Літоўскай дырыжорцы Мірзе Гражынітэ-Ціла ўсяго 31 год. На розных фотаздымках яна надзіва розная. Непасрэдная. Лірычная. Кранальная. Раскаваная. Мініяцюрная — у параўнанні з салістамі, якія іграюць разам з аркестрам. Захопленая працэсам музіцыравання.
Расклад канцэртаў, дзе яна за дырыжорскім пультам, выклікае захапленне. Разнастайнасцю рэпертуару, хуткасцю перасоўвання па свеце.
У студзені Мірга дырыжыравала творамі Сібеліуса і Бартака ў Парыжы — разам з філарманічным аркестрам Дома радыё на канцэртнай пляцоўцы самой установы. Літаральна праз пяць дзён разам з Бірмінгемскім сімфанічным аркестрам увасабляла творы Гайдна і Бартака ў горадзе, дзе працуе калектыў. На пачатку лютага — па той бок акіяна, у Філадэльфіі. Разам з Філадэльфійскім аркестрам Гражынітэ-Ціла паглыблялася ў сачыненні Моцарта і Малера. Пры канцы лютага выступала ў Зальцбургу, дзе аркестр «Мацартэум» узнаўляе сачыненні Месіяна, Дэбюсі, Шыманоўскага. Праз тры дні — канцэрт у Варшаве, разам з Літоўскім сімфанічным аркестрам, у якім гучаць творы літоўскіх аўтараў і «Вясна свяшчэнная» Стравінскага. На пачатку сакавіка апошняя праграма паўтараецца ў Берліне. Далей — Шэфілд і Бірмінгем, тут пачынаецца фестываль Дэбюсі. Да сачыненняў французскага класіка дырыжорка дадае опусы Шыманоўскага і Вагнера. Красавік — Будапешт, канцэрт у Акадэміі Феранца Ліста; далей — Вена, зала Мюзікферайн; потым — англійскі Кардыф.
Май — тры канцэрты ў Рыме, разам з аркестрам Акадэміі Санта-Чэчылія. Далей Турын, Нью-Ёрк, Амстэрдам, Брысталь. Праграмы вар’ююцца — Моцарт і Месіян. Дэбюсі, Мусаргскі, Чайкоўскі (гэта ў «Карнегі-хол», разам з аркестрам «Метраполітэн-опера»). У чэрвені Мірга вярнулася ў Бірмінгем. Тут адбылося канцэртнае выкананне оперы «Пелеас і Мелізанда» Дэбюсі, прагучалі праграмы з опусаў Стравінскага, Шастаковіча, Брытэна, літоўскія народныя песні. Цікава, што расклад выступленняў (з дакладным пералікам твораў, аркестраў, салістаў і пляцовак) існуе па чэрвень 2019 года.
Якім быў шлях да такіх прэстыжных пляцовак і знакамітых аркестраў? Мірга — прадстаўніца трэцяга пакалення музыкантаў. Дачка піяністкі і харавога дырыжора, унучка вядомага ў Літве музычнага педагога. Навучалася ў Вільнюсе — спачатку па спецыяльнасці «харавы дырыжор». Потым скончыла Універсітэт музыкі і тэатра Граца, вучылася ў Цюрыхскай вышэйшай школе музыкі, а таксама ў Лейпцыгу і Балонні.
У 2012-м дэбютавала за пультам Лос-Анжэлескага філарманічнага аркестра. У 2014-м расійская прэса пісала: «Захапляльная кар’ера Гражынітэ-Ціла пачалася два гады таму, калі яна выйграла конкурс маладых дырыжораў у Зальцбургу (і дзе з будучага года зробіцца музычным дырэктарам у оперным тэатры, абышоўшы 140 прэтэндэнтаў на пасаду)». Праз год аўстрыйская крытыка сцвярджала: зальцбургская «Флейта» «стала першай операй, якой у якасці новага музычнага кіраўніка тэатры дырыжыравала Мірга Гражынітэ-Ціла. Першае выпрабаванне як музычная кіраўніца яна прайшла не менш паспяхова, чым прынц Таміна — выпрабаванне ў храме. І публіка, і крытыка адзінадушныя ў сваіх захопленых ацэнках».
Цікава прывесці меркаванне такіх аўтарытэтных выданняў, як Gardian і The Sunday Times, у лютым 2016-га, калі Мірга ўзначаліла Бірмінгемскі сімфанічны аркестр. «Прызначэнне літоўскай дырыжоркі Гражынітэ-Ціла ў якасці музычнай дырэктаркі сімфанічнага аркестра Бірмінгема, магчыма, знянацку захапіла брытанскі музычны свет — яна толькі трэцяя жанчына, якая атрымала такую пасаду ў Вялікабрытаніі». Вось што пісалася з нагоды фестывалю Дэбюсі. Дырыжорка ўвасобіла «дзве розныя версіі «Прэлюдый» на паслядоўных вечарах. Венская транскрыпцыя 1920-х для камернага ансамбля нагадвала парфумаваную ідылію, з гармоніяй, якая ахінала ўсё мяккім мроівам. У поўным аркестры гэты твор зрабіўся новым светам».
І напрыканцы — знакавая падзея. Сёлета ў маі ў Рыме адбыўся фестываль літоўскай культуры пад назвай Flux. Ён стаўся першай у такой ступені маштабнай прэзентацыяй культуры краіны ў Італіі. На працягу дзесяці дзён уласную творчасць прадставілі больш за 80 артыстаў і музыкаў драматычнага тэатра, танца, оперы, джазу і іншых галін мастацтва.
Форум прайшоў пад патранатам прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайтэ і прэзідэнта Італіі Серджа Матарэлы. Красамоўна, што на адкрыцці фэсту выступіў аркестр пад кіраўніцтвам спадарыні Міргі. Прычым адзін з самых славутых у свеце — аркестр Нацыянальнай акадэміі Санта-Чэчылія, які мае 500-гадовую гісторыю. За яго дырыжорскім пультам у розны час стаялі такія славутасці, як Клод Дэбюсі, Густаў Малер, Іаган Штраус, Ігар Стравінскі.
Пасля канцэрта Мірга як мастацкая кіраўніца Бірмінгемскага сімфанічнага аркестра атрымала з рук прэзідэнта Літвы дзяржаўную ўзнагароду — за музычныя дасягненні ў міжнародным прафесійным сцэнічным мастацтве і папулярызацыю Літвы ва ўсім свеце.
Што ж, такой яркай і незвычайнай жанчынай немагчыма не захапляцца. Застаецца толькі і далей сачыць за яе феерычнай музычнай кар’ерай.
Таццяна Міхайлава