Падрыхтоўка да выставы пачалася задоўга да яе рэалізацыі: ZBOR стаў ключавым спецпраектам даследчай платформы KALEKTAR, стваральнікі якой зрабілі практычна немагчымае: яны прааналізавалі велізарны пласт часу, вылучылі найбольш значных аўтараў, сфармаваўшы анлайн-архіў важных імёнаў і фактаў.
У гэтай маштабнай рабоце былі задзейнічаны не толькі творцы і даследчыкі, але і крытыкі, што падрыхтавалі шэраг эсэ пра творы, мастацкія калектывы і з’явы.
ПЛАТФОРМА KALEKTAR І ЯЕ РОЛЯ Ў ФАРМАВАННІ АНТАЛОГІІ БЕЛАРТУ
Даследчая платформа KALEKTAR была заснаваная ў 2014 годзе групай ініцыятыўных мастакоў, якія паставілі перад сабой мэту: сфармаваць сваімі сіламі гістарычны архіў беларускага сучаснага мастацтва ў анлайн-прасторы. Ідэя сабраць значных арт-дзеячаў і іх працы ў адным месцы перарасла ў маштабны праект па архіваванні і стварэнні віртуальнай калекцыі. У анлайн-архіў трапілі 150 беларускіх творцаў, вялікая частка з якіх працуе і жыве за мяжой. Асаблівасць праекта ў тым, што ён аб’яднаў абсалютна розных аўтараў, якія вызначылі ў той ці іншай ступені вектар развіцця беларускага сучаснага мастацтва. У яго ўвайшлі не толькі вядомыя на ўвесь свет беларускія творцы — Ізраіль Басаў, Лявон Тарасэвіч, Уладзімір Цэслер, — але і многія паўзабытыя арт-дзеячы, сярод іх канцэптуальны мастак Віталь Ражкоў (Бісмарк) і іншыя.
Стратэгіі і тэмы, што прасочваліся ў беларускім мастацтве за апошнія 30 гадоў, цесна звязаныя з гістарычным кантэкстам таго часу. Важным этапам стаў не толькі збор ключавых постацей і іх работ, але і стварэнне шэрагу матэрыялаў, якія апісваюць дзейнасць мастакоў, а таксама культурна-палітычныя ўмовы, што існавалі ў Беларусі ў перыяд іх актыўнасці. З паўтары сотні мастакоў, выбраных экспертнай камісіяй, у выставу ZBOR In Progress трапілі 40 самых значных работ, якія найбольш ярка адлюстравалі тэндэнцыі і з’явы мінулых гадоў і засталіся актуальнымі.
ZBOR IN PROGRESS: КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ Ў 40 АСОБАХ
Праект ZBOR In Progress, рэалізаваны на 500 квадратных метрах абноўленай галерэі «Ў», аб’яднаў сорак мастакоў, што «пагружаюць» аўдыторыю ў гісторыю беларускага арту. Выстава прапануе прааналізаваць кантэкст і выявіць ключавыя тэмы, якія падымаліся з 1980-х да нашых дзён. Усё пачалося з авангарду, прадстаўніком яго стаў Ізраіль Басаў з мадэрнісцкімі творамі, што практычна не выстаўляліся ў тыя часы. Затым быў Бісмарк, якога не зразумелі, а пасля публічна абвясцілі шызафрэнікам і адправілі на лячэнне.
Крыху пазней межы адчыніліся, даўшы магчымасць для развіцця канцэптуальнага мастацтва. Аднак затым адбылася масавая хваля эміграцыі маладых мастакоў за мяжу, у ліку іх апынуўся Андрэй Дурэйка — адзін з куратараў выставы ZBOR In Progress. Ён унёс значны ўклад у стварэнне архіваў дзякуючы збору інфармацыі пра беларускіх аўтараў, што жывуць за мяжой. Яшчэ адна праца адлюстроўвае «крызісны» перыяд айчыннага арта — «Нічога няма» Аляксея Лунёва. 2009 год быў адзначаны актывізацыяй арт-супольнасці, якая стала праяўляць сваю актыўнасць.
Кожны твор выставы-даследавання ZBOR In Progress нясе ў сабе ключавую ідэю, выказванне, што дазваляюць вызначыць у той ці іншай ступені развіццё розных напрамкаў беларускага актуальнага мастацтва. У ёй прасочваюцца фемінісцкія і гендарныя тэмы, праблемы ўзаемадзеяння мастакоў з гарадской прасторай.
Куратары выставы выбралі дакументальны фармат рэпрэзентацыі, бо ўвасобіць пэўныя практыкі ў рамках адной галерэі даволі складана. Гэты спосаб пазнаёміць беларускага гледача з ключавымі постацямі нашага мастацтва складана назваць удалым: не кожны ведае кантэкст трыццацігадовай даўніны. Многія працы выклікалі лёгкае неразуменне: наш глядач не прывык аналізаваць відэа-арт, інсталяцыі — яму хочацца сузірання, эстэтыкі, прыгожай карцінкі, на фоне якой можна зрабіць сэлфі. Тым, хто ўсё ж такі спрабаваў зразумець ідэю куратара і ўсяго таго, што адбываецца, дапамагалі суправаджальныя эсэ да кожнай працы, а таксама шэраг лекцый і экскурсій, арганізаваных у рамках выставы.
У ПРАЦЭСЕ ЎСВЕДАМЛЕННЯ ПРАГРЭСУ
Даследчая выстава ZBOR In Progress была ўвасоблена за межамі Беларусі некалькі разоў. Першы раз калекцыю работ «ZBOR. Канструюючы архіў» убачылі ў Беластоку, пасля экспазіцыя была прадстаўлена ў Кіеве, пад назвай «ZBOR. Рух беларускага мастацтва». Там яна выклікала вялікі грамадскі рэзананс і атрымала шмат станоўчых водгукаў.
Назва ZBOR In Progress для выставы ў Мінску была абрана невыпадкова: з аднаго боку, яна падкрэслівае прагрэсіўнасць беларускага мастацтва, з іншага — указвае на тое, што працэс яшчэ не скончаны. Гэтую тэндэнцыю нескладана прасачыць: дастаткова прааналізаваць рэакцыю аўдыторыі, якая наведала выставу ZBOR In Progress у рамках яе рэпрэзентацыі ў Польшчы і Украіне. Сучаснае мастацтва за мяжой ужо не ўспрымаецца як нешта іншароднае, у той час як беларуская публіка ўсё яшчэ глядзіць на яго праз прызму скептыцызму і недаверу.
Вікторыя Гулевіч