Якая прычына змусіла цябе звольніцца з Белдзяржфілармоніі?
— Шчыра кажучы, сыходзіць не імкнуўся. Я атрымаў стыпендыю «Gaudi Polonia» Міністэрства культуры Польшчы і спрабаваў дамовіцца ў філармоніі, што неўзабаве вярнуся ў Мінск і па-ранейшаму буду працаваць у штаце. І спачатку мне дазволілі адсутнічаць некаторы час, аднак пазней усё ж папрасілі звольніцца. Тады ў лютым 2018 года я з’ехаў у Польшчу, дзе прабыў да канца ліпеня. Стыпендыя «Gaudi Polonia» дапамагае маладым творцам, у асноўным з Беларусі і Украіны, рэалізаваць свае праекты ў галіне музыкі, кіно, дызайну, літаратуры і г.д. Летась стыпендыі прызначылі сямі беларусам. Шмат у чым праца ў Польшчы залежыць ад абранай тэмы, закладзенай у тваім праекце, і ад куратара. У мяне быў прадуманы праект, звязаны з фальклорам: гэта экспедыцыі, наведванні фестываляў, знаёмства з фонаархівамі, праслухванне польскага фальклору і ягоны аналіз. Маім куратарам стаў вядомы польскі музыколаг Пётр Дайліх. Ён мне вельмі дапамагаў, падказваў, якія фестывалі варта наведаць, што слухаць. Я ў асноўным ездзіў на лакальныя фестывалі, што займаюцца толькі традыцыйнай музыкай. І ўсе гэтыя фэсты мне надзвычай спадабаліся. Там усё было чэсна: аніякіх незразумелых «салянак», дзіўных строяў, аніякіх, само сабой, фанаграм.
Дзякуючы каму альбо чаму атрымалася запісаць альбом «Lito» ў Варшаве?
— Дзякуючы краўдфандынгу. Разам з музыкамі мы вырашылі запісаць альбом у сур’ёзнай студыі з тым, каб паспрабаваць папрацаваць у якасна іншых умовах. Знаходзячыся ў Польшчы, я займаўся і гэтай справай як часткай майго агульнага праекта. У тым ліку хацелася запрасіць на запіс і польскіх музыкаў, не толькі Vuraj. Часткова тое атрымалася: мы працавалі з Каралінай Матушкевіч, з якой былі запісаныя тры кампазіцыі з удзелам традыцыйных польскіх інструментаў.
Атрымліваецца, Vuraj упершыню працаваў у класічнай аналагавай студыі. А ў чым яе асаблівасці?
— Галоўная асаблівасць — гэта тое, што музыка запісвалася на стужку, а не на камп’ютар. Сапраўдная японская апаратура, і гукарэжысёр Томаш Рагула, гаспадар студыі «TR», звяртаў нашую ўвагу: менавіта ў такіх умовах запісваліся самыя-самыя вядомыя выканаўцы. Яшчэ ён казаў, што неабходна павучыцца працаваць на такой апаратуры, бо запісацца на камп’ютар можна дзе заўгодна. І насамрэч: у гэтай студыі мы сутыкнуліся з сапраўднай працай, калі неабходна было прайграць тую ці іншую кампазіцыю ад пачатку і да канца. Па першым часе, знаходзячыся ў розных памяшканнях, разам запісваліся ад пачатку п’есы і да канца кантрабасіст і барабаншчык. Потым ужо запісваліся асобныя інструменты, а на завяршэнне — запіс вакалу і разнастайных гукавых эфектаў. Пры гэтым электроніку мы наогул не выкарыстоўвалі, была толькі акустыка.
Мяне прыемна здзівіла, што рэпертуар альбома складаецца выключна з незапетых, як кажуць, песень. Гэта твой творчы прынцып як лідара гурта?
— Перш за ўсё хацелася выкарыстаць той матэрыял, які мы самі адшукалі ў экспедыцыях, паездках па Беларусі і затым яго асэнсавалі. Наогул працуем мы наступным чынам: я прыношу музыкам сабраныя запісы, мы разам праводзім адбор, пасля чаго і пачынаецца ўласна праца. І адзначанае табой вышэй адпавядае праўдзе: была мэта зрабіць праграму, якая складалася б з незапетых, малавядомых песень. Не бачу вялікага сэнсу ў тым, каб запісваць тое, што ўжо гучала ў выкананні ці не дзясяткаў фальклорных гуртоў. Бо ёсць сотні, тысячы песень, якія нікім наогул не выконваліся.
Слухаючы альбом, я прыйшоў да высновы, што ты нарадзіўся не на Аршаншчыне, а на Палессі, паколькі ў «Lito» ўвайшлі песні, характэрныя менавіта для гэтага рэгіёна.
— Так, праграма цалкам складаецца з песень розных частак Палесся: заходняй, цэнтральнай і нават усходняй, што ўжо бліжэй да маёй радзімы, радзімы бацькі — Гомельшчыны.
Альбом у асноўным складаецца з мінорных твораў...
— Так ужо атрымалася. Тыя песні, з якімі мы працавалі, вызначаліся асноўным тонам, характэрным для абрадавых песень. Мінор наогул уласцівы фальклору Палесся, там свой гукарад, нейкія свае меладычныя лініі, і гэта нас вельмі моцна зачапіла. Нездарма кажуць, што менавіта на Палессі больш за ўсё такіх працяглых, задуменных песень. І гэта магчыма патлумачыць нават гістарычна. Па-другое, абрадавыя, найбольш старажытныя песні маюць менавіта такі вось лад і настрой, паколькі іх не выкарыстоўвалі падчас нейкіх там святочных застолляў. Але калі казаць пра песні пабытовыя, штодзённыя, пазаабрадавыя, лірычныя, дык гэта песні ўжо цалкам іншыя. І калі б мы звярнуліся да песень палескіх застолляў, тое былі б ужо абсалютна іншыя па атмасферы творы.
Тым не менш, нягледзячы на адчувальны мінор, альбом «Lito» пакідае надзвычай прыемнае, цёплае ўражанне. Думаецца, у першую чаргу дзякуючы аранжаванням, якія, як я разумею, зноў жа складаюцца ўсім калектывам...
— Так, гэта цалкам наша сумесная праца. Маецца нейкае бачанне матэрыялу, зыходзяць пэўныя прапановы ад кожнага музыкі, але я не магу сцвярджаць, быццам гэта я ў першую чаргу дыктую: будзе так вось і так. Не! У нас вельмі цікавае творчае ўзаемадзеянне, паколькі ў групе сабраліся музыкі з рознымі густамі. Гэта, магчыма, і не так проста, аднак вельмі спрыяе агульнаму мастацкаму працэсу. І нельга казаць, што ўсе мы захапляемся аднолькавай музыкай. Прыкладам, Наста Папова больш за ўсё любіць слухаць мінімалізм, неакласіку, Ваня-гітарыст — проста рок-н-рольны чалавек, я — гэта, зразумела, этна-фолк і гэтак далей. Кожны з музыкаў выхаваны на сваёй музыцы і нясе яе ў сабе. У той жа час ёсць прапановы і ад мяне. Напрыклад, я расказваю пра асаблівасці кожнай песні, паказваю яе характэрныя прыкметы і тлумачу, якой яна ў выніку можа зрабіцца.
Інакш кажучы, мы не імкнемся ўвасабляць песні ў тым выглядзе, у якім яны ўжо існуюць на выдадзеных дысках у традыцыйным выкананні. Так, ёсць шмат калектываў, што выконваюць народныя песні максімальна блізка да арыгіналу, аднак наша задача была ў тым, каб прапусціць праз сябе гэтую музыку і на яе аснове стварыць уласную. Асноўны момант, якога мы трымаемся, — гэта зберагчы мову, дыялектныя фанемы ў кожным з тэкстаў і, што найбольш істотна, ідэю песні. Менавіта над гэтым мы шмат працавалі з тым, каб данесці да слухачоў сэнс песні і адначасова дадаць у яе ўласнае бачанне. Вось чаму, да прыкладу, не было сэнсу рабіць з «Карагоднай» нейкі там эстрадны нумар, надаваць ёй танцавальны характар. Разам з тым у рытме гэтая самая «карагоднасць» адчуваецца, яна прысутнічае і ў мелодыі, і ў тэксце.
Ты сказаў, што ў кожнага ўдзельніка калектыву ўласныя музычныя прыхільнасці. А як бы ты сам вызначыў стылістыку, у якой працуе Vuraj? Бо, як мне падалося, такія песні, як «Ой, ляціце, гусі» ці «Ой, арол», заснаваныя на дастаткова адчувальным рокавым рыфе...
— Як казаў Іван Іванавіч Кірчук у адносінах да нашага фальклору: «Вось дзе схаваўся рок!» І я з ім цалкам згодны! У названых песнях надзвычай адчувальныя ўвесь той пасыл, энергія, дзякуючы чаму можна проста пісаць рокавыя хіты. Тое, з чаго мы пачыналі: «Вылэтай, пэрэпілко». Тым не менш мы ўсё далей адыходзім ад рокавай стылістыкі да сэнсавага боку песень.
І ўсё ж якая яна, стылістыка групы Vuraj?
— Вельмі няпросты момант. Я б назваў гэта неафолкам... Так, магчыма, але дастаткова ўмоўна. З элементамі пэўнай псіхадэлікі. Мажліва, гэта і нейкі этнічны ф’южн. Аднак няхай тое вызначаюць крытыкі. Хоць калі ўзяць песню «Ліра» з гэтай праграмы, дзе і гучыць ліра, дык там і этна, шчыра кажучы, наогул няма. Тым не менш, нават калі мы і ўжываем традыцыйныя інструменты, аўтарскае бачанне ў нас усё адно прысутнічае.
Завяршаецца альбом песняй «Да дай, божа, цёплае лета», якая была запісана разам з фальклорным гуртом «Вытокі». А як вам працавалася ў такой камбінацыі?
— Крыху прыадкрыю заслону над сакрэтам. Кожны раз у самым канцы нашага альбома мы пакідаем недаказанасць. Альбом быццам бы і заканчваецца, і нібыта павінен быць пэўны працяг, таму што апошні трэк як бы намякае на тое, што мусіць быць у наступных запісах групы Vuraj. Інакш кажучы, кропка не ставіцца. Толькі шматкроп’е. Да прыкладу, альбом «Rajok» мы скончылі кампазіцыяй «Сасна пахілілася», такой надзвычай мінорнай і вельмі характэрнай, што было падказкай наступнага альбома. Потым пайшлі чарговыя запісы: «Улятала», наш ЕР-альбом, апошнія трэкі якога арыентавалі, што нас можа чакаць у далейшым. Так і кампазіцыя з «Вытокамі» — гэта падказка таго, чаго ад нас можна чакаць праз пэўны час. А менавіта — супрацоўніцтва з аўтэнтычнымі калектывамі. І гэта вельмі цікава: такія калектывы перадаюць менавіта аўтэнтыку, а сама музыка перадае ўсё астатняе. Інакш кажучы, ад групы Vuraj хочацца больш музыкі, а ад выканаўцаў — большага аўтэнтычнага гучання.
Апрача гурта «Вытокі», у якім складзе Vuraj ажыццявіў запіс альбома «Lito»?
— Іван Арцімовіч — гітара, Настасся Папова — скрыпка, Вольга Палякова — флейта, Эрык Арлоў — кантрабас, Даніла Залескі — барабаны, Караліна Матушкевіч — традыцыйныя польскія інструменты. Я ў некаторых песнях выкарыстоўваў колавую ліру, драўляныя духавыя інструменты: парныя дудкі, сапілкі. Для мяне гэта быў захапляльны досвед папрацаваць у выдатнай студыі і шмат паэксперыментаваць з вакалам. Дарэчы, студыю «TR» нам параіла Наста Някрасава, якая менавіта там запісвала ўласны альбом. А потым мы даведаліся, што там жа запісвалася і «Этна-трыа Тройца». Толькі яны працавалі над альбомам, які называўся «Зімачка», а мы — над альбомам з назвай «Lito».
P.S. Гутарка з Сяргеем адбылася ўвосень 2018-га. Крыху пазней ён на працяглы час з’ехаў у ЗША, дзе выступае сола з канцэртамі, выконваючы беларускія народныя песні. Пра далейшыя планы, звязаныя найперш з гуртом Vuraj, Доўгушаў нічога не гаворыць. Але ён належыць да тых творцаў, ад якіх можна заўсёды чакаць прыемных сюрпрызаў.