найбольшую вядомасць сярод якіх набыў Антоній Лойка — першы айчынны балетмайстар. У пастаўскай школе Тызенгаўза працаваў яшчэ адзін знаны французскі харэограф і педагог — Франсуа Габрыэль Ле Ду, які садзейнічаў распаўсюджанню ў Беларусі дзейснага балета — разгорнутага сюжэтнага спектакля з паслядоўным развіццём музычна-харэаграфічнай драматургіі.
Гэтаму плённаму перыяду беларускага танцавальнага мастацтва быў прысвечаны даклад доктара мастацтвазнаўства Вольгі Дадзіёмавай у рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларускі балет у сусветнай культурнай прасторы», што адбылася 14—15 лютага 2018 у Мінску і Нясвіжы. Ініцыятарам канферэнцыі выступіла Пасольства Беларусі ў Францыі, а галоўным арганізатарам — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. Такі буйны навуковы форум, у якім прынялі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Латвіі і Францыі, у гісторыі айчыннага харэаграфічнага мастацтва адбыўся ўпершыню. Падзея была прымеркавана да гастроляў у сталіцы Нацыянальнага балета Марсэля, пра насычаную творчую дзейнасць і багатую гісторыю якога распавёў падчас канферэнцыі прэзідэнт тэатра Даніэль Арман.
Створаная ў 1972-м сусветна вядомым харэографам Раланам Пеці, з 1984 трупа набыла статус Нацыянальнага харэаграфічнага цэнтра (такіх цэнтраў у Францыі 19). Першыя гастролі Марсэльскага балета ў СССР у 1974 сталі для савецкай публікі акном у Еўропу, а ў балетах Ралана Пеці саліравалі Рудольф Нурэеў, Міхаіл Барышнікаў, Мая Плісецкая, Уладзімір Васільеў з Кацярынай Максімавай, Мікалай Цыскарыдзэ, Ульяна Лапаткіна і інш. Прыемна адзначыць, што ў апошнія гады творчасці ўлюбёнцам Пеці быў выпускнік Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Іван Васільеў. Для яго харэограф узнавіў свой легендарны балет «Юнак і смерць», прэм’ера якога адбылася ў Вялікім тэатры Расіі (2010), а таксама запрасіў маладога артыста ў Рымскую оперу танцаваць у «Арлезіянцы».
З 1980-х Марсэльскі балет атрымаў вялікі комплекс сучасна абсталяваных збудаванняў (архітэктар Ралан Сімунэ) агульнай плошчай звыш 6000 квадратных метраў, які ўключае рэпетыцыйныя студыі, глядацкую залу з высоўнай сцэнай, гіганцкую трох’ярусную касцюмерную, дзе захоўваюцца каля 2000 касцюмаў, масажны кабінет, трэнажорную залу і інш. 7 вучэбных студый комплексу займае Вышэйшая школа балета, заснаваная паводле ўказу прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана ў 1982-м. Пасля сыходу Пеці ў 1998-м трупу ўзначальвалі розныя харэографы, у тым ліку таленавітая балерына і пастаноўшчыца Мары-Клод П’етрагала. З 2014-га мастацкімі кіраўнікамі тэатра з’яўляюцца італьянскі харэограф Эміа Грэка і нідэрландскі драматург, тэатральны рэжысёр Пітэр Шольтэн. Гэты творчы тандэм склаўся ў 1995-м і атрымаў шырокую міжнародную вядомасць. Пастаноўкі Грэка-Шольтэна нельга аднесці да ўласна балетнага мастацтва — хутчэй, гэта сучасная пластычная мова, якая аб’ядноўвае элементы класічнай тэхнікі з прыёмамі contemporary dance і экспрэсіяй на мяжы брутальнасці, уласцівай фізічнаму тэатру. Невыпадкова іх сумесныя работы нярэдка называюць «экстрэмалізмам». Паказальным у гэтым плане з’яўляецца спектакль «Le Corps du Ballet National de Marseille», прадстаўлены ў межах гастроляў на сцэне нашага Вялікага тэатра.
«Le Corps du Ballet» — першая пастаноўка Грэка-Шольтэна, увасобленая ў Марсэльскім балеце. Красамоўная назва выклікае повязь асацыяцый: гэта і «цела балета», і «кардэбалет», які мысліцца пастаноўшчыкамі асновай не толькі балетнага, але і любога іерархічнага грамадства. Непасрэднай крыніцай натхнення для аўтараў паслужыла даследаванне культуролага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Эліяса Канэці «Маса і ўлада». Невыпадкова ўсе артысты апранутыя ў аднолькавыя камбінезоны і маскі-панчохі, якія хаваюць індывідуальнасць і ствараюць вобраз «чалавека-масы». У цэнтры ўвагі пастаноўшчыкаў аказваецца жыццё чалавечага цела ў супрацьстаянні і ўзаемадзеянні памежных псіхафізічных праяў — ад цела дысцыплінаванага, апаланічна-прыгожага да цела вітальна-дыянісійскага. Гэтаму ўражанню садзейнічае полістылістычная мастацкая мова спектакля, дзе класічныя па (аўтары цытуюць фрагменты з «Лебядзінага возера», «Жызэлі», «Дон Кіхота») суседнічаюць з вострасучаснай пластыкай, а музыка Пятра Чайкоўскага ўжываецца поруч з «Марсельезай» і электронным саўндам.
У канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. танцавальныя кантакты Беларусі і Францыі ўзбагаціліся новымі адметнымі падзеямі. Гэта і выступы ў сталіцы труп Марыса Бежара (2003), Жан-Клода Галата (2011), Анжэлена Прэльжакажа (2017), і прэм’ера ў Вялікім тэатры балета «Сон у летнюю ноч» у пастаноўцы Філіпа Каэна (1999), і рэгулярны ўдзел французскіх калектываў у Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, і неаднаразовыя гастролі беларускага балета ў Францыі, і ўручэнне Валянціну Елізар’еву міжнароднай прэміі «Benois de la Danse» на сцэне палаца ЮНЕСКА ў Парыжы (1996), і інш. Будзем спадзявацца, што наперадзе нас чакаюць новыя яскравыя падзеі!