«Я размаўляю на англа-руска-, часам беларускай трасянцы, — піша аўтарка. — Я пытаюся ў паветра: што хаваецца за паверхняю рэчаў або пад скурай?.. Зямля, упакаваная ў пластыкавыя пакеты, мяняе сваё аблічча і робіцца прадуктам. Гукі прыбою або цвыркуноў даносяцца з аўдыямашыны, прыстасавання ад бяссоння, папулярнага ў Амерыцы, якая не можа заснуць ад стрэсу, што запаляе яе мазгі. У сваім знакамітым эсэ «Адлюстраваны Час» Андрэй Таркоўскі казаў, што праца мусіць мець пах. І я з ім такім чынам згодная»…
«Пярэварацень» атабарыўся ў новай зале Палаца мастацтва — і на момант нашага інтэрв’ю памяшканне здавалася пустым, хоць работа над экспазіцыяй ішла пастаянна. Новыя тэхналогіі ўваходзяць у наша жыццё нябачна і хутка. Настасся — мастачка мультымедыяльная, працуе з прасторавымі інсталяцыямі, скульптурай, відэа-артам, яе творчы досвед — з цікавымі перыпетыямі біяграфіі. Нарадзілася ў Мінску, скончыла тут «Парнат», у 1998 годзе эмігравала з маці ў Таронта, дзе працягнула адукацыю ва Універсітэце Раерсана. Распачала паспяховую кар’еру ў модзе, мяркуючы, што гэта вельмі практычная творчая прафесія. Працавала ў Парыжы і Лондане. У 2008 пераехала ў Нью-Ёрк, рэзка змяніла кола інтарэсаў — стала працаваць з новымі медыя. Сёння жыве ў Таронта, мае ступень бакалаўра мастацтва па дызайне моды і магістра выяўленчага мастацтва па кіна-відэа (2017, Аспірантура Мілтан Аверы).
Мы сустракаемся ва ўтульным дворыку Палаца мастацтва. Усё тут імкліва мяняецца, кавярня, столікі на вуліцы, а старая канферэнц-зала стала нечакана вельмі эрганамічнай выставачнай прасторай. Гэта не першая выстава Настассі Колас у Мінску. У 2015-м тут адбыўся творчы дэбют — экспазіцыя пад назвай «Натуральныя прычыны» была зладжана ў галерэі «Ў». Напярэдадні новага паказу мяне найперш цікавяць сувязі — тэрытарыяльныя і ментальныя.
Як праходзіліся гэтыя шляхі — ад моды да відэа, ад Нью-Ёрка да Таронта?
— Займеўшы пэўны поспех у сферы моды, я зразумела, што не хачу працягваць працаваць тут далей, бо, акрамя ўсведамлення таго, што мода як індустрыя даволі таксічна ўплывае на ўспрыманне сябе, свайго цела, мяне сталі больш цікавіць пытанні філасофіі, звязаныя са стварэннем эстэтычнай прадукцыі. Я вырашыла змяніць кірунак і вярнуцца назад — у мастацтва. Гэта было даволі складана зрабіць у Нью-Ёрку, але я паступіла ў магістратуру ў Бард Каледж, куды таксама прыйшла вучыцца Таццяна Заміроўская. Мы былі на розных аддзяленнях, але на адным патоку. І ёй было вельмі цікава камунікаваць з чалавекам, які з Беларусі прыехаў даволі даўно, а мне было вельмі цікава пагаварыць з чалавекам, які прыехаў нядаўна. Па заканчэнні гэтай школы я пераехала ў Таронта. Прычыны пераезду — у асноўным эканамічныя. Але былі і іншыя, звязаныя з палітыкай, і я вырашыла, што мне варта сябе пашкадаваць і перастаць ставіць перад сабой толькі амбіцыйныя мэты. Знаходжанне ў Нью-Ёрку ў якасці мастака, што нядаўна памяняў кірунак, патрабавала ад мяне такога стылю жыцця, на які я ўжо — у свае 38 гадоў — была не гатовая. Паколькі я прайшла праз усе этапы эміграцыі — а гэта ўвогуле даволі няпросты працэс, — адчула, што лепшым рашэннем для мяне будзе вярнуцца ў Канаду і атрымаць усе сацыяльныя даброты, якія прапануе мне гэты пашпарт. І я змагу ўдзельнічаць у мастацтве ў месцы, у прынцыпе, недалёкім ад Нью-Ёрка і выстаўляцца інтэрнацыянальна, у тым ліку і ў галерэях суседняй краіны.
Далей ад цэнтра — больш спакойнае жыццё? Правільна я зразумела намер?
— Не зусім, бо важна ўсведамляць, што мы маем на ўвазе, калі гаворым: Нью-Ёрк — цэнтр. Гэты цэнтр найперш камерцыйны. Трэба асэнсоўваць розніцу паміж ЗША, Канадай, Еўропай — і ўсім астатнім светам.
ЗША сапраўды лічыцца адной з першых краін свету, але паўнавартаснае жыццё там вельмі праблематычнае, гэтая краіна ў дадзены момант закрытая для іміграцыі, яна вельмі спецыфічна ставіцца да сваіх меншасцей, у ёй няма бясплатнай аховы здароўя, сацыяльнай падтрымкі і грантавай сістэмы для мастацтва, такой, якая існуе у Канадзе і Еўропе, напрыклад у Германіі ці Швецыі. Затое ў іх вельмі развітая сетка камерцыйных галерэй, што звязана з важкасцю эканамічных пазіцый Нью-Ёрка, іншых індустрый, якія існуюць, бо ёсць людзі, каторыя могуць сабе дазволіць падтрымліваць мастацтва, — мецэнаты і калекцыянеры. Гэты горад — месца канцэнтрацыі. Для мастака ён цікавы найперш таму, што тут можна пабачыць шмат рознага кшталту твораў і паўдзельнічаць у мастацкіх працэсах, — у музеях ці галерэях, таксама тут багата лекцый і ўвогуле вельмі насычаная прастора. Паводле насычанасці падзеямі дзесьці на такім жа ўзроўні знаходзіцца Лондан. Берлін, напрыклад, з гэтымі гарадамі немагчыма параўнаць.
Але для вытворчасці мастацтва Нью-Ёрк з’яўляецца не самым лепшым месцам. Бо які сэнс мы ўкладаем у фразу «рабіць мастацтва»? Гэты працэс не азначае «прадаваць». Магчымасць ствараць — гэта найперш спакойныя разважанні, праца ў студыі, вандроўкі, у тым выпадку, калі неабходна праводзіць нейкія свае даследаванні. У такой эканамічнай сітуацыі, якую прапануе Нью-Ёрк, падобнае могуць сабе дазволіць толькі вельмі нямногія. Бо гэта дастаткова стрэсавае месца, каб займацца мастацтвам. У гэтым горадзе добра апынуцца, калі твая кар’ера ўжо на ўзлёце, ты маеш адпаведныя фінансавыя магчымасці, якія дазваляюць табе ўключыцца ў гэтае жыццё на роўных умовах. Яшчэ дадам: амерыканцы самі па сабе — гэта тычыцца ў тым ліку і моладзі — даволі замкнутыя, яны мала вандруюць, і гэта ўсё эмацыйна цябе вельмі вычэрпвае. Я не супраць складаных дыялогаў, адукавання адно аднаго, але ў нейкі момант я зразумела, што вычарпаная, што пасля такіх значных перамен у кар’еры мне трэба стабільнае, не такое дарагое месца, дзе мяне фінансава змогуць падтрымаць.
У 2015-м ваша першая персанальная выстава адбылася ў Мінску, тады праз свае творы вы разважалі пра гісторыю, якая можа быць сцёртай ці змененай новымі тэхналогіямі. І цяпер прыйшоў час для наступнай экспазіцыі… «Натуральныя сувязі» і «Пярэварацень» — што іх лучыць? Які шлях паміж імі?
— Тое, што звязвае ўсю маю практыку, я вызначаю як «цыркуляцыя эстэтыкі». А маю на ўвазе... У нашым глабалізаваным свеце выявы — іміджы — лёгка перамяшчаюцца праз любыя межы. «Інстаграм», «Фэйсбук», рэклама, фільм, друк — эстэтыка, якая хутка мігруе і абвалаквае… Значэнні і асэнсаванні іміджаў пры гэтым змяняюцца. Мой першы праект быў, скажам так, пра носьбітаў гісторыі праз выяву. Пачалося з таго, што я знайшла кінастужкі маёй бабулі, якія былі сапсаваны, але гэта паспрыяла маім развагам: што значыць «захоўваць гісторыю, захоўваць архівы»… І гэта была хутчэй выстава пра мінулыя, сучасныя і спекулятыўныя будучыя метады архіва. То-бок у экспазіцыі я паказала гэтыя захаваныя старыя фільмы, новыя дзігітальныя фільмы, пераробленыя ў відэа, нарэзаныя адпаведна з нашым успрыманнем рэальнасці постэмціві, постінстаграм і гэтак далей… Яшчэ я прасачыла сувязь з матэрыяльнасцю архіваў. Раней фільмы захоўваліся на цэлюлозе, на 35-міліметровай стужцы. І нягледзячы на тое, што стужкі былі залітыя вадой, сапсаваныя, я ўсё роўна змагла захаваць нейкую частку выяў і нават гуку. Калі хай-драйв-дыск упадзе ў ваду сёння, то ўсё, немагчыма нічога будзе ўзнавіць. З аднаго боку, адбываюцца працэсы тэхналагічнага паскарэння, але з іншага — усе сучасныя сістэмы сталі больш залежныя, напрыклад ад электрычнасці, сталі больш крохкія. У мяне сапсаваўся носьбіт, на якім былі змешчаны мае працы за тры гады, давялося прывезці яго ў Беларусь, і тут мне яго адрамантавалі. Гэтая матэрыяльнасць пачынае пашырацца. У прынцыпе, я думала пра антрапалагічныя музеі, калі рабіла саму інсталяцыю 2015-га ў галерэі «Ў», і гэта адбілася на тым, як была зладжана эстэтычная прэзентацыя — з падсветкай. Але мне хацелася прадставіць гэтыя матэрыялы такім чынам, каб выглядала, што на іх глядзіць нехта іншы. Маецца на ўвазе погляд не з нашай сістэмы, а з перспектывы чужынца. І я шукала шляхі, як прадставіць іншыя метады памяці. Таму ў экспазіцыі я змясціла бокс з іржаўчынай, сабранай з каробак, у якіх захоўваліся стужкі, і яна была запячатана ў сіліконе назаўсёды. У экспазіцыі таксама дэманстраваліся зубы маёй бабулі, што таксама з’яўляліся маёй спадчынай, а мы ведаем: зуб — носьбіт значнай інфармацыі пра чалавека. Але гэта былі залатыя зубы, напэўна, на іх і засталіся сляды, але гэта матэрыял з іншай гісторыяй. Напрыклад, падчас Другой сусветнай вайны нацысты збіралі залатыя зубы памерлых людзей. Таксама сёння ёсць традыцыя перадачы зубоў у спадчыну, каб з іх пасля зрабіць нейкае ўпрыгожанне, — гэта спецыфічная традыцыя нашага рэгіёна. Яшчэ я выкарыстала ў экспазіцыі спецыфічны матэрыял — біяпластык у герметычных пакетах, які быў зроблены з малака маёй сяброўкі. Зноў жа вяртанне да вобраза маці, да нашага цела як носьбіта гісторыі ці архіва. Тое была выстава пра метады архіва, а архіў — гэта выява, а таксама матэрыяльнасць, як я патлумачыла. І тэма будзе працягнута тут.
У «Пярэваратні»?
— Так. Я думала пра тое, як спалучаецца культурная гібрыднасць і выява. Праект змяніўся падчас падрыхтоўкі, бо я мусіла адрэагаваць на новае месца правядзення работы. Я заўсёды працую непасрэдна з самім месцам, прагаворваю гісторыю таго, як мы апынуліся тут, як адбылося закрыццё мінулага памяшкання — прасторы «Сталоўка XYZ».
Месцазнаходжанне гэтай выставы і фрагменты інтэр’ера з той галерэі, які працягвае вандраваць разам з намі, — рашоткі, дэкаратыўнае аздабленне, — стануць часткай выставы, а матыў гэтых рашотак будзе паўтораны ў новай экспазіцыі.
То-бок вы прыехалі з адным канцэптам, але ён трансфармаваўся пад уздзеяннем таго, што «Сталоўка» закрылася?
— Так, гэты матыў увасобіўся ў новым праекце, бо я думала пра эстэтыку ўпакоўкі — упакоўвання нашага жыцця. Пачынаючы з таго, як мы жывём, у якім акружэнні, і заканчваючы тым, як мы сябе прадстаўляем на індывідуальным узроўні — праз выяву. Я звязала гэта з тым, што мы ўпакоўваем наша асяроддзе і ў рэшце рэшт упакоўваем зямлю. І ўсё больш аддаляемся ад асяроддзя. Цікавая кніга «The Artificial Kingdom: A Treasury of the Kitsch Experience» Селесты Алалкіагі, аўтарка ў 1990-я напісала пра ўплыў постіндустрыяльнага эфекту на эстэтыку. Будуючы штучныя ўкрыцці і шкляныя палацы, мы пачалі аддаляцца ад прыроды і ў той жа час — яе эстэтызаваць. З’яўляюцца металічныя рашоткі ў форме лістоты, кветак, але гэтыя канструкцыі нас абараняюць ад самога рэсурсу, ад крыніцы. Рыхтуючы гэты праект, я не магла не думаць і пра палітычную сітуацыю, пра бежанцаў і посткаланіяльную гісторыю, што тычыцца межаў краін, а таксама граніц чалавека, які ўдзельнічае ў штодзённых экалагічных зменах. У гэтай экспазіцыі я прадстаўлю відэа з зямлёй і іншымі інгрэдыентамі. Таксама зямля будзе запакавана ў пакеты, метады ўпакоўвання жыцця праламляюцца праз гук, праз машыны, прызначаныя для сну, для супакаення. І гэта звязана з акселерацыяй, з ідэяй прагрэсу, якая ставіць чалавека вышэй за ўсё і мяркуе пастаянную тэндэнцыю развіцця, заснаваную на тэхналогіях. Гэта так ці іначай уплывае на інфармацыйны абмен, бо мы фізічна не можам успрымаць той візуальны паток, які ідзе, перавышаючы магчымасці нашага ўспрымання. І гэты стан вычэрпвае.
Цікава згадаць і пра іншыя культурныя магчымасці, тое ж наша паганства, з павагай да прыроды, да асяроддзя…
Такім чынам, выстава «Пярэварацень» — найперш крытычнае выказванне…
Так, але гэта і разважанне, асэнсаванне таго, дзе я знаходжуся сама, як я ва ўсім гэтым удзельнічаю. Наколькі магчыма ці немагчыма ад гэтага аддзяліцца, я яшчэ не ведаю, куды рушу. Мне вельмі цікава, наколькі мастак як вытворца эстэтыкі звязаны з гэтымі ідэямі і наколькі мы павінны прапаноўваць новыя эстэтычныя ідэі ці мяняць пазіцыю, як гэта рабіць, не апранаючы касцюм праблемы. Маецца на ўвазе: як не тэатралізаваць праблему. Я яшчэ не цалкам сышла ад гэтага метаду, я з ім сяджу, з усімі гэтымі знаходкамі, і проста спрабую зразумець, як рабіць працу далей.
Вы падкрэсліваеце выбар «бедных» матэрыялаў для сваіх праектаў. Гэта ўсвядомленае рашэнне ці больш неабходнасць?
— Гэта цікавая тэма, распачатая ў сярэдзіне 2000-х Хіто Стэйэрлам, філосафам з Германіі, у эсэ «Бедны імідж». У ім разважаецца пра тое, як распаўсюджваюцца матэрыялы, што такое джэй-бэк — гэта тая самая лёгкая выява, якую можна хутка перасылаць, але калі яе зрабіць большай, яна пікселюецца. І такія выявы мы можам час ад часу сустрэць на беларускіх вуліцах, хоць яны могуць з’яўляцца ў любых краінах. Але ёсць ідэал — high definition новых носьбітаў, якія зноў жа звязаны з акселерацыяй. То-бок бедны матэрыял — гэта, з аднаго боку, мая пазіцыя, але ў пэўнай ступені і мая рэальнасць. Аднак, напрыклад, атрымліваючы нейкі грант, я магла б зрабіць штосьці меншае, але больш дасканалае — паводле самых апошніх тэхналогій. Ды выкарыстанне найлепшага тэхнічнага вынаходніцтва не становіцца самамэтай, перадавыя тэхналогіі прыходзяць у маё жыццё праз відэа, дзе я выкарыстоўваю самую сучасную камеру, але не раблю высілкаў на тое, каб выява глядзелася глянцава. Мне падабаецца непрафесійная выява, бо мне падабаецца эстэтыка больш хуткая, яна больш асабістая. Гэта тое, што я раблю як мастак: да інсталяцыі стаўлюся як да жывапісу — і завяршаю яе на месцы. Калі месца — гэта канва, то я наношу на яе ўзор.