільма: віхор снежнай буры ахоплівае карэту, у якой едзе Скарына, — яго выклікалі лячыць дачку віленскага бургамістра. Далей эскізна прадстаўлены месцы знаходжання Скарыны — Полацк, Вільня, Падуя, Прага, гледачам часам нават складана арыентавацца ў пункцірных абрысах знакамітых гарадоў, асвячоных імем Скарыны. Мне, напрыклад, не хапіла аблічча майго любімага Полацка — радзімы Скарыны. Затое выразна бачныя асобы магістра, яго каханай Маргарыты і іх дзіцяці, якія сардэчна выпісаныя ў духу рэнесанснага жывапісу.
Строгаму і мінімалістычнаму абліччу Скарыны кантрастуе вобраз яго суразмоўцы і своеасаблівага аlter ego: павольны леў раскошнага залацістага колеру па-царску крочыць па нябесна-блакітным фоне, як быццам сышоўшы з гравюр полацкага кнігадрукара і здабыўшы сваё каляровае хараство. Менавіта з ім, у духу катэхізіса, вядзе свае павольныя дыялогі сам магістр вольных навук. Сімвал ільва міжволі выклікае ў памяці такія іпастасі бязмежнага таленту Францыска Скарыны, як паэта і мастака, астролага і алхіміка. У эпоху Рэнесансу ён услед за Альбрэхтам Дзюрэрам актуалізаваў шматгранную сімволіку льва не толькі як носьбіта гонару і адвагі, але і як эмблему царскай годнасці Хрыста, схільнасці да адзіноты і сузірання. Да таго ж скульптурная выява льва з’яўляецца сімвалам Венецыі і ўпрыгожвае партал Падуанскага ўніверсітэта — менавіта там вучыўся Скарына. Мала таго, леў персаніфікуе само сонца, а сусветна вядомы знак Скарыны — гэта сонца, якое паглынае месяц. Алена Пяткевіч выступіла сапраўднай даследчыцай творчасці Скарыны, але не загрувашчвала фільм сваімі пошукамі.
Цёплы закадравы голас Аляксандра Ткачонка ненавязліва пазначае асноўныя моманты біяграфіі знакамітага беларуса, а музыка Соф’і Пяткевіч стылістычна дакладна і гарманічна суправаджае апавяданне пра драматычнае жыццё Скарыны. Па выяўленчым стылі стужка няяркая і даволі сціплая, але перыядычна ўспыхвае святочнымі колерамі — калі Скарына гутарыць з ільвом, камунікуе з Маргарытай. Гэта «залатыя» моманты бліскучай біяграфіі, звязаныя з вечнасцю і любоўю. Такога роду фільмы выклікаюць цікавасць гледачоў да кніжнай культуры і схаваных у ёй скарбаў.
Серыяльны вектар уключае і фантастычныя, прыдуманыя аўтарамі персанажы. Тут нельга не аддаць належнае невычэрпнай фантазіі Аляксандра Ленкіна, стваральніка вобраза Тошкі-бульбы — абсалютнага рэкардсмена ў адлюстраванні беларускай ментальнасці. Такога роду «бульба-героі» павінны быць нарасхват — у рэкламшчыкаў, піяршчыкаў, маркетолагаў рознага кшталту. На жаль, у нас гэтыя працэсы занадта запаволеныя. Між тым у фільме «Тошка спяшаецца на дапамогу» прыгоды смелай бульбіны звязаны з перамогай над страшэннай мядзведкай — галоўным ворагам агароднікаў і садаводаў. Мядзведка вырастае да трохгаловай пачвары, амаль да знакамітага Змея Гарыныча. Нястомны Тошка і яго дзядуля змагаюцца незвычайным спосабам: яны бяруць ворага адвагай і... смехам. Пад уплывам гэтай нечаканай зброі галовы Змея-мядзведкі абрастаюць пялёсткамі-кветачкамі, а сама мядзведка губляе агрэсію і робіцца бяскрыўднай істотай. Логіка ператварэнняў зласлівай мядзведкі ў сціплага люціка не зусім зразумелая, але вясёлая музыка і радасць герояў ратуюць становішча. Усе задаволеныя, усім добра. І ўсё ж узровень такога роду «хуткіх» серыялаў, на мой погляд, караніцца не столькі ў якасці анімацыі, колькі ў добра прапісаных гісторыях, у матывацыі ўчынкаў герояў і смешных дыялогах.
ЗАБАЎЛЯЛЬНЫЯ І НАВУЧАЛЬНЫЯ АКЦЭНТЫ
У новым для кінастудыі фармаце здымаецца першы поўнаметражны анімацыйны мюзікл «Зоркі сёмага неба», які можа стаць сапраўдным блокбастарам. Гэтая стужка ўражвае багаццем візуальных эфектаў, інфармацыйнай насычанасцю кожнага кадра, мноствам музычных нумароў і песенных мелодый, напісаных вядомым беларускім кампазітарам Леанідам Шырыным. У частцы пад назвай «Небяспечныя сустрэчы» працягваюцца прыгоды абаяльнага хлопчыка Сашы, прывабнай лялькі Элі і авантурнага ката Мурмота. Яны трапляюць у Царства ляноты, дзе Баюшка спявае калыханку і ўганяе іх у спячку. Іншыя персанажы існуюць у амаль беспаветранай прасторы, без насычаных фонаў. Сюжэт фільма ў тым, што таленавіты навуковец вынаходзіць суперкамп’ютар, які павінен зрабіць усіх людзей супершчаслівымі. Аднак злыя сілы перашкаджаюць гэтаму, засяляючы нябёсы дрэннымі зоркамі, што ўвасабляюць слабасці чалавека — ад Сытухі да Люлечкі, ад Страху да Наглюкі. Але знаходзіцца адважны хлопчык, гатовы ўступіць у бой з паскудствам, а з сёмага неба, дзе жывуць сапраўдныя зоркі, спускаюцца феі. Ідэя карціны заснавана на збавенні людзей ад замбавання. Хочацца спачуваць дзяўчынцы і яе сябрам, ды неяк не паспяваеш за хуткай чарадой зменлівых вобразаў. Тым не менш фільм пазначыў адну з актуальных тэндэнцый мультфільма: экшн, дзе актыўна працуюць дынамічнае дзеянне і мантажнае паскарэнне. Магчыма, маленькія гледачы здолеюць прарвацца праз агрэсіўную візуальную стылістыку і спасцігнуць сэнс казкі Генадзя Давыдзькі.
Серыяльны фармат працягваюць фільмы асветніцка-навучальнай накіраванасці, якія рыфмуюцца нават па сваіх назвах: «Займальная азбука» (з серыі «Беларуская азбука») і «Выкраданне ў госці» (з серыі «Азбука небяспек»). Здавалася б, менавіта такія праекты патрэбны ўстановам адукацыі самага шырокага профілю — ад дзіцячых садкоў да сярэдніх школ. Сапраўды, «Беларуская азбука» па сваёй сутнасці з’яўляецца кінабукваром, дзе ўсе літары паказаны ў жывых малюнках. Эстафету выбітнага рэжысёра і аніматара Уладзіміра Пяткевіча ўдала падхапіла і працягнула таленавітая Ірына Тарасава. Мяккім гумарам і любоўю да роднай мовы працятыя ўсе мікрасюжэты гэтай займальнай азбукі. Кінастудыя зараз паспяхова прасоўвае гэты праект сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі.
У сваю чаргу, «Азбука небяспек» рэжысёркі Таццяны Кубліцкай пабудавана на вершах Андрэя Смятаніна, не заўсёды ўдалых па рыфмах і накіраваных на засцярогу дзяцей ад мноства небяспек. У гэтым цыкле скразнымі персанажамі выступаюць дамавічкі з незвычайнымі імёнамі Чаруша і Бакуня (аўтарка сцэнарыя Рыта Шаграй). Яны нагадваюць сонечныя шарыкі, якія жывуць з дзядулем ва ўтульным доме. Злая Гразнуля, што жыве па суседству, крадзе дамавічкоў, і яны трапляюць у прастору яе недагледжанага дома, дзе ўсюды падпільноўваюць небяспекі: незнаёмцы, пліта, агонь. Малыя не губляюцца, хутка наводзяць парадак і разам з Гразнуляй п’юць гарбату з пірагом. Мараль простая: на кожным кроку нас падпільноўваюць небяспекі. Наогул жыць небяспечна. Выхад з гэтай сумнеўнай па сэнсе задачы аўтары знаходзяць дзякуючы гумару і вясёлай музыцы, якую склала Алена Атрашкевіч, а песню пра дамавічкоў напісаў Леанід Шырын на тэксты Алены Туравай. Не стамляюся паўтараць, што Таццяна Кубліцкая, як ніхто з беларускіх рэжысёраў, умее працаваць з самай складанай і касавай аўдыторыяй 0+. Яе малюнак заўсёды чысты і добры, а галоўныя персанажы быццам выпраменьваюць ззянне. Фільмы Кубліцкай так і просяцца на старонкі кнігі-перакладкі — настолькі яны прасякнутыя стылістыкай і духам кніжнай графікі, традыцыі якой важныя для беларускай анімацыі.
ТЭХНІКА І ДУША
Што тычыцца тэхнікі, то беларускія аніматары традыцыйна працуюць у класічнай ігравой і камп’ютарнай перакладцы, маляванай і змяшанай анімацыі. Таму фільм «Як Сінячок да сонца лётаў» Наталлі Касцючэнка і мастака-пастаноўшчыка Канстанціна Касцючэнкі ўразіў аб’ёмнай і рэльефнай фактурай пластыліну. На жаль, страчана моцная традыцыя аб’ёмнай лялечнай анімацыі, якая вылучала стужкі Наталлі Лось, Яўгена Ларчанкі ды іншых бліскучых беларускіх лялечнікаў. Малады Руслан Сінкевіч зняў у тэхніцы пластыліну мікрасюжэт у цыкле «Аповесць мінулых гадоў». Да такой фактуры так і хочацца дакрануцца рукой. Сінячок (сінічка) паказаны тут як смелая птушка, што ляціць да сонца ў пошуках агню. Абпаленай істоце іншыя птушкі, акрамя прагнай совы, аддаюць па пярынцы на птушыны ўбор. Невялікая казка ператвараецца ў прыпавесць пра сілу волі і адвагу, а па сутнасці пра індывідуальны ўчынак.
Цяперашняя анімацыя пазначыла сваю шматвектарнасць. Разам з пазнавальна-навучальным кіно існуе аўтарскі, фестывальны сегмент. Аднак і мэйнстрым дыктуе свае правы: ідзе сустрэчны рух розных напрамкаў анімацыі. Гэта выявілася ў вытворчасці серыяльнай / цыклавой прадукцыі забаўляльна-культуралагічнай тэматыкі.
Звыклы анімалістычны ўхіл паступова ўраўнаважваецца антрапалагічным, фальклорныя казкі пра жывёл дапаўняюцца біяграфічнымі стужкамі і прыпавесцямі. Уласна, прыпавесці заўсёды былі адным з ключавых жанраў аўтарскай анімацыі. Па сутнасці, фальклорную аснову мае толькі фільм пра смелую сінічку, а народна-казачны сюжэт пераасэнсаваны ў стужцы пра ваўка. Напэўна, пачынае дамінаваць не фальклорная, а аўтарская казка.
Важна і тое, што да працэсу стварэння анімацыйнага кіно далучаюцца новыя аўтары сцэнарыяў — справа анімацыі першапачаткова няўдзячная, але высакародная. Сцэнарыстам анімацыі трэба нарадзіцца або выспяваць у адпаведным асяроддзі — такая складаная спецыфіка гэтага мастацтва з яго вобразна-сюжэтнымі метамарфозамі. Вядома, такія таленавітыя сцэнарысты, як Дзмітрый Якутовіч, — сапраўдны падарунак для аніматараў, таксама сёння набіраюць прафесійную вагу Рыта Шаграй і Алена Масла.
Але ёсць адчуванне некаторай ізаляванасці нашай анімацыі ад сучаснасці. Сапраўды, анімацыя — гэта асаблівы свет, звычайна з казачнымі акцэнтамі, з нейкім Залюстроўем, дзе зрушаныя каардынаты прасторы і часу. Але казачнасць, якая часам рыфмуецца з паняццем эскапізму, вызначае пэўны сыход ад рэальных праблем у мары. Наш час просіць новых экранных формаў яго адлюстравання. Разам з тым залогам існавання і росту патэнцыялу анімы/душы застаецца абвостранае жыццялюбства аніматараў, іх асаблівыя пачуцці сяброўства і сумлення. Бо здымаць мультфільмы могуць толькі людзі з пазітыўным духам і настроем на стварэнне. 90 хвілін анімацыі — гэта дастаткова вялікі час і вольная прастора для ўсведамлення сваёй культурнай місіі ды інтарэсаў сваіх гледачоў.
Антаніна Карпілава