Творцы Парыжскай школы далі падставу згадваць нашу краіну ў кантэксце сусветнага мастацтва. І таму сёння важна не толькі даследаваць гэтую з’яву, але і доўжыць традыцыі, заснаваныя на абмене мастацкімі набыткамі.
Мяняюцца цэнтры і кірункі мастацтва, але Парыж застаецца месцам легендарным і адметным для розных аўтараў, а беларуская прысутнасць у гэтым горадзе становіцца ўсё больш заўважнай.
Гэта і Дні беларускай культуры, якія ладзіць наша Амбасада, сумесныя музычныя і тэатральныя фестывалі, што праходзяць у гарадах Беларусі і Францыі, а таксама — удзел беларускіх аўтараў у буйных выставах сучаснага мастацтва.
«Восеньскі салон»
Многія знаныя творцы (Поль Сезан, Агюст Рэнуар, Амедэа Мадзільяні, Жорж Брак, Марк Шагал) бралі ўдзел у «Восеньскім салоне» — вялікай выставе выяўленчага мастацтва, што вядзе свой адлік з 1903 года і заснавана аб’яднаннем дзеячаў мастацтва ў Францыі, а цяпер праходзіць пад патранатам міністра культуры. Салон — цалкам удалы пачатак замежнай кар’еры і каштоўны радок у арт-біяграфіі. Варта толькі згадаць Рамана Заслонава, які ў 1997-м на «Восеньскім салоне» ў Парыжы атрымаў першую прэмію, яго творчае жыццё да сёння праходзіць паміж дзвюма краінамі. У 2014 годзе ў межах салона адбыўся паказ работ французскага мадэльера Жан-Мары Пюжоля і беларускай дызайнеркі Ларысы Нуры-Шакінка, а ў адным з павільёнаў былі выстаўлены працы нашай мастачкі Алены Вентрыён-Макарэвіч, што жыве ў Парыжы.
У 2016-м ужо не асобныя мастакі, а Беларусь як краіна была прадстаўлена ў якасці ганаровай госці. Амбасада Беларусі ў Францыі выступіла ініцыятарам і адным з суарганізатараў (сумесна з ААТ «Белгазпрамбанк») удзелу беларускіх мастакоў у гэтай міжнароднай выставе. Былі паказаны творы шасці аўтараў: Паліны Амельяновіч, Уладзіміра Грамовіча, Ганны Дзідзішка, Васіля Пешкуна, Анастасіі Хобатавай, якія ў 2015 годзе прымалі ўдзел у «Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам» (Палац мастацтва ў Мінску), а таксама Алены Вентрыён-Макарэвіч. Культурнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй не абмежавалася толькі гэтай выставай: шэсць французскіх мастакоў, у тым ліку кіраўнікоў парыжскага «Восеньскага салона», прынялі ўдзел у «Восеньскім салоне» ў Мінску.
Ужо склалася традыцыя, што пераможцы мінскага салона, вызначаныя экспертным журы, атрымліваюць належную дапамогу для ўдзелу ў парыжскім. У выніку ў кастрычніку 2017 года ў французскай сталіцы свае работы прадставілі дзесяць беларускіх мастакоў: Аляксандр Акуцёнак, Аляксандр Бельскі, Алеся Бялко, Яна Выцік, Георгій Капуснікаў, Сямён Маталянец, Фёдар Шурмелеў, Дыяна Гарбач, Ганна Каханоўская. А мастачка Алена Вентрыён-Макарэвіч увайшла ў склад членаў асацыяцыі «Восеньскі салон» — найбольш прэстыжнай грамадскай арганізацыі сучасных мастакоў Францыі. Таксама быў арганізаваны перформанс мастачкі з Гродна Ганны Каханоўскай. А 15 кастрычніка адбылася сустрэча Пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі з прэзідэнтам «Восеньскага салона» Сільвіяй Кэклан: узровень супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі беларускай і французскай школ выяўленчага мастацтва быў ацэнены пазітыўна, а таксама — абмеркаваны далейшыя планы.
«Art Capital»
Гэта буйная міжнародная выстава ў Парыжы, якая штогод збірае ў Гран-Пале каля 2000 сучасных французскіх мастакоў, а таксама аўтараў з усіх кантынентаў. З 2006 года выстава «Art Capital» аб’ядноўвае чатыры салоны: «Салон французскіх мастакоў», «Салон малюнка і вадзяных фарбаў», «Салон параўнанняў» і «Салон незалежных мастакоў», у апошнім журы адсутнічае. У 2015-м у Гран-Пале ўпершыню можна было ўбачыць працы беларускіх мастакоў. Ідэя прадставіць айчыннае мастацтва на выставе належала старшыні асацыяцыі «Абмен: Францыя — Беларусь» Аркадзю Валадосю: «Ганаруся тым, што паспрыяў абмену беларускіх і французскіх мастакоў. На «Art Capital» прадстаўлены дзве тысячы аўтараў з усяго свету. Буйная міжнародная мастацкая акцыя ладзіцца пры дапамозе мноства валанцёраў, якія працуюць на грамадскіх пачатках. На той выставе я бачыў павільёны вельмі многіх краін — Германіі, Японіі, Карэі, Расіі, Іспаніі, Канады, Мексікі, Швецыі. З усяго свету! Здзівіўся: чаму няма беларускага павільёна? Пагаварыў з прэзідэнтам салона, ён сказаў: «А чаму б і не?» Запрасіў Паўла Паўлавіча Латушку. Пазнаёміў іх, і справа рушыла. Ідэя, магчыма, і мая. Але без пасла, які знайшоў спонсараў, мы не змаглі б гэта зрабіць. Спачатку на «Art Capital» прыехалі дзесяць беларускіх мастакоў. Павел Паўлавіч пазней сказаў, што гэта была самая значная падзея года. У снежні 2016-га мы зрабілі выставу «Art Capital» у Мінску, яна прайшла ў Цэнтры сучаснага мастацтва. У экспазіцыі былі прадстаўлены працы французскіх мастакоў з чатырох розных салонаў. Лічу, што гэта таксама была культурная падзея ў Беларусі…»
Нашы творцы ўдзельнічалі ў «Салоне малюнка і акварэлі». Дзесяць аўтараў адбіраў Віктар Альшэўскі. Беларуская Амбасада і асабіста пасол былі арганізатарамі праекта, пасадзейнічалі Нацыянальны мастацкі музей, Культурны цэнтр Беларусі ў Францыі.
Першы раз — і адразу поспех: Валянціна Шоба з працай «Улада цемры», прысвечанай тэме вайны, і Сяргей Парцянкоў са скульптурай на экалагічную тэматыку сталі лаўрэатамі прэстыжнай прэміі фонду Тэйлара.
А 2 снежня 2016 года ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску адбыўся працяг: адкрылася міжнародная выстава «Art Capital: з Францыі ў Беларусь».
Наступны наш павільён у рамках выставы «Art Capital» быў зладжаны ў пачатку гэтага года з удзелам 15 беларускіх мастакоў. У салоне параўнанняў паказалі працы чатырох аўтараў — Віктара Альшэўскага, Валерыя Шкарубы, Мікалая Кірэева, Віктара Навіцкага, а 11 творцаў выставіліся ў Салоне малюнка і акварэлі, сярод якіх Уладзімір Тоўсцік, Рыгор Сітніца, Алеся Скарабагатая.
У гонар Леона Бакста
Згодна з рашэннем 38-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, з ініцыятывы Рэспублікі Беларусь у Спіс памятных дат ЮНЕСКА, якія адзначаюцца ва ўсім свеце ў 2016 годзе, быў дададзены важны юбілей — 150-годдзе з дня нараджэння ўраджэнца Гродна Леона Бакста, сябра аб’яднання «Мир искусства». Дзеля папулярызацыі творчасці Бакста Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА прапанавала зладзіць у штаб-кватэры гэтай арганізацыі выставу дзіцячага малюнка. У сувязі з тым, што ў Францыі Леон Бакст вядомы больш як удзельнік тэатральных праектаў легендарнага антрэпрэнёра Сяргея Дзягілева, што праходзілі ў пачатку XX стагоддзя ў Парыжы, мастацкія творы былі прысвечаны тэатральнай тэматыцы. Быў праведзены конкурс сярод навучэнцаў Гродзенскай вобласці, у выніку адабрана 20 малюнкаў.
Мастацтва выходзіць на вуліцу
Арт-праект «Zabor» — экспазіцыя, якая падарожнічае з горада ў горад і знаёміць французскага гледача з беларускім выяўленчым мастацтвам. У 2014-м выстава рэпрадукцый актуальных работ нашых творцаў адкрылася на агароджы мэрыі 16-й акругі ў Парыжы.
Канцэпцыя праекта пазначае: «Праз сто гадоў пасля Парыжскай школы арт-праект "Zabor" прывозіць у гэты горад творчасць сучасных беларускіх мастакоў і прапануе паглядзець на беларускі сучасны жывапіс у фармаце арт-прагулкі». Айчынны жывапіс пастараліся паказаць ва ўсёй разнастайнасці стыляў і тэм: «наіўнае мастацтва Сяргея Каваля, містычны рэалізм Віктара Альшэўскага, прымітывізм Уладзіслава Стальмахова, абстрактнае мастацтва Аляксандра Дасужава і Віталя Дзенісенкі, а таксама канцэптуальныя работы Руслана Вашкевіча і Сяргея Грыневіча».
Наша краіна ганарыцца выдатнымі помнікамі архітэктуры. Фармат «арт-прагулкі» быў падоўжаны: на агароджах пасольстваў Беларусі ў Парыжы, Бруселі, Берліне, Вене размясціліся вялікія плакаты з фотаздымкамі гістарычных пабудоў. Новы праект займеў назву «Спадчына Беларусі».
«У калысцы імпрэсіянізму»
У жніўні 2017-га пры садзейнічанні Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў адбыўся Першы міжнародны конкурс мастацтваў у камунах Жыверні і Ліон-ла-Фарэ рэгіёна Нармандыя. Таксама была арганізавана выстава твораў у галерэі «Galerie Lehalle» у Парыжы. Праз год у гарадах Вернон і Радпон (Нармандыя, Францыя) прайшоў II Міжнародны пленэр па жывапісе пад назвай «У калысцы імпрэсіянізму», у якім прынялі ўдзел мастакі з Беларусі, Францыі, Кітая, Латвіі і Расіі. Вернон знаходзіцца каля вядомай камуны Жыверні, дзе жыў і працаваў Клод Манэ. Беларусь была прадстаўлена Ілонай Касабука. Адным з суарганізатараў пленэру выступіла АГА «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў», што трэці раз запар арганізавала сумесны выезд у Францыю мастакоў з Беларусі і Кітая. На афіцыйнай цырымоніі закрыцця міжнароднага пленэру ў Замку Бізі (Вернон) Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка адзначыў важнасць падобных міжнародных культурных праектаў, якія садзейнічаюць лепшаму знаёмству з гісторыяй і сучаснасцю школ выяўленчага мастацтва розных краін свету, што адпавядае аднаму з важных падыходаў
ЮНЕСКА — павага да разнастайнасці культур і дыялог з’яўляюцца падмуркам да міжнароднага супрацоў-
ніцтва.
Кавалачак Венецыі ў Парыжы
Венецыянскае біенале — важная частка культурнага прадстаўніцтва дзяржавы на міжнародным узроўні. На апошнім біенале (2017) у беларускім павільёне быў паказаны праект «Стол», куратарам і адным з аўтараў (прадзюсар Віктар Лабковіч і кінарэжысёр Сяргей Талыбаў) стаў Раман Заслонаў. Гэта 32-хвіліннае відэа з больш чым двух дзясяткаў міні-сцэн, якія адбываюцца за сталом, што здаецца бясконцым. Закальцаваны сюжэт, пэўная тэатральнасць падачы дзеянняў герояў спрыяе ўлучанасці гледача ў драму і камедыю, якія разгортваюцца па іншым боку стала.
«Мастацтва — гэта вельмі значны капітал, якім мы валодаем», — слушнае перакананне Рамана Заслонава прывяла яго да ідэі паказаць свой праект у Парыжы. Пры падтрымцы амбасады Рэспублікі Беларусь падзея адбылася ў «Galerie FRANCIS BARLIER». Дзве залы — гэта большая плошча, чым была прапанавана ў Венецыі, таму да інсталяцыі і відэа мастак дадаў яшчэ і жывапісны твор (у Мінску, напрыклад, былі яшчэ і паказы перформансу). Хоць асаблівай рэкламнай кампаніі не праводзілася, падзея адбылася. Можа, на руку сыграла размяшчэнне «Стала» ў буйным галерэйным квартале Avenue Matignon, але хутчэй — асаблівае ўспрыманне праекта замежным гледачом, далёкім ад нашых рэалій. «Стол» запрасілі ў Дрэздэн на біенале сучаснага мастацтва, паступілі прапановы і ад Дацкага музея сучаснага мастацтва, галерэй ЗША і Канады.
***
Так накопліваюцца важныя інтэрнацыянальныя кантакты... Хто ведае, можа, праз стагоддзе пасля яркага росквіту Парыжскай школы новыя беларускія аўтары гэтак жа моцна загучаць на сусветных фэстах.