Усяго праз тры гады пасля пачатку кар’еры, у 1996-м, Урмана праспявае сваю першую вердзіеўскую партыю — Эбалі ў Венскай оперы, паступова пераключыўшыся на любімы рэпертуар. Апафеозам на гэтым шляху стане адкрыццё вердзіеўскага сезона ў 2000 годзе ў «Ла Скала» (да стагоддзя з дня смерці кампазітара). Там яе Азучэна ў «Трубадуры» пад кіраўніцтвам Рыкарда Муці стварыла сапраўдную сенсацыю і была прызнана «проста вялікай». Менавіта гэты выступ зрабіў яе адной з самых вядомых спявачак нашага часу. Спазнаўшы такі трыумф, Віялета здзяйсняе наступны рашучы рывок — пераходзіць з мецца ў драматычнае сапрана і пачынае штурмаваць партыі вяршыннага опернага рэпертуару. Абедзве глюкаўскія Іфігеніі, Мадлен у «Андрэ Шэнье», Ізольда, Норма, Джаконда, Валі, Тоска, Сантуца, штраусаўская Арыядна і бартакаўская Юдзіт і, вядома, чарада самых жаданых для кожнай прымадонны вердзіеўскіх роляў (лэдзі Макбет, Аіда, Елізавета, Амелія, Леанора ў «Сіле лёсу»), выкананыя магутна і ярка, сталі вехамі ў сусветным оперным выканальніцтве і заканамерна ўзнеслі Урману на п’едэстал опернай небажыхаркі. Сама спявачка неяк сказала ў інтэрв’ю, што ёй проста надакучыла спяваць рэпертуар мецца — за рэдкім выключэннем гэта заўсёды пані на ролі другарадныя, а ёй хочацца быць на сцэне абсалютнай прымадоннай. Прыродныя дадзеныя і тэхнічнае майстэрства дазволілі здзейсніць гэтае перараджэнне, і дзівосная літоўка паўтарыла подзвіг некаторых спавачак (Людвіг, Верэт, Бамбры, Норман, Дзімітрава), у якіх была не адна, а дзве кар’еры.
Багатая оперная дыскаграфія і шырокі і вытанчаны камерны рэпертуар (ад Баха да Берга), кінапрацы («Парсіфаль» Вагнера і «Салавей» Стравінскага), прэстыжныя прэміі і ўзнагароды (напрыклад, ганаровае званне «камерзенгерын» Венскай оперы) дапоўнілі партрэт выбітнай опернай дзівы нашых дзён. У 2011 годзе Урмана разам з Дзмітрыем Хварастоўскім, Наталі Дэсей і Анжэлай Георгіу адкрываюць пасля шматгадовай рэканструкцыі Гістарычную сцэну Вялікага тэатра Расіі. Прычым першай у гала-канцэрце Віялета выконвала арыю Іааны з «Арлеанскай дзевы» Чайкоўскага — такім чынам, голас літоўскай дзівы як бы «асвяціў» галоўную оперную сцэну Масквы і Расіі, што ў многіх адносінах вельмі сімвалічна. Жана д’Арк была ўвасоблена крыху халаднаватым гукам і вельмі паглыблена па эмоцыях, нібыта гэтая наіўная пастушка адразу бачыла наперадзе не толькі сваё ваяўнічае прызначэнне, але і жудасны канец.
Увосень таго ж 2011 года Віялета Урмана адкрывала сезон і Маскоўскага міжнароднага дома музыкі. Свой першы і пакуль адзіны маскоўскі рэсіталь спявачка падзяліла на дзве часткі — умоўна камерную і чыста оперную. У першай з іх былі праспяваныя пяць песень Густава Малера на словы Фрыдрыха Рукерта — вельмі тонка, на цудоўных паўтонах, з тым неабходным настроем задуменнасці і меланхоліі, якія ўвасобіў у іх аўтар. Гукапіс магутнага опернага голасу ўзрушыў — спявачка не асцярожнічала, не баялася «пераціснуць», а менавіта арганічна існавала ў лёгкіх і пераборлівых узорах малераўскай мелодыкі, аблегчыўшы свой сакавіты, насычаны голас да лёгкай акварэлі. За выключэннем фіналу, дзе дырыжор Уладзімір Співакоў не здолеў дасягнуць дакладнага балансу і медныя духавыя часам «тапілі» спявачку ў сваіх недарэчна гучнагалосых фанфарах, увесь цыкл прынёс слухачам велізарнае задавальненне.
Оперная частка канцэрта ўключала знакамітае трагічнае «Suicidio» з «Джаконды» Панк’елі, а таксама тры вердзіеўскія арыі — суперхіт «Ritorna vincitor» з «Аіды», злавеснае «La luce langue...» з «Макбета» і хіт у кубе «Pace, pace, mio Dio» з «Сілы лёсу». І яна не здалася такой жа адназначна бездакорнай, як камерная палова канцэрту. Віялета Урмана спявала цудоўна — вельмі тэхнічна і музычна. Яе голас, магутны і яркі, цалкам адпавядае абранаму рэпертуару. Віялета — разумная і разважлівая спявачка, яна валодае ўсім арсеналам прыёмаў, каб быць пераканаўчай і амаль недасягальнай для крытыкі. Яе цікава слухаць. Але слухаеш яе ўсё-такі больш розумам, чым сэрцам. У спявачкі прыгожы голас, але, мабыць, не такі, які здольны падараваць абсалютнае геданічнае растварэнне ў гуку, калі твой мозг адключаецца і ты прагна імкнешся бясконца атрымліваць ад гэтага голасу асалоду. Халаднаваты гук літоўкі не чаруе абсалютна — і тут салістка магла б узяць іншым: жарам запалу, эмацыйным шквалам, энергетычнай бурай, акцёрскай экзальтацыяй. Але і гэтага няма: разумная, інтэлектуальная еўрапейка не апусціцца да надта адкрытых італьянскіх ці лацінаамерыканскіх усплёскаў. Гэта можна было б назваць культурай спеваў і паставіць выканаўцы ў заслугу. Можна, калі б гэтая халаднаватасць у гуку і ў эмоцыі не прымушала слухача пераключацца на ўласна аналіз тэхналогіі здабывання гуку. І гэтае пераключэнне станавілася амаль дэструктыўным для магіі канцэрта. Калі няма тых пасылаў, эманацыі, якая прыгнятае працу думкі, але запальвае пачуццё, ты разумееш, што перабудова з мецца ў сапрана не прайшла дарма. Ніжні рэгістр у былой мецца-сапрана гучыць вельмі светла, што асабліва чуваць у арыі Аіды, якая дыхала гарачынёй нільскіх пяскоў. У той жа час Урмане не так і лёгка трымаць сапранавую тэсітуру: у яе верхніх нотах няма свабоды лунання, палёту, хоць фармальна ўсе піянісіма і фартысіма, а таксама ўсе прамежкавыя нюансы праспяваныя ўпэўнена.
Лепшым нумарам успрымалася злавесная рэчытацыя злачыннай шатландскай каралевы-ўзурпатаркі — перад намі грозная, уладарная, бязлітасная мегера. Але будзем шчырыя: з пункту гледжання драматычнага ладу ўсё зроблена выдатна, вось толькі з пункту гледжання чыстага вакалу гэта, бадай, самы просты нумар праграмы. Вядома, Урмана — вялікі майстар, і чыста тэхнічныя цяжкасці яна здолела не толькі пераадольваць, але рабіць практычна незаўважнымі — і яе Джаконда, і яе Леанора пакінулі ўражанне вакалу вышэйшай пробы. Аднак, слухаючы яе, аўтара гэтых радкоў не пакідала адчуванне, што ён знаходзіцца не ў тэатры, а на велікасвецкім мерапрыемстве, канцэрце—прэзентацыі, дзе ўсё гучыць якасна, прафесійна і правільна. Нават занадта правільна. Здавалася, згублены настрой першага аддзялення вярнуўся ў адзіным бісе канцэрта — штраусаўскае «Morgen» прагучала чароўна: спявачцы, скрыпачу-дырыжору Уладзіміру Співакову (ён дырыжыраваў і саліраваў) і аркестру тут, як нідзе, атрымалася паяднацца з самім духам музыкі, не ахвяраваўшы нічым — ні якасцю, ні эмоцыямі.
Уражанні ад канцэрта сямігадовай даўніны выявіліся прароцкімі: праз пару гадоў Віялета Урмана вярнулася да рэпертуару мецца-сапрана, у якім яна ўсё-такі найбольш пераканаўчая і які ярка выконвае і сёння на ўсіх вядучых сусветных сцэнах — у «Метраполітэн», Нямецкай і Венскай дзяржаўных операх, у «Ла Скала» і на Арэне дзі Верона, у іншых знакамітых тэатрах Еўропы, Амерыкі і Азіі.
Падарожжа на тэрыторыю драматычнага сапрана было смелым эксперыментам, яркай старонкай у яе біяграфіі, але, на шчасце, не фіналам — інтэлектуальная спявачка ўсвядоміла ўсе рызыкі і разважліва палічыла за лепшае вярнуцца да больш звыклага і засвоенага рэпертуару. Сёння яе агромністы, бязмежны голас квітнее галоўным чынам у горача любімых вердзіеўскіх ролях (Амнерыс, Эбалі, Азучэна). Але часам Урмана ўсё ж дадае да спіса элементы эксклюзіву — Іякасту ў «Цары Эдыпе» Стравінскага, Дуэнню ў «Заручынах у манастыры» Пракоф’ева ці Сфінкса ў «Эдыпе» Энеску, што сведчыць пра яе як пра дапытлівага музыканта, якому ў прафесіі цікавыя не толькі працярэбленыя сцежкі.
Аляксандр Матусевіч