Пётр Шумаў нарадзіўся 13 сакавіка 1872 года ў Гродне. Бацька Іван паходзіў з тульскіх дваран і быў прысланы ў заходнія губерні Расіі ў 1864-м. Ён займаў досыць высокае становішча ў іерархіі чыноўнікаў Гродна.
У 1892 годзе Пётр Шумаў скончыў гродзенскую гімназію і паступіў у тэхналагічны інстытут у Санкт-Пецярбургу. Там ён пачаў актыўна працаваць у сацыялістычных гуртках, нават некаторы час перахоўваў нелегальную студэнцкую бібліятэку. Але ў турму трапіў у сваім родным горадзе за справу па арганізацыі рабочых на барацьбу за свае правы. Пятру забаранілі жыць у сталіцы імперыі, і ён паступіў у тэхналагічны інстытут у Харкаве адразу на трэці курс факультэта хіміі. Але рэвалюцыйная дзейнасць настолькі захапіла яго, што ўжо ў лютым 1899 г. Шумаў быў з інстытута выключаны. На гэтым яго сістэматычная адукацыя скончылася. Агулам у 1894—1907 гадах Пятра Шумава арыштоўвалі шэсць разоў.
Пасля няўдалай першай рускай рэвалюцыі 1905—1907 Шумаў стаў перад выбарам: або шматгадовая турма, або эміграцыя. У 1908 годзе ўжо быў у Парыжы. Тут ён сустрэў свайго знаёмага, таксама рэвалюцыянера, Яна Стружэцкага, які працаваў фатографам, і гэта вызначыла далейшы лёс Шумава, ён таксама пачаў навучацца майстэрству фатаграфіі.
Паколькі Пётр Шумаў ведаў хімію і меў добрую гуманітарную падрыхтоўку, то быў у стане злучыць якасць фотаздымкаў з артыстызмам і майстэрствам іх выканання. У 1911 годзе, валодаючы ўжо дастатковым вопытам, ён адкрыў уласную фотамайстэрню. Каб лепш уліцца ў творчае асяроддзе французскай сталіцы, Пётр Шумаў змяняе сваё імя на П’ер Шумофф і хутка становіцца ці не самым папулярным фатографам Парыжа. Найважнейшым кліентам і сябрам Пятра Шумава стаў знакаміты скульптар і мастак Агюст Радэн — адзін з творцаў і самых яскравых прадстаўнікоў імпрэсіянізму. З 1911 года і аж да смерці Радэна Шумаў зрабіў некалькі соцень яго здымкаў — у майстэрні падчас працы, у кабінеце, а таксама перад пахаваннем... Здымкі Радэна, зробленыя Пятром Шумавым, — выключна важная жыццёвая хроніка вялікага скульптара. Працы Шумава падабаліся мастаку сваім імпрэсіяністычным падыходам да выканання здымка — гульнёй са святлом і вытрымкай, выкарыстаннем рэтушы, часам наўмыснай размытасцю выявы...
Шумаў найбольш праявіў сябе як партрэтыст. Ён фатаграфаваў прадстаўнікоў польскай і расійскай інтэлігенцыі, французскіх міністраў і англійскіх лордаў. Кліенты задоўга запісваліся на візіт у яго майстэрню. Сам Шумаў выязджаў да таго, каго збіраўся здымаць, толькі ў выключных выпадках. Так, у 1920 годзе ён выканаў серыю здымкаў знакамітага мастака Клода Манэ. Гэты своеасаблівы фотарэпартаж быў падарункам Манэ ў дзень яго васьмідзесяцігоддзя.
1920-я гады — самыя лепшыя для Шумава як фатографа. Са знішчанай грамадзянскай вайной Расіі прыехалі шматлікія эмігранты — вучоныя, палітыкі, мастакі. Усе яны вельмі любілі фатаграфавацца ў Шумава. «Я вельмі ўдзячны вам за мае здымкі, поўныя жыцця і экспрэсіі», — пісаў Шумаву ў 1927 года Марк Шагал. У захапленні ад яго здымкаў былі Уладзімір Маякоўскі, Барыс Савінкаў, Марына Цвятаева, Альберт Энштэйн, Анатоль Франс і іншыя. Творчым людзям была даспадобы эксперыментальная манера майстра. Шумаў ніколі не садзіў чалавека проста тварам да аб’ектыва. Ён мог зрабіць здымак амаль са спіны, але, тым не менш, выдатна характарызаваў свайго кліента. Майстар таксама рабіў вельмі добрыя рэпрадукцыі шэдэўраў французскага мастацтва, за што атрымаў бронзавы медаль Французскага таварыства фатографаў. У 1925 годзе Пётр Шумаў стаў залатым медалістам мастацкай выставы ў Парыжы. Апрача дакументальнай і партрэтнай фатаграфіі ён займаўся фотарэпартажамі і так званай «фатаграфіяй моды». Напрыклад, выканаў рэпартаж з выставы карцін яшчэ аднаго знакамітага гродзенца Леона Бакста і фатаграфаваў мадэлей для вядомага часопіса «Les Modes».
Фотаспадчына Шумава вылучаецца стылістычнай і тэхнічнай цэльнасцю. Выкананыя ім партрэты лёгка пазнаюцца дзякуючы характэрнай эстэтыцы аўтара. Фатограф, па ўяўленні Шумава, — гэта ўнікальнае спалучэнне мастака і спецыяліста-тэхніка, які можа так апрацаваць негатыў, каб здабыць ідэальны, а значыць найбольш блізкі да прыроды вобраз. Гэта не азначае імкнення да рэалізму, а хутчэй гэта адлюстраванне зменлівасці, нетрываласці свету.
Эканамічны крызіс канца дваццатых гадоў негатыўна адбіўся на працы Пятра Шумава. Замоў было ўсё менш, і майстар вымушаны быў закрыць майстэрню. Некалькі разоў наведаўшы Польшчу, вырашыў пераехаць туды. У 1934 годзе з цяжкім сэрцам выехаў з Парыжа. Шумаў пасяліўся ў Лодзі і памёр тут 25 чэрвеня 1936 года. Пахаваны на мясцовых евангелісцкіх могілках.
Так выглядае кароткая хроніка жыцця гэтага выдатнага чалавека. Зробленыя ім здымкі сёння захоўваюцца ў многіх музеях і рэкламных агенцтвах свету, прадаюцца на аўкцыёнах антыкварыяту і цэняцца як сапраўдныя прадметы мастацтва. З пэўнасцю прыходзіць час, каб і родны горад і ўся Беларусь ушанавалі асобу Пятра Шумава — рэвалюцыянера і майстра фатаграфіі.
Андрэй Вашкевіч