Гэты тэкст прысвечаны Анатолю Багатырову, патрыярху беларускай кампазітарскай школы, і яго знакамітым вучням. Нават тэарэтычна складана ўсвядоміць, як адзін чалавек мог вывесці ў свет музыкі столькі розных значных кампазітараў, якія з’яўляліся і з’яўляюцца гонарам беларускага музычнага мастацтва, такіх як Дзмітрый Смольскі і Генрых Вагнер, Юрый Семяняка і Ігар Лучанок, Сяргей Картэс і Андрэй Мдывані, Эдзі Тырманд і Яўген Глебаў, Леанід Захлеўны, Уладзімір Солтан і іншыя. У інтэрв’ю, запісаных з некаторымі з іх, адкрываюцца таямніцы педагагічных падыходаў Багатырова. Але спачатку карысна прасачыць шлях самога Анатоля Васільевіча. Яго лёс, багаты на падзеі і сустрэчы, падобны да займальнай аповесці, звязанай з найцікавейшымі людзьмі і эпізодамі з савецкай гісторыі.
У 1997 годзе, калі з’явілася ідэя запісаць разгорнутую гутарку з Анатолем Васільевічам, давялося некалькі разоў патурбаваць паважанага і немаладога чалавека. Ішоў да яго дадому на першую сустрэчу і, вядома, хваляваўся: як размаўляць з жывой легендай, карыфеем, гiстарычнай асобай, знакамітым кампазітарам? У дадатак перад тым ён цяжка хварэў, было не вядома, ці захоча і зможа Анатоль Васільевіч адказваць на шматлікія пытанні. Але ўсе перасцярогі аказаліся марнымі, на працягу некалькіх дзён мы гутарылі як старыя знаёмыя. Ён ахвотна распавядаў пра сваё жыццё, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, якіх нямала было на яго шляху, пачынаючы літаральна з дзіцячых гадоў.
Анатоль Васільевіч, давайце пачнем з вашага дзяцінства. Раскажыце пра вашых бацькоў, заняткі музыкай. Што асабліва ярка згадваецца з тых часоў?
— Усе мае сваякі паходзілі з вёскі. Дзед па лініі бацькі працаваў на гарбарным заводзе ў Віцебску. Хоць служыў простым рабочым, сям’я жыла нядрэнна, бо пры цары ён атрымліваў 100 рублёў золатам у месяц. Мой бацька аказаўся малодшым сынам, а ўсяго ў сям’і мелася 18 дзяцей. У горад яны пераехалі з вёскі Кобішчы Віцебскай губерні.
Мая маці нарадзілася ў вёсцы Хвойня, яшчэ ў дзяцінстве ў яе выявіўся добры голас, і яна спявала ў царкоўным хоры. Яе бацька быў каталік, а маці праваслаўная, інакш кажучы, сям’я вернікаў. Памятаю, мне споўнілася 8 гадоў, калі маці павяла ў сабор прыслугоўваць архірэю. Як бацька даведаўся, то забараніў займацца падобнымі справамі.
Мама і ў сталым узросце добра спявала, любіла музыку, якая ў нас дома гучала ўвесь час, што вельмі важна для выхавання дзяцей. Музыкай я пачаў займацца ў 8 гадоў — спачатку дома, прыватным чынам. Маёй настаўніцай была Таццяна Канстанцінаўна Кох. У свой час яна скончыла Пецярбургскую кансерваторыю і шмат чаму мяне навучыла. Калі ў Віцебску я паступіў у музычную школу, дык быў добра падрыхтаваны, нават іграў творы Сяргея Пракоф’ева. Тады гэта нямала значыла, бо як кампазітар ён быў яшчэ невядомы. Яшчэ да школы, калі займаўся ў Таццяны Канстанцінаўны, у мяне з’явілася жаданне сачыняць музыку, і ў 11 гадоў напісаў оперу «Два Фаскары» на словы Байрана.
У музычнай школе ў Віцебску вучыўся ў Яўгеніі Шуман, роднай пляменніцы Роберта Шумана. Яна была добрая, строгая настаўніца, я ў яе прайшоў сур’ёзную школу, на заканчэнні іграў Фартэпіянны канцэрт Антона Арэнскага.
А як пляменніца Шумана трапіла ў Віцебск? Гэта даволі нечакана!
— Яна прыехала разам з прафесарам Штэйнам і дырыжорам Мікалаем Малько. Наогул тады ў Віцебску было шмат цікавых музыкантаў і мастакоў, якія наведвалі наш дом. Напрыклад, вядомы дырыжор Малько сябраваў з маімі бацькамі, мая мама вучылася ў яго жонкі спевам, а тая з’яўлялася вучаніцай Віярдо — саліста Марыінскага тэатра.
Наш дом лічыўся ў тагачасным Віцебску музычным цэнтрам, у нас мелася шыкоўная кватэра, вялікая гасцёўня пад 60 метраў. Бацька выкладаў у гімназіі, атрымліваў 400 рублёў, што было нямала, і мы здымалі цэлы дом. Цяпер гэта вуліца Багдана Хмяльніцкага, а тады называлася Сянная плошча. У нас збіраліся па суботах, пілі не толькі гарбату, частавалі гасцей добра. Мая маці была загадчыцай дзіцячага садка, харчовыя адкіды адтуль бабуля забірала дадому, трымалі двух парсючкоў па 10 пудоў і перад Калядамі іх заколвалі. Мяса хапала на ўвесь год, і многія вядомыя дзеячы мастацтва «сілкаваліся» ў нас дома.
Віцебск тады быў хлебным горадам, а ў Піцеры і Маскве лютаваў голад, таму шмат якія артысты і мастакі ратаваліся ў правінцыі. Але акрамя гэтага ў нашым доме адчувалася сапраўдная інтэлектуальная атмасфера, што прыцягвала гэтых выдатных людзей. Мой бацька, сын простага рабочага, скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, працаваў настаўнікам рускай мовы ў гімназіі і там кіраваў хорам, быў вельмі музычным чалавекам. Маці, як я згадваў, вельмі добра спявала. У нас дома бывалі і Марк Шагал, і Казімір Малевіч.
Калі Шагал узначаліў мастацкі тэхнікум, мой бацька працаваў у яго. Бацька Шагала пракляў сына ў сінагозе за тое, што Марк ажаніўся не так, як той хацеў. Тата жадаў, каб сын ажаніўся з мільянеркай Ханай Гурэвіч, старэйшай за Шагала на 20 гадоў, а Марк не паслухаў бацьку і ажаніўся з дзяўчынай, якую кахаў. Тады бацька яго і пракляў. Вось такія цікавыя факты.
Але вернемся да творчага жыцця. Шагал працаваў у мастацкім тэхнікуме адзін год, а потым яго змяніў Малевіч — ён таксама бываў у нашым доме, заўсёды добра апрануты, сапраўдны шляхціц, звяртаў на сябе ўвагу сваім знешнім выглядам. Так што на працягу пяці-шасці гадоў Віцебск быў горадам вядомых музыкантаў і мастакоў.
Маці клапацілася пра маё музычнае выхаванне, і штогод, пачынаючы з 1926-га, мы ездзілі з ёй у Маскву слухаць музыку ў высокапрафесійным выкананні. Памятаю Антаніну Няжданаву і Леаніда Собінава ў оперы Вагнера «Лаэнгрын», а таксама Собінава ў партыі Ленскага ў «Яўгене Анегіне». У тым жа 1926-м па запрашэнні Мікалая Малько паехалі ў Маскву слухаць у яго выкананні 1-ю сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча. Мне тады споўнілася 13 гадоў, і за кулісамі Малько пазнаёміў мяне з Шастаковічам, якому было 19. Потым мы з Шастаковічам часта сустракаліся.
У Віцебску таксама наведвалі канцэрты, спектаклі — калі прыязджала правінцыйная опера, заўсёды хадзілі на яе. З дзяцінства люблю оперную музыку і таму часта ездзіў у маскоўскі Вялікі тэатр паслухаць знакамітых дырыжораў — запомніліся выступленні Ота Клемперэра, Бруна Вальтэра, Дзімітрыса Мітропуласа.
А як вы пачалі прафесійна займацца музыкай?
— Пасля музычнай школы збіраўся вучыцца ў Ленінградзе — віцябляне выпраўляліся туды, мой бацька і сястра скончылі Ленінградскі ўніверсітэт, але лёс распарадзіўся іначай. У Мінску адбывалася сельскагаспадарчая выстава, і бацькі разам са мной паехалі ў сталіцу. Было лета, я даведаўся, што ідзе прыём у Музычны тэхнікум, і вырашыў паспрабаваць свае сілы, праверыць веды перад тым, як ехаць паступаць у Ленінград. У камісіі сядзелі Георгій Пятроў — завуч, Мікалай Аладаў і Міхаіл Матысон — тэарэтыкі. Яны праэкзаменавалі мяне — я добра іграў з ліста, ведаў гармонію і адказаў на ўсе пытанні. Тады яны прапанавалі мне застацца ў Мінску, Пятроў сказаў: «Будзеш займацца ў мяне, у фартэпіянным класе, і таксама ўладкую цябе канцэртмайстрам у Оперную студыю». Я пагадзіўся і быў залічаны ў Музычны тэхнікум. Выходжу на вуліцу, маці і бацька мяне там чакалі, і калі сказаў, што мяне залічылі ў тэхнікум, бацька быў незадаволены, бо я парушыў сямейныя традыцыі вучобы ў Ленінградзе.
Так я пачаў займацца ў Пятрова і паралельна працаваў у Опернай студыі канцэртмайстрам, а таксама вучыўся па тэарэтычных дысцыплінах у Аладава. У 1932 годзе ў Мінску адкрылася кансерваторыя, там не хапала студэнтаў, і нам прапанавалі з 3-га курса Музтэхнікума паступаць у кансерваторыю. Частку прынялі, частку — не, я паступіў. Са Свярдлоўска прыехаў выкладаць кампазіцыю Васіль Залатароў, прывёз з сабой сваіх вучняў Крошнера, Папова, Падкавырава. Я таксама паступіў у яго клас, пачалі ўсе разам вучыцца. Залатароў быў вельмі строгі, патрабавальны — неўзабаве з 20 ягоных вучняў засталося толькі 5, у тым ліку і я.
У 1937 годзе скончыў кансерваторыю з адзнакай, да выпускнога экзамену напісаў «Сказ пра Мядзведзіху». У той год адзначаўся 100-гадовы юбілей з часу смерці Пушкіна, і Залатароў прапанаваў нам пушкінскія сюжэты для кантат, я выбраў «Сказ пра Мядзведзіху». Напэўна, штосьці атрымалася, паколькі твор да гэтага часу выконваецца.
А ў наступным годзе ў клавіры я напісаў оперу «У пушчах Палесся». Нейкім чынам гэта стала вядома, мяне нечакана выклікалі ў Маскву паказваць оперу. У Саюзе кампазітараў адбылося праслухоўванне, потым Неміровіч-Данчанка слухаў маю оперу ў сябе дома, і яна была прынятая да пастаноўкі ў тэатры. Са мной заключылі дагавор, далі грошы, і я зрабіўся багатым чалавекам.
Опера ў Маскве прайшла з вялікім поспехам, на адным са спектакляў прысутнічаў Сталін, ён запрасіў мяне ва ўрадавую ложу і сказаў, звяртаючыся да тых, хто там прысутнічаў: «Вось таварыш, які піша правільную музыку, не тое што нашы масквічы — так наварочваюць, што нічога нельга зразумець». Ён з намі гутарыў дзве гадзіны (са мной была жонка) і на банкеце сядзеў з намі за адным сталом: я, мая жонка, спявачка Ларыса Александроўская, артыст Уладзімір Уладамірскі і Міхаіл Калінін. Потым за оперу «У пушчах Палесся» мне прысудзілі Сталінскую прэмію.
Ведаю, вы не толькі пісалі оперы, але і пэўны час працавалі ў Беларускім оперным тэатры канцэртмайстрам. Раскажыце трохі пра гэта.
— Сапраўды, у тэатры я працаваў з 1930 па 1937 гады, акампанаваў усім вядомым салістам — Ларысе Александроўскай, Ісідару Балоціну, Міхаілу Дзянісаву. Рыхтаваў са спевакамі «Залаты пеўнік» Рымскага-Корсакава, іграў увесь складаны клавір. Я добра чытаў з ліста, у мяне гэта атрымлівалася лёгка.
Да педагагічнай працы вас падштурхнуў Васіль Залатароў ці самі да гэтага прыйшлі?
— Гісторыя атрымалася такая. Калі пачалася вайна, і мы з жонкай 24 чэрвеня 1941 года пад бомбамі беглі з Мінска, ішлі пешшу, па дарозе сустрэлі артыстаў МХАТа. Яны тады гастралявалі ў Мінску, ім таксама давялося ратавацца ўцёкамі. Там былі вядомыя акцёры — Масквін, Качалаў, Тарханаў, Яншын, Дабранраваў. Мы з імі пасябравалі і потым часта сустракаліся, калі жылі ў Маскве. Бывалі на капусніках у МХАТе — памятаю, як Ала Тарасава ўвасабляла там Вронскага, а Масквін — Ганну Карэніну. Велізарнае ўражанне зрабіў на мяне спектакль «Цар Фёдар Іаанавіч» з Масквіным у галоўнай ролі. Ён іграў узрушальна, без слёз не магу ўспамінаць. Але самы геніяльны быў Міхаіл Чэхаў — у 1926 годзе бачыў яго ў ролях Хлестакова і Эрыка XIV. Ён прамаўляў ціхім голасам, але кожнае слова было чуваць, даходзіла да сэрца.
Давайце вернемся ў 1941 год, калі разам з мхатаўцамі вы прабіраліся ў Маскву. Што адбывалася далей?
— Так, тады мы з цяжкасцю дабраліся да сталіцы. Але паколькі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, то нам далі пропуск і мы апынуліся ў Маскве. Мне прапанавалі паехаць у Свярдлоўск — працаваць намеснікам дырэктара кансерваторыі. Там і пачалася мая педагагічная праца. Калі прыехаў, туды пачалі з’язджацца вядомыя савецкія музыканты: Давід Ойстрах, Эміль Гілельс, Леў Аборын, Рэйнгольд Гліэр, Генрых Нейгауз. Дарэчы, Нейгауз перад тым быў арыштаваны, і Гілельс, якога Сталін любіў, хадзіў да яго прасіць за Генрыха Густававіча.
А чаму Нейгауза арыштавалі? Гэта малавядомы факт...
— Бо стаў вядомы загад Гітлера: прызначыць Нейгауза міністрам культуры пасля ўзяцця Масквы фашыстамі. Сам Нейгауз нічога пра гэта не ведаў і быў ні пры чым. Тады пасля просьбы Гілельса Сталін сказаў: «Вызваліць Нейгауза і адправіць у Свярдлоўск на пасяленне». Там дырэктарам кансерваторыі з’яўляўся Лупэр, ён баяўся падпісваць загад пра залічэнне Нейгауза на працу і папрасіў зрабіць гэта мяне. «Анатоль Васільевіч, — сказаў ён, — вы лаўрэат Сталінскай прэміі, вам нічога не будзе, падпішыце загад, а я баюся...» І я падпісаў загад. Тады мы з Нейгаузам пасябравалі, і гэтае сяброўства працягвалася да канца яго жыцця. Калі ён прыязджаў у Мінск, заўсёды заходзіў да нас у госці.
З якімі выдатнымі асобамі вы кантактавалі! Яшчэ не згадалі пра сяброўства з Антанінай Няжданавай і Мікалаем Галаванавым — раскажыце больш падрабязна і пра іх.
— Так, яны з’яўляліся для нас з жонкай лепшымі сябрамі. Мы кожны год прыязджалі да іх на Вялікдзень ці яны да нас. Памятаю адно такое свята, цэрквы тады былі зачыненыя — куды падзецца, дзе правесці Велікодную ноч? А Няжданава і Галаванаў былі вельмі рэлігійныя.
Гэта было ў 1940 годзе. Яны кажуць: «Мы вам верым. У вас ёсць радыё, паспрабуем злавіць па радыё Велікодную службу». Сапраўды, мы знайшлі частату Балгарскага радыё, ішла Велікодная служба з сабора Аляксандра Неўскага. Нас з жонкай тады ўзрушыла, як яны ўпалі на калені, калі хор пачаў спяваць «Уваскрасенне Тваё, Хрысце Божа...» Яны сталі горача маліцца, Няжданава падпявала, і калі святар у канцы прамовіў «і багатыя, і бедныя — усе ідуць у Царства Нябеснае», Няжданава кажа Галаванаву: «Мікалай Сямёнавіч, і багатыя таксама ўвойдуць!» Яна прамовіла гэта так наіўна, з такой верай! Яны ж былі багатыя людзі, і іх гэта хвалявала. З намі была мая цешча, дачка святара, мы разгавеліся. Госці пачуваліся добра ў нас, і з гэтага моманту мы зрабіліся вялікімі сябрамі.
Вельмі цікава, але давайце вернемся да вашай педагагічнай дзейнасці ў эвакуацыі...
— У Свярдлоўску вёў інструментоўку, поліфанію, кампазіцыю. Адзначу: побач са мной працаваў цёзка, Сямён Сямёнавіч Багатыроў, потым ён з’яўляўся прарэктарам Маскоўскай кансерваторыі. Тады, паўтаруся, у Свярдлоўску сабраліся выдатныя музыканты: Нейгауз, Ойстрах, Аборын, Сталярскі, Хачатуран, Шапорын. Усім ім трэба было мець педагагічную нагрузку, і я гэтым займаўся. Праз абкам партыі дамогся, каб рассялілі сем’і эвакуяваных музыкантаў, дамовіўся з саўгасам пра харчаванне. Так што імкнуўся рабіць карысныя справы...
А калі вы вярнуліся ў Мінск?
— У 1943-м мяне адклікалі ў Маскву для аднаўлення працы Саюза кампазітараў — тады я з’яўляўся яго старшынёй. У 1944 годзе, калі вызвалілі Мінск, мы з жонкай на самалёце вярнуліся ў сваю кватэру, там я пасяліў маці, а сам вярнуўся ў Маскву ў 2-пакаёвую агульную кватэру. У Маскве мяне хацелі зрабіць намеснікам дырэктара Інстытута імя Гнесіна, гэта прапаноўвалі Гліэр і Алена Фабіянаўна Гнесіна. Запрашалі і ў Маскоўскую кансерваторыю, бо ведалі, як я працаваў у Свярдлоўску. Але я не мог здрадзіць Беларусі і вярнуўся ў Мінск. З 1948 года рэгулярна займаўся педагагічнай дзейнасцю, а некалькі гадоў, з 1948 па 1962-гі, быў рэктарам Белдзяржкансерваторыі.
Калі я паступіў у кансерваторыю, то якраз заспеў ваша рэктарства. Памятаю, тады мяне ўразіла, што вы запрашалі для працы ў нашай кансерваторыі вядомых значных музыкантаў з Масквы, Ленінграда, Кіева — падобныя творчыя кантакты, напэўна, было няпроста арганізаваць? На жаль, пасля вас такога больш не здаралася.
— Шкада, бо стасункі з музыкантамі і педагогамі такога ўзроўню даюць вельмі шмат і студэнтам, і выкладчыкам.
А можаце ўспомніць гэтых музыкаў?
— Так. Гэта вядомыя імёны: віяланчэліст Аляксандр Стагорскі, скрыпач Дзмітрый Цыганоў, кампазітар Віктар Белы. З імі пазнаёміўся, калі падчас вайны працаваў у Свярдлоўску. Выдатнага педагога па вакале Яўгена Віцінга пераманіў з Рыгі. У Мінску ён даволі доўга прапрацаваў, яму далі кватэру...
Як у вас атрымлівалася ўсё гэта арганізаваць?
— Я трошкі нахабнік, карыстаўся добрым стаўленнем да мяне начальства і знаходзіў магчымасці аплачваць гэтым музыкантам дарогу і гасцініцу за кошт дзяржавы. Неяк мне сыходзіла з рук. Напрыклад, Дзмітрый Цыганоў прыязджаў у Мінск усяго на 3 дні, а атрымліваў палову прафесарскай стаўкі, але карысці за гэты кароткі тэрмін прыносіў шмат. Кантакты з музыкантамі і педагогамі найвышэйшага ўзроўню неабходныя. Замыкацца ў сабе бесперспектыўна. Я пачаў сваё рэктарства з таго, што стаў запрашаць падобных асоб, і гэта дало вельмі добрыя вынікі.
Вынікі вашай педагагічнай дзейнасці проста ўзрушаюць...
— З майго класа выйшлі многія кампазітары. Першымі вучнямі аказаліся Эдзі Тырманд, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў. Апошні паступіў без усялякай падрыхтоўкі. Прыйшоў хлопец у чырвоных штанах, сіняй кашулі, нот не ведаў. Ён прыехаў з Магілёва, скончыў чыгуначны тэхнікум, выступаў у самадзейнасці. Хоць гэта і незаконна — браць студэнта без усялякай музычнай падрыхтоўкі, я пайшоў на гэта. Зрабілі для яго індывідуальны план, Глебаў пачаў займацца і зрабіўся майстрам. Здараецца такое ў жыцці. Іншага вучыш, вучыш, а з яго нічога не атрымліваецца.
Анатоль Васільевіч, вы стварылі цэлую кампазітарскую школу, а хто з вашых вучняў мог бы працягнуць вашу справу?
— Яўген Глебаў здолеў бы, Віктар Войцік. Андрэя Мдывані я стаўлю высока — сапраўдны прафесіянал, напісаў выдатны балет «Страсці». Уладзімір Солтан здатны быў працягнуць маю справу, меў выдатны талент, але не займаўся педагогікай. Ён напісаў дзве оперы, прычым вельмі яркія, а я лічу, што оперная творчасць — самае высокае. Калі чалавек напіша оперу, ён можа ўсё. Шкада, што Солтан так рана памёр.
На ваш погляд, як трэба выкладаць кампазіцыю?
— Няма пэўных рэцэптаў: рабі так і так. Тут патрэбны індывідуальны падыход да кожнага, бо аднаму падабаецца такі стыль, другому — іншы. Трэба слухаць шмат музычных твораў, гутарыць з вучнямі, распавядаць пра жыццё кампазітараў, эпоху, у якую тыя жылі. Пажадана захапіць чалавека, каб ён палюбіў музыку. На жаль, кампазітары часта любяць сябе, а не музыку. Увогуле педагог павінен быць адукаваным чалавекам, аўтарытэтам для студэнтаў. Гэта вельмі сур’ёзная справа...
Ірына Мільто, Аляксандр Мільто