Да безумоўных плюсаў трэба аднесці і тое, што падлеткам (і дзяўчаткам, і хлапчукам) новы спектакль падабаецца. Можна адзначыць і моманты інтэрактыву, і сучасную пластыку, і агульную дынамічнасць разгортвання дзеяння — ажно да таго, што героі пачынаюць мільгацець перад вачыма, праносячыся праз залу. Дый актуальнасць тэмы ніхто не аспрэчвае! Бо размова ідзе пра будучыню бібліятэк, дзе зніжаецца колькасць наведнікаў, пра заганы школьнага навучання (у прыватнасці, на ўроках літаратуры), недахопы школьных падручнікаў, засмечанасць кніжных паліц камерцыйнай «макулатурай», далёкай ад мастацтва, камп’ютарную залежнасць, блізкую да наркатычнай, агульнае зніжэнне чытацкай актыўнасці, асабліва ў дачыненні да класікі. Але ўсё гэта — у агульным колазвароце, вызваленне з якога наўрад ці вымусіць руку пацягнуцца да збору твораў таго ж Пушкіна.
Праўда, асабіста ў мяне рука пацягнулася — і не абы-куды, а да інтэрнэт-выдання аповесці «Смерць мёртвым душам» Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак, паводле якой і быў зроблены спектакль. Здарылася неверагоднае! Усё тое, што выклікала ў пастаноўцы крывую ўсмешку, здавалася прыцягнутым за вушы, недапрацаваным і ўвогуле спрэчным, нягеглым, у кнізе мела зусім іншае адценне. Бо на першы план выходзіў добры літаратурны стыль, праўдзівы юначы запал, якія вымушалі праглынуць усе старонкі за адным разам без антрактаў.
Мо прычына менавіта ў гэтым? Пераклад на мову тэатра і адпаведная абмежаванасць у часе надалі і сюжэтным перыпетыям, і закранутым тэмам надта ліноўны выгляд. Гуллівыя звіліны ды пункціры першакрыніцы сталі бязлітасна роўнымі, безапеляцыйнымі прамымі. Чаму жаночыя раманы — гэта апрыёры нізкі гатунак і густ? Чаму сярод кніг не павінна быць коўчынгу? Тым больш што ў аўтараў-пісьменнікаў былі і свае спробы ў гэтых жанрах, бо сутнасць — у якасці. І чаму галоўным адмоўным персанажам становіцца «ўваскрэслы з попелу» другі том «Мёртвых душаў»? Гэта ж таксама «класіка жанру»: маўляў, мы яго не чыталі, але пацвердзім, што гэта штосьці дрэннае.
Добрая пластыка і харызматычнасць Генадзя Гаранскага ў гэтай ролі ствараюць яшчэ адну «класіку» — савецкіх часоў, калі адмоўны герой атрымліваецца ярчэйшым за бляклых, ніякавата аднолькавых станоўчых персанажаў. Напраўду «мёртвымі» ўспрымаюцца ў спектаклі вядомыя пісьменнікі, вырашаныя ў стылістыцы хадзячых лозунгаў і гаворачых галоў: выходзяць з вялізных кніжак-«шкапоў» (мастачка Настасся Трубнікава, Масква), шнуруюцца ў адзін шэраг, бы оперныя салісты ў араторыі, і размовы размаўляюць. А калі і набываюць крыху індывідуальнасці, дык падчас расправы з літаратурным смеццем, бо кожны робіць гэта па-свойму. Ледзь не адзіным выключэннем выяўляецца Чэхаў, які і сапраўды выглядае жывым класікам. Рэч не толькі ў добрым грыме! Праз паточыстыя рухі, далікатнасць інтанацый маладога Мікалая Вараб’я паўстае рускі інтэлігент мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, чыю задуменнасць не-не дый ажывіць Антоша Чэхантэ. І ніякага крыку — усё спакойна ды разважліва. Астатнія ж крычаць, як гэта амаль заўжды бывае на дзіцячых ранішніках: маўляў, іначай дзеці нас не пачуюць, бо яны звычайна шумяць. Але ж таму і шумяць, што чуюць крык! На гэтым спектаклі, пазначаным 12+, у глядзельні ціха. Але героі ўсё адно крычаць! Гэта крыўдна ўдвая, бо ў пастаноўцы сабраліся спрэс таленавітыя артысты (Васіль Казлоў, Марыя Возба, Вольга Сініца ды многія іншыя), якія валодаюць усёй палітрай акцёрскіх сродкаў і ў творчых праектах удалечыні ад ТЮГа дэманструюць куды большую натуральнасць. Толькі не трэба ўсё спісваць на дрэнную акустыку: у час гастрольных паказаў на гэтай сцэне можна пачуць нават шэпт.