Мяркуючы па выставе, Рыгор Сітніца часу не марнаваў, і яму ёсць што расказаць як калегам па творчым цэху, так і паспалітаму гледачу. Ён цікавы і людзям свайго пакалення, і наступнікам. Больш таго, творчасць Рыгора Сітніцы, на маю думку, з’яўляецца вобразным асэнсаванне цэлага перыяду гісторыі краіны і перакладам на зразумелую людзям мову стрыжнёвых пастулатаў нашай нацыянальнай ідэі.
Непасрэдным настаўнікам Сітніцы ў Акадэміі (па тым часе — Тэатральна-мастацкім інстытуце) быў таксама класік — Васіль Шаранговіч, ад якога малады мастак мог навучыцца грунтоўнасці пры распрацоўцы тэмы і здольнасці дасягнуць эстэтычнай выразнасці без звароту да штучных эфектаў і пры максімальнай захаванасці аўтэнтычнага ладу.
Дыпломная работа Сітніцы, якую ён абараніў у 1982 годзе, называлася «Беларускія народныя ўмельцы». Нагадаю, што ў гэты час не толькі ў Беларусі, але ва ўсіх савецкіх рэспубліках былі надзвычай актуальныя этнаграфічныя матывы. Гэта была нармальная рэакцыя нацыянальных творчых асяродкаў на палітыку культурнай уніфікацыі, якая праводзілася ў Савецкім Саюзе на працягу ўсёй яго гісторыі. Дакладней, рэакцыяй на перагібы гэтай палітыкі. Немагчыма ўтрымаць дзясяткі нацый і народнасцей пад адным дзяржаўным дахам пры адсутнасці агульнай для ўсіх сістэмы каштоўнасцей. Але ж і людзям хочацца захоўваць сваю самасць. Знайсці баланс цяжка. Так званы этнаграфізм як мастацкая з’ява і быў пошукам такога балансу.
У пазнейшыя часы Рыгор Сітніца звяртаецца ў сваіх творах да адлюстравання і асэнсавання падзей беларускай нацыянальнай гісторыі. Той гісторыі, якую не вучылі ў школе, за цікаўнасць да якой ў брутальныя 1930 — 50-я можна было трапіць у дужа небяспечную намінацыю «вораг народа». У графічных аркушах Сітніцы, прысвечаных нашай сярэднявечнай дзяржаве Вялікаму Княству Літоўскаму, іншым чыннікам беларускай гісторыі няма ні ідэалізацыі, ні дэманізацыі даўніны. Ёсць выразны эстэтычны код для выяўлення драматычнага кантэксту лёсу цэнтральнага народу Еўропы. Безумоўна, і этнаграфізм, і гістарызм у творчасці Сітніцы мелі пэўны палітычны падтэкст, з’яўляліся і з’яўляюцца дагэтуль аргументам за наша права быць самімі сабой на нашай зямлі. Аднак, да гонару аўтара, ён не перайшоў тую мяжу, калі палітыка мастацтва падмінае.
Рыгор Сітніца мог бы зрабіць персанальную выставу, што ўвабрала б у сябе і часы вучнёўства, і пошук уласнага почырку, і распрацоўку сваёй тэмы, і знакавыя, этапныя работы розных перыядаў. І, дальбог, гэта было б цікава, асабліва для тых, хто кепска ўяўляе, які шлях прайшло наша мастацтва з 1980-х да сённяшніх дзён. Але ён вырашыў засяродзіцца на творах апошніх гадоў. Ёсць і ранейшыя, з 1990-х, але выключна такія, што адпавядаюць сённяшнім канцэптуальным прыярытэтам мастака.
Мне падаецца, чым большы чалавек мае досвед, тым больш увагі надае дэталям, фрагментам, нюансам, якія па маладых гадах папросту не заўважыў бы. У некалькіх графічных нізках («Сустрэтае», «Суб’ектыўная рэчаіснасць», «Шпацыр уздоўж паркана», «Настальгія»...) аўтар разважае пра жыццёвыя каштоўнасці з гледзішча сталай асобы, якая ведае больш, чым гаворыць; якой, каб зразумець сутнасць доўгага сумоўя, дастаткова аднаго выпадкова (нібыта выпадковага!) сказу. Рыгор Сітніца вылучае з сістэмы фрагмент, па якім глядач сам выбудуе тую сістэму ў адпаведнасці з уласным эмацыйным і практычным досведам.
У гэтых нізках і асобных аркушах увасоблены думкі чалавека, які пабачыў свет і пры жаданні здолеў бы стала атабарыцца, бадай, дзе заўгодна, але ні на што не змяняе родны кут. На выставе мне згадалася колішняя размова з замежнікам, грамадзянінам усходнееўрапейскай краіны, што адносна нядаўна ўвайшла ў Еўрасаюз. Я расказаў яму пра беларускага мастака, якога запрашалі працаваць у Лондане, а ён вырашыў не ехаць далей Масквы. Бо з расійскай сталіцы ён заўжды можа хутка прыехаць у Мінск, дзе ў яго маці, а з Брытаніі не надта наездзішся. Мой суразмоўца быў гэтым вельмі здзіўлены, не адразу знайшоў словы для каментара, а ўрэшце назваў такую пазіцыю праявай глупства.
Ён хутчэй за ўсё і Рыгора Сітніцу не зразумеў бы...
Як я ўжо адзначаў, асаблівасцю твораў гэтай персанальнай выставы з’яўляецца іх падкрэсленая фрагментарнасць. Панарамны твор толькі адзін — краявід старой Нямігі. Такой была гэта вуліца, пад якой схаваная галоўная рака нашай гісторыі, да грунтоўнай пераробкі. Калісьці вуліца паўтарала завароты ракі, цяпер яна ў простую лінія. Для транспарту зручна. Праз пакаленне мінчукі будуць думаць, што так яно і было ад пачатку. Гэты твор — узор «прыватнай археалогіі» (так называецца адна з нізак выставы), якой мастак займаецца, бадай, усё сваё свядомае жыццё. Рыгор Сітніца, не выходзячы з майстэрні, вандруе ў беларускім часе і ў прасторы беларускай падсвядомасці. І адкрывае дапытліваму гледачу з нечаканага гледзішча яго ўласную краіну.
Пётра Васілеўскі