Першы — разважлівы, адукаваны, збольшага спакойны ды крыху іранічны, адкрыты на самую шчырую гутарку без аніякай позы. Другі — ахоплены ўнутраным агнём, бязлітасны да сябе на сцэне, аматар моцнага слоўца і не менш моцных напояў, аднак адначасова цалкам залежны ад настрою аўдыторыі. З першым можна было гутарыць бадай на любую тэму, другі ж мог і расплакацца з той нагоды, што на канцэрт ягонай групы прыйшло мала людзей.
Я любіў і паважаў і таго, і другога. Бо выдатна разумеў: Кулінковіч у паўсядзённасці выходзіў на сцэну і адразу пераўвасабляўся ў Куллінковіча. Пры гэтым апошні, упэўнены, не ламаў пакутліва галаву, калі прыдумляў свой сцэнічны вобраз. Ён склаўся неяк сам і быў ужо гатовы, калі, вельмі даўно, я пабачыў на канцэрце «Нейро дюбель», выступ якога разагравала яшчэ амаль нікому не вядомая каманда «Ляпис Трубецкой». Быў, прызнацца, вельмі ўражаны, калі пабачыў Кулінковіча тады яшчэ без двух «л» у псеўданіме па канцэрце. Ён, мокры ад поту, сядзеў на падлозе, прыхінуўшыся да сцяны, і, здавалася, знаходзіўся ў нейкім іншым вымярэнні. Прабачце, пастаноўкай, спектаклем тое назваць немагчыма. Саша цалкам выкладаўся на сцэне, а таму ў шчырасць ягоных сцэнічных паводзін не паверыць было немагчыма.
Як, дарэчы, і ў шчырасць таго, што ён рабіў як аўтар музыкі і песенных тэкстаў. Не, ані кампазітарам, ані паэтам назваць яго бадай немагчыма. З гэтага пункту гледжання напісаныя ім песні разам з манерай сцэнічнага паказу і можна было б аднесці да панк-культуры. Але, паўтаруся, зробленае Кулінковічам пазначана неверагоднай шчырасцю, і гэта з філасофіяй панку ў цэлым неяк не надта супадае. Тым больш, як было сказана вышэй, панк што ў жыцці, што на сцэне, — адзін і той жа чалавек. Ён і сам пра гэта казаў: «Ніколі не лічыў сябе панкам. Вам падалося! Ці мала што я казаў ці спяваў панк-рок! Я вельмі мілы, добры чалавек для блізкіх мне людзей. Які з мяне панк?» Невыпадкова яго ўлюбёнай асобай быў Пётр Мамонаў.
Ці яшчэ адно прызнанне: «Прыдуркаватасць — тая маска, якую мне перыядычна падабаецца нацягваць. Я нават пачаў гэтым карыстацца!.. Перастаў хвалявацца, што пра мяне падумаюць. А вы ўсё роўна ніколі не зразумееце, дзе я жартую, а дзе не».
Ну, не зусім так. Я быў сведкам, як на паверхню вырываліся ягоныя натуральныя эмоцыі. Неяк ехалі на «Басовішча» з «НД» на машынах. Польскі памежнік, зірнуўшы на здымак у Сашавым пашпарце, а потым на яго самога, выгукнуў: «О, гэта ж “Нейра дзюбель”!» Сашавы вочы імгненна зазіхацелі: яго пазнаў замежнік! І калі той спытаўся, ці ёсць новы альбом, Саша першы кінуўся да машыны, каб прэзентаваць памежніку плытку.
Ці другі эпізод з цырымоніі «Рок-каранацыі», здаецца, 1998 года, калі «НД», стоячы на сцэне побач з Мулявіным і Кашапаравым, выканалі сваю версію «Вологды». Напачатку на твары Мулявіна было здзіўленне, але праз колькі імгненняў ён з Кашапаравым пачаў усміхацца.
Гэтак жа натуральна, рускамоўны ў жыцці, прайшоў да беларускай мовы. Здарылася гэта падчас падрыхтоўкі супольнага музычнага праекта «Скрыпка дрыгвы» на вершы Уладзіміра Караткевіча. З таго часу ў наступных альбомах «НД» рэгулярна з’яўляліся песні на беларускай мове, быў нават выдадзены цалкам беларускі альбом з Сашавымі тэкстамі.
Саша быў чалавекам вельмі ранімым. Неяк, пішучы пра канцэрт «НД», я выказаў здагадку, што Кулінковіч наўмысна падладжваецца пад густы публікі, так бы мовіць, пэтэвэшнай культуры. Ён моцна пакрыўдзіўся. Аж да таго, што праз некаторы час я быў змушаны сустрэцца з ім і папрасіць прабачэння за напісанае.
А назва ягонага гурта «Нейро дюбель» аказалася ў нечым прарочай: недзе ўвосень 1994 года Сашу літаральна вярнулі з таго свету пасля складанай аперацыі па выдаленні мазгавой пухліны…
Мне вельмі шкада, што я страціў блізкага мне сябра.