2008 год стаў вызначальным у жыцці Цэнтра — адбылося адкрыццё ўнікальнага музея «Прастора Хаіма Суціна», прысвечанага жыццю і творчасці гэтага ўраджэнца Смілавіч і вядомага мастака Парыжскай школы. Музей можа стаць тым пунктам адліку, дзякуючы якому кожнае дзіця, падлетак можа знайсці ў сабе жаданне працягваць вялікія традыцыі знакамітых землякоў.
Лагічным наступным крокам даследчай работы стала адкрыццё ў 2015-м трэцяй залы музея, прысвечанага яшчэ аднаму мастаку Парыжскай школы і таксама ўраджэнцу Смілавіч Шрагу Царфіну.
Знамянальнай вяхой у гісторыі Цэнтра стаў і 2016 год, калі быў дадзены старт арт-цэнтру «Вулей» для юных мастакоў, мэта якога — выяўленне і развіццё мастацкіх здольнасцей навучэнцаў. Асноўны акцэнт зроблены на творчай дзейнасці дзяцей і падлеткаў, на знаёмстве іх з гісторыяй і культурнай спадчынай Беларусі і свету, на развіццё садружнасці. У развіцці нашага Цэнтра мы рухаемся ад простага да складанага, ад невядомага да спазнанага. Цяпер нашы дзеці ўпэўнены ў сваіх сілах і робяць усё магчымае для дасягнення самых смелых ідэй і задумак. Рэгулярны ўдзел у міжнародных конкурсах і выставах толькі сёлета прынёс 68 міжнародных дыпломаў. Напрыклад, дыплом пераможцы атрымала Анастасія Гурская ў Санкт-Пецярбургу ў рамках ІІ Міжнароднай праграмы «Прафарыентацыя юных мастакоў», Залаты медаль і Дыплом пераможцы прывезла Вікторыя Андрэйчык з Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Намалюй мне свет».
У чэрвені 2018 гады работы навучэнцаў арт-цэнтра «Вулей» былі прадстаўлены ў дзіцячай мастацкай школе імя Адома Брака ў Клайпедзе. У перспектыве супрацоўніцтва і зваротная выстава прац дзяцей з Клайпеды ў Смілавічах і арганізацыя творчых конкурсаў, паездка групы «Вулля» ў Літву на сумесны пленэр.
А ў невялікім мястэчку Шампіньі-сюр-Вод у Францыі, дзе правёў апошнія гады жыцця Хаім Суцін, хаваючыся ад нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны, 15 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Bonjour M.Soutine», складзенай з 29 дзіцячых работ арт-цэнтра «Вулей». Узрост удзельнікаў: ад 8 да 15 гадоў. Выстава афіцыйна была ўключана ў каляндар культурных падзей у Францыі.
Цырымонія адкрыцця адбылася ў рамках дзён Еўрапейскай культурнай спадчыны ў мэрыі Шампіньі-сюр-Вод пры падтрымцы і актыўным удзеле Пасольства Беларусі ў Францыі, Пасольства Францыі ў Беларусі, ААТ «Белгазпрамбанк», Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, прыватнай установы культуры «Спадчына і час».
Па выніках першага года навучання ў арт-цэнтры «Вулей» дзвюм найбольш таленавітым і яркім яго ўдзельніцам Анастасіі Гурскай і Галіне Міцынскай была дадзена ўнікальная магчымасць асабіста прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця разам з педагогам Аленай Карнеенка.
Аташэ па культуры Віталь Корнеў і першы сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі Васіль Панарадаў высока ацанілі творчасць хлопчыкаў і дзяўчынак са Смілавіч і выказалі пажаданні далейшага творчага развіцця і самарэалізацыі ў мастацтве.
Прысутныя госці, у тым ліку мэры некалькіх бліжэйшых гарадоў, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі французскай прэсы і проста аматары мастацтва і мясцовыя жыхары, мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з выставай, але паўдзельнічаць у майстар-класах па жывапісе, якія падрыхтавалі і правялі для ўсіх жадаючых Анастасія Гурская і Галіна Міцынская.
Выстава праехала яшчэ па некалькіх гарадах Францыі і доўжылася да канца кастрычніка.
Падарункам для нашай мастацкай дэлегацыі стала экскурсія па Парыжы: Манмартр, Эйфелева вежа, Сабор Парыжскай Божай Маці, Луўр, цудоўны Люксембургскі сад, помнік Суціну — уся гэтая прыгажосць будзе натхняць юных творцаў на далейшыя творчыя здзяйсненні.
Ала Лаўрыновіч