ЦІ МАГЧЫМА Ў МЕЖАХ АДНОЙ ВЫСТАВЫ РАСКРЫЦЬ УСЮ БЕСПРЭЦЭДЭНТНАСЦЬ І ШМАТГРАННАСЦЬ ТВОРЧАСЦІ ГЭТАГА МАСТАКА? НАПЭЎНА, ДЗЕЛЯ ГЭТАГА ПАТРЭБНЫ АДМЫСЛОВЫ МУЗЕЙ, ДЗЕ СУЧАСНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ ДАЗВОЛІЛІ Б ГЭТАК АРГАНІЗАВАЦЬ ВЫСТАЎНУЮ ПРАСТОРУ, КАБ АРТЭФАКТЫ І ДАКУМЕНТЫ, МАСТАЦКІЯ ТВОРЫ, ТЭКСТЫ І САМА АСОБА АЎТАРА, — ПРА ЯКОГА, ЗДАЕЦЦА, ТАК ШМАТ ВЯДОМА І ЯКІ, ТЫМ НЕ МЕНШ, ДАГЭТУЛЬ ЗАСТАЕЦЦА ЗАГАДКАВЫМ ФЕНОМЕНАМ, — ПАЎСТАЛІ Ў СВАЁЙ СУКУПНАСЦІ І ЗНІТАВАНАСЦІ.
АДНАК ВОЛЬЗЕ АРХІПАВАЙ, КУРАТАРЦЫ ВЫСТАВЫ «СУСВЕТ ЯЗЭПА ДРАЗДОВІЧА», УДАЛОСЯ ЎПЕРШЫНЮ САБРАЦЬ У АДНОЙ ЭКСПАЗІЦЫІ ПРАЦЫ, ШТО ПРЭЗЕНТУЮЦЬ УСЕ ПЕРЫЯДЫ І ФОРМЫ ТВОРЧАСЦІ МАСТАКА, УСЕ ЯГО ПОШУКІ І ЗАХАПЛЕННІ.
Адным з захапленняў Драздовіча стаўся космас. Мастак, якому не заўсёды было ўтульна на Зямлі, быў літаральна апантаны далёкімі зоркамі і планетамі. Космас стаў для Драздовіча грандыёзным праектам, што спарадзіў шэраг жывапісных палотнаў, дзясяткі графічных твораў і тэкстаў і якому ён надаваў не толькі (і нават не столькі) мастацкае значэнне, а перадусім навуковае. Ён пісаў: «Раблю гэта не дзеля забавы... а дзеля навукі. Хто гэтаму не верыць, хай праверыць праз тэлескопы, і я пэвен, што бальшыну таго, што мной апісана, убачаць як на далоні». І менавіта гэты «касмічны праект» Драздовіч лічыў найважнейшаю справай свайго жыцця.
На выставе не ставілася задача прэзентаваць увесь «касмічны цыкл», Вольга Архіпава абрала толькі некалькі прац. Да некаторых з іх былі далучаны суправаджальныя тэксты — урыўкі з рукапісаў мастака, дзе тлумачыцца, расшыфроўваецца тое, што выяўлена на палотнах. Гэты куратарскі ход дае разуменне таго, што жывапісныя, графічныя творы Язэпа Драздовіча і яго тэксты цяжка разглядаць у адрыве, ізалявана, яны ўзаемадапаўняльныя, узаемапранікальныя і складаюць адзіны непарыўны — мудрагелісты і чароўны — мастацкі свет. Між тым толькі нядаўна ўдалося апублікаваць некаторыя з гэтых тэкстаў (у прыватнасці, на адмысловым, прысвечаным Драздовічу сайце drazdovich.by), а да апошняга часу нават не ўсе спецыялісты ведалі пра іх існаванне. Каб зразумець, чаму так адбылося, трэба вярнуцца да самага пачатку касмічнай адысеі Язэпа Драздовіча.
А пачалося ўсё ў 1931 годзе, калі пасля звальнення з Наваградскай беларускай гімназіі Драздовіч пасяліўся ў Вільні. Сталай працы тут не было, замовы на афармленне кніг і часопісаў, якія дазвалялі б падзарабіць, паступалі рэдка.
Але, як гэта часта здаралася ў жыцці Драздовіча, нягоды далі новы імпульс яго творчасці. Гады беспрацоўя прынеслі важкі плён. Драздовіч нарэшце меў досыць часу, каб цалкам паглыбіцца ў тое пакрыёмае, запаветнае, што здавён вабіла, прыцягвала яго.
Напаўгалодны, часам хворы, ён з дня ў дзень сядзеў у бібліятэцы, прагна паглынаючы ўсю астранамічную літаратуру, якую можна было здабыць. А пасля вяртаўся ў віленскае прадмесце, на халодны паддашак у драўляным доме, дзе кватараваў, — і абрыньваўся ў чароўныя сны, выпраўляўся ў «астральныя падарожжы». Ён вандраваў на далёкія зоркі і планеты — Месяц, Марс, Сатурн, — бачыў цудоўнай прыгажосці краявіды, разглядаў неверагодныя расліны, жывёл, наведваў нязнаныя краіны, гарады і назіраў за жыццём тамтэйшых жыхароў. Зранку ён скрупулёзна занатоўваў, дакументаваў убачанае. Рабіў замалёўкі: карты паасобных касмічных мясцовасцяў, ландшафты, выявы раслін, жывёл і іншапланецян. Захавалася мноства графічных аркушаў такога кшталту, а тое-сёе з касмічных уражанняў увасобілася ў жывапісныя палотны.
Штораз, вяртаючыся са сваіх астральных вандровак, Драздовіч перагортваў кнігі па астраноміі, вывучаў фотаздымкі наведаных зорак і планет (у той час былі, напрыклад, досыць выявы фатаграфіі Месяца). Зазвычай мастак пераконваўся, што ўсё ўбачанае ім — не трызненне: «...Аказалася, што ўсё тое, што бачыў праз самнамбулістычную візію, — на фатаграфіі яны ёсць точ у точ. Цяпер я з пэўнасцю веру, што бальшына візіяў маіх — гэта не твор фантазіі, не самаабман, а сапраўдны дар яснавідства». Драздовіч ніколі і ніколькі не сумняваўся ў абсалютнай рэальнасці сваіх «начных візіяў».
Большасць намаляванага і напісанага ў той час ён перадаваў у Беларускі музей у Вільні. Але ў 1944 годзе было прынятае рашэнне пра ліквідацыю Музея імя Івана Луцкевіча. Усе экспанаты з багатай музейнай калекцыі былі падзеленыя на групы, частка (тыя, якія «маюць пэўнае дачыненне да гісторыі Літвы», і тыя, што нібыта «не маюць дачынення ні да беларускай, ні да літоўскай гісторыі») засталася ў Вільні, частка патрапіла ў Мінск. Напрыклад, большасць тэкстаў з дакументацыяй касмічных «вандровак» Драздовіча захоўваецца цяпер у Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы (напэўна, было канстатавана, што яны «не маюць дачынення ні да беларускай, ні да літоўскай гісторыі»). Гэта цэлы стос сшыткаў з апісаннямі падарожжаў на Месяц, з картамі тамтэйшых краін і іншымі замалёўкамі, а таксама дзве адмыслова аформленыя Драздовічам самаробныя кніжкі (з прыгожымі, выкананымі ў стылістыцы дываноў-маляванак вокладкамі) — «Жыццё на Марсе» і «Жыццё на планеце Сатурне». Такім чынам, у выніку расфармавання калекцыі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча атрымалася так, што ў Мінску (перадусім у Нацыянальным мастацкім музеі) захоўваецца пэўная колькасць досыць таямнічых жывапісных і графічных твораў Драздовіча «касмічнага цыклу», а ключы да гэтых загадак знаходзяцца ў Вільні.
Адзін з найбольш яскравых прыкладаў таго, як тэксты з Вільні дазваляюць зразумець сутнасць намаляванага Драздовічам, — выявы месяцовага горада Трывежа і яго апісанні. Гэты горад неяк асабліва вабіў Драздовіча, ён шматразова вандраваў туды, картаграфаваў яго (гэта не якаясьці метафара — захаваўся шэраг складзеных мастаком карт Трывежа і яго ваколіцаў, у тым ліку адна на адваротным баку жывапіснага палатна «Трывеж» — мне здаецца, гэта досыць рэдкі выпадак, калі «спод» працы фактычна з’яўляецца паўнавартасным, самадастатковым мастацкім творам). Драздовіч не толькі выяўляў Трывеж, але і шмат пісаў пра яго (у Вільні захоўваюцца рукапісы двух досыць вялікіх тэкстаў — «Трывеж» і «У мурох Трывежа»).
Палатно «Трывеж», якое экспануецца на выставе «Сусвет Язэпа Драздовіча», ведаюць, бадай, многія. І кожнаму зразумела, што назву гораду далі тры велічныя вежы, выяўленыя на гэтым палатне. Але што гэта за збудаванні, якое ў іх прызначэнне? Можа, гэта палац? Храм? Так меркаваў і сам Драздовіч. І яму захацелася апынуцца ўнутры гэтых вежаў і як мае быць агледзець, даследаваць багатае палацавае ўбранне. Але Драздовіча — і, зразумела, нас — чакала неспадзяванка. Прывяду ўрывак, дзе апісаны агледзіны інтэр’еру вежаў, цалкам, бо ён робіць досыць моцнае эмацыйнае ўздзеянне і да таго ж дазваляе дакладна «расшыфраваць» выявы Трывежа:
«Задаўшыся думкаю цікавасці, што прадстаўлялі і што сабою завершавалі тыя высачэзныя вастраверхія тры вежы, якія я бачыў раней над нейкай не разгледжанай мною добра будоўляй, — і я зараз жа апынуўся ў нейкіх старадаўнейшых сьмяных катакомбах, дзе каля сцен на нейкіх прымурках ляжалі ў парадку разложанымі парудзелыя напаўстлелыя чарапы галоў чалавечых, а пад імі і ля іх рэшта іншых недатлелых касцей галёнак, плечавіц, кульшавіц і г. д.
Не будучы задаволеным ад віджанага, бо спадзяваўся на нешта іншае, на аглядзіны нутра велічава ўзведзенага харому, і я ўзнова направіўся пад гэтыя вежы і замейсц велічавай прыгожай нутрыхорамнай архітэктуры з аркамі ды каланадамі, — я ўбачыў узнова блізка, што такія самыя катакомбы, як і ў папярэдні раз, і толькі з не са старымі напаўстлелымі касцямі людзей, а з цэлымі, з неразрушанымі шкілетамі.
Шкілеты гэтыя не ляжалі, а стаялі каля сцен у нейкіх шыракаватых папеляхага колеру скрынках. І добра заўважыў іхні невялічкага росту склад, нічым не рознючы па свайму выгляду ад складу касцязбораў зямнога чалавека, хіба толькі па грубаце, бо ў прапорцыі да велічыні росту косці гэтых нябожчыкаў паказаліся мне занадта далікатнымі, цянклявымі. А чарапы — кароткагаловымі і з досыць высокімі выпуклястымі ілбамі. Пры гэтым заўважыў, што галовы гэтых нябожчыкаў, бадай што, ува ўсіх, былі пахілены на правае плячо, робячы ўражанне, вызываючае пачуццё не адпіхаючага страху, а нейкага жалю.
У трэці раз пасля віджанага ў мяне не знайшлося жадання на далейшае адшукаванне таго, што хацеў знайсці і ўбачыць пад гэтымі велічава ўзносістымі трыма вежамі. І са словамі: «Вечны ім пакой і светлая памяць між жывымі», — я адляцеў ад гэтага хораму развітаных з жыццём — у бок новага гораду, з пэўным жаданнем [убачыць] найпрыгажэйшы з будынкаў гэтага гораду, а перадусім хоць са два абразкі з жыцця жывых людзей гэтага пакрытага цемраю вялікага чужасветнага гораду».
Такім чынам, вежы аказаліся не палацам і не храмам, а некропалем, магільнымі склепамі, і гэта, пагадзіцеся, уносіць дадатковы «нюанс» ва ўспрыманне зробленых Драздовічам выяваў Трывежа і нават у разуменне самой назвы горада.
На выставе «Сусвет Язэпа Драздовіча» экспануецца і жывапісная выява чырвонага гмаху на адным з кольцаў — «асяроднікавым кружніку» — Сатурна. Гледзячы на гэтае выкананае ў «пазітыўнай» каляровай гаме палатно, немагчыма нават уявіць, колькі жаху перажыў Драздовіч, убачыўшы гэтую будыніну. У тэксце «Жыццё на планеце Сатурне» ён дэталёва апісвае, як лунае над гмахам і не рашаецца зазірнуць унутр праз адзінае маленечкае акенца. Яму страшна. Здаецца, ён убачыць там вусцішныя відовішчы, падобныя да жахаў інквізіцыі: «...Гараць распаленыя печы агню, вісяць ланцугі з наручнікамі ды нашыйнікамі, стаяць набітыя зялезнымі шпілямі ловы, напякаюцца ў тых печах зялезныя клешчы, зялезныя пальчаткі ды гішпанскія боцікі, круцяцца зубчастыя касцяломныя машыны дый шмат якія іншыя «высокай тэхнікі» старадаўнейшых часоў «вынаходкі». А каля сцен, кругом сядалішча высокапастаўленага тамтэйшага суддзі і пракурора, вісяць падвешаныя за рукі ды прывязаныя да іксавастых крыжоў, корчучыся ад болі калоцця, біцця ды прыпёкаў на дапросе, грэшныя прыступнікі, чараўнікі, чарнакніжнікі, бязбожнікі, вераадступнікі, непачытацелі ўлад і рознага роду адшчапенцы і вальнадумцы, як нашыя Бруно з Галілеем». Нарэшце Драздовіч адважваецца, падлятае да акенца і зазірае ў яго. Тое, што ён там угледзеў, чамусьці выклікае ў яго палёгку (у той час як у чытача стыне ў жылах кроў): «І што ж я там убачыў?! А роўна што і нічога, — апроч выглядаўшых праз ваконца, пазіраючых угору на неба, на якім свяцілася сонца, пары буйнаватых і круглых безбялковых нейчых вачэй ды цемнаты, — нічога-анічагусенькі не пабачыў».
Як шмат што ў начных вандроўках, гэтае відовішча застаецца для Драздовіча загадкавым, тое-сёе з таго, што ён бачыў, мастак не мог растлумачыць — нават сам сабе (найяскравейшы прыклад — графічны аркуш 1932 года пад назваю «На станцыі Ariapolis... Пероны і нешта-нейкае»). Але ў гэтым выпадку, калі Драздовіч вярнуўся з Сатурна, яму дапамог яго сябра, пісьменнік і фалькларыст Янка Пачопка, які таксама захапляўся астраноміяй. Выслухаўшы аповед мастака пра чырвоны гмах, ён патлумачыў: «Ды гэта ж старадаўнейшага тыпу бестэлескопная астранамічная абсерваторыя з квадрантам [...] Вось праз гэтае ваконца, што ў сцяне, яны глядзяць на неба». Такім чынам, менавіта дзякуючы Пачопку палатно з выявай чырвонай будыніны атрымала назву не «Нешта-нейкае», а «Астран — абсерваторыя з квадрантам на кальцы Сатурна».
На выставе «Сусвет Язэпа Драздовіча» можна пабачыць два палотны з выявамі насельнікаў Сатурна. Яны даволі чалавекападобныя, хоць нешта няўлоўнае адрознівае іх ад зямлян — штосьці, што на першы погляд цяжка вызначыць. Аднак, прачытаўшы тэкст «Жыццё на планеце Сатурне», пачынаеш заўважаць на гэтых карцінах тое, што не кідалася ў вочы раней. У тэксце ёсць, напрыклад, прасякнутае замілаваннем апісанне юнай сатурнянкі. Драздовіч не шкадуе слоў, каб перадаць прыгажосць гэтай дзяўчыны, параўноўваючы яе то з ружай, то з русалачкай. І ўсё ж са скрупулёзнасцю даследчыка ён адзначае адметнасці яе аблічча: «Прыгледзеўшыся да ейных акругленых сінявата-шаравенькіх воч, аказалася, што ейныя вочы зусім не так збудаваны, як нашы. Кругом звычайнага, як і ў нашых вачах, кругленькага зрэнка расходзілася каляровымі (сіня-сінявымі і зелянькавымі) праменьчыкамі шырокая круглая вясёлка, якая занімала сабою блізка тое, што ўвесь вачны яблык, не пазастаўляючы на ім мейсца для бялка. А кругом вясёлкі, у сваю чаргу, правідловым, як з-пад цыркуля, кружком ахілялі вока павекі, абрамляючы вясёлку, ні то ў сваіх берагах, ні то ў самой вясёлцы, якая наводдаль ад зрэнка здавалася цямнейшай — нейкім вузенькім цёмным кружком, выразны цёмны абадок.
Яшчэ дзве асаблівасці: не відалася, каб гэтая прыгожанькая істота хоць бы раз кранула павечкамі ды сплюскаватымі вачмі — як быццам зусім не былі яны ў яе рухомы, — гэта адно; а другое — гэта тое, што не відалася вушэй, якія або былі гладка прыкрытымі звісаючымі аж да плеч гладзенькімі космамі светла-русых валасоў, або гэтая незямнога паходжання прыгожанькая істотка зусім іх не мела».
Адсутнасць вушэй у «прыгожанькай істоткі» наводзіць Драздовіча на думку, што сатурняне не маюць слыху, а значыцца, і мовы. Адсюль вынікае, што яны «гавораць між сабою вачмі — праз зрок, нейкім магнетычным друг друга адчуваннем».
Ёсць і цікавыя выпадкі, калі не толькі тэксты дапамагаюць зразумець сутнасць выяваў, але і наадварот. Адзін з прыкладаў — графічныя працы «Гара Сігнал у цырку Платона», «Веранда ратунку» і тэкст «У чорным лабірынце (у цяснінах цырку Платона)». З суправаджальнага подпісу на адваротным баку працы «Гара Сігнал у цырку Платона» вынікае, што тут намаляваны луніды. Прыгледзьцеся да гэтай працы — і паспрабуйце іх знайсці. Бадай, толькі прачытаўшы тэкст «У чорным лабірынце», вы зразумееце: сем невыразных плямак у правым баку выявы — гэта і ёсць луніды. У тэксце апісана, як у адной з пячораў у цырку Платона на Месяцы Драздовіч назіраў сямейку голых, не апранутых істот, на дзіўных плоскіх і клінападобных тварах якіх зусім не было ртоў. Гэта крыху збянтэжыла мастака, але ў сваім тэксце ён спяшаецца заспакоіць чытачоў: «Як бы ні дзіка, ні адмоўна, на наш зямны погляд, яны тут не выглядалі, аднак жа ўсё ж ткі яны людзі. Людзі тутэйшага самабытнага луннага міру, якія тут, магчыма, што таксама, як і мы, зямляне, белыя, чарнявыя, жоўтыя, бронзавыя, чырвоныя, карычневыя ды чорныя, — таксама дзеляцца калі не на каляровыя, то на разнародныя, разнавыглядныя расы». Такая вось талерантнасць... Пазней, аднак, Драздовіч зноў сутыкнуўся з лунідамі гэтай расы і здолеў разгледзець іх больш дэталёва. Тут ён заўважыў, што рот у гэтых істот усё ж ёсць, аднак знаходзіцца пад падбародкам. Драздовіч падрабязна апісвае, як мноства лунідаў хаваюцца ад чагосьці ў парасніку на скалістай тэрасе. Менавіта гэты эпізод выяўлены ў графічнай працы «Гара Сігнал у цырку Платона».
Але ў цырку Платона жывуць і луніды іншай расы. Іх Драздовіч таксама апісвае ў тэксце «У чорным лабірынце», у эпізодзе, які адлюстраваны ў адным яго жывапісным накідзе і ў графічнай працы «Веранда ратунку»: зусім чалавекападобныя луніды бягуць і гуртуюцца пад нейкім скалістым навесам. У тэксце эпізод пададзены падрабязна: «...узбегшы на дарогу пападсценнай тэрасы, яны прапёрліся, пранясліся міма мяне, як перапуджаныя сарны, — бягом навыскачку, — робячы паўтарасажонныя крокі, адзін перад адным, як быццам на нейкіх выперадках.
У рухах бегу свайго яны былі лёгкі, эластычны, а заадно і асцярожны. І кожны з іх, скачучы, трымаўся як найбліжэй пападсцення, як найдалей ад брыжу тэрасы. Бо кожны безуважны такі крок на гэтай вузкаватай тэрасе, а асабліва на ейных паваротках, мог лёгка здрадзіць скакуна і скінуць яго праз лёгкі неразлічаны скок па-за брыж тэрасы, у глыбокую чорную пропасць.
Прабеглі і панясліся ўдаль, знікаючы за накалам чорнай скалы.
А ад іхняга бегу павеявала нейкай трывогай».
Аднак у тэксце не акрэслена, ад чаго менавіта ратуюцца ахопленыя панікай луніды. Драздовіч задаецца пытаннем: «Што іх устрывожыла, што іх пабудзіла й заставіла збегчыся сюды і сабрацца тут пад сенню апекі гэтай штучна абладжанай высокай чорнай скалы?.. Мо ваяўнічы напад варожага племя? А мо катастрофа якая?..»
І толькі пазней, праз паўгода пасля напісання гэтага тэксту, Драздовіч нібыта знаходзіць адказ. Бо на адваротах графічных прац «Гара Сігнал у цырку Платона» і «Веранда ратунку», створаных акурат праз шэсць месяцаў, дакладна пазначана, што луніды абедзвюх рас ратуюцца ад раптоўнага патопу, разводдзя, выкліканага растапленнем снегу і льду.
Між іншым, на адваротных баках гэтых прац Драздовіч нават дае абедзвюм расам лунідаў адмысловыя найменні: адных называе антрапоідамі, а другіх — хімероідамі.
Як бачым, выявы і тэксты, колеры, лініі ды словы ў «касмічным праекце» мастака абсалютна непарыўныя. Разам яны ўтвараюць чароўны, жывы, магнетычна прыцягальны Сусвет Язэпа Драздовіча, у які ён гасцінна запрашае кожнага з нас.
Лія Кісялёва