Але ён непазбежна тоіць небяспеку стаць чарговай «варыяцыяй на тэму». Гістарычны час пачатку XVI стагоддзя смутны і напружаны, але прывабны, бо дае магчымасць адысці ад канкрэтызацыі дэталяў. Вобраз княгіні Анастасіі Слуцкай ужо стаў своеасаблівым беларускім брэндам, ён як быццам ва ўсіх на слыху і не патрабуе дадатковых каментарыяў.
Лібрэта Анатоля Дзялендзіка, які шмат гадоў займаецца гэтым гістарычным перыядам (нагадаем ягоны сцэнарый фільма «Анастасія Слуцкая», 2003), крыху эклектычнае і заблытанае. Аднак не выпадкова ў жанравым вызначэнні (харэаграфічная легенда) акцэнтуецца ўмоўнасць таго, што адбываецца, прастора мастацкага вымыслу. Сюжэтныя калізіі спектакля толькі пункцірам акрэсліваюць гістарычныя рэаліі і на метафарычным узроўні раскрываюць ідэі вечных каштоўнасцяў, памяці пра мінулае, сілы духу, патрыятызму.
Для Вячаслава Кузняцова тэма беларускага Сярэднявечча адна з любімых. Ён працягвае лінію сваіх буйных работ у гэтым кірунку (кантата «Спевы даўнейшых ліцвінаў», «Сярэднявечная музыка» для камернага аркестра, балет «Вітаўт», харавыя «Беларускія канты»), выбудоўвае складаны музычна-тэматычны дыялог, у якім пазбягае прамых цытат, дакладнай стылізацыі месца і часу. Увогуле партытура «Анастасіі» атрымалася тэматычна насычанай і канцэнтраванай, натхнёнай і прафесійнай. Уражвае дэталёвая прапрацоўка музычных тым галоўных герояў.
Драматургія балета пабудавана на канфліктным сутыкненні двух светаў: Усходу (у самых шырокіх арыенцірах) і старадаўняй Беларусі. Трэцюю музычна-драматургічную лінію прадстаўляюць складаныя вобразы лірыка-псіхалагічнага плана, свет унутраных перажыванняў. Кожны з пластоў выпісаны індывідуальнымі фарбамі. Астынатнасць, ірваныя рытмы агрэсіўных медных духавых і ўдарных, дысанантнае сугучча супрацьпастаўляюцца жанрава-бытавым немудрагелістым найгрышам, кантыленным лініям, меладычнасці і гарманічнай мілагучнасці. У ярка-характарнай інструментоўцы вылучаюцца каларытныя тэмбравыя «тыпажы» і жанравыя амплуа з характэрнымі славянскімі кантавымі напевамі. Асаблівую семантычную ролю адыгрывае тэмбравобраз званоў.
Музычную стылістыку балета можна акрэсліць постмадэрнісцкай ідэяй «новай эклектыкі», у якую полістылістычнымі адгалоскамі ўплятаюцца характэрныя элементы-комплексы, выстройваюцца тонкія гукавыя масты-паралелі — ад старадаўніх напеваў да Орфа, Пракоф’ева, Стравінскага, сусветнай балетнай класікі, сучаснай кінамузыкі. Калі згадаць класічную сентэнцыю «якая тэма, такое і яе рашэнне», можна канстантаваць, несумненна, якасную і высакапробную працу кампазітара ў гэтым опусе.
Аркестр пад кіраўніцтвам Андрэя Галанава ў цэлым справіўся з пастаўленай задачай. Дырыжорам былі праакцэнтаваныя ўсе лініі і фарбы, хоць самім аркестрантам яшчэ неабходна набыць інтанацыйную ўпэўненасць у сольных эпізодах, збалансаваць ансамблевае гучанне. Не заўжды пераконвалі зададзеныя тэмпарытмы, асабліва ў лірыка-псіхалагічных эпізодах, якія гучалі ў крыху запаволеным тэмпе, агаляючы тэхнічныя швы ў харэаграфіі (падняў, апусціў, пракруціў).
Агульнае візуальнае ўражанне ад «Анастасіі» застаецца цалкам пазітыўным. Мінімалізм дэкарацый (мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка) не выключае іх глыбокага сімвалічнага напаўнення: абліччы старцаў з фрэсак Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, папялішчы і разбураныя паселішчы. Грунтоўныя і эфектныя касцюмы Кацярыны Булгакавай умоўна акцэнтуюць час і гістарычную прыналежнасць герояў.
На жаль, у падсвядомасці засталося дакладнае ўяўленне пра «Анастасію» як пра «другую серыю» «Вітаўта», што непазбежна выклікала жаданне параўнаць. Балетмайстар-пастаноўшчык Юрый Траян зноў выбраў шлях досыць прамалінейнага ілюстравання падзейнага шэрагу. Невыразнасць у пластычным вырашэнні вобразаў, дакучлівая рэалістычнасць і прадказальнасць рашэнняў часам выклікалі востры дысананс у кантрапункце бачнага і чутага.
Харэаграфія балета пакідае ўражанне сюітнасці, пярэстага калажу з кантрасных эпізодаў, не хапае агульнай дынамікі і злітнасці. Лексіка танца пераважна класічная, у ёй прысутнічаюць складаныя падтрымкі ў дуэтных сцэнах, але відавочна прачытваюцца і цытаты-клішэ, якія выклікаюць імгненную адсылку да пастановак Валянціна Елізар’ева, класічных інтэрпрэтацый «Палавецкіх скокаў» Барадзіна.
Асабліва хацелася б адзначыць пластычнае майстэрства і сцэнічнае абаянне Ірыны Яромкінай (Анастасія) і Антона Краўчанкі (Сямён), Юрыя Кавалёва (Міхаіл Глінскі) і Аляксандры Чыжык (Заіра). Людміла Уланцава мае значныя прафесійныя і творчыя перспектывы, таму партыя Анастасіі для яе безумоўны трамплін. У эмацыйна-вобразным плане асабліва вылучаюцца Канстанцін Геронік і Такатошы Мачыяма, выканаўцы партыі хана Ахмата.
І ўсё ж пасля «Анастасіі» слушным і адкрытым застаецца пытанне: як далей будзе развівацца лінія нацыянальнага балета? Асабіста мне ў будучых сезонах хацелася б убачыць сапраўды арыгінальныя харэаграфічныя пастаноўкі беларускіх аўтараў.