Эймунтас Някрошус рушыў уласным шляхам: апавёў гісторыю самой Святланы Алексіевіч, ператварыўшы яе ў сцэнічнага персанажа. Падставаю для аповеду зрабіліся творы «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва», зместам — «не прафесія, а жыццё» адметнай асобы, журналісткі і пісьменніцы, падчас якога «сышоў пад ваду велізарны сацыялістычны мацярык».
Змірыцца з Алексіевіч-персанажам я мусіла праз здзіўленне і нават разгубленасць, маўляў, як так? Гвалцяць Рагнеду, паляць Жану Д’Арк, страчваюць Марыю Сцюарт — і яны ўпэўнена пражываюць свае мастацкія ўвасабленні ад балетаў да мультфільмаў, але ж Алексіевіч — наша сучасніца, я сама яе ведаю асабіста! Кроў, гвалт, забойства — атаясамце іх не з сівою даўніною, а з днём сённяшнім, і любое сведчанне ўспрымецца як непераканаўчае і недакладнае, бо кожны з нас як сучаснік ведае-перажывае нешта сваё і нават дакументу не заўжды можна даць веры...
Свяціць і свяціцца рэжысёр прызначыў Святлане, таму абышоўся без пражэктараў у залу, стрэлаў і хранікальных кадраў — ніводзін з апошніх трыццаці гадоў дваццатага стагоддзя не б’е па вачах. Нічога наўпрост. Ні баруканняў у змаганні, ні жалобы, ні даніны памяці. Святлана Алексіевіч, працуючы з дакументальнымі сведчаннямі, стварыла «гісторыю пачуццяў». Эймунтас Някрошус зрабіў так, каб глядзельня іх згадала і нават перажыла нанова. Прапускаючы персанажа праз свой знакаміты «метафарычны рэалізм», рэжысёр ужыў той самы спосаб — змусіў да размоў і маналогаў пра стварэнне гэтай гісторыі, бясконца рухомай, зменлівай, «з дрыгвою і зыбкім пяском» пазнавальных альбо знакавых рэчаў ды ўчынкаў. Прыкладам, вялікім катушкавым магнітафонам, які асуджана цягала за сабой гераіня, дыскавым тэлефонам — яго так порстка адрапараваў паслужлівы ўсмешлівы манцёр, што выдавала на асталёўку праслушкі, гераічна-рамантызаваным парашутыстам — той эфектна дастаў запальніцу і даў гераіні прыпаліць... Так на яе — з неба! — зляцеў агонь вайны.
...Са звычайных дзеянняў складаецца жыццё: гарэзяць юнакі, старэйшыя круцяць ліноўкі на стужачках — і характэрны гук плоскага прадмета, які рассякае паветра, раптоўна перахоплівае фанаграмнае стракатанне верталёта, а той самай ліноўкай ужо вымяраюць чалавечае цела — прыдатнае да вайны, непрыдатнае... Пра вокамгненны шлях са шкаляроў у жаўнеры, пра жудлівы досвед па вяртанні сведчыла маці: журналістка ціснула з яе аповед літаральна, прытуляючы да сценкі, а потым кабеты мяняліся месцамі — маці трымала дзяўчыну, каб тая даслухала...
Апісваць пастаноўку Някрошуса — толькі зацягваць і «стоп-кадрыць» сцэнічны вір. Акцёрскія дзеянні часцяком нагадвалі дзіцячыя гульні ў дарослых, быццам маладыя людзі практыкаваліся ўштукоўвацца ў сістэму, засвойвалі нейкія рытуалы, недарэчныя, нягеглыя, але жыццёва неабходныя. Перадусім праз тэкст увага глядзельні збіралася, запавольвалася, засяроджвалася на рэчыве, якое дало назву спектаклю. Пра яго на сцэне згадвалі і ўголас, і колькі разоў грукацелі адпаведнай пласцінай, важдаючыся з «грузам-200». Што яно такое?
Цынк як хімічны элемент неабходны для чалавека, прыкладам для мужчынскай рэпрадуктыўнай сферы (і расшчаплення алкаголю); цынк як складнік металічных зліваў суправаджаў цывілізацыі спрадвеку, але за часам апошніх войнаў — як матэрыял для герметычных кантэйнераў, якія стрымліваюць пах і запавольваюць працэс раскідання. Інакш кажучы — для цынкавай труны. Адзін з маналогаў Святланы пашырыў яе да памераў чарнобыльскага саркафага — робленага цапом-лапом, дрэнна падагнанага пад рэактар, з працечкамі радыяцыі — і да метафары тагачаснага савецкага жыцця, якое намагаліся нізавошта не выпусціць з-паз свайго цынку, замкнуць, запаяць, але пралічыліся — і з кожнай шчыліны кропліла жывое...
Святлана ў выкананні Алдоны Бендарутэ ўражвала абсалютна светлаю самотай і крохкім супрацьстаяннем — што глядзельні, што персанажам дзейсным ды ўяўным, абвешчаным і як бы запрошаным папрысутнічаць у зале. Яна ўсміхалася, супакойвала сябе цыгарэтай і пільна ўглядалася ў глядацкія шэрагі, тры разы запар... прысягаючы Савецкаму Саюзу, то-бок «падманваючы матрыцу». А як інакш было абыходзіць рэпрэсіўны апарат і атрымліваць магчымасць рабіць тое, што мусіла? Нават паказальны суд, вырашаны на футбольным полі з заўзятарамі каманды «Савецкі Саюз — самы правільны ў свеце», інакш кажучы, сведкамі і абвінаваўцамі, не збіў яе з тропу і не запалохаў. («Мне хапіла характару і волі дайсці да канца», — засведчыла пісьменніца ў адным з інтэрв’ю.) Удзельнікі афганскіх дзеянняў разам з мацяркамі наракалі толькі на адно: з нашых гераічных дзяцей Алексіевіч зрабіла забойцаў, паставім Алексіевіч на месца! Замініруем ёй рот, каб больш не балбатаў! Фізічнае затыканне роту атаясамілася з запайваннем вечка труны, з асталяваннем саркафага. Забаронча-гвалтоўныя дзеянні падсілкавалі вобраз сцэнічнай прасторы, якую мастак Марыюс Някрошус абвешаў пажарнымі шлангамі (яны прымаюць форму зоркі і нават ператвараюцца ў пятлю на шыбеніцы), але нідзе няма аніякага гідранта: здарыцца пажар — паспрабуй знайдзі, куды і што трэба ўвамкнуць; гасіць няма чым і няма як...
Трыццаць гадоў таму падзеі Афганістана і Чарнобыля чарговы раз гасілі сацыяльны пажар страхам і роспаччу — мо так азваўся перадазаваны цынк у складзе чалавечай крыві і плоці? Як гераіня, маючы ў сваім целе тыя самыя рэчывы (першародныя грахі?), здужала засвяціцца вольтавай дугой, злучыць грамаду з чалавекам, сцэну — з залаю? Я не хімік, не біёлаг, я магу разважаць толькі пра рэжысёрскую метафару цынку, які пажыццёва здужала Святлана Алексіевіч.
Антаніна Заблоцкая