Тон задала стандартная прапанова аб адключэнні мабільных тэлефонаў, цудоўна абыграная пастаноўшчыкам: пасля аўдыязапісу з пазнавальным рынгтонам і гучным шэптам «Алё, я ў ціатры», — грымнуў стрэл. Пачатак абяцаў дзве гадзіны забавы.
І, у прынцыпе, не падмануў: канцэпт сваёй пастаноўкі рэжысёр змацаваў на моцным фарсавым падмурку, асучасніў падзеі, нават тапаграфічна прывязаўшы іх да Мінска нашых дзён. Ягоны Зілаў (Максім Брагінец) атрымлівае кватэру не дзе-небудзь, а ў такой вабнай для шмат каго з мінчукоў Новай Баравой — на знакамітай вуліцы да Вінчы, п’янствуе ў вядомым сталічным рэстаране, робіць фіктыўны праект па Любані і гэтак далей. Калі ж сюжэт не паддаецца тлумачэнням нашага часу, акцёры, дадаючы жартаўлівае перчынкі, адразу абстрагуюцца, маўляў, п’еса 1967 года і на той час герой паводзіўся цалкам лагічна.
Перакладаць складаны тэкст Вампілава было даверана Марыі Пушкінай, вядомай стварэннем паслядоўнай трасянкі для «Рэвізора» ў Купалаўскім тэатры. Гэты прыём пагнаў модную сталічную хвалю, перакладчыца скарыстала яго і для «Палявання на сябе». Шчыра кажучы, такое ўсюдыіснае захапленне трасянкай засмучае. І рэч не адно ў чысціні мовы, якой нячаста песцяць вушы з айчынных падмосткаў. У тым самым «Рэвізоры» моўная мяшанка сталася прыёмам, які лагічна ўпісваўся ў рашэнне Мікалая Пінігіна, дадаваў характарнасці персанажам, паглыбляў падтэксты. У сітуацыі з Вампілавым пабытовае скажэнне мовы — нагода для ўзмацнення рогату. А ў слоўнай плыні, што ўжываецца для казытання і падколвання, пад фінал гразне нават верш Стася Карпава «Крапае. Халодна» — важны верш. Канцэптуальны.
Узбуджанае ўспрыманне Зілава мастачка Алена Ігруша ўраўнаважыла адрэзаным ад рэальнасці сінім дрэвам, што наскрозь прабіла сцэнічную кватэру і вытыркнулася проста ў глядзельню. Праўда, авангардны сцэнаграфічны пасаж апынуўся надзвычай крохкім: першыя ж гледачы, якія прабіраліся праз паваленыя шаты на свае месцы, міжволі ламалі сінія галінкі. Падчас дзеяння паспяховага трэсь-лому дадавалі артысты. Загадкавы сімвал вымагае шторазовага аднаўлення?
Да дрэва ненатуральнага адцення раз-пораз далучаліся такога ж атрутна-роўнага колеру муляжы дзікіх птушак: пастановачная каманда ад пачатку ператварыла блакітную птушку надзеі ў сініх качак, якія ніколі не ўзляцяць. Неўспрыманне галоўным героем рэалій жыцця падкрэслівала зрынутая долу жырандоля, ля яе, не зважаючы на дзіўную пазіцыю, таўкліся грамадою. Сненні-згадкі Зілава вартаваў неадольны плот бутэлек: яны заманьвалі экзальтаваных персанажаў падманным водбліскам недасяжнай радасці. На гэтых самых бутэльках асталёўвалася платформа кватэры, падказваючы, што насамрэч дапамагае Зілаву паспяхова хавацца ад сябе.
Акцёрскі ансамбль пастаноўкі склаўся з тых, хто прайшоў вывучку Яўгена Карняга, пазнаёміўся з сістэмай існавання Юры Дзівакова, эксперыментаваў у Аляксандра Марчанкі — так што рэжысёру надзвычай пашанцавала з выканаўцамі. Яны самі задалі высокую планку, чакалі ад рэжысёра пошуку і эксперыменту. Відавочна, у камікаванні, эпатажы, гратэску ім выпала адцягнуцца напоўніцу. Чаго варты начальнік Зілава Кушак! Артыст Сяргей Шымко атрымаў практычна бенефісную ролю: для свайго персанажа ён вынайшаў новую іпастась у кожнай сцэне, не губляючы пры гэтым арганічнасці.
Усеагульная экзальтацыя, аднак, хутка вярнула да разумення: перад вачыма — парад тыпажоў, якіх артысты паспяхова і не аднойчы ігралі. Жыркоў вылучыў надзвычайную імпульсіўнасць Арцёма Курэня (Кузакоў), вядомую палымянасць Дзмітрыя Давідовіча (Дзіма), напорыстасць уперамешку з наіўнай нахабнасцю Ганны Семянякі (Вера), адрэпеціраваную ў іншым нашумелым праекце. Настассю Баброву (Валерыя) ізноў эксплуатавалі ў якасці жанчыны-вамп, а Людміле Сідаркевіч (Галіна) аддалі ролю не аднойчы сыгранай ёю жанчыны-пакутніцы.
Рэжысёр адмыслова вылучыў лінію Галіны кантрастам да ўсяго фантасмагарычнага свету. Гераіня Людмілы Сідаркевіч хіба адзіная, хто ўспрымае жыццё рэалістычна. Яна хоча надзейнай сям’і, але, зазнаўшы падману, вагаецца паміж сваімі жаданнямі і магчымасцямі мужа. Яна марыць адрадзіць пачуцці весткай пра цяжарнасць, але паводзіны мужчыны яе хутка цвярэзяць. Вампілаў вырашаў гэтую акалічнасць жорстка: у арыгінале Галіна рабіла аборт. Жыркоў змякчыў сітуацыю, пакінуўшы на роздум і здагадлівасць гледачу, ці не была тая цяжарнасць выдумкай знерваванай жанчыны. І ўсё ж стаўленне рэжысёра чытаецца: у першай сумеснай сцэне муж з жонкай абдымаюцца і адхіляюцца адзін ад аднаго — а гэта сведчыць пра раскол у сям’і больш за словы.
Роля Зілава зрабілася для Максіма Брагінца этапнай, сапраўднай канцэнтрацыяй назапашанага ім прафесійнага досведу. Наймацнейшым момантам спектакля атрымаўся фінал другой дзеі, калі буфанада раптоўна перакінулася трагедыяй, бо ў звыклым мільгаценні каханак, сабутэльнікаў, марных намаганняў, выдуманага захаплення (якія качкі? якое паляванне? за ўсё жыццё ён туды не выбраўся) Зілаў страціў глебу пад нагамі: жонка вырашыла пайсці. У ім, самаўпэўненым, прачнуўся шараговы тыран. Рэжысёр прапанаваў сцэну дачыненняў Зілава і Галіны як псіхалагічны дослед зараджэння хатняга гвалту. Калі няма жадання заглыбіцца ў сямейныя дачыненні, разважыць, чаму яны не складаюцца, у наўпроставым сэнсе мацнейшы сілком заганяе слабейшага ў межы, за якія той насмеліўся выйсці. Максім Брагінец грае шыкоўнага маніпулятара — на кантрасце з папярэдняй слоўнай няшчырасцю персанаж уразіў рэалістычнасцю і безвыходнасцю. Зілаў уцягнуў жонку ва ўспаміны пра спатканне, што некалі падарыла росквіт узаемных пачуццяў. Аднак бялюткасць і пухнатасць выпетрыліся, як толькі жонка папрасіла сказаць ёй тыя словы, даўно не чутыя і такія патрэбныя — «я цябе кахаю»...
Рэжысёр, скончыўшы першы акт на высокай ноце, у другім ніякай падобнай не ўзяў. Зілаў працягнуў нягоднічаць — ну дык ён ад пачатку прыстойнасці не меў. Яму прасцей на вачах сяброў ды знаёмцаў ледзь не згвалціць жонку, каб толькі не думаць, што адбываецца з ім самім. Вакол Зілава ўзмацняецца вэрхал камікавання — загульвання са спакуслівымі цётачкамі, плюгавых намёкаў на аднаполыя зносіны, жартаў пра дробны чэлес і пра ласіную кучу ў яме для труны. У нейкі момант Зілаў спрабуе прытармазіць — прыходзіць тэлеграма пра смерць бацькі, але ягоная кашуля, расквечаная крывёю, выглядае рэжысёрскім перабольшаннем, а не сапраўдным раскаяннем.
У спектаклі шмат азарту і жадання ўразіць. Нямала цікавых рэжысёрскіх вынаходак і акцёрскіх удач. Аднаго бракуе: разумення, чаму менавіта гэты твор рэжысёр вырашыў прапанаваць сучаснікам. А смешыкі ды экзальтацыя заступілі і тэматычную вастрыню.
Настасся Панкратава