Рыгор Несцераў. Мроі вытанчанай гармоніі

№ 5 (302) 01.05.2008 - 31.05.2008 г

Мастак са своеасаблівым разуменнем свету, адметнай філасофіяй, уласнай палітрай. Гэтае вызначэнне вельмі дакладна падыходзіць да Рыгора Несцерава. Манументаліст па адукацыі, вось ужо шмат гадоў ён займаецца станковым жывапісам. Ад Несцерава многія чакаюць адкрыццяў -- хаця б таму, што ён з лёгкасцю змяняе стыль, манеру, пластыку, калі адчувае ў гэтым унутраную, душэўную патрэбу. Калісьці мастак захапляўся бунтарскім эпатажам, гульнёй з абстрактнымі формамі. Пазней заняўся колеравымі эксперыментамі -- пэўны час яго палотны нагадвалі непраглядныя туманы, нябёсы, схаваныя за аблокамі. Пасля ў карціны вярнулася рэальнасць: формы набылі дакладнасць, фарбы сталі жыццярадаснымі і светлымі, вобразы -- зразумелымі і даступнымі для тлумачэння. Але ўсе гэтыя пераўтварэнні не зменшылі папулярнасці майстра.

Згадваецца выпадак, калі ў 1990-х у спешчанай шэдэўрамі Маскве каля Цэнтральнага дома мастака стаяла доўгая чарга: людзі чакалі па сорак хвілін, каб трапіць на выставу Несцерава... Цікава, што сам творца ніколі не імкнуўся да вядомасці. Для яго галоўнае -- знайсці ўласны духоўны стрыжань, выявіць сутнасць чалавечых адносін, повязей з прыродным асяроддзем. У палотнах, разлічаных на ўдумлівага гледача, ён малюе сусвет праз незвычайныя асацыяцыі, якія пераадольваюць матэрыяльнасць будзённага існавання. Мроі вытанчанай гармоніі мастак абыгрывае ў падсвядомасці і пры гэтым выкарыстоўвае пластыку колеравых нюансаў, ствараць якія яму дапамагае тэхніка старых майстроў. Гэта жывапіс лесіроўкамі, калі на адзін слой фарбы накладваецца другі, і праз яго прасвечваецца ніжні непразрысты фон. Такіх слаёў у палотнах Рыгора Несцерава можа быць каля сотні, што дазваляе яму перадаваць свае няўлоўныя, незвычайныя, складаныя фантазіі. 

Рэальнасць на вашых палотнах мае шмат градацый, адценняў, нюансаў. Невыпадкова адна з персанальных выстаў называлася «Ад пачуццёвасці да абсалюту», дзе абсалют тлумачыўся як бясконцасць, Бог, прырода... А кожная карціна станавілася фрагментам адзінага цыкла, у якім асэнсоўваліся паняцці прыгажосці і гармоніі сусвету.
-- Усё гэта спрадвечныя праблемы, што вырашае чалавецтва, часткай якога я сябе адчуваю. Але абсалют для мяне -- не застылая ісціна. Пад гэтым паняццем я разумею сусвет у цэлым. Іншая справа, што з дапамогай жывапісу імкнуся выказаць свае адносіны да гэтага сусвету. Мой творчы шлях, як і ў большасці мастакоў, быў няпросты. Доўгі час я лічыўся «рэвалюцыянерам», аддаваў перавагу абстракцыянізму, пошуку новых форм. І не таму, што хацеў вылучыцца, стаць заўважным і папулярным. Проста я так успрымаў рэчаіснасць. У пачатку 1990-х галоўным накірункам нашага выяўленчага мастацтва быў рэалізм. Затым многія майстры пэндзля рэзка змянілі ракурс, развярнуліся на сто восемдзесят градусаў, захапіліся эксперыментамі, інсталяцыямі. А мне, наадварот, захацелася цішыні, сапраўдных пачуццяў. Гэта адбылося раптоўна: адчуванне, быццам ілбом стукнуўся аб бетонную сцяну, упаў, страціў прытомнасць. Ачуняўшы, заўважыў расколіну, з яе прабівалася травінка, паўзла мурашка... Я ўбачыў рэальнасць, і ў мяне ўзнікла жаданне вярнуцца да яе. І «спрэчка» паміж абстракцыянізмам і рэалізмам пазбавілася для мяне актуальнасці. І тое, і другое -- толькі формы, да таго ж -- мёртвыя формы, калі за імі няма душы. Я зразумеў, наколькі сутнасць важнейшая за вонкавую абалонку, што галоўнае -- душа і сэрца, а не халодны розум. Менавіта гэта вызначала творчасць майстроў мінулых стагоддзяў.
«Кожнае мастацтва ёсць адначасова і паверхня, і сімвал», -- лічыў майстар парадоксаў Оскар Уайльд. У якім кантэксце -- агульначалавечым ці нацыянальным -- выяўляецца сімволіка, тэматыка вашых работ?
-- З нацыянальнага, мясцовага кантэксту выйсці па аб’ектыўных прычынах не магу. У Беларусі я стаў асобай. Тут нарадзіўся бацька. І хоць мама родам з Расіі, усё маё свядомае жыццё прайшло ў Мінску, і я вызнаю сябе беларусам. Іначай нельга. Але не імкнуся быць непадобным да іншых менавіта праз нацыянальны каларыт або спецыфічную рэгіянальную тэматыку. Гэта не мой шлях.Ды і каму можа прынесці карысць такое абмежаванне? Мы толькі самі сябе збеднім, замкнемся ва ўласнай шкарлупіне і страцім сэнс жыцця. Нельга адгароджвацца ад сусветнага мастацтва, а старажытную культуру аддзяляць ад сучаснасці, перакрэсліўшы тры тысячы гадоў існавання цывілізацыі, без якой мы б не дасягнулі цяперашняга ўзроўню развіцця. Даць самім сабе ацэнку, адказаць на пытанні, хто мы і куды рухаемся, можна толькі праз супастаўленні -- з постацямі агульнасусветнага значэння. Тым не менш, у маіх работах ёсць сюжэты, якія вызначаюцца выразным мясцовым каларытам, у якіх прачытваюцца рысы нацыянальнага менталітэту.
Што для вас становіцца пабуджальным імпульсам, які падахвочвае звярнуцца да той ці іншай тэмы?
-- Ганна Ахматава пісала: «Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда…» Бывае, нейкая дробязь можа выклікаць безліч асацыяцый. Скажам, пах яблыкаў. Бывае -- далёка не дробязь. Напрыклад, нечаканая смерць блізкага чалавека. На гэтую тэму калісьці ў мяне нарадзіўся накцюрн «Нябеснае цела»: вялізны месяц займае большую частку прасторы палатна, на яго фоне сілуэтам вылучаецца постаць чалавека, нерэальная ў такім атачэнні. Што тут нябеснае цела? Безумоўна, месяц. Але і мы з вамі таксама істоты касмічнага ўзроўню...
Тым не менш, у гэтай вашай карціне, як і ў іншых, не адчуваецца песімізму, хутчэй -- светлая настальгія.
-- І пры жыцці, і ў смерці мы застаемся часткай сусвету. Як электрон з’яўляецца неад’емным элементам атама, так і час -- мінулы, цяперашні і будучы -- немагчыма раз’яднаць на асобныя фрагменты. Тэма гэтая стала асновай серыі «Рэінкарнацыі». Некаторыя мае калегі не зразумелі ідэю твораў, успрынялі іх проста -- як выявы сабак. Або як ілюстрацыю да асноўнага пастулату індуізму: у залежнасці ад цяжкасці грахоў чалавек пераўвасабляецца ў тую або іншую істоту і такім чынам перажывае сваё другое або трэцяе нараджэнне. Насамрэч, як мне падаецца, мы жывем адначасова ў розных пераўвасабленнях -- і як чалавечыя асобы, і як звяры, насякомыя, расліны. Калі мы некага крыўдзім, дык адначасова крыўдзім саміх сябе. Усё ў свеце непарыўнае. Іначай рэальнасць, як гэта ўяўлялася старажытным грэкам, будзе распадацца на часткі. Смерць -- абавязковая ўмова існавання жывых істот. І яе не трэба выяўляць у цёмных па каларыце, трагічных па змесце карцінах.
Зрэшты, гэта не азначае, што я адарваны ад рэальнасці. Як і ўсе, перажываю праблемы, няўдачы. Прайшоў праз філасофскі нігілізм, сцвярджаў негатыўныя ісціны. Калісьці мне гэта падабалася, бо дазваляла пачуваць сябе вольным ад агульнапрынятых норм -- так бы мовіць, скідаць уяўныя ланцугі. Але хутка адчуў, што жыццё страчвае сэнс… Яшчэ ў юнацтве, каб занатаваць свае развагі і высновы, пачаў пісаць тэарэтычнае даследаванне па гісторыі сусветнай культуры. Сёння працягваю гэты занятак, перапрацоўваю матэрыялы для выдання кнігі. Безумоўна, нельга ахапіць усе аспекты такога глабальнага пытання. Таму я даследую толькі заканамернасці змен розных перыядаў і эпох на прыкладах жывапісу, музыкі, літаратуры. Выводжу паралелі, знаходжу супадзенні. Вымалёўваю рух па спіралі і кругу. Не разглядаю маленькія адрэзкі часу, пачынаю з дзесяцігоддзяў.
Згадайце тое дзівоснае адчуванне, якое ўзнікае ў жніўні, калі ўглядаешся ў зорнае неба. Спачатку бачыш толькі хаос раскіданых на чорным аксаміце бліскавіц, праз нейкі час пачынаеш знаходзіць у размяшчэнні зорак пэўны сэнс. Раптоўна адчуваеш, што ёсць Боская гармонія і музыка нябёсаў, якую можа заўважыць і ўсвядоміць звычайны чалавек. Тое самае адбываецца і ў культурным жыцці грамадства. Там таксама ёсць свае законы, якія можна зразумець і сфармуляваць. Мая задача -- вылучыць галоўнае, храналагізаваць факты, паклаўшы кожны з іх «на сваю палічку», выявіць заканамернасці, якія вызначаюць накірункі развіцця сучаснай сусветнай культуры.
А якое месца займае беларуская культура ў гэтай спіралі заканамернасцей?
-- Яна натуральна ўпісваецца ў сусветную перыядызацыю. Але мяне цікавіць не столькі вылучэнне нацыянальных асаблівасцей, колькі параўнанне фактаў, якія маюць адносіны да розных народаў, розных эпох. І цягам усяго развіцця неаспрэчная тая выключная роля, якую адыгрываюць асобныя людзі. Іх агульныя дзеянні змяняюць хаду гісторыі… Пры гэтым варта нагадаць: я ствараю толькі схему, дапускаю пэўную ўмоўнасць, расчляняю працэс, каб яго прааналізаваць. У рэальнасці ж існуе цэласная плынь часу, дзе дэталь -- асобны невялікі фрагмент, які непарыўна звязаны з Космасам.Напісанне кнігі -- сёння мой галоўны занятак, нароўні з жывапіснымі штудыямі. Таму адну частку дня я прысвячаю тэарэтычным даследаванням, другую -- выяўленчаму мастацтву.
Усе вашы работы маюць выразны філасофскі падтэкст. Што адбываецца спачатку: нараджаецца канцэпцыя твора або пішацца палатно, да якога пасля дадаюцца тэарэтычныя развагі?
-- Логіка -- не галоўны складнік мастацкага твора. Яна дапамагае асэнсаваць пэўны факт, але пры напісанні карціны мае дапаможны характар. Жывапіс жа прапускаю не праз розум, а праз пачуцці. І часта інтуітыўна знаходжу правільны ход, які, здаецца, немагчыма было б «намацаць» толькі з дапамогай слоў.
Так адбылося, напрыклад, з выставай у Цэнтральным доме мастака. Той самай, з чэргамі ля ўваходу. У мяне захаваўся ладны стос водгукаў на экспазіцыю, які засведчыў, што мой «тумановы» жывапіс быў сугучны тагачасным настроям грамадства. Адна з работ называлася «Знесеныя ветрам». Той-сёй думаў, што гэта проста незафарбаваная аснова, а сілуэты, якія злёгку прачытваюцца на ёй, -- цені ад няроўнага святла. А пасля хтосьці заўважаў нейкія фігуры, якія нібы лётаюць у паветры... Гэта быў перыяд, калі я пісаў белымі фарбамі на белых палотнах або цёмнымі -- на цёмных.Я ніколі не іду супраць сябе. Кіруюся ўнутраным пачуццём: мяняю манеру, пластыку, падыходы да жывапісу, калі адчуваю ў гэтым патрэбу. Канешне, нашмат лягчэй распрацоўваць аднойчы абраны і апрабаваны глядацкай цікавасцю падыход, але такое меркантыльнае разважанне мяне не спыняе. Мне сумна паўтарацца дзеля матэрыяльных выгод.
Для мяне творчасць -- служэнне Богу, прыслухоўванне да голасу праўды, рух у невядомае. Мае карціны -- гэта медытацыі. Яны ў пэўным сэнсе люстэрка маёй душы, інтымны дзённік, сведчанне таго, як я ўспрымаю людзей, праз якія трансфармацыі праходзяць іх вобразы ў маёй свядомасці.
Для вас кожны твор -- вынік напружанай унутранай працы?
-- Я пішу, папярэдне асэнсаваўшы матэрыял. Зрок чалавека, як аб’ектыў, за сотую долю імгнення фіксуе тысячы карцінак. Пасля яны захоўваюцца ў глыбіні душы, нібы трапляючы на своеасаблівыя шалі, адкуль мастак дастае самае важкае, значнае. Калі падыходжу да мальберта, перад вачамі, бывае, стаіць туман. Паступова ён рассейваецца, я бачу контуры і абрысы будучых вобразаў. Так узнікае карціна. Фарбы таксама ніколі не кладуцца выпадкова, іх выбар дыктуюць пачуцці, падказвае сэрца. Праўда, часцей за ўсё колеры ў мяне трошкі размытыя, няясныя. Гэта таксама вынік напружанай працы думкі. Але я заўжды шчыры перад сабой. Калі застаешся сам-насам з палатном, нібы адчуваеш прысутнасць Бога. Без гэтага не можа быць сапраўднага мастацтва.
Ці азначае гэта, што вы нарэшце знайшлі самога сябе і ўжо не маеце патрэбы ў кардынальных зменах стылю і мовы сваіх твораў?
-- Працэс не можа быць спынены. Жыццё працягваецца, мяняецца, а разам з ім мяняецца і яго мастацкае ўвасабленне. Гэта прынцыповы момант. Нельга закансервавацца, існаваць па інерцыі і лічыць, што сённяшняя рэальнасць застыла на адной кропцы. Спыніўшыся ў пошуках, чалавек перастае думаць, пачынае верыць толькі ва ўласныя высновы, лічыць іх бездакорнымі і непарушнымі. Знікаюць бляск у вачах, жаданне чагосьці дабівацца, кантактаваць, спрачацца. Для мяне гэта падобна на смерць.
Тры гады таму вы сабралі вакол сябе аднадумцаў і стварылі нефармальнае творчае аб’яднанне «Арцель». За гэты час шэсць разоў праводзілі выставы аб’яднання, і штораз цікавасць наведвальнікаў была велізарнай. У чым сакрэт такога поспеху?
-- Творчасць кожнага з адзінаццаці сяброў аб’яднання -- Мацвея Басава, Уладзіміра Ганчарука, Валянціна Губарава, Аляксандра Забаўчыка, Рыгора Іванова, Васіля Касцючэнкі, Сяргея Малішэўскага, Сяргея Пісарэнкі, Сяргея Рымашэўскага, Алены Шлегель і вашага пакорнага слугі -- адметная па стылі, пластыцы, кожны мае моцнае энергетычнае поле, уласнае бачанне свету. Але нас аб’ядноўваюць шчырасць, нефармальныя адносіны да мастацтва. Натхненне не прадаецца! Так сказаў Аляксандр Пушкін, які жыў сваёй літаратурнай працай, часта заставаўся без сродкаў, браў пазыкі, але ніколі не паддаваўся спакусе лёгкіх заробкаў. Сябры «Арцелі» кіруюцца такімі ж прынцыпамі.
Са з’яўленнем аб’яднання мы атрымалі магчымасць абменьвацца досведам, ідэямі. Галоўны крытэрый сяброўства ў «Арцелі» -- шчырасць творцы перад сабой, інтэлігентнасць. Галоўная ўмова -- непадобнасць да іншых. Кожны павінен мець сваю творчую нішу, каб у выніку атрымаўся хор галасоў з рознымі рэгістрамі гучання. Нам гэта ў пэўнай ступені ўдалося. «Арцель» пазбаўлена папсовасці, хоць многія яе ўдзельнікі -- папулярныя мастакі, запатрабаваныя за мяжой і на радзіме. Ёсць чысціня і гучнасць мастацкіх выказванняў. Кожны з творцаў даследуе найбольш блізкі яму элемент выяўленчага мастацтва, безумоўна, не чынячы перашкод іншым: хтосьці інтэрпрэтуе прастору і форму, хтосьці будуе ўласны свет праз складаныя кампазіцыйныя прыёмы, хтосьці праз фактуру і пластыку матэрыялу асэнсоўвае асяроддзе. Але галоўнае, што дамінуе, -- гэта праца з колерам і каларытам палатна. Тут кожны дэманструе сваю жывапісную мову, спосаб бачання свету. Менавіта праз асаблівыя каларыты будуецца дынаміка экспазіцый.У «Арцелі» я імкнуўся стварыць асаблівую прастору, куды адзіным пропускам быў бы творчы і духоўны патэнцыял. Можна сказаць, што задума гэтая ўдалася. Тут мы акумулявалі шэраг важнейшых тэндэнцый сучаснага мастацтва Беларусі: якаснасць, талерантнасць, адкрытасць пошукам і эксперыментам. Мастакі аб’яднання нядаўна з вялікім поспехам прадставілі сваю творчасць у Таліне. Выстава мела назву «Арыстакратызм духу». Прадстаўленыя на ёй работы можна ахарактарызаваць як неарамантызм у беларускім мастацтве. Меўся на ўвазе арыстакратызм не як адзнака паходжання, а як высакародства, шчырасць у адносінах з людзьмі, добразычлівасць.
Адным з самых гучных вашых праектаў стала выстава, прысвечаная мастаку сярэбранага стагоддзя Віктару Барысаву-Мусатаву. Гэтую асобу вы выбралі невыпадкова?
-- Барысаў-Мусатаў быў сапраўдным прадстаўніком свайго часу: шчырым, інтэлігентным чалавекам. Ён пражыў усяго 35 гадоў і пакінуў светлы след у мастацтве, прысвяціўшы творчасць пошуку гармоніі, услаўленню прыгажосці прыроды і душы чалавека. У дзяцінстве мастак пашкодзіў пазваночнік і з-за гэта ў яго не склалася асабістае жыццё, але ён заўжды вылучаўся высакароднасцю, высокімі маральнымі прынцыпамі. Такімі, дарэчы, былі і многія з яго сучаснікаў, бо ў той час планку каштоўнасцей вызначалі станоўчыя героі, вера ў Бога, любоў. На жаль, заўжды надыходзіць перыяд, калі людзі стамляюцца ад ідэалаў і адвяргаюць іх. Тады адбываюцца рэвалюцыі. Адмова ад ідэалаў, на мой погляд, выклікала да жыцця і «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча. Магчыма, некаму фігура Барысава-Мусатава здалася архаічнай, але, несумненна, яна ключавы сімвал для разумення сённяшняга дня.
Сёлетняя выстава нашага аб’яднання прысвечана Сусветнаму дню Зямлі, які адзначае ААН. Гэта не проста экалогія нетраў, вады, паветра. Гэта абарона чалавека, яго душы, якая падверглася карозіі. Чалавек перастаў любіць, радавацца, жыць напоўніцу, быць шчырым у адносінах з іншымі людзьмі. Здавалася б, эгаізм -- гэта лепшае рашэнне асабістых, вузкіх праблем, самы эканамічны і просты спосаб існавання. Але жыццё пабудавана іначай -- тут усё знаходзіцца ва ўзаемазалежнасці.
Развіццё чалавецтва хвалепадобнае. Мы прайшлі ўжо шматлікія стадыі канфрантацый і раз’яднанняў, драпежных адносін да прыроды і да сабе падобных. Надышло прасвятленне -- і гэта шлях да выратавання, да культуры, гармоніі, узаемадапамогі. І тут роля інтэлігенцыі, роля мастацтва вельмі важкая. Экалогія душы становіцца першачарговай задачай. Мы павінны вярнуць чалавеку згубленую ім душу, спалучыць розум і сэрца. Без любові і спачування нам не выжыць.

Наталля ШАРАНГОВІЧ