А ён і ўзлятае! У жыцці маэстра Казінца было шмат зорных імгненняў, што ўзносілі яго на вяршыні поспеху. І Міхаіл Антонавіч ніколі не забывае, у чым заключаецца сакрэт паспяховасці. Ён — у штодзённай працы. Руціннай, руплівай, часам стомнай, але заўсёды ўдзячнай і творчай. Працы, якая і ператварыла сялянскага хлопчыка-гарманіста Мішу Казінца ў выдатнага музыканта, дырыжора і грамадскага дзеяча. Сёння дзякуючы свайму няспыннаму падзвіжніцтву Міхаіл Казінец — у шэрагу асоб, што складаюць інтэлектуальную эліту нашага грамадства.
З 1975 года маэстра Казінец узначальвае Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Такі доўгі перыяд знаходжання на пасадзе кіраўніка найбуйнейшага музычнага калектыву краіны — беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага музычнага мастацтва. Міхаіл Казінец з’яўляецца непасрэдным пераемнікам Іосіфа Жыновіча, для якога аркестр быў справай усяго жыцця. Казінец не толькі пераняў эстафету ў старэйшага калегі, але памножыў славу аркестра, вывеў яго на высокія творчыя рубяжы і зрабіў асяроддзем бліскучых прафесіяналаў, што вызначаюць моду ў музычным выканальніцтве на народных інструментах.
Свой юбілей майстар адзначыў серыяй з трох канцэртаў, якія маюць назву «Музычны марафон Міхаіла Казінца». Зноў-такі, згодна сваёй звычцы неверагодна ўскладняць задачы першы канцэрт дырыжор вырашыў правесці з філарманічным сімфанічным аркестрам. І адыграў надзвычай складаную праграму: у 1-м аддзяленні прагучаў Канцэрт для скрыпкі з аркестрам Рэ мажор Брамса, у 2-м — сімфонія Чайкоўскага «Манфрэд». Выдатны скрыпач Арцём Шышкоў для выступлення ў канцэрце спецыяльна прыехаў з Германіі. Ён быў першым у чарадзе колішніх студэнтаў Беларускай акадэміі музыкі, што прымалі ўдзел у канцэртах з нагоды юбілею дырыжора.
Больш за 20 гадоў Міхаіл Антонавіч служыў рэктарам Беларускай акадэміі музыкі. Былыя студэнты сталі цяпер вядомымі ва ўсім свеце музыкантамі, але выдатна памятаюць, якім аўтарытэтам і павагай карыстаўся калісьці іх рэктар у асяроддзі студэнцтва. За гэтыя гады ён перайграў са сваімі зорнымі выпускнікамі дзясяткі канцэртаў. Зрабіў стаўку на іх і падчас святкавання юбілею. Сімфанічны канцэрт дырыжор правёў на вялікім уздыме, як вымагала таго адухоўленая музыка Брамса і Чайкоўскага. У жэстах маэстра адсутнічала знешняя патэтыка. Наадварот, ён быў надзвычай стрыманы, засяроджаны і адначасова натхнёны. Яго настрой перадаваўся аркестру і салісту, што разам з дырыжорам выдатна ўвасобілі змест эмацыйна насычаных і складаных твораў класікі.
У другім канцэрце цэнтральнай падзеяй зрабілася прэм’ера новага сачынення Ларысы Сімаковіч «Скарына. Вяртанне» для сімфанічнага аркестра, хору і саліста. Асобы маштабу Скарыны — гэта пуцяводныя зоркі беларушчыны. Іх служэнне ідэалам нацыянальнага адраджэння стала прыкладам для нашчадкаў. Але ўвасабленне вобразаў асветнікаў у творах сучаснага мастацтва сёння само па сабе з’яўляецца падзвіжніцтвам, вартым высокіх адзнак. Бо гэта і ёсць той самы «нефармат», які рухае наперад грамадства.
Ларыса Сімаковіч і Міхаіл Казінец доўгім і плённым супрацоўніцтвам даказалі, што крок за крокам становяцца ў шэраг маральных лідараў нацыі. Прэм’еры кшталту «Скарыны...» гэта пацвярджаюць зноў і зноў. Некалькі гадоў таму іх тандэм спарадзіў і такія грандыёзныя творы, як «Апокрыф» паводле Багдановіча і «Люцыян Таполя» да 100-годдзя Максіма Танка.
Калі ж гаварыць аб арганізацыйным аспекце работы, дык дзіву даешся, як за такі кароткі тэрмін (лічы, тыдзень пасля папярэдняга канцэрта!) удалося Міхаілу Антонавічу «ўзняць з нуля» найскладанейшае музычнае палатно! Хоць задоўга да прэм’еры ён пастаянна сустракаўся з Ларысай, нават калі яна толькі пачынала працаваць над творам. Яны абмяркоўвалі напісанае, і Міхаіл Антонавіч нечакана прапанаваў ёй «ажывіць» вобраз Скарыны і даручыць яго партыю Яну Жанчаку. Сын кампазітара — таленавіты рок-спявак, удзельнік мноства праектаў аркестра імя Жыновіча. А калі ўлічыць, што «Скарына» ствараўся на вершы мужа Ларысы Сімаковіч, адметнага беларускага паэта Барыса Жанчака (на жаль, нябожчыка), дык твор паўстае асабістым прынашэннем.
Прэм’ера атрымалася гучная і кранальная. «Ну, вось i ўсё. Праект ажыццявiўся, канцэрт у мiнулым, а думкi пра яго пакуль не пакiдаюць мяне, — напісаў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” на другі дзень пасля канцэрта Дзмітрый Хлявіч, хормайстар Дзяржаўнай харавой капэлы імя Шырмы. — Як заўжды, элегантны, сабраны, эмацыянальна стрыманы маэстра, як шкловыдзімальшчык, выдзімаў яскравыя эмоцыi з выканаўцаў. Увесь час, тым не менш, ён трымаў сiтуацыю пад поўным сваiм кiраваннем. Нiчога дзiўнага, усё як звычайна, як мы i прызвычаіліся бачыць. I ўжо немагчыма верыць, што гэты канцэрт — частка марафону, якi маэстра Казiнец ладзiць з нагоды свайго юбiлею. Мне здаецца, што ў момант узняцця дырыжорскай палачкi з ягоных плячэй звальваецца гара гадоў. Вiват, маэстра, нашы шчырыя вiншаваннi!»
Але прэм’ера твора Ларысы Сімаковіч была не адзіным сюрпрызам незабыўнага вечара. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі ўдзельнічаў адно ў прэм’ерным паказе «Скарыны». Пасля антракту месца на сцэне заняў аркестр імя Жыновіча. Заслона ў другім аддзяленні адкрывалася пад джазавую п’есу «Tiger Feet». Публіка была ў захапленні ад такой перамены дэкарацый. І сапраўды, рэдка калі ў адным канцэрце выступаюць два аркестры, ды яшчэ якія! У 2-м аддзяленні слухачы атрымлівалі асалоду ад ігры музыкантаў-віртуозаў, імі славіцца аркестр. Сваім майстэрствам бліснулі лаўрэаты міжнародных конкурсаў цымбалісткі Галіна Лазовік і Марта Галубко, баяністы Уладзіслаў Плігаўка і Дзяніс Чорны.
Сярод іх, між іншым, выступаў і зусім юны дэбютант, з’яўленне якога было хвалюючым для юбіляра. Бо ён слухаў свайго 8-гадовага ўнука і поўнага цёзку Мішу Казінца. Спецыяльна для яго на сцэну выкацілі вялікі канцэртны раяль, і маленькі піяніст даволі бойка сыграў «Ронда-такату» Дзмітрыя Кабалеўскага, выклікаўшы шквал апладысментаў. А кульмінацыяй вечара стала выступленне выдатнага цымбаліста і джазмена Міхаіла Лявончыка, якога называюць «Паганіні цымбалаў». Міхаіл спецыяльна прыехаў з Германіі, каб ушанаваць маэстра Казінца, бо і ён — яго былы студэнт. Як і цяперашнія зоркі Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ніна Шарубіна, Анастасія Масквіна ды Ілля Сільчукоў. Вядучыя майстры беларускай опернай сцэны выступалі з аркестрам Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца ў заключным канцэрце «Музычнага марафону».
Гэты канцэрт таксама атрымаўся значным і ўрачыстым, але па агульнай атмасферы быў, бадай, самым цёплым і шчырым. У 1-м аддзяленні ў выкананні аркестра і трыяды оперных салістаў гучалі арыі з папулярных опер і аперэт. Удалым быў імправізаваны спіч Іллі Сільчукова, адрасаваны маэстра Казінцу. Ілля падзяліўся сваімі ўспамінамі пра гады навучання ў Акадэміі музыкі, калі яе ўзначальваў Міхаіл Антонавіч. А потым а капэла праспяваў журботную і прыгожую песню Рыгора Пукста на словы Янкі Купалы «Шумныя бярозы», літаральна ўзарваўшы залу.
Цёпла сустрэла публіка выдатную цымбалістку Аляксандру Дзенісеню, якая прыехала на юбілей маэстра з Францыі, дзе цяпер працягвае навучанне. Пасля антракту дырыжора віншавалі салісты аркестра Марына Васілеўская і Ігар Задарожны, майстры беларускай эстрады, якім Міхаіл Антонавіч дапамог ажыццявіць мноства цікавых творчых праектаў разам з аркестрам. Да вакалістаў ён увогуле заўсёды ставіцца з асаблівай павагай. У свой час пільна сачыў і апекаваўся таленавітым студэнтам Акадэміі музыкі Пятром Ялфімавым. За гэты час Пётр стаў вялікім сябрам аркестра Жыновіча і асабіста яго кіраўніка. Па запрашэнні маэстра ўдзельнічаў ў мностве праграм аркестра, неаднаразова ездзіў з калектывам на гастролі. Пётр пастаянна спявае ў вялікіх тэатральных праектах аркестра «Песня пра долю» і «Гусляр» на музыку Уладзіміра Мулявіна і Ігара Лучанка. Цяпер Пётр жыве ў Маскве, але з захапленнем адгукнуўся на прапанову выступіць на канцэрце ў гонар маэстра. Ён спяваў любімыя творы, якія неаднаразова выконваў з аркестрам, — «Алесю», «Зачараваную», «Чырвоную ружу», «Марысю», арыю Гусляра. А завяршала яго выступленне і ўвесь марафон кампазіцыя «Мой родны кут» Ігара Лучанка на верш Якуба Коласа — любімая песня Міхаіла Антонавіча, што стала з гадамі шчымлівай споведдзю яго ўласнай душы. «Родны кут» — гэта Вілейшчына, дзе ён нарадзіўся, і ўся Беларусь, якой ён прысвячае жыццё.
Яшчэ адзін феномен «Музычнага марафона Міхаіла Казінца» — поўныя залы на ўсіх трох канцэртах, нягледзячы на тое, што яны адбыліся ў адзін месяц, амаль запар. Нават самыя далёкія ад музыкі людзі пасля канцэртаў «Музычнага марафону» выходзілі з філармоніі ў прыўзнятым настроі, узрушаныя пачутым і пабачаным. А гэта самая вялікая ўзнагарода для артыста. Міхаіл Казінец зноў перамог. Бо не забывае дэвізу свайго любімага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, якога часта любіць цытаваць: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш».
Вольга Брылон