Да такіх нешматлікіх людзей я стаўлюся з піетэтам і пачынаю размову (гэтая адбылася на адкрыцці выставы ZBOR In Progress) словамі:
Можна я з вамі пасяджу?
— Так.
(Лёнік замяняе словы ўсмешкай, паўусмешкай, паўжэстам, паваротам галавы. Ён сядзіць на фоне сваёй маляўнічай жывапіснай працы на выставе ZBOR, і гэтага дастаткова. Проста ён ёсць у гэтым жыцці, у гэтай прасторы. Лёнік — адзін з 10 самых дарагіх мастакоў Польшчы і самы вядомы польскі беларускі мастак. Ён нават удзельнічаў у палітычным жыцці Падляшша, прымаў удзел у жыцці беларускай дыяспары i стаў заснавальнікам штогадовага музычнага фестывалю «Басовішча». Але гэтага Лёніку мала: з запалам мастака ён разводзіць байцоўскіх і дэкаратыўных курэй і перамагае ў мiжнародных спаборніцтвах.)
Прабачце, можна мне размаўляць па-руску? А вы — як вам зручна, хоць па-англійску, я зразумею вас.
— Вядома, але я рэдка размаўляю па-руску. І не вельмі добра. Аднак гэта няважна, і не вельмі мне патрэбна. У маёй вёсцы мы гаворым па-беларуску. У Варшаве па-польску. Самае смешнае было, калі я паехаў у Расію, у Кемерава, і быў там у гасцях у польскай суполцы. І я з палякамі павінен быў размаўляць па-руску — вось гэта было дзіўна. Так што мова — справа такая... Адносная.
У савецкі час была такая ўстаноўка: мастак за мяжой прадстаўляе сваю краіну. Потым яна змянілася і з’явілася ўдакладненне, што ўсё ж такі не краіну, а мастацтва краіны. Яшчэ пазней людзі казалі пра сябе як пра прадстаўнікоў пакалення, хвалі або групы. Напрыклад, Мінская школа фатаграфіі або «Няміга 17». Але цяпер на вялікіх міжнародных выставах я ўвесь час камунікую з мастакамі, якія прадстаўляюць толькі сябе, і нічога іншага. Ні грамадзянства, ні месца пражывання, ні этнас нікога не хвалююць — усё гэта ўжо «зашытае» ў індывідуальнасць. А эфектыўней за ўсё працуе калабарацыя, інтэграцыйныя працэсы. Што вы пра гэта думаеце?
(Паралельна Архітэктурнаму біенале ў Венецыі я паглядзела некалькі выстаў «The Venice Glass Week». Мабыць, у працяг праекта Glasstress, які працуе падчас арт-біенале, то-бок праз год, арганізатары вырашылі нагадаць пра сябе разам з архітэктурай таксама. Першы сюжэт заспеў мяне ў Музеі прыродазнаўчай гісторыі, дзе адye з залаў падалі для інсталяцыі «Успаміны пра рай» французскай мастачкі в’етнамскага паходжання Кім Кататамалунэ. Музей — вельмі статусная інстытуцыя, і ў Кім надзвычай фантазійнае шкло. Канцэпцыя, дызайн экспазіцыі, немалы бюджэт відавочныя. Другой была галерэя сучаснага мастацтва «Icona Venezia»: тут ліванская мастачка з Канады паказала «Уражанні» — аб’екты са шкла, відэа, фатаграфію. Далей, нічога не выбіраючы па праграме, заходжу ў галерэю літаральна насупраць гатэля і бачу майстра, які працуе са шклом прама тут. Ён з Сенегала, былы спартовец, вучыўся і жыве ў Венецыі. Гэта яшчэ не ўсё. У «Murano Glass Anastasia» размаўляю з дзяўчынай-прадаўцом. Пра шкло, пра Мурана. У нейкі момант пасля доўгай гутаркі па-англійску прамаўляю беларускую назву. Дзяўчына ўсміхаецца: яна Насця, з Пінска. Вучылася ў Піцеры, потым у Італіі. Яе настаўнік мае ўласную майстэрню ў Мурана, і ў галерэі прадаюцца працы іх абодвух. Задаю сабе пытанне: што яшчэ я хачу ведаць пра міграцыю і супрацоўніцтва? Магу толькі сказаць, што ўсе гэтыя людзі — вельмі адважныя. Іх радзіма — адна з ідэнтычнасцяў, і яны мастакі. Я гэта бачыла на ўласныя вочы.)
— Так, я таксама заўсёды быў сам па сабе. І заўсёды быў беларусам. Але калі казаць аб прадстаўніцтве, гэта пытанне сувязі... У мяне такая сувязь, складаная і супярэчлівая, ёсць з Варшаўскай акадэміяй. Спачатку я туды не паступіў. Пайшоў у войска, і праз год усё-такі здаў экзамены — быў такі закон, што можна было паступаць вайскоўцам. Яшчэ праз год пачаў вучобу, але неўзабаве мне дазволілі пісаць дома — так вырашыў мой прафесар і так я займаўся мастацтвам больш, чым студэнты са звычайным графікам вучобы. Хоць спачатку прыйшлося даганяць сталічных вучняў. Маім прафесарам быў Тадэвуш Дамiнiк, потым доўгія гады мы з ім сябравалі. У той жа Акадэміі я некалькі гадоў выкладаў, хоць да мяне там ставіліся як да чужынца, ды яшчэ правінцыяла. Ні ў гады вучобы, ні пазней маю беларускасць наогул не ўспрымалі ўсур’ёз. Потым я пайшоў з кафедры жывапісу і цяпер працую ў Майстэрні жывапісу на аддзяленні медыямастацтваў, але гэта таксама акадэмічная структура. Жыву ў сябе ў вёсцы, у Валілах, а два дні на тыдзень заняты ў Варшаве. Такая ў мяне сувязь з Акадэміяй, такі досвед.
На прэс-канферэнцыі вы сказалі, што адзінае мастацтва, якое ёсць, — гэта сучаснае мастацтва. Што вы мелі на ўвазе? Куратары ZBOR in Progress таксама гавораць калі не пра супрацьстаянне, то пра сваё адмысловае становішча, пра стварэнне музея новага мастацтва.
— Усё не так проста... Я меў на ўвазе, што мастацтва шукае тое, яшчэ не вядомае, што кажа пра новае і па-новаму. Тыя, хто не ўзлюбіў мяне ў Акадэміі, трымаліся за свае пасады, за рэгаліі, а не за мастацтва. Так што ў Польшчы гэтае супрацьстаянне з кансерватыўным напрамкам таксама ёсць. Выстава ў Беларусі (1993), адзіная за гэтыя гады, далася мне вельмі няпроста: было неразуменне, старыя стэрэатыпы, спрэчкі. А мы (беларускія мастакі, якія жывуць за мяжой і ў Беларусі, аб’яднаныя праектам ZBOR. — Л.Г.) увесь час шукаем, якім павінна быць мастацтва, нават жывапіс, каб заставацца сучаснымі. Медыямастацтва дае гэтыя магчымасці, напрыклад святло, гэта вельмі цікава тэхнічна, але гэта форма. А індывідуальнасць — гэта тое, што трэба развіваць, гэта не паўтарэнне пройдзенага тваімі настаўнікамі.
Любоў Гаўрылюк