«Самае маладое біенале» азначае, што...
Яно яшчэ не назапасіла шлейфу з клішэ і прадказальных рашэнняў. Аднак не пазбегла татальнай уніфікацыі, і цяперашняе назвалася ўжо ББ10. Яно тэхналагічнае па вызначэнні, бо нарадзілася ў эпоху перамогі інтэрнэту. Цэнтэнiялы ведаць не ведаюць, як жыць без гаджэтаў, і кроку не ступяць без адмысловай прылады.
Берлінскае біенале нарадзілася ў 1998 годзе. На хвалі ператварэння Берліна і ўсеагульнай любові да яго змянілася і арт-асяроддзе, адужэла і запатрабавала сцэны.
У адрозненне ад мінулага біенале пад дэвізам «Парадоксы сучаснага свету» з амерыканскай куратарскай групай DIS, ББ10 у большай ступені выбудавана па палітычных вектарах. Паводле ідэі расійскага мастака і куратара Анатоля Асмалоўскага, сучаснае мастацтва палітычнае таму, што публічнае. Гэта значыць палітычнае па вызначэнні, і гэта, вядома, пытанне дыскусійнае. Але яно — мастацтва — сапраўды не брала ўрокаў пустэльніцтва, калі мець на ўвазе сучаснае віртуальнае асяроддзе, і яно не ведае ніякіх вежаў са слановай косці. Яго складана рэпрэсаваць, калі толькі не выцягнуць кабель з разеткі.
Наконт малой вядомасці сваіх аўтараў куратары ББ10 тлумачаць: што значыць «невядомыя»? Сабе яны вядомыя, нам вядомыя, вось зараз і вы знаёмцеся.
Тут мы сустракаем дзве праблемы як мінімум: біенале, зробленае без героя-аўтара, без зорак, стала для Берліна камерным. Пры велізарнай колькасці турыстаў на пляцоўках няшмат людзей, і нават у гатэлях Мітэ (цэнтральны раён) пра біенале нічога не ведаюць. Практычна няма афіш у горадзе, асяроддзе без гераізму засталося асяроддзем для сваіх.
Далей. Што адбываецца з катэгорыяй формы (чытай «майстэрства») у гэтай сітуацыі? Ці не занадта вучнёўскія працы прадстаўлены ў Акадэміі мастацтваў, у Цэнтры мастацтва і ўрбаністыкі ZK/U, у Інстытуце сучаснага мастацтва КW? Расійскі крытык Аксана Чвякiна адказвае на гэтае пытанне сцвярджальна, але нават калі i так, мяне задавальняе такі стан рэчаў. Як ні дзіўна гэта гучыць, я ставіла на месца мастакоў з афрыканскім бэкграўндам беларускіх калег і ўяўляла, як яны вучыліся б, які лакальны кантэкст прыўнеслі ў агульную павестку, ці змаглі б пераадолець парог невядомасці? Пакуль у мяне няма адказаў, адзначым толькі, што посткаланіялізм, па словах сукуратаркі Івет Мутумба, пераадольваць ніхто і не збіраўся: «Мы ставім пад пытанне любыя вызначэнні», мастакі жывуць у еўрапейскіх краінах і, як усе цэнтэнiялы, вольныя ад «местачковых» прыхільнасцяў. Без гераізму, без подзвігаў і пад’ёмаў на вяршыню. І аддамо належнае Габі Нгкоба: яна сфармулявала цікавую і выразную сучасную канцэпцыю.
У горадзе 38°, інсталяцыям горача
Куратарам мо і не патрэбныя героі, але мы сапраўды супермэны — глядзець усё ў такую спякоту!
Перадусім гэта тычыцца вялікіх праектаў.
...Вось калі кажуць «збіраю сябе па кавалках...», што маецца на ўвазе? Прымаю забойную версію Дынеа Сэшы Бопэйн: спачатку гэта цаглiны, калоны, якія ўпалі, паперчына з напісаным ад рукі тэкстам. Тут жа вёдры і слоікі з чымсьці будаўнічым. Відэа з лесам (прывітанне Косцю Селіханаву з праектам «Рамонт») плюс спевы Ніны Сімон. Плюс відэа з расповедам і груба злепленае ў выніку Нешта. Словам, увесь цокальны паверх KW.
І гэта праўда, усё так і ёсць. Можа быць, ледзь-ледзь перабірае з пафасам чырвонае святло, заліваючы ўсю прастору. Але такія «Feelings» — адна з цэнтральных інсталяцый біенале. Спецыяльна паслухала Ніну Сімон, на якую абапіраецца канцэпцыя: гэта трагічныя «Feelings», непаўторнае выкананне на джаз-фестывалі ў Мантро (1976), з шэптам, паўзамі, адчайным вакалам. Гэта так горача, што на адных спевах можна было пабудаваць усю інсталяцыю, а аўтар падлучае і раман Бэсi Хэд «Пытанне ўлады».
У Сімон ёсць яшчэ адно «Feeling Good», і сама яе персона, яе асабістае знаёмства з Марцінам Лютэрам Кінгам і барацьба за правы чарнаскурых амерыканцаў — безумоўна, найважнейшы для канцэпцыі кантэкст. І дарэчы, Ніна Сімон ужо сапраўды зорка.
Яшчэ адна гарачая гісторыя — «Бар для мастурбацыі» ад Фабіяна Фалернас. Так, менавіта так. Ён нават перасоўны, і нават з праграмай лекцый і абмеркаванняў. Куратар піша пра тактыльныя практыкi, не канкрэтызуючы, але сам бар цалкам рэальны, са стойкай, музыкай, сімволікай, бардовым плюшам і г.д. Яшчэ і падабенства сцэны ёсць, з гульнёй у тэкстыль, у матэрыялы з намёкам на інтымнасць.
Ужо звыклая крытыка залішняга спажывання і па форме стала рэплікай: інсталяцыя Оскара Мурыла з мяшкамі ці то адзення, ці то адкідаў стомлена канстатуе факты.
Пад вялікім дрэвам у дворыку Акадэміі мастацтваў таксама было горача, але сама праца «Калектыўная згода» нагадала Ібрахіма Махама (Гана) з закамуфляваным кававымі мяшкамі будынкам — гэта было выказванне аб перасычанасці і ўрачыстасці сусветнага гандлю на леташняй documenta 14. Ды і ў Венецыі японскі павільён паказаў нешта падобнае, але больш вынаходліва.
Можна паспрабаваць убачыць нябачнае
Яскравы прыклад канцэптуальнага падыходу — «Спроба намаляваць адлегласць ад Сан-Хуана да Берліна». Рэалізавана яна, на думку аўтара Тоні Круз Пабон, на 0,138%, паколькі адлегласць паміж гарадамі 7 681 км. Вось ніколі не скажаш нічога такога аб алоўкавых лініях на сцяне і на падлозе, якія нагадваюць штрых-код. Эфект аддаленасці мо і прысутнічае, але гэта халодная адлегласць без пачуццёвасці, а ёсць жа прыклады літаральна пранізлівыя.
Прыкладна так жа пабудавана інсталяцыя Оквуі Акпаквасілі: напэўна, сама ідэя прысароміць мужчын у «Sitting on a Men’s Head» вельмі цікавая, але глядач атрымлівае прасторны, спакойны інтэр’ер, прызначаны як бы для дыскусіі (а ў прынцыпе, для чаго заўгодна). Жанчыны маглі паводзіць сябе агрэсіўна і нават разбурыць дом мужчыны, а маглі спяваць і танчыць. У чым вінаваты мужчына? Па-рознаму: пакрыўдзіў, здрадзіў, збіў, скраў. Усе грахі будзённыя, але публічнасць практыкі ўмацоўвала ў традыцыйным грамадстве ўсходняй Нігерыі салідарнасць і правы жанчын. Што само па сабе паказальна.
А вось «Пашыранае» (Джулія Філіпс) з выдуманымі медыцынскімі інструментамі пакідае таямніцу таго, што адбываецца нераскрытым. І гэтую загадкавасць вядзе да максімуму Сара Хак з «Рэчамі, якія ніхто не заўважае, але якія мяняюць усё». Першая серыя выканана ў метале і кераміцы, другая — з дапамогай малюнка. Абедзве візуальна пераканаўчыя, камерныя і застаюцца выдатнымі адкрытымі пытаннямі.
З гісторыі археалогіі і жывапісу
Цікава, што адсылак да ўмоўна мінулага ў куратараў і мастакоў ББ10 амаль не назіралася. З тэхнічных прычын я не ўбачыла ўсе чатыры пляцоўкі, але ніякіх галасоў з мінулага, прывідаў, міфалогій ды іншых ламентацый не заўважыла.
Затое адна гісторыя замяняла сабой увесь магчымы набор. Каля ўваходу ў Акадэмію мастацтваў гледачоў сустракае фрагмент Палаца Сан-Сусі ў Мiлоце на Гаіці, пабудаваны (1810—1813) каралём Анры ў натуральную велічыню. Баюся думаць аб аўтэнтычнасці, паколькі гаворка ідзе ўсё ж пра помнік. Але сэнсавая сувязь з летнім палацам Сан-Сусі (1745—1747) прускага караля Фрыдрыха ў Патсдаме куратарамі прапісана і служыць свайго роду каналам міжчасавай камунікацыі. З пункту гледжання афрыканскіх каранёў аўтараў гэта таксама працуе: счытваецца сваяцтва, паходжанне ўсіх удзельнікаў. Рэпліка помніка, думаю, добрая ідэя, а ў нашым выпадку моц каменных муроў, роспіс, аркі, размяшчэнне самога аб’екта ў прасторы — усё падкрэслівала яго значнасць і ўражвала, як і было задумана. Нават столікі кавярні побач не зніжалі градус піетэту.
У параўнанні з палацавай сцяной фотаздымак бацькоў-заснавальнікаў у Інстытуце KW выглядае сціплым архіўным напамінкам, хоць насамрэч менавіта гэтая каманда дала старт інстытуцыі. Пра гэта не забываюць згадаць усе крытыкі, з удзячнасцю падкрэсліваючы, што менавіта тут была прапанаваная аснова для сучаснай канфігурацыі арт-поля.
Жывапісныя работы, на думку куратараў, таксама трэба аднесці да зваротаў да мастацкага досведу мінулага. Напэўна, тут павінна стаяць пытанне аб рэсурсе жывапіснага майстэрства і школе, якой у многіх мастакоў, магчыма, няма. Тым не менш працы, адабраныя для праекта, цалкам сучасныя па змесце, візуальна яны вельмі дапамагалі экспазіцыі: акцэнтаванай формай і ўражаннямі, кантрастам з алоўкавымi, інструментальнымі ды iншымі артэфактамі. У рамках жывапіснай традыцыі я б адзначыла неўратычны, у еўрапейскім ключы, «Час рэфлексіі» Цьеры Усу і «Трыпціх» Поршы Зваваэры са слядамі экзатызацii, ад якой так дыстанцыяваліся куратары. І яшчэ «Так шмат мараў» і «Чаму ты глядзіш?» Лубэйна Хімід — спробу звярнуцца да сімвалічнага цялеснага досведу без эротыкі і якой бы там ні было эксплуатацыі.
Велізарнае палатно з 100 фрагментаў Ларэны Гуціерас Камэха «Хто тут героі?» зводзіць фігуратыўнасць да знака, а ў выніку мы бачым кампазіцыю са стылізаваных сцягоў. Гэта, вядома, неіснуючыя сцягі, але канцэптуальна аўтар жорстка прывязваецца да асноўнай ідэі біенале: ну і хто тут пераможца, хто самы роўны сярод роўных? Праца вельмі дэкаратыўная, яе хочацца разглядаць, як архіў, і ўспрымаць вобразна, як жывапіс. У параўнанні з менш эфектнымі аб’ектамі яна сапраўды візуальна вылучаецца, а так напраўду гэта ўсё ж пра герояў: хто яны, якія, ці можам мы распазнаць іх?
Нечаканы амаж да мінулага
Ён паўстаў у мяне: у 2009 годзе менавіта ў Берлінскай Акадэміі мастацтваў адбылася першая выстава вялікага міжнароднага праекта «1989—2009. Зменлiвы свет — Адлюстраваны час». Пазней яна была прывезена ў Мiнск: уся гэтая фатаграфічная панарама ад Інстытута Гётэ збіралася ў былой Усходняй Еўропе і Германіі і была паказана ў краінах-удзельніцах. Ігар Саўчанка прадстаўляў Беларусь серыямі «Унікаты» і «11 адбіткаў» з тэкстамі Дзмітрыя Караля і Кацярыны Кенігсберг.
Альбом паслужліва нагадвае пра экспазіцыю ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва: запомніліся, вядома, Віктар Марушчанка (Украіна), Уладзімір Купрыянаў (РФ), Аляўціна Кахiдзэ (Украіна). Тады куратары настойвалі, што зруйнаваная савецкая эпоха, «перамены не могуць быць апісаны толькі ў катэгорыях палітыкі, эканомікі і сістэмных структурных пераўтварэнняў. Гэтыя перамены варта перш за ўсё разумець як культурны феномен» (д-р Клаўс-Дзітэр Лэман). Амаль праз 10 гадоў мы суадносім дынаміку ў нашай частцы свету з тымі працэсамі, што даследуе ББ10, і назіраем два розныя дыскурсы. У той жа час іх нельга абмяркоўваць як толькі лакальныя трансфармацыі, глабальныя наступствы відавочныя: акрамя падзей палітыкі і эканомікі, адкрыты доступ да іншых культур, ідзе пошук уласнай ідэнтычнасці па ўсё новых вектарах, выходзіць на вядучыя пазіцыі ўрбаністыка, г.д.
Вернемся ў гэтым кантэксце да фатаграфіі: на жаль, у прасторы ББ10 яе не так шмат. Па сутнасці гэта архіўныя калекцыі Ліз Джонсон Артур: «Чорны паветраны шар» і «Сем аналагавых фатаграфій» (90-х і пазней). Яшчэ адна серыя 2018 года «Мужчыны і дрэвы» знята ў Лондане, па вопыце аўтара, не самім прыязным горадзе ў Еўропе. Як любы архіў, фатаграфіі хочацца разгледзець падрабязней, але па кантэнце і візуальна здымкі саступаюць суседзям. Напаўпразрысты носьбіт (папера) практычна дэматэрыялiзуе фатаграфію, стварае аб’ект з першапачатковых тыпалагічных ліній. У той жа час фатаграфічныя выявы ў сілу спецыфікі жанру падтрымліваюць агульны дыскурс цялеснасці, які адчуваецца практычна ва ўсіх экспазіцыях. Мяркую, канцэпт «Нам не патрэбны новы герой» наогул было б цікава і карысна разгледзець з пункту гледжання фемінізму.
Замест заключэння
Як гэта бывае на вялікіх міжнародных форумах, у мяне адбылося мімалётнае знаёмства з дзяўчынай з Канады. У прыватнасці, мы загаварылі пра энергетыку і магчымасці Берліна. Суразмоўніца вывучае тут фларыстыку. Няўжо не знайшлося спрыяльнага месца бліжэй да дома? Што яе чакае ў будучым? Нейкія канкрэтныя адказы ў яе дакладна ёсць, але мяне цікавіла праява ідэнтычнасці. Гэтая самая ідэнтычнасць маёй новай знаёмай была толькі асобаснай і вельмі шчырай. Ні краіна ці мова, ні рамяство, мастацтва ці будучая праца не пераважалі над індывідуальнымі рысамі, над правам выбару. На першы погляд, вядома, дзяўчына несла іх цалкам вольна.
...І сапраўды, хто тут герой? Той, хто едзе на іншы край свету, таму што гэта цікава, ці глядзіць у асляпляльную спякоту сучаснае мастацтва ад выхадцаў з Афрыкі — з той жа прычыны? Калі ўсё будзе без экстрыму, то і мы справімся без герояў.