Гэта не толькі робіць яе выдатнай пляцоўкай для прафесійных міжнацыянальных камунікацый і знаёмстваў, але й таксама вызначае выставачную спецыфіку. Тым не менш фармат «архітэктары для архітэктараў» не выключае яскравай відовішчнасці кантэнту — тут ёсць што паглядзець у плане інтэрактыўнасці і экспазіцыйных вынаходстваў! Больш за тое, шмат нацыянальных павільёнаў у архітэктурнай іпастасі выглядаюць нават цікавейшымі за свае папярэднія ўвасабленні на мінулагоднім біенале сучаснага мастацтва.
Тэма 16-га венецыянскага архітэктурнага біенале 2018 — FREESPACE — вольная прастора, альбо прастора свабоды. Запрошаныя куратаркі Івон Фарэл і Шэлі Макнамара, заснавальніцы вядомага дублінскага бюро Grafton Architects, звярнуліся да патэнцыйных удзельнікаў з сапраўдным Маніфестам, заклікаючы выйсці за рамкі традыцыйных архітэктурных абмежаванняў і прадставіць у Венецыі свае ўласныя «свабодныя прасторы». І ўсе экспаненты Асноўнага праекта (лікам 71) зрабілі гэта па-свойму, прэзентуючы прасторы вельмі розныя — не толькі архітэктурныя, але і сацыяльныя, прыродныя, палітычныя, нават метафізічныя.
Дзве галоўныя лакацыі FREESPACE — Арсенале і Джардзіні — абавязковыя для прагляду. І вось чаму. Перш за ўсё, архітэктары-ўдзельнікі выключна прафесійна працуюць з асяроддзем, віртуозна ўпісваючы яго ў свае рэпрэзентацыі. Нават занадта правільна, занадта сістэмна, не выходзячы за межы адведзеных ім месцаў... Але гэта, бадай, лагічна: улічваючы, што, па словах куратарак, самыя галоўныя і першыя ўдзельнікі выставы — архітэктурныя прасторы, у якіх яна адбываецца. У любым выпадку, экспазіцыянерам біенале сучаснага мастацтва, што рэгулярна праходзіць у тых жа залах, ёсць чаму павучыцца. Кожны з масцітых экспанентаў — дойлідаў ці архітэктурных бюро — паспрабаваў зрабіць свае часткі максімальна выразнымі — і ў пераважнай большасці выпадкаў гэта ўдалося. Біенальныя праекты ані не нагадваюць нашы звыкла-сумныя архітэктурныя выставы. Мадэлі, якія можна памацаць і ў якія можна ўвайсці, відэапраекцыі, рознаўзроўневыя інсталяцыі, люстэркавыя гульні з прасторай і гледачамі — гэта што заўгодна, але не планшэты, развешаныя на сценах.
Сёлета біенале мае дзве Спецыяльныя секцыі, якія ўваходзяць у Асноўны праект, але не ацэньваюцца журы. Гэта «Блізкі кантакт, сустрэчы з выдатнымі праектамі», дзе 16 удзельнікаў прэзентуюць і інтэрпрэтуюць вядомыя пабудовы мінулага, а таксама спецпраект «Практыка выкладання», што прадстаўляе яшчэ 12 архітэктараў — практыкуючых педагогаў. Абедзве дадатковыя выставы ўтрымліваюць масу цікавага — ад шчыльнасці канцэнтраваных фактур і прастораў абраных будынкаў, прадстаўленых у выглядзе канцэптуальных макетаў-прысвячэнняў у зале «Цеснага кантакту», да эфемернасці сцен з мыльных бурбалак, «спраектаваных» студэнтамі аднаго з вядучых італьянскіх прафесараў архітэктуры — Рыкарда Блумера.
Падзей паралельнай праграмы Архітэктурнага біенале не так шмат, як на яе мастацкай сваячцы, але яны вельмі трапныя і таксама відовішчныя. Сярод апошніх — калектыўны міжнародны праект пра вертыкалізацыю сучаснага будаўніцтва «Вертыкальная тканіна: шчыльнасць у ландшафце», дзе сто архітэктараў з усяго свету зрабілі 100 высотных канцэптаў; пра сімбіёз прыроды і архітэктуры, дзе да выставы «Цяплічны сад: разважай, праектуй, яднай» прыкладаецца шэраг семінараў і варкшопаў адпаведнай тэматыкі; і зноў пра прыроду — праект нядаўніх лаўрэатаў Прытцкераўскай прэміі, каталонскага архітэктурнага бюро RCR — «Мара і прырода_Каталонія ў Венецыі». Да таго ж выставы новай генерацыі — юных архітэктараў Лацінскай Амерыкі, а таксама пераможцаў еўрапейскай прэміі «Малады талент у архітэктуры» (YТA Award 2018).
Яшчэ адзін важны складнік вольнай прасторы цяперашняга біенале — прастора зносін. Акрамя выставак, існуе спецыяльная праграма «Архітэктурных сходаў», якая ўключае сустрэчы і дыскусіі з вядучымі практыкамі і тэарэтыкамі дойлідства розных краін, а таксама «Біенальныя сесіі», што даюць магчымасць групам студэнтаў семінарна вывучаць мастацтва архітэктуры непасрэдна на біенале. Добры тон любога нацыянальнага павільёна — арганізацыя ўласнай адукацыйнай праграмы. Вельмі паказальны ў гэтым сэнсе Павільён Турцыі, намаганнямі куратарскай каманды пад кіраўніцтвам Керыма Пікера і пры падтрымцы Стамбульскага фонду культуры і мастацтва (IKSV) ператвораны ў месца творчых сустрэч, варкшопаў і лекцый — насуперак ізаляцыянізму турэцкіх уладаў.
Што датычыцца нацыянальных павільёнаў, то, здаецца, у гэтым годзе важным складнікам поспеху сталася не інфарматыўнасць, не парадаксальнасць і не глыбіня канцэпцыі, а інтэрактыўнасць. Так, Павільён Швейцарыі, які атрымаў галоўную ўзнагароду біенале, — ідэальны атракцыён для фатаграфавання. Яго наведвальнік апынаецца ў ролі Алісы ў Краіне Цудаў, бо памер ягонага цела нібыта зменьваецца ля кожных дзвярэй бясконцага і безаблічнага інтэр’ера, што апелюе, паводле задумы куратараў, да валу выяў унутрыкватэрных свабодных (у першую чаргу ад мэблі) прастораў, апанаваўшых архітэктурныя медыя і «латэнтнай пластычнасці гэтага найбольш папулярнага цяпер асяроддзя пражывання». Напэўна, мы яшчэ не раз пачуем у будучым імёны чатырох маладых архітэктараў з Федэральнай політэхнічнай школы Цюрыха — Алесандра Басара, Лі Тавора, Мэцью ван дэр Плохаі, Ані Віерваары, аўтараў трыумфальнай інсталяцыі «Svizzera 240: House Tour». Венецыянскі «Залаты Леў» дастаўся Швейцарыі з наступнай фармулёўкай: «за захапляльную архітэктурную інсталяцыю, якая дастаўляе задавальненне, вырашаючы найважнейшыя праблемы маштабу ў бытавой прасторы». І, вядома, гэта выпадковае супадзенне, што швейцарская ж кампанія Rollex выступае ў якасці эксклюзіўнага партнёра і хранаметрыста цяперашняга архітэктурнага біенале і нават мае ў Джардзіні свой павільён.
Павільён Вялікабрытаніі з праектам «Выспа», адзначаным «Спецыяльным ўзгадваннем» біенале, відавочна заслугоўваў большага. Прынамсі за дакладнае раскрыццё тэмы, бо яго куратарская каманда — мастак Маркус Тэйлар і архітэктары бюро Caruso St. John Architects — пакінулі будынак цалкам пустым... Зрэшты, не — нібыта не да канца прыбраным пасля мінулай выставы, паабяцаўшы паказаць спецыяльную праграму прадстаўленняў і дыскусій у гэтай новаўтворанай пустаце. Аднак самая галоўная прастора — тая, што дала назву праекту, — размясцілася па-над схаваным за будаўнічымі рыштаваннямі павільёнам — на ягоным даху. Пераадольваючы некалькі пралётаў спецыяльна прыбудаванай лесвіцы, ступаеш на драўляны насціл вялікай назіральнай платформы, літаральна ўзнесенай над душнай і шматлюднай біенальнай мітуснёй садоў Джардзіні, — у мора зеляніны да марскіх даляглядаў. Зручна размясціўшыся на плеценых крэслах у цені вялікіх жоўтых парасонаў ці папросту абапёршыся на парапет, можна не толькі медытаваць на прыўкрасныя віды, але таксама й выпіць шкляначку зёлкавай гарбаты, якая спецыяльна запарваецца для наведвальнікаў. Цікава, што «выспай» пасярод платформы аказваецца абгароджаны канёк даху «затопленага» будынка павільёна. У куратарскай інтэрпрэтацыі «Выспа» не толькі месца ўцёкаў і высылкі. Гэты канцэпт адсылае да мноства актуальных тэм — аднаўлення і рэканструкцыі, прытулку і ізаляцыі, каланіялізму і змене клімату, а таксама да актуальнай палітычнай сітуацыі.
Адметна, што шляхам брытанцаў — з будаўніцтвам рыштаванняў і надпавільённай платформы з адмысловым доступам — рушылі куратары Павільёна Венгрыі. Але, прэзентуючы Мост Вольнасці ў Будапешце — як сімвал, лэндмарк і грамадскую прастору, — яны звузілі сэнсавае поле сваёй інсталяцыі. У адрозненне ад сваіх брытанскіх калег, якія пакінулі свабодную прастору для мноства трактовак. У выніку Павільён Вялікабрытаніі выглядае, безумоўна, больш канцэптуальна вывераным, ды і віды з яго даху больш эфектныя.
Абавязковы да наведвання Павільён Святога Прастолу на востраве Сан-Джорджа-Маджорэ. Жывыя класікі сучаснай архітэктуры, сярод якіх Норман Фостэр, Ксавьер Карвалан, Тэранобу Фуджыморы і іншыя не менш легендарныя і значныя архітэктурныя асобы, запрошаныя куратарам праекта, вядомым гісторыкам архітэктуры Франчэска Дал Ка, каб стварыць дзесяць капліц у маляўнічым парку былога бенедыктынскага манастыра, натхняючыся прыкладам іх выбітнага калегі Гунара Асплунда, аўтара знакамітай Woodland Chapel, пабудаванай у 1920 годзе на могілках у Стакгольме. Кожная з дзесяці капэл, арганічна інтэграваных ва ўнікальнае прыроднае асяроддзе, адкрытае водам венецыянскай лагуны, — квінтэсенцыя аўтарскай індывідуальнасці пры адносным мінімалізме памераў і сродкаў. Зоркі сусветнай архітэктуры цалкам сур’ёзна і ў поўную сілу папрацавалі з «малой» архітэктурнай формай у ландшафце, напаўняючы яе індывідуальнымі вялікімі сэнсамі.
Праект «Гарызантальнае галавакружэнне», адкурыраваны Пабла Анзілуці, Федэрыка Кайролі, Франсіска Гарыдаі Ксаўерам Мендзінда ў Павільёне Аргенціны, найбольш пераканаўча прывязаны да геаграфічнай прасторы, з якой «расце» і з якой узаемадзейнічае архітэктура асобна ўзятай краіны. Бязмежныя аргенцінскія стэпы — з жывымі травамі, пахам вільготнай зямлі і стракатаннем жамяры, размножаныя магіяй люстэркаў і відэапраекцый, — запаўняюць усю прастору павільёна, калі зазірнуць унутр працягла-шкляной прамавугольнай канструкцыі ў яго цэнтры. Дзень змяняецца ноччу, бушуе (віртуальная) навальніца... Зрэшты, архітэктура тут таксама прысутнічае — але ў выглядзе лёгкіх графічных скетчаў на сценах, што прэзентуюць найбольш важныя грамадскія пабудовы Аргенціны апошніх дзесяцігоддзяў.
Сярод мноства якасных нацыянальных праектаў звыкла вылучаецца Павільён Германіі — гэтым разам з тэмай «Перабудоўваючы сцены». Яго куратары — Марыяне Біртлер, у мінулым упаўнаважаная Федэральнага ўрада па кіраванні былым Архівам Штазі, у калабарацыі з архітэктарамі Ларсам Крукебергам, Вальфрамам Путцам і Томасам Вілемайтам з берлінскага архітэктурнага бюро Графт — стварылі пераканаўчую рэпрэзентацыю архітэктурных трансфармацый на месцы нядаўняга (ці нядаўняга? Ужо 28 гадоў мінула з часу аб’яднання Германіі...) падзелу краіны паміж дзвюма супрацьлеглымі палітычнымі сістэмамі. Візуальна маналітная чорная сцяна на ўваходзе пры прасоўванні ўглыб Павільёна распадаецца на штучныя фрагменты, якія нясуць інфармацыю аб апошніх архітэктурных пературбацыях у зоне свабодных прастораў, што ўтварыліся пасля дэмантажу «паласы смерці» Берлінскай сцяны і іншых памежных збудаванняў. У крылах Павільёна — «Сцяна меркаванняў» — памножаныя люстэркамі ў сапраўдную бясконцую сцяну відэасповедзі жыхароў сучасных краін, падзеленых мурамі.
Як бачым, павільён кожнай краіны «па-нацыянальнаму» раскрывае агульную біенальную тэму «вольных прастораў». Але ўсё ж у міжнацыянальным палілогу гэтай — у першую чаргу камунікатыўнай падзеі — найбольш прадуктыўнымі выглядаюць расповеды пра ўласныя архітэктурныя праблемы, бо дэманстрацыя дасягненняў падазрона нагадвае самахвальства. Венецыянскае біенале — выдатнае месца, каб суаднесці лакальныя нюансы і складанасці з інтэрнацыянальным кантэкстам, абмеркаваць іх з сусветнай прафесійнай супольнасцю і, магчыма, знайсці нейкія шляхі вырашэння ці новыя перспектывы — незаўважныя пры непасрэдным пражыванні праблематызаваных з’яў у межах краіны. Напрыклад, Павільён Люксембурга — пра дэфіцыт не-прыватнай зямлі для грамадскага будаўніцтва і гісторыю шматпавярховак — ад канцэптаў Лісіцкага да сучасных архітэктурных праектаў Універсітэта Люксембурга. Ізраільскі — пра спрэчны статус Святой Зямлі і яе гістарычнай забудовы, дзе ў межах адных і тых жа архітэктурных прастораў вымушаны суіснаваць розныя рэлігійныя канфесіі. Сумесны павільён Чэхіі і Славакіі змагаецца з занядбаннем малых гарадоў, запаўняючы іх свабодныя прасторы сацыяльнай актыўнасцю мясцовых жыхароў (няхай пакуль толькі ў межах адпаведнага арт-праекта), а ў павільёне Уругвая гаворка парадаксальна ідзе пра «нявольныя прасторы», бо тут параўноўваюцца турмы, што знаходзяцца побач, — гістарычная «турэмная вёска» і ўніфікаваны кампактны, але ў разы больш «прадуктыўны» гмах 2017 года будаўніцтва — не на карысць апошняга, зразумела.
Павільён Беларусі на бягучым біенале, на вялікі жаль, адсутнічае, а блізкія і зразумелыя нам тэмы падымаюць нашы геаграфічныя суседзі. Напрыклад, эстонскі Павільён — напаўзамошчаны шэрай бетоннай (адзін у адзін з той, што бязлітасна пакрывае цэнтры беларускіх гарадоў) пліткай барочны касцёл Святой Марыі Успамогі — сведчыць пра прасторы памяці па-за межамі манументальнасці, што вельмі актуальна для нашай краіны, усё яшчэ прыгнечанай бронзавафігурнай манументальнай прапагандай. Панэльнае будаўніцтва крыху дэманізуецца ў Павільёне Латвіі. Дарэчы, тая ж тэма ў румынскім Павільёне выглядае больш гуманістычнай, бо там рэпрэзентаваны тыповы двор паміж «панэлькамі» як месца гульні і сацыяльнай камунікацыі — з арэлямі, тэнісным сталом і іншымі дваровымі атрыбутамі з нашага агульнага (як высвятляецца, у межах Варшаўскай дамовы) дзяцінства і агульнай «сацыялістычнай» прасторы. Больш чым беларуская назва літоўскага праекта — «Багна» — гаворыць сама за сябе!
Усё калісьці бывае ўпершыню. Не так даўно Нацыянальны павільён Беларусі з’явіўся на Венецыянскім біенале сучаснага мастацтва. Цяпер наша краіна ўжо стала ўдзельнічае ў гэтым прэстыжным міжнародным форуме, паспеўшы прыцягнуць да сябе ўвагу інтэрнацыянальнага арт-свету і стымуляваць уласную арт-супольнасць спрэчкамі і дыскусіямі біенальнай тэматыкі. І гэта безумоўна добра для беларускага мастацтва. Ці не надышоў час для айчыннай рэпрэзентацыі і на біенале архітэктурным?