А ў красавіку 2015-га ўпершыню за гісторыю свайго існавання беларускае пасольства адчыніла дзверы для шырокай публікі: на канцэрце Асацыяцыі, першым у шэрагу культурных акцый, прымеркаваных да 250-й гадавіны з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, беларускія музыканты выконвалі творы кампазітара для фартэпіяна і акампанавалі французскай спявачцы Эстэль Кек. Варта адзначыць таксама вераснёўскі канцэрт у штаб-кватэры ЮНЕСКА, арганізаваны Асацыяцыяй, Пасольствам Беларусі ў Францыі і пры партнёрстве дэлегацый пры ЮНЕСКА Пасольства Літвы і Пасольства Рэспублікі Польшча. Разам з беларускай піяністкай Кацярынай Глазоўскай квартэт Чурлёніса выканаў пералажэнне паланэзу «Развітанне з Радзімай», а польская спявачка Эльжбета Запольска — творы Агінскага і Марыі Шыманоўскай. Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, і вельмі паказальна, што на ім прысутнічала тагачасная генеральная дырэктарка ЮНЕСКА Ірына Бокава.
Адкуль жа ўзнікла ідэя Беларускіх музычных сезонаў у Францыі і ў чым палягала іх канцэпцыя?
— Думаю, іх з’яўленне стала лагічным працягам, дэталізацыяй ідэі развіцця Дзён беларускай культуры ў Францыі, — мяркуе спадар Сасноўскі. — Увогуле Дні — маштабны комплекс культурных мерапрыемстваў з розных мастацкіх сфер. Мы вырашылі акцэнтаваць увагу французскай публікі на музычных, тэатральных і мастацкіх сезонах. Асноўная задача нашай Асацыяцыі як аднаго з арганізатараў Беларускіх музычных сезонаў — прэзентаваць беларускую музычную культуру і дасканалае выканальніцкае майстэрства, бліскучую тэхнічнасць юных айчынных музыкантаў, навучэнцаў музычных школ і каледжаў.
Беларускія музычныя сезоны маюць два напрамкі — класічны і народны. Так, у іх рамках адбыліся гастрольныя выступленні Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» і ансамбля «Талака» Віцебскай абласной філармоніі ў Парыжы і Ліёне, Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь у Парыжы, сімфанічнага аркестра Беларускай акадэміі музыкі ў Цілі, Сажоне, Маране, Сэн-Жорж-дэ-Дзідоне, Сэн-Жэні-дэ-Сэнтонжы, калектыву беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы «Прымакі» ў Парыжы і дзіцячага калектыву «Вытокі» ў Ліёне. Арганізацыяй паспяховых гастроляў фальклорных і вялікіх «класічных» калектываў займаецца непасрэдна беларускае пасольства ў Парыжы. Асацыяцыя «Жыццё ў музыцы», у сваю чаргу, апякуецца камернымі канцэртамі музыкі класічнай. Сезоны праводзяцца 2-3 разы на год (у маі і лістападзе, напрыклад).
— Мы не можам арганізоўваць канцэрты часцей, — тлумачыць такую перыядычнасць спадар Сасноўскі. — Трэба глядзець на рэчы рэальна і браць пад увагу вялізную колькасць разнастайных мерапрыемстваў у Парыжы. Але ў нас ёсць свая публіка, французы, якія пастаянна прыходзяць на нашы канцэрты. Яны па-сапраўднаму зацікаўленыя знаёмствам з новымі музыкантамі, новымі прачытаннямі знаёмых твораў і, нарэшце, з новымі сачыненнямі ад зусім невядомых ім беларускіх кампазітараў.
Але ці існуюць праграмы Беларускіх музычных сезонаў, складзеныя выключна з сучаснай і старадаўняй айчыннай музыкі?
— Не буду хітрыць — казаць пра падрыхтоўку такой спецыяльнай праграмы Сезонаў пакуль рана, — кажа Сасноўскі. — Французы вельмі — у добрым сэнсе — недаверлівыя. Каб завабіць іх на канцэрты, трэба выконваць творы вядомыя. Я знайшоў кампраміс і складаю праграмы з, умоўна кажучы, класічных шлягераў і таго, што парыжская публіка ніколі не чула. Формула працуе. Французы толькі-толькі пачынаюць знаёміцца з музычнай культурай Беларусі, класічнай і народнай. Цяпер яны ведаюць: мы можам выдатна выконваць класіку, але, на маю думку, пачуць нашу ўласную класіку ў вялікіх аб’ёмах яны не гатовыя. Беларускія музычныя сезоны сёння акцэнтуюць вельмі высокі ўзровень нацыянальнай выканальніцкай школы, захаванне лепшых акадэмічных традыцый. Але прыйдзе час, і творы сучасных айчынных кампазітараў будуць гучаць у рэпертуары Сезонаў усё часцей і часцей.
...Афіцыйнае адкрыццё Беларускіх музычных сезонаў у Францыі адбылося ў маі 2016 года — на камерным канцэрце ў пасольстве скрыпачка Вера Лапарава (Беларусь) і піяніст Томас Герман (Нідэрланды) выканалі творы Мацея Радзівіла, Сяргея Пракоф’ева, Клода Дэбюсі і самога Георгія Сасноўскага:
— Для мяне асабіста было вельмі важна абазначыць пачатак Сезонаў чымсьці незвычайным. Да нас прыехалі вядомыя музыканты (Вера Лапарава — канцэртмайстарка радыёаркестра «Метраполь Оркест», Томас Герман — дырэктар дэпартамента музыкі ў школе для адораных дзяцей у Гаазе). Яны пагадзіліся выканаць прэм’еру майго твору для скрыпкі і фартэпіяна «Сябра, які далёка». Была вельмі прыемная, рамантычная абстаноўка, удалая для прэзентацыі класічнай беларускай музыкі ад яе вытокаў — Санаціны Мацея Радзівілаў — і да сучаснасці. Але не абышлося без незвычайных сітуацый. Калі піяніст пачаў іграць п’есу з майго твору «Першы прамень сонца», раптам спрацавала сістэма супрацьпажарнай бяспекі. Сірэна гучала на працягу 15 хвілін, і гэта стала сапраўдным выпрабаваннем, бо магло разбурыць чароўную атмасферу вечарыны. Каб не згубіць эмацыйную сувязь з аўдыторыяй і выратаваць сітуацыю, я вырашыў распавесці, як пісаў «Сябра», маўляў, ёсць сябры, якія знаходзяцца так далёка, што сустрэцца з імі больш нельга... (Дарэчы, я ўдзячны Паслу за ідэю прэзентаваць гісторыю твору для публікі.) Калі сірэна выключылася, падчас выканання другой п’есы, роўна а 9-й вечара ў зале пасольства, дзе адбываўся канцэрт, пачаў біць гадзіннік. Ён прабіў дзевяць разоў. Самае цікавае, што гэты гадзіннік ніхто ніколі не заводзіў. Да гэтага выпадку можна ставіцца як заўгодна, але я сказаў, што мая музыка здолела вызваліць нейкія энергетычныя эманацыі.
Такім чынам, прэм’ернае выкананне на першых Беларускіх музычных сезонах было сапраўды адметнае пэўнымі знакамі. І, я ўпэўнены, гэты канцэрт ніхто з прысутных ніколі не забудзе.
«Жыццё ў музыцы» даўно супрацоўнічае з гімназіяй-каледжам пры Акадэміі музыкі, таму Асацыяцыя запрасіла да ўдзелу ў Беларускіх музычных сезонах двух таленавітых навучэнцаў-піяністаў — Уладзіслава Хандогага і Кірыла Атрошчанку. Яны сыгралі ў чатырох канцэртах, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння Сяргея Пракоф’ева і 400-й гадавіне смерці Уільяма Шэкспіра.
— Першае выступленне прайшло на Елісейскіх палях у канцэртным агенцтве UCN у нашага даўняга сябра, графа Патрыка дэ Вільнуазі (на жаль, ён загінуў сёлета ў аўтамабільнай аварыі, мы плануем арганізаваць канцэрт ягонай памяці), — распавядае Георгій Сасноўскі. — На другім канцэрце, які адбыўся ў пасольстве, Кірыл і Улад гралі мае пералажэнні ўрыўкаў з «Рамэа і Джульеты» Пракоф’ева. Трэці выступ гэтай серыі — у Рэгіянальнай кансерваторыі Парыжа — быў арганізаваны ў партнёрстве са сталічнай мэрыяй — і тое вельмі важны крок і для Асацыяцыі, і для беларускага пасольства. А чацвёрты прайшоў у Мэрыі сёмай акругі. Хлопцы выконвалі творы Рахманінава, Гендэля і Мендэльсона.
Другія беларускія музычныя сезоны распачаліся прэзентацыяй Гродзеншчыны. У 2017-м на майскі канцэрт у Парыжы прыехалі гродзенскія піяністы Аляксей Пятроў і Ганна Голуб, таксама ў пасольстве прайшоў вернісаж гродзенскага фатографа Аляксандра Ласмінскага. Аляксей і Ганна сыгралі на фартэпіяна ў чатыры рукі праграму «Фантастычная музыка». Тут аб’яднаныя творы, звязаныя з казачнымі, хай сабе і жудаснымі, вобразамі ў музыцы: «Вальпургіева ноч» Шарля Гуно з оперы «Фаўст», «Ноч на Лысай гары» Мадэста Мусаргскага, уверцюра да оперы «Лятучы галандзец» Рыхарда Вагнера, «Шэсце на пакаранне» і «Сон у ноч шабашу» з «Фантастычнай сімфоніі» Гектара Берліёза.
— Публіка ацаніла арыгінальнасць ідэі, канцэрт прайшоў з вялікім поспехам, — падкрэслівае спадар Сасноўскі. — Гэта падштурхнула стварыць такі ж канцэрт у Мінску, і сёлета ў красавіку мы прадставілі праграму ў Нацыянальным мастацкім музеі. «Фантастычная музыка» стала першым у шэрагу запланаваных канцэртаў пад назвай «ParisМінск». Мне б хацелася надаць Сезонам большы аб’ём, павялічыць арганізацыйны спектр і зрабіць іх франка-беларускімі, з канцэртамі ў дзвюх сталіцах.
А пакуль што ў кастрычніку 2017-га французская публіка вітала наступны маштабны праект у рамках Сезонаў — канцэрт Сімфанічнага аркестра Беларускай акадэміі музыкі ў царкве Святой Марыі Магдаліны, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Царква знаходзіцца ў сэрцы сталіцы, ля плошчы Згоды, і дагэтуль такія вялікія беларускія калектывы не ігралі ў такіх прэстыжных залах Парыжа. У гонар святочнай даты ў беларускай амбасадзе ладзіўся паказ фільма Уладзіміра Мароза і Ігара Чышчэні «Першадрук», а таксама прайшла прэзентацыя ўнікальнага факсімільнага выдання ўсіх кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам.
Заключны акорд Другіх беларускіх музычных сезонаў — тры канцэрты ў лістападзе, на якія былі запрошаны піяністы Вераніка Сахарава-малодшая, Вераніка Сахарава-старэйшая і Уладзіслаў Хандогі.
— Абедзве Веранікі сыгралі ў чатыры рукі, і гэта быў маляўнічы выступ маці з дачкой, іскрысты і святочны. Не толькі прафесійны, але і прыгожы — Сахаравы вельмі эфектна глядзяцца за раялем, — адзначае Сасноўскі. — Уладзіслаў Хандогі іграў сола новую праграму, і ягонае выкананне сюіты Марыса Равэля «Начны Гаспар» выклікала ў публікі не абы-якую рэакцыю — яму апладзіравалі стоячы. І таму, што гэта была французская музыка. І таму, што гэта вельмі складаны твор для такога юнага выканаўцы. Але Уладзіслаў справіўся бліскуча.
У жніўні 2017-га Георгій Сасноўскі быў ганараваны медалём Францыска Скарыны за значны ўнёсак у папулярызацыю айчыннай культуры за мяжой і падтрымку маладых беларускіх музыкантаў, але афіцыйнае ўручэнне ўзнагароды адбылося ў беларускай амбасадзе ў Парыжы сёлета ў сакавіку.
— Не хацелася ператвараць цырымонію ў афіцыйнае мерапрыемства, — кажа спадар Сасноўскі. — Разам з намесніцай старшыні Асацыяцыі, піяністкай Юліяй Сафаравай мы падрыхтавалі разнастайную яркую праграму і вырашылі сыграць у чатыры рукі — у тым ліку і некалькі ўрыўкаў з майго новага дыску «Empreintes» («Адбіткі»), які быў выдадзены пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў РБ і беларускага пасольства ў Францыі. Тыраж, што выпускалі ў Беларусі, спецыяльна прывезлі ў Парыж напярэдадні мерапрыемства, і першы дыск я падарыў Паслу.
На сёлетнім вясеннім канцэрце Трэціх беларускіх музычных сезонаў Лізавета Лясун (віяланчэль) і Таццяна Вайновіч (фартэпіяна) выконвалі Баха, Гайдна, Бакерыні, Сен-Санса, Рахманінава і — Вячаслава Кузняцова.
— Я быў вучнем Вячаслава Уладзіміравіча ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, і мне вельмі прыемна, што музыка аднаго з мэтраў прагучала ў гэтым канцэрце, — адзначае Сасноўскі. — У 2019-м мы святкуем 100-гадовы юбілей Уладзіміра Алоўнікава, у якога я таксама меў шчасце навучацца, таму лічу за гонар арганізаваць канцэрт ягоных сачыненняў і твораў, прысвечаных яму.
Якая будучыня мусіць напаткаць Беларускія музычныя сезоны? У наступным годзе не толькі парыжская публіка, але і жыхары іншых рэгіёнаў Францыі пазнаёмяцца з беларускімі музыкантамі і кампазітарамі. А самым перспектыўным кірункам развіцця Сезонаў, на думку Георгія Сасноўскага, стане іх распаўсюд у іншых еўрапейскіх краінах...