Гандлёвыя шляхі генуэзцаў у XIV — XVI стагоддзях ды вандроўнікі Марка Пола і Васка да Гама прыадчынілі акенца ў таямнічы Усход. Хоць і да геаграфічных адкрыццяў у Еўропу праз «Вялікі шоўкавы шлях» траплялі шоўк, дываны, папера, парцаляна, кава, гарбата, порах. Больш трывалыя стасункі і гандаль у XVI — XVII стагоддзях паспрыялі таму, што ў шляхетных колах Еўропы пашыралася цікавасць да ўсходняй культуры. Шынуазры — такое адгалінаванне з’явілася ў еўрапейскім мастацтве, дзе, пачынаючы з канца XVII стагоддзя, запанаваў стыль ракако. Але гэта былі збольшага павярхоўныя здагадкі і ўяўленні саміх еўрапейцаў аб загадкавай культуры, чым яе глыбокае вывучэнне. Свет шынуазры хутчэй падобны да кітайскага варыянту жыцця французскага двара эпохі Людовіка XV. Чайныя павільёны і домікі, кітайскія шырмы, усходняя мэбля з размалёўкай золатам і інкрустацыяй экзатычнымі матэрыяламі, шпалеры з кітайскімі пастаральнымі сцэнамі, яркія ўсходнія тканіны і дываны на тле пастэльных колераў ракако — вось характэрныя рысы шынуазры ў дварцовых інтэр’ерах Еўропы.
Іншымі былі адносіны да ўсходняй культуры ў Рэчы Паспалітай. Гэта не проста цікавасць. Частка ўсходніх традыцый стала ідэалогіяй і сімвалам шляхецтва і займела назву сарматызм. Сарматы, выхадцы са стэпаў Прычарнамор’я, ва ўяўленні польскага гісторыка Яна Длугаша з’яўляліся продкамі еўрапейскага рыцарства, то-бок прабацькамі ўсёй шляхты Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Ідэалы сарматызму — такія значныя для шляхты паняцці, як гонар, айчына, вольнасць, роўнасць з панамі-братамі, гасціннасць. Выхоўваюцца асаблівыя, далікатныя адносіны да кабет — як напамін аб сармацкіх амазонках. Усходнія рэчы ў шляхецкім інтэр’еры ўспрымаюцца не проста як экзотыка, а як згадка аб «сармацкіх» каранях. З’явілася мода на сармацкі ўбор, так званы «кунтушовы строй», што дало штуршок для нараджэння і развіцця мясцовага залататкацтва. Інтэр’еры аздабляюцца тканінамі: макатамі, каберцамі, дыванамі, кілімамі, сюзані, ястыкі...
Невялікіх памераў макаты і кілімы выкарыстоўваліся ў ісламе дзеля малітвы ўдзень, падчас якой трэба выказаць павагу і пакланіцца ў бок Мекі, не дакранаючыся «нячыстай» зямлі. Жыццё ўсходніх качэўнікаў таксама накладала на мастацкія тканіны функцыю ўцяплення намётаў. Макаты і дываны ў Персіі раскладаліся на падлозе паводле сакральнага прызначэння: цэнтр засцілаўся галоўным дываном (халі), а па баках размяшчаліся доўгія дываны (канарэх). Вянчаў усю кампазіцыю яшчэ адзін дыван (калегі), які выконваў ролю своеасаблівай мяжы, кшталту бардзюра Элем (традыцыйны бардзюр на ўсходніх дыванах). Знакамітыя макаты і кілімы ткалі ў цэнтрах у Персіі і Турцыі.
Славіліся таксама невялікія мастацкія дываны, якія называлі «скутары». Назва ўтварылася ад мясцовасці ў Албаніі — гэта сучасны Шкодар на беразе Скадарскага возера. Вядомыя невялікія шоўкавыя дэкаратыўныя тканіны, якія мелі назву «ястык турэцкі» ад турэцкага yastik (навалачка).
Слова маката (mаk-ad) прыйшло ў побыт Рэчы Паспалітай з арабскай мовы і азначае фатэль ці табурэт для сядзення. Сёння ў Турцыі тэрмін mak-ad азначае каштоўную тканіну, якой засцілаюць мяккую мэблю. Макатай прынята называць залататканую ядвабную тканіну ці невялікі па памерах дыван. Апроч азначаных залататканых тканін, да гэтага тыпу належаць тафты (тканіны з ядвабу і бавоўны), гапты (шытыя тканіны) і дэкаратыўныя тканіны, аздобленыя вышыўкай і аплікацыяй. Гаптаваныя макаты вырабляліся ў спецыяльных гаптавальнях пры магнацкіх дварах. Дарэчы, першыя макаты, тканыя золатам і срэбрам, з’явіліся ў Кракаве ў XVI стагоддзі разам з італьянскім дваром Боны Сфорцы. З гэтага часу пачалася вытворчасць макат на землях Рэчы Паспалітай. Іх прызначэнне ў XVIII стагоддзі было разнастайным: імі аздаблялі сцены ўрачыстых і прыватных пакояў, накрывалі сталы, куфры і нават ложкі. Па словах польскай даследчыцы Я.Хрушчынскай (J.Chruszynska. Polskie makaty haftowane z XVIII wieku. Warszawa 1979. s.7), «не было панскага двара без макаты ўласнай вытворчасці». Большасць макат прывозілі гандлёвымі шляхамі з Усходу. Апроч ісфаханскіх і турэцкіх, у асартыменце гандляроў былі крымскія макаты, якія ткалі ў ваколіцах Бахчысарая ў XVII—XVIII стагоддзях.
Дэкаратыўная схема ўсходніх макат будавалася на суцэльным запаўненні фону тканіны дробным арнаментальным малюнкам — рапортам, што складаўся з прамавугольных ці рамбавідных сетак. Адметным ад асноўнага рапорта фону і другім каларытам ткаўся бардзюр макаты. У Львоўскім гістарычным музеі апроч традыцыйнага арнаменту макат трапляюцца дэкаратыўныя шоўкавыя макаты, тканыя срэбранай ніткай, але з відавочным запазычаным малюнкам еўрапейскага барока. Наяўнасць такога тыпу тканін у XVIII стагоддзі сведчыць аб тым, што, акрамя тканін з Усходу, на землі Рэчы Паспалітай каштоўныя вырабы ткацтва траплялі да першай паловы XVIII ст. — з Італіі (з Венецыі), а з другой паловы XVIII ст. — з Францыі (з Ліёна). У арнаментах французскіх шоўкавых тканін у пачатку XVIII стагоддзя фармуецца стыль Людовіка ХІV, так званы «вялікі, пышны стыль». Арнамент гэтага стылю вызначаецца тым, што сіметрычна ад цэнтра па вертыкалі ткаліся стылізаваныя вялікія лісты аканта, граната, кветкавыя матывы. Ва ўсходніх тканінах таго часу майстры прытрымліваліся старых традыцый, і ў арнаментах паясоў і макат прысутнічаюць матывы гваздзікоў, півоняў, ірыса, «кітайскай хмаркі».
Асаблівае значэнне для развіцця мясцовага залататкацтва займела мода ў канцы XVII стагоддзя на ўсходні шляхецкі ўбор. Асабліва модным сярод шляхты робіцца кунтушовы ўбор, у абавязковы атрыбут якога, акрамя кунтуша і ўсходняй шаблі кшталту «карабела» ці «шамшыр», уваходзіць шырокі ядвабны пас, расшыты срэбранымі і залатымі ніткамі. Сарматызм, польскі варыянт усходнееўрапейскага барока, вызначыўся на землях Рэчы Паспалітай такім цудам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як знакамітыя залататканыя паясы і макаты.
Прыхільнасці да ўсходніх рэчаў паспрыялі перамозе войск Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Яна Сабескага над войскамі Асманскай імперыі пад Хоцінам (1673) і пад Венай (1683). Падчас перамог былі захоплены турэцкія трафеі, якія ўвайшлі ў побыт шляхецкіх сядзіб і палацаў. Многія з макат захаваліся да гэтага часу ў польскіх музеях і кляштарах. Напрыклад, вядомая турэцкая маката з кляштара сясцёр бенедыктынак, што на Дольнай Селезіі. Гэтую макату здабылі войскі Рэчы Паспалітай у бітве пад Львовам у 1675 годзе. Пасля перамогі кароль Рэчы Паспалітай падараваў турэцкую макату ў кляштар бенедэктынак у Львове. Капліца Яна Сабескага ў Вавельскім замку з абразом Маці Божай Ларэтанскай скрозь упрыгожана ўсходнімі залататканымі макатамі і дыванамі. Шмат усходніх макат зберагаецца ў скарбніцы Чанстахоўскага кляштара. У Вавельскім замку ў Кракаве можна пабачыць макату, здабытую Казімірам Міхаілам Пуслоўскім, палкоўнікам гусараў Яго Каралеўскай Мосці, у бітве пад Венай. У Музеі караля Яна Сабескага ў Вілянуве зберагаецца маката каралевы «Марысенькі» (Марыі Казіміры Сабескай), на кітайскім ядвабе якой вышыты райскія птушкі між расліннага арнаменту.
Усё ішло да таго, што павінны былі адчыніцца першыя персіярні на землях самой Рэчы Паспалітай. Захоп і знішчэнне афганскімі войскамі ў першай чвэрці XVIII стагоддзя ткацкіх цэнтраў у Персіі і самага знакамітага сярод іх, Ісфахана, прывяло да міграцыі майстроў з Турцыі і Персіі на еўрапейскія землі. Гэта паспрыяла ўзнікненню, у першую чаргу на землях Украіны, залататкацкіх мануфактур, за арганізацыю якіх узялася мясцовая шляхта. З’явіліся і праціўнікі такіх мануфактур. Імі былі фламандцы, што везлі свае тавары праз Гданьск.
Першая залататканая мануфактура адчынілася пад патранажам вялікага гетмана кароннага Станіслава Канецпольскага (1591 — 1646) у Бродах (Украіна). Яе узначаліў грэк Мануіл (Эмануэль) Карфінскі. Прозвішча паказвае на паходжанне майстра з выспы Корфу (сучасная грэцкая Керкіра). На той час выспа Корфу належала Венецыянскай рэспубліцы. Гетман Канецпольскі хацеў адчыніць у сваіх уладаннях мануфактуру з вырабам тканін «на ўзор фламандскі» з мясцовай сыравіны. Вызваў майстроў-ткачоў з Бруселя і Антверпена. Але тыя не спраўдзілі надзей, лепш падышлі майстры з Грэцыі, большасць з якіх вучылася рамяству ў гарадах Асманскай імперыі, і іх называлі «золатаглаўнікамі», а іх вучняў — «золатаглаўнічкамі». Такім чынам пачалася вытворчасць тканін на персідскі манер — ac si in ipsa Persidae на мануфактуры ў Бродах. Пачаткова грэцкімі ткачамі вырабляліся кілімы і макаты. Узорам такой працы майстэрні Карфінскага можа паслужыць заказная маката 1686 года з гербам «Ястрабец» ваяводы бельскага, падскарбія вялікага кароннага Марэка Матчынскага, якая знаходзіцца ў Львоўскім гістарычным музеі. Трэба азначыць, што замак і горад Броды разам са знакамітай мануфактурай з 1683 па 1693 ужо належалі менавіта Марэку Матчынскаму.
Арэол персіярства на землях Рэчы Паспалітай быў досыць шырокі: ад Станіславава праз Горадню да Гданьска і на ўсходзе аж да Слуцка і Нясвіжа. Ткацкія мануфактуры, якія займаліся вытворчасцю мастацкіх тканін, у тым ліку і макат, адчынілі многія магнаты Вялікага Княства Літоўскага — Радзівілы ў Слуцку і Міры, Тызенгаўзы ў Горадні, Сапегі ў Ружанах, Агінскія ў Слоніме...
Першым месцам, куды эмігрыравалі майстры праз Стамбул з Персіі і Турцы, і стаў горад Станіславаў (сучасны Івана-Франкоўск, Украіна). Не дзіва, што і першыя шоўкавыя паясы называліся «стамбульскімі». Вядома, усе лепшыя ткачы Рэчы Паспалітай праходзілі навуку ў стамбульскіх майстроў у Станіслававе. Так Міхаіл Казімір Радзівіл «прыслаў сюды двух хлопцаў дзеля таго, каб навучыліся ў станіславаўскага майстра...»
Знакамітыя ткачы Рэчы Паспалітай, якія пачалі сваю дзейнасць у Станіслававе, — гэта Дамінік Мішаровіч і Ян Маджарскі. Дамінік Мішаровіч згадваецца з 1744 года, а Ян Маджарскі з 1757-га. Ян Маджарскі ў 1758 годзе пераехаў у Нясвіж, каб наладзіць там выраб знакамітых слуцкіх паясоў. Казімір Радзівіл так азначае гэтага ткача: «... перскай, турэцкай, кітайскай ды іншай работы майстра, які вырабляе макаты, кілімы, паясы з кветкамі, постацямі, лічбамі, тканыя золатам, срэбрам і шоўкам...»
Акрамя Станіславава, яшчэ дзейнічала персіярня ў Бродах, якім валодалі магнаты Патоцкія. Дамінік Мішаровіч у лісце да караля Станіслава Аўгуста згадвае, што некалькі год працаваў у Бродах, «дзе займаўся рамяством, то-бок ткацтвам стамбульскіх паясоў». Паясы таксама ткалі ў другім мястэчку, якое належала Патоцкім, — у Бучачы. Мануфактурай там кіраваў Мікалай Патоцкі, стараста канеўскі. Вырабы мануфактуры Патоцкіх згадваюцца ў архіўных дакументах XVIII стагоддзя.
Асабліва важкім для развіцця залататканых мануфактур стаў закон ад 1775 года, які скасаваў забарону для шляхты займацца гандлем і прадпрымальніцтвам.
Паступова з другой чвэрці ХІХ стагоддзя адыходзіць мода сярод шляхты на «кунтушовы строй», а ідэі сарматызму ўспрымаюцца больш як рамантычны ўспамін аб былой сармацкай велічы. Тугу выказаў у сваёй знакамітай паэме «Пан Тадэвуш» Адам Міцкевіч, выхаванне якога прайшло менавіта ў асяродку сармацкіх інтэр’ераў старой дзедзічнай сядзібы пад Наваградкам. Дарэчы, рэжысёр Анджэй Вайда вельмі дакладна аднавіў гістарычныя інтэр’еры ў фільме «Пан Тадэвуш», дзе магчыма ўбачыць старажытныя ўсходнія макаты і кілімы на сценах сядзібы дзядзькі галоўнага героя, Яцка Сапліцы.
Амаль праз сто гадоў — у другой палове ХІХ стагоддзя — залататканыя шэдэўры зноў пачынаюць вырабляць на мануфактуры Патоцкіх у Бучачы. Кілімы і макаты мясцовых майстроў-ткачоў Нагаранскіх атрымліваюць шырокую вядомасць не толькі ва Украіне, але і за яе межамі. Стварэнне мануфактуры сталася магчымым дзякуючы вялікім грашовым укладанням графаў Патоцкіх. Сам працэс ткацтва праходзіў шляхам выкарыстання вялікага папярэдняга вопыту грэцкіх і ўсходніх майстроў XVII—XVIII стагоддзяў і заахвочвання найлепшых мясцовых ткачоў.
Мастацка-стылёвыя асаблівасці залататканых вырабаў бучачскай мануфактуры магчыма прасачыць на прыкладзе калекцый макат, якія захоўваюцца ў многіх музеях Польшчы. Усе кампазіцыйныя схемы арнаментаў, паводле вядомай даследчыцы мастацкіх тканін Рэчы Паспалітай Ядвігі Хрушчынскай з Нацыянальнага музея ў Варшаве, магчыма раздзяліць на некалькі груп.
1. Макаты з медальённымі кампазіцыямі, якія маюць цэнтральны матыў на аднатонным фоне. Медальён размешчаны па вертыкальнай восі кампазіцыі. Такія макаты паўтараюць схемы, характэрныя для гуцульскіх дываноў, выраб якіх называецца ліжнікарства.
2. Макаты, дзе арнамент размешчаны папярочнымі стужкавымі палосамі ўздоўж прадольнай ці папярэчнай восі.
3. Макаты, якія дэкарыраваны па схеме сятчатага прыёму кампазіцыі з абмежаваннем у знешніх бардзюрах, кшталту персідскіх кілімаў.
4. Макаты з характэрнай кампазіцыйнай схемай, якая будуецца на паўторы стужак залататканых паясоў, дзе фон пояса — гэта цэнтр макаты, а галовы паясоў выконваюць ролю бардзюраў.
Апошняя група макат мае асобы тып кампазіцыі, што склалася ў канцы XVIII стагоддзя, калі колькасць кунтушовых пасоў, якія належалі гаспадару шляхецкага маёнтка, гаварылі аб яго багацці, адданасці старым традыцыям продкаў — таму нярэдка кунтушовыя паясы сшываліся і вывешваліся на сцяну не толькі як упрыгожванне, але і як своеасаблівы «сармацкі сцяг» гаспадара.
У астатняй чвэрці ХІХ стагоддзя ўладарамі Бучача на Падоллі былі браты Патоцкія, графы герба «Пілава», — Эміль, Оскар і Артур. Іх бацькамі былі Адам Патоцкі і Філіпіна з дому баронаў Dittmayer von Russfelden. Пасля лістападаўскага паўстання 1863 года ў колах польскай шляхты расла папулярнасць ідэалаў «старасвецкай Рэчы Паспалітай», таму адзін з братоў, Оскар Патоцкі, у 1878 годзе заклаў у Бучачы вытворчасць мастацкіх тканін. Марыя Малгажата з Радзівілаў, жонка Францішка Салежыя Патоцкага, у сваіх мемуарах пісала: «Ведала, што пан Адам Патоцкі ці яго сыны Эміль, Артур і Оскар у другой палове ХІХ стагоддзя прывозілі ткачоў з Персіі, якія на простых кроснах ткалі розных памераў макаты пад іх надзорам і, абапіраючыся на старыя ўзоры, літыя пасы польскія...» Успамінаючы пра персідскіх ткачоў, графіня, вядома, мела на ўвазе людзей з былых мясцовых персіярняў. У зборах тканін Нацыянальнага музея ў Варшаве знаходзіцца бучачская маката, замоўленая да 25-годдзя шлюбу Уладзіміра Дзядучынскага і Альфансыны з Мянчынскіх, знакамітых мецэнатаў навукі і мастацтваў. Гэтая маката была сатканая ў самым пачатку дзейнасці мануфактуры Оскара Патоцкага ў тэхніцы кунтушовых паясоў — taquete faconne (асаблівае перапляценне нітак, так званае саржавае перапляценне шоўку і срэбранай ніткі).
Калі Оскар задумваў адкрываць сваю мануфактуру, ён разлічваў на тое, каб вырабы ішлі на ўласныя патрэбы — на аздабленне палаца ў Бучачы. Першыя рэчы былі не вельмі дасканалымі, яны вырабляліся з мясцовага льну і бавоўны. З цягам часу пачалі ткаць кілімы і дываны. Оскар, убачыўшы станоўчыя вынікі працы, мабілізаваў лепшых ткачоў і іх сем’і на больш складаныя заказы. Хутка нават задумаўся паўтарыць залататканыя вырабы папярэдніх часоў. На поўнач ад мястэчка Бучач, у вёсцы Падзамачак, якая славілася знакамітымі руінамі Бучачскага замка 1600 года і якія намаляваў наш слынны графік Напалеон Орда, Оскар задумаў уладкаваць сапраўдную мануфактуру. У памяшканнях колішняга папяровага млына, так званай «Паперні на рацэ Штрыпе», было ўсталявана 16 жакардавых механічных варштатаў-кроснаў з ручным прывадам. Сыравіну і колер прывезлі з Ліёна, з Турэччыны — ядваб, пасрэбраныя і залачоныя ніткі. Да гэтага часу бучачскія ткачы выраблялі на мясцовыя рынкі і кірмашы стужкі, якія ішлі на ўпрыгожванне народных строяў. Трэба было прайсці 15 гадам цяжкай навукі, каб ткачы набраліся вопыту, а сам граф Патоцкі павінен быў праявіць максімум цярпення і вытрымкі, каб аднавіць забытую тэхніку ткацтва кунтушных паясоў. Асабліва праславіліся наступныя мясцовыя ткачы-майстры: сям’я Нагаранскіх, сям’я Ільяновічаў, сям’я Коўдрынаў, сям’я Чэканоўскіх.
Невядома, якую ролю адыгрываў у ткацтве макат брат Оскара — Артур Патоцкі (1843 — 1917). Але здольны да мастацтва Артур, сам мастак-аматар, меў вялікія кантакты за мяжой і, вядома, мог уплываць на узор і каларыстыку бучачскіх тканін. Кіруючы мануфактурай, сам Оскар не прыпыняў творчых пошукаў ткачоў, даваў ім свабоду для артыстычнага натхнення. У 1884 годзе Патоцкія атрымалі шанец рэкламаваць свае бучаскія макаты на Выставе Краёвай у Львове. Менавіта там упершыню былі рэпрэзентаваны залататканыя вырабы мануфактуры шырокай публіцы.
Марыя Малгажата з Радзівілаў успамінае: «Рабілі дзіўныя рэчы, якія на львоўскай выставе зрабілі сенсацыю, заахвоцілі многіх пакупнікоў. Было шмат гандляроў, якія хацелі замовіць шматлікую колькасць макат. Але ніколі панове з Бучача не пагадзіліся б на фабрычны выраб такіх тканін, будучы ўлюбёнымі ў сваё мастацкае рамяство».
Вось што пісала «Газета Львоўска» ад 4 жніўня 1884 годзе, дзе быў змешчаны спецыяльны артыкул, прысвечаны бучачскай мануфактуры: «У 1879 годзе Оскару паведамілі, што ў Бучачы ёсць сям’я ткачоў, якая стала знакамітай яшчэ пры колішнім уладары Марцэліі Патоцкім (1781 — 1851) па кунтушнай працы. Сям’я гэтая некалькі пакаленняў славілася сваім ткацтвам на Гуцульшчыне і ў Румыніі. Гэта Нагаранскія. Яны займаліся вырабам так званых «уставак» — арнаментаваных стужак, што потым упрыгожвалі рукавы кашуль надднестранскіх прыгажунь. Гэтымі вырабамі гандлявалі на многіх кірмашах у Злотым, Патоцы, Карнецы, Ніжневе каля Днестра. Вырабы гэтыя запрыкмеціў граф Патоцкі, які вельмі зацікавіўся майстэрствам ткачоў. Граф на той час задумваўся аб вырабе тканін для фіранак у сваім палацы. Першыя ўзоры рабіліся на звычайных народных кроснах. З часам пачалі відазмяняць арнаменты і ўжываць шляхетныя матэрыялы. Спачатку выкарыстоўвалі лён і воўну, затым пачалі ткаць з далікатнай бавоўны з дадаткам срэбных нітак. Толькі потым перайшлі на ядваб з камбінаваннем залатых і срэбраных нітак. Хто ніколі не займаўся мастацкім ткацтвам, той не зразумее, якая вялікая праца і вялікая здольнасць патрэбныя для дасягнення такой высокай дасканаласці бучачскіх вырабаў, тым больш за такі кароткі час — 15 год.
Цяпер у Бучачы вырабляюць усялякія кунтушовыя ўсходнія тканіны, якіх раней на абшарах Рэчы Паспалітай было шмат. Першынство сярод такіх вырабаў належыць макатам і паясам, так званым «літым», яны выкарыстоўваліся да ўрачыстага польскага строю. Хто меў магчымасць цешыць свой позірк старажытнымі вырабамі са Слуцка, той зразумее, што бучачскія тканіны трохі адметныя ў стылістыцы, але па тэхнічнай дасканаласці не саступаюць лепшым слуцкім узорам. Таму граф Патоцкі не ўпускае магчымасць, каб шукаць і набываць старыя ўзоры ткацтва. Але ён не прымушае сваіх майстроў слепа капіраваць старыя ўзоры, ён пакідае сваім работнікам вольнае поле згодна з іх здольнасцямі і мастацкім натхненнем, на якое маюць уплыў даўнія стасункі мясцовага люду з Усходам. Ткачы дзеляцца задумамі будучых прац са сваім уладаром. Як само ўзнікненне гэтага рамяства было нязвыклым, так і ўладкаванне працы на мануфактуры ёсць нязвыклае.
Недалёка ад хуткаплыннай рэчкі Штрыпы, у паўмілі за горадам, пасярод зялёнага лесу, адасоблена ад усяго свету жывуць рамеснікі, якія нічым не нагадваюць сучасных рабочых з фабрык. Калі вырабы бучачскай мануфактуры напамінаюць нам далёкія часы Рэчы Паспалітай, то і самі работнікі маюць у сваім выглядзе нешта сярэднявечнае. Калі я размаўляў з графам Оскарам аб будучыні гэтага промыслу, ён адказаў, што не мае ніякай надзеі на тое, што яго прадпрыемства з цягам часу набудзе вялікія памеры.
«На вялікі запыт маіх вырабаў у свеце — гаворыць граф — я разлічваць не магу, таму што яны завельмі польскія і для нас вельмі дарагія. Магу мець толькі адну прыемнасць, што цяпер, калі хто-небудзь з маіх сяброў ці суседзяў згубяць літы пояс ці жупан, то мы можам такі ж самы зрабіць у мяне».
Дарэчы, кошт адной макаты ў 1920 — 1930-х гадах быў 150—200 даляраў у залежнасці ад памеру. Машына «Форд» на той час каштавала — 460 даляраў…
У пачатку сваёй дзейнасці, калі яшчэ тканіны бучачскай мануфактуры ішлі на аздабленне палаца Патоцкіх, не было патрэбы ў іх сігнатуры. Але калі золататканыя вырабы пачалі пакідаць Падолле, з’явілася патрэба ў прыватным знаку абароны. Гэта быў невялічкі пас, які нашываўся на край макаты з адваротнага боку. За ўзор гандлёвага знака была ўзята прыватная шляхецкая пячатка графаў Патоцкіх з гербам «Пілава» і надпісам BUCZACZ, над гербам была ўзнесена графская карона аб пяці страўсавых пёрах. Увесь малюнак быў узяты ў авальнае поле. Па смерці Оскара Патоцкага ў 1913 годзе, калі вытворчасць узначаліў Артур Патоцкі, макаты сыгнаваліся белым паскам са знакам абароны, які паўтараў малюнак прыватнай пячаткі , але дадаліся ініцыялы — АР(Artur Potocki) і над каронай было ўжо не пяць, а тры страўсавыя пёркі. Калі сям’я ткачоў Нагаранскіх у 1914 годзе ўвайшла ў склад заснавальнікаў мануфактуры, на фірмовай стужцы з’явілася іх прозвішча — пад гербам «Пілава» ішоў дадатковы подпіс: S(pol)ka Nagorzanscy, а потым ішла рамка, у якой быў запісаны нумар макаты і яе памеры. Першая партыя абаронных стужак ткалася ў Англіі.
Пасля першай выставы ў Львове вядомы польскі гісторык і даследчык мастацтваў Станіслаў Тамковіч заўважыў: «Польша ёсць краем макат і прыгожых тканін». Нагадаем, што Оскар Патоцкі, апроч працы на мануфактуры, збіраў у сваю прыватную калекцыю старажытныя узоры залататкацтва. У ХІХ стагоддзі многія магнацкія двары і палацы славіліся зборамі прыгожых мастацкіх тканін, якія збіраліся многімі пакаленнямі.
Апроч вытворчасці макат вызначаных тыповых памераў іншы раз замаўлялі мастацкія тканіны спецыяльнага памеру. Так, у 1897 годзе была выткана незвычайная маката даўжынёй 6 метраў, прызначаная для пасагу Вандзе, дачкі графа Станіслава Бадзені, маршалка Галіцкага краю. Маладая брала шлюб з вядомым польскім паэтам графам Адамам Красінскім, апошнім ардынатам Апінагурскім.
Перад пачаткам Першай сусветнай вайны памерлі два брата Патоцкіх: Эміль у 1912 годзе, Оскар у 1913 годзе. Вырабам макат застаўся кіраваць іх брат, Артур Патоцкі, сын Артура Патоцкага і Марыі з Млодзецкіх. Сталыя майстры, ткачы Нагаранскія, нават увайшлі ў стасункі на бучачскай мануфактуры і нейкі час (1914 год) мануфактура рэкламавала ўжо сябе, як Tkalnia Makat Buczackich hr. Artura Potockiego Nagorzanka obok Buczacza. Выбух Першай сусветнай вайны справакаваў перапынак у вырабе макат. Варштаты ў Падзамачку былі разабраны і перавезены ў Станіславаў. Аднаўленне фунцыянавання мануфактуры было праведзена на пачатку 1920-х гадоў. Ужо на сусветнай выставе ў Парыжы (1925) і ў Чыкага макаты выстаўляюцца пад назвай — Pracownia Tkanin Dekoracyjnej hr. Artura Potockiego w Buczaczu. За свае мастацкія тканіны граф Артур атрымаў залаты медаль. Бучачскія макаты былі паказаны на Міжнародных Таргах у Познані ў 1927 і на Таргах Усходніх у Львове ў 1929. У гэты час на мануфактуры пачынаюць вырабляць шаты для літургічнага адзення.
Бучачскія макаты былі жаданым падарункам не толькі сярод жыхароў Рэчы Паспалітай. У 1937 годзе прэзідэнт Польшы Ігнацы Масціцкі прынёс у падарунак бучачскую макату ад імя Рэспублікі спадкаемніцы галандскага трону Юліяне падчас яе шлюбу з прынцам Бернардам цур Ліпе-Бістэрфельдскім.
Усяго да 1939 года было выткана каля 4000 макат.
Вялікую колькасць бучачскіх макат згадвае вядомы даследчык польскай старасветчыны Раман Афтаназі ў сваёй працы «Dzieje rezydencji...». Апроч шматлікіх палацаў на землях Украіны і Польшчы, згадваецца, што шмат макат бучачскіх было ў сядзібе Уладзіміра Ленскага ў Белай Ваке на Віленшчыне.
Перад прыходам бальшавікоў у верасні 1939 года, апошні дзедзіч Бучача, граф Артур Патоцкі (1893 — 1974) схаваў больш за 20 макат у Бучачскім базыліянскім манастыры Узвіжання Крыжа (цяпер там дзейнічае калегіум ім. Св. Іасафата). Бальшавікі дзівам даведаліся пра гэта і з Цярнопаля прыехаў спецыяльны пасланец, каб забраць іх у Кіеў. За савецкім часам ткацтва макат замянілі на ткацтва ручнікоў і ў хуткім часе ўсё начынне «макацярні» было вывезена на Усход.
Вялікую шкоду музейным і прыватным калекцыям прынесла Другая сусветная вайна. Падчас нямецкай акупацыі многія макаты былі разрабаваны, знішчаны, прададзены. У Кракаве, у Нацыянальным музеі, дзе захоўвалася шмат старажытных залататканых вырабаў, немцы ў 1941 годзе зладзілі Stadskassino. У 1944 годзе ўжо савецкія войскі пры вызваленні палаца Любамірскіх у Пшэворску канфіскавалі 15 бучачскіх макат. Па вайне, з усталяваннем у Польшчы савецкай дзяржавы, макаты былі забраны з былых рэзідэнцый, а ў новых сацыяльных стасунках сталі дакументальным падцверджаннем класавай прыналежнасці іх гаспадароў і напамінам аб іх былых уладаннях. З цягам часу макаты сталі толькі толькі ўспамінам на чорна-белых фотаздымках, як, напрыклад, партрэт Адама і Ядвігі Чартарыйскіх на тле вялікай бучачскай макаты.
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ