Вучыўся ў Беларускай, аднак скончыў Ленінградскую кансерваторыю. Пасля перамогі на Усесаюзным конкурсе вакалістаў імя Глінкі перспектыўнага спевака запрасілі адразу два калектывы — Беларуская опера і Кіраўскі тэатр. На сцэне апошняга Аркадзь Валадось праспяваў увесь рускі і італьянскі рэпертуар барытона, а ягонай любімай роллю была партыя Яўгена Анегіна. Ад Кіраўскага тэатра спявак паехаў на стажыроўку ў Мілан, дзе выдатныя салісты таго часу з’яўляліся ягонымі партнёрамі.
Пры канцы 1980-х артыст перабіраецца на сталае жыхарства ў Францыю і актыўна развівае міжнародную кар’еру. Ён выступае па кантрактах у Італіі, Іспаніі, Францыі. Спявае ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку. Выконвае вядучыя партыі ў пастаноўках «Травіяты» на Сіцыліі, «Золата Рэйна» — у Марселі, «Атэла» — у Бельгіі. Калі Мсціслаў Растраповіч увасабляў як дырыжор у Рыме оперу «Залаты пеўнік», у тую пастаноўку быў запрошаны і Аркадзь Валадось. Спектакль карыстаўся папулярнасцю, выязджаў на гастролі, аднойчы нават даехаў да далёкага Пуэрта-Рыка. А сам артыст з таго часу пасябраваў са славутым музыкантам і ягонай жонкай, спявачкай Галінай Вішнеўскай, шмат разоў бываў у іх у гасцях.
Асацыяцыя «Абмен: Францыя — Беларусь», старшынёй якой з’яўляецца Аркадзь Валадось, узнікла даўно, на пачатку 1990-х.
— І менавіта праз асацыяцыю мы арганізавалі шмат мастацкіх акцый, — згадвае Аркадзь Лявонавіч. — Напрыклад, выстава беларускіх ікон прайшла ў Тулузе. У гэтым горадзе я пэўны час выкладаў. Таму ведаў, да каго звяртацца, хто можа дапамагчы. А ў Мінску таксама ўяўляў, да каго звяртацца. Бо з Уладзімірам Рылаткам, тагачасным намеснікам міністра культуры, мы вучыліся ў Беларускай кансерваторыі на аднымі курсе. Выстава беларускіх ікон сталася значнай і сур’ёзнай падзеяй. Памятаю, плакат выстаўкі доўга вісеў у Французскім пасольстве ў Мінску.
З ініцыятывы і пры непасрэдным удзеле Аркадзя Валадося шмат гадоў у Францыі ладзіліся гастролі аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, сімфанічнага аркестра «Маладая Беларусь» самой Акадэміі. Доўгатэрміновым праектам асацыяцыі сталася і стварэнне Беларуска-французскага маладзёжнага сімфанічнага аркестра.
— У музыцы лёгка знайсці агульную мову, — разважае спадар Валадось. — І таму, калі 10 ці 15 маладых беларускіх музыкантаў прыязджалі да нас, яны натуральна ўліваліся ў французскі аркестр. А ў ім, напрыклад, 5 французскіх скрыпачоў і 5 беларускіх. Падчас такіх рэпетыцый я заўжды сядзеў побач з дырыжорам, каб перакладаць. Маладым выканаўцам цікавыя падобныя стасункі — і прафесійныя, і чалавечыя. Дзеці сябравалі між сабой. А я быў пасрэднікам у падобных праектах — паміж дырэктарам кансерваторыі ў Нансі і Міхасём Казінцом як рэктарам Акадэміі музыкі. Аркестр «Маладая Беларусь» разоў дзесяць прыязджаў у Францыю — менавіта па лініі Асацыяцыі. Такія творчыя кантакты і вандроўкі зрабіліся рэгулярнымі.
У мяне шчаслівае жыццё, бо я сустракаўся з многімі нестандартнымі асобамі. Міхась Казінец — па-сапраўднаму цудоўны музыкант і дырыжор. Сімфанічны аркестр пад яго кіраўніцтвам выступаў у Нансі ў лепшай канцэртнай зале. І такіх канцэртаў было шмат. Яны заўжды мелі поспех.
Але былі візіты і ў адказ, калі з Францыі прыязджалі студэнты ў Беларускую акадэмію музыкі. Маладым французскім выканаўцам таксама было цікава прыехаць у Беларусь, якую яны, магчыма, мала ведалі. У Мінску падчас канцэртаў, што адбываліся ў Беларускай філармоніі, за пультам стаяў французскі дырыжор. Вынік шматлікіх арганізацыйных намаганняў звычайна апраўдвае сябе. Бо ўсе шчаслівыя прыехаць, пазнаёміцца. І публіка надзвычай задаволеная.
Не магу не згадаць і наш самы экзатычны праект. Аркестр «Маладая Беларусь» двойчы выпраўляўся ў Паўднёвае паўшар’е, на востраў Рэюньён, які належыць да Французскай Палінэзіі. Разам з імі і я туды лётаў, мы купаліся ў Індыйскім акіяне. Праўда, баяўся, каб каго-небудзь з музыкантаў акула не з’ела... (Смяецца.) Калі ляцелі назад, недзе праз гадзіну ўбачылі зямлю. Спыталі ў сцюарда, а што за краіна? Ён адказаў — Мадагаскар.
Калі сёлета на Нарачы рабілі фестываль, прысвечаны Дзмітрыю Шастаковічу, да мяне падышла адна з колішніх удзельніц Беларуска-французскага маладзёжнага аркестра. Сказала: сумесныя канцэрты ў 2001 — 2002 гадах — самыя яркія ўражанні яе жыцця. Але заўважу, што без дапамогі пасольства Беларусі ў Францыі наўрад ці мы змаглі б гэтыя задумы ўвасобіць...
Апошнія тры гады Аркадзь Валадось сапраўды заняты Музычным фестывалем, прысвечаным Шастаковічу, які ладзіцца на Мядзельшчыне. Там нарадзіліся продкі славутага кампазітара. А значыць, у Дзмітрыя Дзмітрыевіча, чыя творы выконваюцца па ўсім свеце, менавіта беларускія карані. Калі ўзнікла ідэя такога музычнага фэсту, у гэта мала хто верыў. Але сёлета фестываль «У Шэметава да Шастаковіча» прайшоў у трэці раз і паяднаў чатыры канцэрты.
— Гэта важны і сур’ёзны праект, — лічыць наш суайчыннік. — Першы з іх, які ладзіўся ў 2016-м, быў прымеркаваны да 110-годдзя з часу нараджэння кампазітара. У 2017-м, калі адбыўся другі, я вырашыў, што музычных падзей павінна быць болей. І сёлета арганізаваў чатыры канцэрты. Тэма першага праекта, які адбываўся ў пасёлку Нарач, — «Шастаковіч і італьянская музыка XVIII стагоддзя». Другі канцэрт прайшоў у санаторыі «Спадарожнік», трэці — у дзіцячым лагеры «Зубронак» і чацвёрты ў Шэметава, на радзіме продкаў кампазітара. Прычым адбыўся ў касцёле 9 жніўня, у дзень смерці Дзмітрыя Дзмітрыевіча. Важна, што, акрамя сачыненняў класіка, падчас канцэртаў гучала і беларуская музыка. Так, адзін з канцэртаў быў прысвечаны кампазітару Дзмітрыю Смольскаму, які пайшоў з жыцця год таму.
У выніку атрымаўся сапраўды міжнародны фестываль, у ім удзельнічалі музыканты з розных краін. Напрыклад, французскі габаіст Жэром Гішар і французская скрыпачка Шарлот Жуяр, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, салісты вядомых аркестраў. Дадам, што Шарлот — салістка аркестра ў Страсбургу. На адкрыцці фестывалю яна выконвала «Поры года» Вівальдзі.
У час апошняга канцэрта, калі гучала меса «Stabat Mater» Пергалезі, саліравалі спявачка Соф’я Пятровіч з Сербіі і Даніэла Енчава з Балгарыі, якая цяпер працуе ў французскай оперы. Вядома, удзельнічалі ў праектах і беларускія музыканты. Хацелася б на наступныя фэсты запрасіць артыстаў з Расіі.
Вельмі ганаруся мастацкімі вынікамі, якія мы мелі падчас правядзення фестывалю Шастаковіча. Апошні раз канцэрты асвятлялі многія тэлеканалы. Спадзяюся, з цягам часу фэст набудзе яшчэ большы размах. Зразумела, падобныя мастацкія акцыі немагчымыя без разнастайнай дапамогі, у тым ліку і ад абласных улад. І я яе адчуваў. Праўда, спадзяюся, што паступова ўзнікне структура, якая дапаможа ў далейшым ладзіць музычныя фестывалі. Бо без яе многія пытанні вырашаць складана. Каб далей запрашаць вядомых і годных артыстаў, трэба загадзя заключаць кантракты.
Мару знайсці аднадумцаў і ажыццявіць праекты, звязаныя таксама з харавым мастацтвам. Хачу адкрываць для слухача найперш класічную музыку. У наступным годзе, калі ўсё складзецца, хацеў бы арганізаваць фестываль пад умоўнай назвай «Шастаковіч і Моцарт». Каб, напрыклад, славуты «Рэквіем» Моцарта быў выкананы аматарскімі харамі і аркестрамі. Вядома, падобныя праекты немагчыма рэалізаваць у адзіноце, без калектыву аднадумцаў. Хочацца яшчэ шмат зрабіць для краіны, адкуль я родам і дзе ўпершыню адкрыў для сябе свет музыкі і спеваў.