Фестываль — падзея заўсёды чаканая. Ён з’яўляецца своеасаблівым аглядам, куды беларускія лялечнікі прывозяць лепшыя спектаклі, дэманструючы дасягненні, эксперыменты ці адметна стабільны творчы стан. Гэтаксама фэст дае магчымасць пабачыць прапановы замежных калектываў, паглядзець, чым яны адрозніваюцца альбо падобныя да беларускіх і праз іх удакладніць сваё месца ў сусветным кантэксце. Магчыма, сёлета так склалася адмысловая праграма, верагодна, адыграла сваю ролю і наша асвойтанасць з эстэтыкай, якую спавядаюць айчынныя рэжысёры ды мастакі, але побач з маштабнымі па задуме, магутнымі па сродках выразнасці, грунтоўнымі па тэмах беларускімі пастаноўкамі работы замежнікаў — прафесійныя, цікавыя, дыхтоўныя — выглядалі простымі і немудрагелістымі.
Ці не ўсе спектаклі замежнай праграмы, якія давялося пабачыць, былі дастаткова камернымі, стрыманымі ў візуальным вырашэнні, яснымі па выказванні і разлічанымі на аднаго-двух акцёраў. Бальшыня абыходзілася мінімумам тэксту, чыё месца занялі пластыка, жэст, харэаграфія. Эксперыментальныя пошукі новых формаў, шляхоў узаемадзеяння тэатра лялек і тэатра жэсту, руху прадставілі пастаноўкі «Хутка, але не занадта» іспанскай кампаніі Zero en Conducta і «Я, Сізіф» балгарскага тэатра Puppet’s lab. Больш традыцыйны характар мелі спектаклі «Убю» кампаніі Pupella-Nogues (Францыя) і «Маленькі кравец» The Train Theater (Ізраіль).
Падставаю для пастаноўкі Паліны Ціманье і Жаэль Нагэ зрабілася п’еса «Кароль Убю» Альфрэда Жары. Зыходзячы з гэтага тэксту, а ён мае падзагаловак «Палякі», стваральнікі спектакля прадказальна пабудавалі свайго «Убю» на адсылках да падзей Другой сусветнай вайны, закранулі тэму дыктатуры і адказнасці за маўклівае падпарадкаванне ёй. Цудоўнай метафарай улады, дзяржаўнага ладу выступаў сервіраваны стол, быццам з польскага дома 1930-х. Пасля захопу ўлады Убю крышталёвы і парцалянавы посуд на ім замянялі на металічны, а белы абрус — на слой чорнай тлустай зямлі. Скіданне караля Венцаслава і прыход Убю да ўлады былі вырашаны як гаспадаранне невялічкай лялькі-свінні на стале. Спачатку «свінствы», якія чыніў Убю, выклікалі смех, аднак, асмялеўшы на гэтым стале ўлады, забаўная жывёлка ператварылася ў пачвару. З існай крыважэрнасцю яна расчляняла і з’ядала скінутага з польскага герба арла — караля Венцаслава. Выразнасць вобразаў, што рабілі непатрэбнымі словы, цудоўная работа з лялькай акцёраў Паліны Барысавай і Джорджыа Пупэла сталіся самымі прывабнымі бакамі спектакля.
Таксама работа з лялькай і прадметамі, якія перажывалі падчас спектакля сапраўдныя метамарфозы, вылучыла пастаноўку Орнана Браера «Маленькі кравец». Спектакль прымусіў узгадаць пра ўласцівае толькі тэатру лялек чарадзейства: цуд трансфармацыі нежывога ў жывое, стварэнне дзівоснага свету са звычайных рэчаў. Скрынка швейнага начыння раптам ператварылася ў карабель, швейная машына — у каня, нажніцы — у балерыну, а напарстак — у каралеўскую карону. Супадзенне гэта ці не, але ўсе ізраільскія спектаклі, якія давялося бачыць на трох апошніх фестывалях, вылучалі інтымнасць, акцэнт на рабоце з лялькамі і прадметамі, звычайна вельмі далікатнымі, атмасфернасць, цеплыня і ўменне ўзаемадзейнічаць з маленькімі гледачамі — мудрая прастата.
«Маленькі кравец» прадстаўляў дзіцячую частку праграмы фестывалю, сёлета вельмі сціплую. Малым гледачам былі адрасаваны таксама спектаклі «Умка» Юрыя Якаўлева віцебскага тэатра «Лялька» (рэжысёр Віктар Клімчук, мастачка Наталля Бурнас) і «Пліх і Плюх» Гомельскага абласнога тэатра лялек. У віцебскай пастаноўцы сам па сабе годны прыём звароту да мастацтва народаў Поўначы як асновы мастацкага рашэння не спрацаваў да канца, бо за шаманскімі танцамі (харэограф Дзіна Юрчанка) і спевамі згубілася гісторыя сяброўства мядзведзіка і чалавека, недастаткова выбудаваная драматургічна. Рэжысёр «Пліха і Плюха» Юрый Дзівакоў акцэнтаваў у спектаклі візуальны складнік (мастачка Таццяна Дзівакова), крышку пагуляў з тэкстам верша Вільгельма Буша (пераклад Данііла Хармса), і ў выніку атрымалася захапляльнае для дзяцей і дарослых відовішча. Дзівакоў часам літаральна візуалізаваў тэкст, аднак рабіў гэта вынаходліва і да месца: тата Фіціх «грозна крыкнуў» — і з’яўляецца вялізная рука з кулаком. Проста, але эфект дасягнуты і дзеці ў захапленні. Ды й дарослыя, якія да таго ж маглі вышукваць у візуальных вобразах матывы твораў Марсэля Дзюшана, Курта Швітэрса, Ота Дыкса і іншых прадстаўнікоў авангарду.
Дамінаванне візуальнасці над тэкстам адчувалася шмат у якіх спектаклях беларускай праграмы. Яе апагеем стаў паказ «Сясцёр Граі» Яўгена Карняга (мастачка Вольга Разумава) паводле грэчаскай міфалогіі, пастаўленых у Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка». Карняг каторы ўжо раз прадэманстраваў выдатнае ўменне працаваць з тэмамі і вобразамі, што ўздзейнічаюць на падсвядомым узроўні, веданне прыёмаў такога ўздзеяння. Максімальнае звужэнне прасторы, абмежаванай у «Сёстрах Граі» невялікім прастакутнікам, канцэнтруе ўвагу глядзельні, абвастрае ўспрыманне, робіць важкай і важнай кожную дэталь, а дзеянне нагадвае ажылыя барэльефы альбо вазапіс. Запаволенасць і рэпетатыўнасць рухаў, кампазіцыйнае размяшчэнне фігур, заціснутых у раму сцэнічнай прасторы, музыка Мікіты Залатара ў асобныя моманты ўводзяць проста ў трансавы стан. Міфалагічныя сюжэты ў Карняга адліты ў дасканала прыгожую візуальную форму, звязаныя чырвонай ніткай, якую сляпыя сёстры Граі, аб’яднаныя воляй рэжысёра з Мойрамі, ткуць і абрываюць: тэмай бессэнсоўнага і жорсткага лёсу. Яго не пазбегнуць нікому, нават багам, вырадкам са штучнымі «антычнымі» торсамі, што гвалцяць і забіваюць. Калі светам распараджаюцца такія багі, а лёс вызначаюць сляпыя Граі, ці варта шукаць у жыцці сувязі прычын і наступстваў? «Сёстрамі Граі» Карняг нібыта падвёў вынік сваім пастаноўкам «казачна-міфалагічнага» кірунку, «Інтэрв’ю з ведзьмамі» і «Бетону», заяўленым у іх тэмам і знойдзеным прыёмам: поўная адсутнасць тэксту ці каментароў-падказак, лаканізм каларыстычнага вырашэння (белы, чырвоны і іх адценні), максімальнае ўздзеянне на пачуццёвае ўспрыманне гледача, работа з базавымі тэмамі (гвалт, сэкс, смерць, ірацыянальнасць быцця) і... гіпнатычная прыгажосць.
Таксама з міфалогіяй, але ўжо беларускай, плённа папрацавалі стваральнікі «Новай зямлі» паводле Якуба Коласа Аляксандр Янушкевіч і Таццяна Нерсісян (Брэсцкі тэатр лялек). Рэжысёр і мастачка стварылі быццам два спектаклі ў адным. Коласаў тэкст распавядаў гісторыю Міхала, які імкнуўся набыць свой кавалак зямлі, а візуальная частка разгортвалася ў сапраўдны космас беларуса, яго вераванняў, сінкрэтычнасці светаўспрымання, дзе побач існавалі персаніфікаваныя паравіны года, сілы прыроды, а фантастычныя русалкі, ваўкалакі суседзіліся з хрысціянскімі святымі. Спалучэнне рэлігійных свят і абрадаў, што сягаюць у язычніцкія часы, надавала спектаклю нейкі містэрыяльны характар, ператварала ў прыпавесць пра беларуса і яго вечны пошук зямлі і долі. Тэма роднай зямлі, вяртання да яе як да самога сябе прагучала ў лірычнай пастаноўцы Ігара Казакова «Сіняя-сіняя» паводле Уладзіміра Караткевіча (Магілёўскі абласны тэатр лялек).
Чаканымі на фестывалі былі спектаклі ў рэжысуры Аляксея Ляляўскага — «Wanted Hamlet» Марсэля Крэмера і «Біяграфія», пастаўленыя ў тэатры Кarlsson Hause (Санкт-Пецярбург). Іх таксама хочацца аднесці да беларускай праграмы, бо асоба рэжысёра і тэмы, закранутыя ў пастаноўках, звязваюць іх з беларускай прасторай. Ляляўскі працягвае асэнсоўваць стасункі чалавека і соцыуму, стан сучаснага грамадства: усё бачыцца рэжысёру ў фатальным ключы. Спектаклі яднала адчуванне безвыходнасці, асабліва моцнае ў «Біяграфіі», зыходным пунктам якой з’яўляецца тэкст «Брыдкага качаняці» Ханса-Крысціяна Андэрсена. Да яго Ляляўскі ўжо некалі звяртаўся ў пастаноўцы «Пакінуты ўсімі» ў Маладзечне і Мінску. «Біяграфія» часткова працягнула тэму жорсткасці жыцця, дзе качанё ніколі не ператворыцца ў лебедзя, а збавенне можа прынесці толькі смерць. Аднак у пецярбургскім спектаклі ўзнік новы кантэкст. З дакладна адабраных элементаў візуальнага рашэння (мастак Эміль Капялюш, лялькі Юрыя Сучкова), пластыкі і моўных характарыстык акцёраў Міхаіла Шаламенцава, Наталлі Слашчовай, Анатоля Гушчына, вершаў Канстанціна Бальмонта, Аляксандра Увядзенскага, Міхаіла Яснова, іншых дэталяў складалася гісторыя знішчэння асобы (перадусім творчай) канкрэтнай палітычнай сістэмай. Але трагедыя ахвяр сістэмы, чыімі каштоўнасцямі з’яўляліся ўніфікаванасць і функцыянальнасць, уменне «несці яйкі і пускаць іскры», атрымалася значна шырэйшаю за ясна вызначаны гістарычны пласт.
Падводзіць вынікі — справа складаная і, верагодна, не надта патрэбная, бо фестываль — найперш свята, магчымасць займець новыя ўражанні і досвед. Фэст нанова вылучыў сучаснасць мыслення айчынных лялечнікаў, наяўнасць уласнага стылю, рух у бок візуальнасці, схільнасць да важкіх і актуальных тэм. А тое, што беларускі тэатр лялек мае сусветны ўзровень і можа быць прадметам гордасці ўсёй тэатральнай супольнасці, — ужо даўно агульнае месца.
Кацярына Яроміна