Давай пагаворым пра актыўнасці ў гэтым ключы.
— Адна з вялікіх праблем нашага месца, якую я вылучаю, — гэта залішняя інертнасць. Усё сур’ёзна, па гамбургскім рахунку, трэба ўсё выбудаваць... Я за пэўную спантаннасць: давайце будзем гатовыя ў тым ліку да выклікаў, і хай у нашых умовах зрабіць на 200% не атрымаецца. Залішняя сур’ёзнасць спыняе, мяркую, для нас гэта няправільна. Патрэбная дынаміка, абкатка чагосьці новага, а мы чакаем, што з пустога месца народзіцца геніяльная выстава — як мастак зробіць яе, калі ў яго не было пілотнай ці нават правальнай?!
Заўсёды адчуваў, што я не чалавек гэтага месца: мне трэба больш прасторы, больш падзей, і я гатовы сам гэтыя падзеі ствараць. Бачу цяпер мастакоў, якія сваю актыўнасць звялі да дзеянняў у інтэрнэце, але мне важнае сапраўднае жыццё: хачу рабіць выставы ў матэрыяле, а не выкласці работы ў сеціве і ўсё.
Куратарская праца — вымушаная, але мне яна падабаецца. Таму што пакуль я не бачу праектаў, якія б мяне як мастака задавальнялі цалкам, каб я без сумненняў гатовы быў паўдзельнічаць. Бо як атрымалася: мы ўсе чакалі, калі прыйдзе той куратар... І вось нарэшце ён прыйшоў, аказалася, што мастак яму не надта і патрэбны. Ёсць ідэя і нейкія фрагменты, якія ён можа камбінаваць, а незаменных няма, гэта значыць твая індывідуальнасць у многіх сучасных праектах моцна знівелявана. І табе ўжо недарэчна крычаць на ўсё горла, і ўсе граюць па сваіх нотах... Мне цікавы праект, што раскрывае мяне як мастака. Ува мне заўсёды ёсць гэтыя два чалавекі: мастак, які кажа ад сябе, нецярпімы да нейкіх рэчаў, і спецыяліст, які сочыць за працэсам і мусіць быць уважлівым. Я проста фізічна адчуў, што трэба самому курыраваць.
Такая сітуацыя была ў гомельскім «Палацавым комплексе». Кантакт першапачаткова быў Зоі Луцэвіч. Мне, гомельскаму, яна распавяла пра палац і пра цікавага дырэктара палаца. Мы з Тоняй пайшлі і пачалі гаварыць пра сваю выставу, але Алег Рыжкоў прапанаваў, што калі прадстаўляць сучаснае мастацтва, то ўсё можна зрабіць шырэй. Гэта быў фантастычны збег абставінаў! І падчас праекта, і на момант адкрыцця, і вакол яго. Хоць я, вядома, не той еўрапейскі куратар, у якога ўсё па паліцах і пад кантролем, і магу хутка страціць цікавасць, калі бачу вынік. Хутчэй, я куратар-варвар. Да гэтага часу хачу зрабіць альбом праекта: упэўнены, што там былі вельмі моцныя рэчы, і больш яны не паўтарыліся. Напрыклад, у Аляксея Іванова, Арцёма Рыбчынскага, Ігара Саўчанкі, Тоні Слабодчыкавай, Андрэя Бусла. Але тады ўсім здавалася, што вось на наступны год мы зробім яшчэ лепш, а потым яшчэ праз год ... А ты наогул малады, і ў цябе тыпу першы блін. Толькі прайшло ўжо шэсць гадоў, і нічога падобнага да «Палацавага комплексу» не здарылася. Гэта значыць, з’яўляецца момант — і яго трэба адчуваць!
Часам мне кажуць: ты столькі сіл на гэта траціш. А мне нармальна, я спраўляюся. Але важна зразумець для сябе, чаго мне не хапае як мастаку, што мне цікава і каму патрэбна мая актыўнасць. Мне здаецца, нешта падобнае адбываецца ў Руслана Вашкевіча: ты гэты мяч штурхаеш, а пас ніхто не прымае... І хочацца паглядзець, а навошта, дзеля чаго ты гэта робіш. Толькі праблема майго тэмпераменту ў тым, што доўга я не магу сядзець у засадзе.
ГАЛОЎНАЕ Ў ПЕЙЗАЖЫ ТОЕ, ШТО ПРАДАДЗЕНЫ. ЦІ ЁН ЧАСТКА ЧАГОСЬЦІ БОЛЬШАГА?
Апошняя выстава «Часткі чагосьці большага» ў A&V Art gallery. Давай удакладнім: з кім ты ў дыялогу? З Дзюрэрам, з антычнасцю, з Дэвідам Хокнi.
Я растлумачу: Іншы заўсёды незавершаны, і ў гэтым умоўным дыялогу мы папаўняем недахоп чагосьці ў каханым чалавеку, у сябры. А што можна папоўніць у Апалона?
— Калі ты не бачыш, каму пасылаць мяч, пачынаеш размаўляць з вялікімi. Завочна. Але аказваецца, іх мала хто ведае ці не моцна цікавіцца. У нас маленькае культурнае поле, прычым нават для простага па матэрыяле мастацтва. Тым больш мала людзей, здольных успрыняць канцэптуальную, іранічную лінію, якую я прасоўваю. Я ўжо казаў аб залімітавай сур’ёзнасці, калі папрок у папсовасці — гэта як кляймо. Дык вось, Апалон і Венера — заступнік мастацтваў і багіня прыгажосці — дзве знакавыя фігуры ў антычным пантэоне, сімвалы еўрапейскай цывілізацыі, а я іх пакрываю палінезійскай татуіроўкай, сімваламі іншай цывілізацыі. I падтрымліваю, і паказваю з іроніяй гэтыя прыкметы.
«Пітэр з басейна Ніка назірае за нападам ягуара на негра ў джунглях (Непаліткарэктны пейзаж)». Русо і Дэвід Хокні — прыклад дыялогу, калі я наўпрост мяняю кантэкст. Адзін аўтар жывы, другога — няма, а мы ўжо гаворым аб новым сюжэце. І гэта, дарэчы, прыклад дынамікі менавіта ў сучасным мастацтве.
Штудыя паводле Тыцыяна «Венера Урбінская». Зразумела, зараз мастак не стане займацца штудыямі, а калі раптам стане, то як? Я паспрабаваў прадставіць жанравага мастака ў сучасных абставінах, калі партрэт — ужо не зусім партрэт, а пейзаж — не зусім пейзаж. Як бы ён разважаў? Вось Венеры я пакінуў толькі пірсінг, і гледачу досыць, фантазія ўжо працуе: дзе ён мог бы быць, той пірсінг у Венеры?
Так і ў малюнку на «Пейзажы з чырвоным кружочкам»: я замяняю яго на поле этыкеткі з маркерам, з чырвоным кружочкам, які азначае, што праца прададзеная. Бо галоўнае ў сучасным маркетынгу — продаж, а не тое, што там за пейзаж, якой якасці гэты жывапіс.
Серыя «Фрагменты». Мне падабаецца, што пры павелічэнні яны раствараюцца да абстрактнага знака. Гэта было спачатку, а потым я ўвёў сюды элементы Паўночнага Адраджэння. Дзюрэр, Грунэвальд — усё вырвана са свайго асяроддзя. Але дэталь выглядае як забаўка, без кантэксту мы паглынаем гэтыя рэчы, не задумваючыся аб іх прыродзе.
Гульня з Томам Васельманам — «Пах жанчыны» . Мне вельмі падабаецца гэты мастак сам па сабе, падабаецца яго лёгкасць, эратызм, тое, як ён працуе з формай. Але цяпер усё перанасычана гэтым эратызмам і ператварылася ў пошласць, уся куча на палову / аголеных рэчаў у сучасным свеце страціла тую базу цялеснасці, якая цікавіла Васельмана. І вобразаў гэтых у яго час было менш у разы... У дыялогу ты разумееш, як змяніўся кантэкст, калі час прамінуў.
Пра гэтыя рэбусы, складаныя альбо нескладаныя для расшыфроўкі, мне падабаецца людзям распавядаць на экскурсіях. Хоць я ўсімі сіламі адстойваю права мастака нічога не казаць, але мне падабаецца. І я праўда супраць гэтай вымуштраванасцi, калі мастак нібыта абавязаны ўсё расказаць, растлумачыць.
АСАБІСТА Я НА ДВУХ КРЭСЛАХ НЕ СЯДЖУ, АЛЕ З ЛАКАЛЬНЫМ КАНТЭКСТАМ ПАПРАЦАВАЎ БЫ
Сярод вынікаў года — праект Zbor і яго відавочны разрыў з многімі нашымі мастакамі. Па-мойму, ты паспяхова працуеш у гэтым разрыве. І цябе не напружвае прэтэнзія на новы музей?
— А я другога поля не бачу. Як мастаку, мне, можа, не ўсё падабаецца ў гэтым праекце. А на месцы экспертаў я не гуляў бы ў аб’ектыўнасць: мяркую, пара сказаць, што гэта суб’ектыўны адбор. І адзін з магчымых поглядаў на мастацтва. Гэта важны момант.
Але рэальна гэта сапраўды спроба падрыхтаваць архіў для новага музея. І селекцыя таго, што ініцыятыўная група вызначае як сучаснае мастацтва.
Праблему я бачу ў тым, што куратары не ўлічвалі мясцовы кантэкст, а прыехаць са словамі «хлопцы, мы вам зараз пакажам» — гэта не праходзіць. Але і з боку мастакоў, якія не ўдзельнічалі ў праекце, таксама магла быць хоць бы спроба абмеркавання, яны б паспрабавалі зразумець выставу мінімум як архіў, разгледзець дызайн экспазіцыі. З боку спецыялістаў таксама не многія праявілі цікавасць, хоць тут была прад’яўлена важная дакументацыя.
Я думаў пра тое, як мне ўдзельнічаць у праекце. Мяне ж няма ў музейных калекцыях, так, дзесьці я быў адзначаны, але гэта мала што значыць. Я асабіста на двух крэслах не сяджу, на дадзены момант я ёсць толькі там.
І яшчэ адно меркаванне: мне не падабаюцца іерархічныя структуры, а ў Zbor утвараецца іерархія, як у іншых творчых саюзах. І вось гэтае «мы» і «яны» ў дачыненні да беларусаў, якія жывуць і працуюць за мяжой, я б адмяніў. Паўсюль людзі выкарыстоўваюць адны і тыя ж механізмы — і для творчасці, і для яе прамоцыi. Так, беларускаму мастаку крыўдна: ён гады паклаў на творчую кар’еру, але няма рэсурсу для яго падтрымкі. Калі ёсць незадаволенасць, трэба дэманстраваць свой погляд і пазіцыю. У рэшце рэшт у «нас тут» часу больш, чым у «іх там», а вызначэнне сучаснага — гэта праблема ўсіх выстаў. Я б як куратар папрацаваў з мясцовым кантэкстам, таму што так, класная выстава, але калі мы гаворым пра беларускае мастацтва, трэба было тут, на месцы, працаваць па-іншаму.
Калі казаць пра агульную сітуацыю з артам у краіне, то хочацца адзначыць не апазіцыю «афіцыйнае і неафіцыйнае», а зараджэнне нейкай мясцовай шызафрэнічна-абсурднай формы. Такое мастацтва для ўнутранага спажывання. Дзіўна, што нават вельмі маладыя людзі ўбачылі ўнутраную кан’юнктуру. Убачылі механізмы, якія дапамагаюць існаваць: фармальныя выставы, абмены, пленэры, прэзентацыі. І ёсць ілжывае адчуванне, што гэта тут патрэбна. Хоць насамрэч засталіся арнаменталiстыка і такая ж абстракцыя. Калі раней была хоць бы тэма, хай ідэалагічная, напрыклад «чалавек рабочы», то сёння засталася толькі непрыгожая форма.
Я КАРЫСТАЎСЯ ДАЛІКАТНАСЦЮ РАМАНА
Чытала, што адным з тваіх педагогаў быў Раман Кароткін. Давай успомнім пра яго, цікавы быў чалавек і мастак.
— Мы пазнаёміліся ў Акадэміі мастацтваў. Раман прыйшоў да нас на 3 курс выкладчыкам кампазіцыі. З ім у нас адбылася «накладка» тэмпераментаў: я люблю людзей больш тактыльных, «мясных» і адносіны праз край, а ён быў чалавек далікатны і тонкі. Гэтымі якасцямі Рамана я часам нахабна карыстаўся: у апошні момант, на бягу, прама на лесвічнай клетцы апісваў, якую класную ідэю я прыдумаў і як выдатна ўсё ў мяне будзе ў канцы семестра. Тысячы ідэй тады раіліся ў маёй галаве, але я не мог зразумець галоўнага: трэба садзіцца і працаваць. Здавалася, я дадумаю — і праз тыдзень будзе лепш, дадумаю адно, другое, трэцяе.
Трэба аддаць належнае Раману — ён не нерваваўся, ні разу ў нас не было жорсткіх канфліктных сітуацый. Хоць яны маглі быць, таму што кампазіцыя — адзін з найважнейшых творчых прадметаў, і ў мяне былі вялікія чаканні, што ён зменіць маю сітуацыю. На адзін эпізод мне хапіла волі, якую даваў нам Раман. І гэта важны эпізод для маёй біяграфіі, які прайшоў незаўважаным публічна. Студэнцкія выставы тады былі зборнымі «салянкамі» і «ні пра што», але наш курс лічыўся вельмі таленавітым, і Раман прапанаваў нам правесці выставу «Кіно не для ўсіх» у якасці куратараў. Ён быў ініцыятарам, ён нас усіх зарадзіў. Кожны з шасці чалавек (манументалістаў) мог узяць групу з трох студэнтаў (графік, скульптар, жывапісец) і зрабіць агульны праект. Гэта і была мая першая куратарская праца. Я ўпершыню пачуў гэты тэрмін, даведаўся, што можна рыхтаваць праект, што трэба пісаць тэкст, і гэта было вельмі цікава. Сам я паказаў тады фотатрыпціх «Беларускія канібалы».
Праз Рамана мы пазнаёміліся з Надзеяй Кароткінай, і Надзя нават была рэцэнзентам у Тоні. Так што Раман і Надзя Кароткіны мне вельмі сімпатычныя, вельмі яркія людзі. Мы прыглядаліся адзін да аднаго, хоць блізкага сяброўства ў нас не склалася.
УЗУРПАВАЦЬ ПРАВА НА ВЫКАЗВАННЕ І НЕ СПАЗНЯЦЦА
Не магу не спытаць цябе пра паблік-арт, паколькі ты шмат працуеш у гарадской прасторы. Якой яна табе ўяўляецца?
— Пакуль мы яшчэ ў тым статусе, калі павінны тлумачыць, што гэта такое.
У нас усё зводзіцца да малявання на сценах — пажадана за грошы і з дазволам. Гэта адна з важных рэчаў, з якімі я не згодны. Ёсць гатовыя вобразы, нейкія хады, і з імі працуюць, чаму не... Мы спрабуем стварыць з’яву, прэцэдэнт, і ўсе сродкі добрыя. Але час ідзе, і людзі не разумеюць ні кантэкснага мастацтва, ні сітуацыянiзму. Не трэба ўсё зводзіць да дэкаратыўных рэчаў! Мастацтва на вуліцы — гэта не кветачкі маляваць! Вы, хлопцы, паглядзіце, якія тэмы бярэ той жа Бэнксі, самы папулярны стрыт-мастак!
Хоць і для кветачак прастора зарэгуляваная, і мастаку цесна — нават у рамках вулічнага фестывалю. Я прыблізна ведаю, як гэта адбываецца, на прыкладзе Vulitsa Brazil. Пры гэтым беларускі мастак нават блізка такіх магчымасцяў не атрымае, калі будзе дзейнічаць па-за межамi фестывалю. Яму давядзецца прайсці колы пекла, каб нешта зрабіць. А бразільцы будуць распавядаць, як усё класна і выдатна было ў Беларусі — і хтосьці намаляваў самае вялікае графіці ў Еўропе, і камусьці спагадныя людзі ўсёй талакой сабралі на квіткі і фарбы. Але мне здаецца, што любы збор сродкаў для мясцовага мастака пройдзе з іншым вынікам. Гэта зноў пра лакальны кантэкст і як з ім працаваць.
Так што паблік- арт у нас пакуль у непраяўленым стане. Ёсць супольнасці, досыць герметычныя — усё самі ведаюць, у іх свае задачы і стратэгіі, свае куратары і крытыкі. Але, на жаль, усё зводзіцца да вялікага малюнка на сцяне.
Што тычыцца маіх акцый, цяпер раблю гэтыя выхады прыкладна раз на год. У апошні раз прыязджала група з тэлеканала Arte: я паказаў акцыю «Эксгумацыя каштоўнасцяў» — зрабіў вялікую костку і хадзіў з ёй па месцах, якія мне здаюцца спрэчнымі гістарычна і з пункту гледжання архітэктуры. Раён Нямігі, Старажоўская вуліца, знесены ВДНГ, дом Чыжа — я як бы маркіраваў усе гэтыя моманты. І не дыстанцыяваўся ад людзей, як на першых сваіх акцыях, а размаўляў з тымі, каму было цікава. Не лічу сябе ўрбаністам і тым больш гісторыкам, але я разумею, што адчуваюць людзі, якія шануюць гісторыю горада. Я проста гараджанін, праўда, у нас не разумеюць, што такім чынам мастак можа і хоча выказаць свае думкі, нешта растлумачыць.
Ёсць, дарэчы, яшчэ адна бяда ў беларускага мастацтва — хранічнае запазненне. «Норку», знятую ў 2011 годзе, я паказаў на выставе ў 2012-м, гэта больш-менш хутка — i гэта самы ўдалы прыклад. Але відэа з акцыі 2008 («Я не гей») — толькі ў 2013 годзе, праз пяць гадоў пасля яго стварэння, гэта каласальны разрыў па сучасных мерках, непрымальны, калі мы хочам, каб горад разумеў мастацтва, а мастацтва адчувала нерв часу. Інакш проста незразумела, для чаго ты гэтым займаешся. Запазненне — гэта як увесь час правальвацца ў паветраныя ямы.
Паўтаруся, мне вельмі падабаецца, калі людзі спыняюцца, пытаюцца, нават фатаграфуюцца. Думаю, камунікацыя — неад’емная частка працэсу. Нават калі, на думку аператара, асаблівай рэакцыі няма, я яе бачу: у поглядах, рэпліках, назіранні з аўтамабіляў. Яе нельга не адчуваць! Часам здаецца, што ўсё звядзецца да канфлікту з міліцыяй, але для мяне гэта занадта абмежаваны шлях. I я гатовы распавядаць, што я мастак, гатовы ўсё тлумачыць.
Для мяне гэта прынцыповы момант — узурпацыя права мастака на выказванне. А ісці ў ЖЭС па дазвол намаляваць нешта на трансфарматарнай будцы — пазіцыя, супрацьлеглая вулічнаму мастацтву. Пакуль жа толькі фэсты застаюцца выдатнай магчымасцю спакойна і бяспечна працаваць у грамадскай прасторы.