Бывайце назаўсёды

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Тым, хто не трымае сабак, «Сабачнікаў» наўрад ці зразумець. Як не зразумела маладая жонка Кэйт — гераіня п’есы папулярнага на захадзе драматурга А.Р.Герні — свайго мужа, які ў апошні момант уратаваў сучку, што ледзь-ледзь не трапіла ў сетку жывадзёраў. Звалася сучка Сільвіяй, вакол яе ў п’есе з той жа назвай віравалі жарсці. Лёс жывёліны быў досыць бязрадасны. Як і ў дыпломнага спектакля чарговага выпускнога акцёрскага курса Беларускай акадэміі мастацтваў. Імя сабакі выклікае асацыяцыі з чымсьці «паветраным», «эфемерным».

/i/content/pi/mast/1/22/st18_1.jpg
В.Пляшкевіч (Кэйт).

/i/content/pi/mast/1/22/st18_2.jpg
«Сільвія» А.Р.Герні. Ю.Кадушкевіч (Сільвія). Дыпломны спектакль Беларускай акадэміі мастацтваў. 2006.

Літаратуразнаўцы падлічылі, што драматургічных сітуацый у творах усяе сусветнае літаратуры (ад Эсхіла да Курэйчыка) толькі трыццаць дзве; кожнай далі ўмоўную назву: «Папялушка», «Мантэкі — Капулеці», «Маска-пярэварацень» і г.д. Значную частку тут складаюць сюжэты, якія можна акрэсліць як «трохкутнік кахання»: мужчына жыве з адной, але пакахаў іншую; яна ўзяла шлюб з адным, але здраджвае з другім. Як сучасны модны варыянт, у першым выпадку на месцы трэцяй у трохкутніку кахання можа апынуцца трэці... А што, калі трэцім аказваецца... сабака?  Жывёлы як галоўныя дзейныя асобы, што рухаюць фабулу спектакляў, на тэатральных падмостках Мінска хоць і рэдка, але з’яўляюцца.

У аглядным мінулым гэта незабыўны «Бэмбі» ў ТЮГу (пастаноўка Юрыя Міроненкі), «Песні ваўка» Вячаслава Паніна ў Тэатры беларускай драматургіі, нядаўняя прэм’ера ў Тэатры кінаакцёра «Вельмі простая гісторыя» з вартаснай рэжысурай Аляксандра Яфрэмава; урэшце вось — «Сільвія». «Песні ваўка» ігралі некалькі гадоў у Мінску, на гастролях у Сібіры, пакуль у бойках «воўчай зграі» не падзёрліся ўшчэнт трэсы-«шкуры». Свежы спектакль Яфрэмава яшчэ толькі набірае майстэрства і папулярнасць у гледачоў. Драматычна выглядае сітуацыя з «Сільвіяй»: выдатная студэнцкая дыпломная праца, вартая сцэны сталічнага тэатра, якая ўзбагаціла б ягоны рэпертуар, была паказана чатыры-пяць разоў з коштам квітка ў паўпачка цыгарэт. Хутка «Сільвія» назаўсёды сыдзе з афішы.

Мужчына на вуліцы ратуе сабаку, прыводзіць у дом, аказваецца, што гэта «дзяўчынка», высвятляецца яе імя — Сільвія. Актрыса — выканаўца гэтай ролі — не гаўкае, не начэплівае маску ці хвост; так, час ад часу нейкім няўлоўным рухам, вяртлявасцю выдае сабачыя звычкі, а ўвогуле паводзіць сябе як каханка-капрызуля. Яны лашчацца, клапоцяцца адно аб адным, прагульваюцца разам, гуляюць з чырвоным мячыкам... Але Ён мае жонку — і тая, з жорсткім імем Кэйт, адразу, з першага погляду неўзлюбіла сучку. Магчыма, спрацавала жаночая інтуіцыя. Яе раздражняе сабачая поўсць на пакрывале канапы, нервуе клопат мужа пра самаадчуванне і настрой Сільвіі, яна ўзрываецца, калі бачыць пагрызеныя сабакам свае новыя пантофлі. Неверагодна, але мы ўпэўніваемся, што Кэйт па-жаночы ўзраўнавала і, па сутнасці, паставіла мужу ўмову: я ці сабака!

Рэдка на акцёрскіх курсах трапляюцца дзве такія таленавітыя і яркія асобы, як Юля Кадушкевіч (Сільвія) і Вераніка Пляшкевіч (Кэйт). Юля ўжо вядомая гледачу: паспела «засвяціцца» ў некалькіх фільмах. Яна і «купалавец» Зміцер Есяневіч — два жывыя, хоць і не галоўныя, персанажы ў новай «беларусь фільмаўскай» агітцы «Я ўзгадваю...» Гераіня Веранікі ў спектаклі — сухая, прагматычная Кэйт у акулярах, засяроджаная на сваёй навуковай працы і падтрыманні звыклага парадку ў хаце, які міжволі парушае вяртлявы сабака. Яна бачыць і, галоўнае, адчувае, што Ён, законны муж, усё больш увагі аддае Сільвіі, а клопаты законнай жонкі кранаюць яго ўсё менш. Такога «трохкутніка кахання» не ведала сусветная драматургія, не бачылі мінскія аматары тэатра... І не ўбачаць. Сядзіш на праглядах і шкадуеш: столькі клопату паклалі «бацька» акцёраў, кіраўнік курса Фама Варанецкі (дзеля педагагічнай працы ён пакінуў купалаўскую сцэну, выхаваў вядомых ужо Ю.Палубінскую, А.Шпакоўскую, М.Зуя), кампазітар Аляксей Еранькоў, мастак Андрэй Меранкоў, маладыя выканаўцы і, галоўнае, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Валянціна Еранькова! Спектакль — гэты, па-кіношнаму кажучы, «адыходзячы аб’ект» — нават не зняты на стужку.

Не, былі ў гісторыі акадэміі — некалі тэатральна-мастацкага інстытута — спробы захаваць курс цалкам, уліць яго ў трупу тэатра разам з аздобленымі дыпломнымі спектаклямі, што ўзбагачалі афішу. Такім быў курс Д.Арлова, выпушчаны ў 1961 годзе: з «Дзядзькам Ванем», «Арыстакратамі», з шэкспіраўскай камедыяй прыбылі да «коласаўцаў» у Віцебск. І што? Праз сезон там, здаецца, нікога не засталося: хто ў Маскву, хто ў Мінск, хто ў рэжысуру. У 1970 годзе вялікі акцёрска-рэжысёрскі курс  — 56 чалавек! — што набра лі В.Рэдліх, Б.Платонаў, Г.Глебаў, неўзабаве асірацеў: адышлі адзін за адным вялікія  майстры. І.Ждановіч і Г.Старкоўская, як маглі, давялі маладых да дыплома. Многія атрымалі прапановы працаваць у сталічных тэатрах.
 — Дзе там! Агульнае рашэнне было: толькі ў Бабруйск! — смяецца сёння Валянціна Еранькова. — А курс наш быў моцны! Вядомыя сёння імёны: Валерый Шушкевіч, Валерый Філатаў, Юрый Міроненка, Андрэй Мароз (цяпер кінарэжысёр), Анатоль Жур, Міхаіл Кавальчык... А ў Бабруйску не пратрымаліся доўга: неўзабаве разляцеліся — у кожнага свая сцяжынка, свой лёс.

Вось каму спачатку пашанцавала, дык гэта выхаванцам У.Мішчанчука: яго курс выпуску 2003 года са спектаклем «Сон на кургане», што паставіў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Горкага народны артыст Беларусі Барыс Луцэнка, уліўся ў трупу славутага тэатра. Маладыя акцёры сталіся ўлюбёнцамі рэжысёра: амаль усе былі заняты ў ягонай наступнай пастаноўцы  «Анжэла і іншыя» побач з ветэранамі сцэны. Далей — прысвечаны 60-годдзю Вялікай Перамогі «Выпадковы вальс», сыграны сіламі толькі маладых. Яго паказвалі на міжнародных фестывалях у Маскве і Волагдзе (Гран-пры), на гастролях у Казані, Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Саранску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску. Гледачоў цікавіць і ўражвае: як гэта дваццаці-з-нечым-гадовыя акцёры так пранікліся пачуццямі і пакутамі воінаў Айчыннай вайны — па сутнасці, сваіх равеснікаў! І ў наступным спектаклі «Ніначка», і ў пастаноўках для дзяцей заняты маладыя «мішчанчукоўцы». Але... работа іх у спектаклях, так бы мовіць, «гронкавая», яшчэ мала хто за тры сезоны паказаў сваю сцэнічную індывідуальнасць, узрушыў адметнай акцёрскай шчырасцю. І тут адчуваецца раскол: нехта не хоча быць «на падхопе» і ўжо пакінуў трупу, нехта паглядвае на дзверы...
— Можа, так і павінна быць, — разважае Валянціна Еранькова. — Збіраемся разам адно на пахаваннях калег. Няма ў  аднакурснікаў патрэбы сабрацца з якой іншай нагоды: пабачыліся, пасумавалі — і разышліся: няма пра што гаварыць,  нецікавыя адзін аднаму, апатыя да мінулага... Мо саромеемся прызнацца, што насуперак юнацкім намаганням не сталі ні Андрэямі Міронавымі, ні Барысамі Платонавымі, ні Таўстаногавымі, якімі бачыліся сабе ў студэнцтве...
 
Трохкутнік ператвараецца... у чатырохкутнік: Сільвія зацяжарала ад сабакі-прыблуды Боцмана! Як ні лашчыцца яна да гаспадара, як ні спрабуе ўзнавіць былыя бясхмарныя адносіны, бескла потныя гульні з чырвоным мячыкам, як ні запэўнівае, што любіць толькі Яго, што Боцман — гэта так, фізіялагічная вясновая патрэба, — Ён з рэўнасці вядзе даверлівую Сільвію да ветэрынара і стэрылізуе ўлюбёніцу: больш ёй ніколі не мець шчанюкоў. А што ж яна?! Рыхтык як моцна закаханая жанчына: даруе
 
Яму, любімаму гаспадару, страшэнную здраду. І зноў між імі — згода і лад. Але адносіны Яго з жонкай на мяжы разрыву: Кэйт не можа і не хоча больш цярпець побач саперніцу, якой, па сутнасці, стала ў доме Сільвія. Але разумны сабака знаходзіць сцяжынку і да сэрца жанчыны: Кэйт адмяняе навуковую стажыроўку ў Лондане — на каго ж пакінуць Сільвію? У фінале голас за сцэнай даносіць, што надалей жылі яны ўтраіх доўга і шчасліва, як у казцы.
 
 А дыпломнаму спектаклю, дацягнуўшы да лета, надалей ужо не жыць: лёсы «Сільвіі» і Сільвіі — адрозніваюцца. Як заўсёды пасля выпуску, падымуць выхавацелі і дыпламаваныя ўжо акцёры — мо, упершыню — келіхі, старэйшыя шчыра пажадаюць шчаслівага творчага шляху, вечнага плёну, а маладыя з выразам весялосці і бесклапотнасці на тварах не змогуць пазбыцца навязлівага пытання: а як адшукаць гэта, як набыць? І жаль па сыгранай з такім натхненнем — пазаўчора ў апошні раз! — ролі будзе вярэдзіць сэрца... 
 
Што ж, гэта лёс усіх тэатральных дзей — натхнёна ўвасобленых, але такіх недаўгавечных, паветраных, эфемерных... Дзякуй, «Сільвія», што дала выканаўцам адчуць сябе сапраўднымі творцамі, а гледачоў даводзіла да слёз — народны артыст-«сабачнік» на праглядзе іх ледзь стрымліваў. Дзякуй... І — бывай назаўсёды.

УЛАДЗІМІР АРЛОЎ