Адзначым, што само адкрыццё выставы, яе публічнае прыняцце і інтэрактыўнае завяршэнне праекта Марыне ўдалося зрабіць падзеяй. Інтэрактыўнасцю стала магчымасць для гледачоў упісаць сваё слова — разуменне ідэнтычнасці, і гэта будзе фінальным вынікам даследавання. Усё разам увайшло ў вызначэнне твора мастацтва — на гранях аб’ектнасці і перфарматыўнасцi.
З каранямі і без каранёў
У параўнанні з больш раннімі праектамі, у «Рызомах» змяніліся «персанальныя дадзеныя» — на першы план выведзена сям’я, прычым некалькі пакаленняў. За ёй ідзе бліжэйшае і больш далёкае асяроддзе: вядомыя людзі Беларусі з іх словамі i нататкамі адносна нацыянальнай ідэнтычнасці. Наступны віток — лес і горад, то-бок знешняе асяроддзе, што таксама непасрэдна ўплывае на самавызначэнне, па спіралі разгортваючы яго, узбагачаючы. Новыя напластаванні і ўзаемасувязі ўсё больш апісваюць тыя самыя рызомы, якія аўтарка вывела ў якасці назвы. Атрымалася цэнтрабежная канструкцыя. Адкрытая сістэма каранёў, што паглыблены ў глебу і сілкуюць чалавека, але не структураваныя іерархічна і жорстка. Патэнцыял гэтай сістэмы крыецца ў магчымых трансфармацыях, часткова спантаннасці і адначасова самаарганізацыі. У яе як бы няма цэнтра, а галоўнае — дынаміка.
У постструктуралiзм паняцце «рызомы» ўвялі Жыль Дэлёз і Фелікс Гватары, якія напісалі працу з такой назвай у 1976 годзе. Цікава прасачыць, што з іх тэорыі, якая глыбока паўплывала на філасофскую думку XX стагоддзя, інтэрпрэтуецца ў беларускіх «Рызомах» Марыны Бацюковай і як гэта адбываецца. У гэтым, на мой погляд, ёсць інтэлектуальная інтрыга і свайго роду выклік праекта.
У арт-падзеі кананічнае разуменне французскіх філосафа і псіхааналітыка не можа быць вiзуалiзавана ілюстрацыяй. Таму так, «рызома развіваецца, вар’юючы, пашыраючы, захопліваючы, схопліваючы, укараняючыся» (як у Дэлёза і Гватары), але з’яўляецца «антыгенеалагiчнай», з прынцыпова не пазначаным паходжаннем, Марына яе наўрад ці лічыць, паказваючы сям’ю, кажучы пра дзяцей на вуліцах не беларускіх гарадоў...
Аб рызоме Бацюковай нельга сказаць, што яна «не пачынаецца і не сканчаецца», хутчэй, гэта «мадэль, якая працягвае фармавацца і паглыбляцца ў працэсе, што развіваецца, удасканальваецца, аднаўляецца», прад’яўляе ўсё новыя версіі свайго існавання. У гэтым наша аўтарка салідарная з французамі.
Нарэшце, адметная ўласцівасць рызомы, на думку Дэлёза і Гватары, «гэта... мець заўсёды мноства выхадаў». Адгалоскі гэтага меркавання несумненна ёсць у праекце. А вось «быць рызаморфным — значыць спараджаць сцябліны і валокны, якія здаюцца каранямі», — гэта ўжо новы віток, што адсылаў бы нас да сюррэалізму Рэнэ Магрыта.
Па другі бок гармоніі
Цяпер вернемся да ідэнтычнасці, то-бок цэнтральнай ідэі праекта. Уключэнне сацыяльнага аспекту — у першую чаргу гэта тычыцца серыі «Рызомы. Мы» — у задачу канструявання ідэнтычнасці можна трактаваць у дзвюх версіях як мінімум. У адным выпадку гэта разуменне «сацыяльнага як прынцыпова не гарманізаванага, якое не ўкладзена ў адзіны ўніверсальны праект» (Галіна Русецкая, беларускі філосаф), у іншым — утапічная альтэрнатыва, пошук агульнасці, падтрымкі і нават салідарнасці.
Іншымі словамі, глядач аказваецца перад дылемай: мноства тэкставых выказванняў, якія Марына змяшчае ў тканіну выставы, ёсць спробай паказаць разнавектарныя пазіцыі ці ўсё ж жаданнем сабраць іх ва ўзгоднены, цэласны беларускі кантэкст? Блізкі, вядома, самаадчуванню аўтаркi, паколькі крайніх меркаванняў у яе суразмоўцаў не прагучала.
Думаецца, не заўважаць рознагалоссяў і неадназначнасці, бачачы толькі бесканфліктнае, беспраблемнае ў самасвядомасці грамадства, было б дзіўна. Рэальнае ў пошуках калектыўнай ідэнтычнасці якраз супярэчлівае і іранічнае, а найчасцей — нават траўматычны досвед. Таму Марына выбірае, на мой погляд, найбольш прадуктыўны падыход — зварот да дысгармоніі, да патэнцыялу розных канцэпцый, нават калі гэта ўсяго толькі камунікатыўныя інтэнцыі тыпу «каханне», «радзіма». Але тэму новай банальнасці пакуль адкладзем на будучыню.
У ліку тых самых суразмоўцаў з рэфлексіўнымi выказваннямі — асобы сапраўды ўплывовыя на нашым культурным полі — Святлана Алексіевіч, Аляксей Братачкін, Максім Жбанкоў, Вольга Шпарага, Сяргей Пукст, Альгерд Бахарэвіч, Валянцін Акудовіч, Канстанцін Селіханаў, Таццяна Радзівілка, Уладзімір Парфянок, Сяргей Кажамякін, Андрэй Саўчанка, Ігар Саўчанка, Дзмітрый Сурскі, Міхал Анемпадыстаў і Алена Дашкевіч, Канстанцін Вашчанка, Сяргей Балянок. Блiскучае кола!
Серыя «Петрыкор. Лес-Лёс» перапрацоўвае публіцыстычны пасыл: «Не знішчайце нашу душу i памяць, нашу Малую Радзіму! Мы не павінны стаць беспрытульнымі!» — піша Марына. Незвычайнае слова «петрыкор» пазначае пах зямлі пасля дажджу, а серыя прысвечана дрэвам, якім пагражае высечка. Яны таксама побач — там, дзе жыве Марына цяпер, і там, дзе жыла раней, дзе тыя ж каранi — у горадзе. Гэта лес у Бараўлянах і пасёлку Даследны, і скверы Асмалоўкi, і бульвары Трактаразаводскага раёна. За іх змагаюцца жыхары і суполкi, іх партрэты — смела можна так казаць — прад’яўляе мастак. Кожнае дрэва тут — аб’ект, людзі ведаюць іх «у твар», за кожнае ідзе барацьба.
У прынцыпе, гэты візуальны матэрыял можа стаць самастойнай экалагічнай акцыяй, але ў нашым выпадку аўтарка ўпісвае яго ў агульны сацыякультурны кантэкст, што, вядома, апраўдана.
Рызомы. Горад Мiнск
Серыя размясцілася ў Палацы мастацтва крыху паасобку. Гэта галерэя «Арт-Беларусь», толькі не ўся, а яе цэнтральная частка, аўтаномная, але з адкрытым выхадам да сусветных велічынь. Вакол «Рызом» — наш безумоўны гонар Шагал і Суцін, а далей Фердынанд Рушчыц, Казімір Стаброўскі, Валенцій Ваньковіч, Барыс Забораў. І Парыжская школа родам з Беларусі: Восіп Цадкін, Восіп Любіч, Міхаіл Кікоін, Леў Бакст, Пінхус Крэмень, Файбіш-Шрага Царфін. Сучаснаму фатографу застацца сам-насам з такiм жывапісам — яшчэ адзін выклік.
Проста адзначым гэты альянс: Марына Бацюкова знайшла адпаведную тэхніку — чорна-белая фатаграфія і відэа-арт. Адзначу расфакусiроўку, сярэднія планы, маштаб, пульсацыю больш энергічных і статычных кадраў, адпаведны рытм у экспазіцыі. Гэта цалкам заслуга Алены Дашкевіч і Сяргея Скіндара, якія прайшлі разам з праектам шлях ад высокапрафесiйнага друку да дызайнерскай экспазіцыі ў складанай прасторы «Арт-партал» Палаца мастацтва.
І атрымаўся чароўны, плывучы Мінск, дзе Кола агляду ў цэнтральным парку Горкага — і вобраз, і вышыня назіранняў, і ўспаміны мінчукоў пра дзяцінства. У пэўнай меры гэта наш сённяшні дзень, а таксама — сувязь з пакаленнямі тых геніяў, якія яго стваралі. І сышлі. Сувязь з зямлёй і неабсяжныя карані, што цудоўным чынам усё гэта злучаюць: часы, людзей, іх працу — у зменлiвую прастору асэнсавання.
Любоў Гаўрылюк