Ці існуе нейкая дакладная дата, падзея, ад якой прынята адлічваць гісторыю джазавай музыкі ў Літве?
— Адказаць даволі складана: нашы музыказнаўцы дагэтуль спрачаюцца адносна гэтага пытання. Адны сцвярджаюць, што такім пунктам адліку можа быць джаз-фестываль, які адбыўся 50 гадоў таму ў Электрэняі. Другія згадваюць аркестр Юозаса Цішкуса, дзе выступалі музыканты высокага ўзроўню, але не толькі літоўскія. Я асабіста схіляюся да апошняй версіі, хоць вядома, што яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя ў нас існавалі музычныя калектывы з блізкім да джазу рэпертуарам. Аднак, канешне ж, гэта быў зусім не амерыканскі джаз.
Разам з тым ці можна сцвярджаць, што трыа Ганелін—Тарасаў—Чакасін вывела літоўскі джаз на сусветную арбіту?
— Можна казаць станоўча ўжо хоць бы таму, што гэты калектыў першым у Літве запісаў і выдаў джазавыя плыткі. Заслуга трыа яшчэ і ў тым, што сваёй творчасцю яно аказала вялікі ўплыў на маладых музыкаў, яно карысталася значнай папулярнасцю як у Літве, так і далёка па-за яе межамі. Аднак адназначна ацэньваць ролю Г-Т-Ч, думаю, не варта. Так, трыа выконвала актуальны ва ўсім свеце на той час фры-джаз, за ім пацягнулася наша джазавая моладзь, але пры гэтым ледзь не кожны з маладых бачыў сябе менавіта салістам. У тыя часы існавала шмат гуртоў, якія выконвалі біг-біт, і ў іх складах вырасталі добрыя выканаўцы рытм-груп. Тым не менш на фоне гэтага трыа яны выглядалі недастаткова прафесійнымі музыкамі, а новыя асобы з’яўляліся не так часта — усе жадалі выконваць фры-джаз.
Якая цяпер у Літве структура падрыхтоўкі джазавых музыкантаў, якія ступені праходзіць моладзь, перш чым выйсці на прафесійную сцэну?
— Сёння ў Літве маецца дзіцячая музычная школа імя Дварыёнаса, дзе вядомыя джазмены выкладаюць асновы джазавай імправізацыі і аператыўнай кампазіцыі. У Вільнюсе і Каўнасе працуюць музычныя вучэльні, ёсць музычная акадэмія з філіяламі, у Каўнасе і Клайпедзе працуе ўніверсітэт з джазавымі кафедрамі, што шмат даюць маладым музыкам у сэнсе прафесіяналізму. Аднак добра вядома: джаз — гэта яшчэ талент і майстэрства, таму навучанне можа толькі дапамагчы таму ж таленту. Вось чаму не трэба здзіўляцца: у нас даволі шмат джазавых выканаўцаў з гучнымі імёнамі, якія не маюць спецыяльнай адукацыі, але дасягнулі творчага плёну дзякуючы найперш таленту і майстэрству. Магістратура, джазавы бакалаўрыят могуць падрыхтаваць маладога чалавека да педагагічнай дзейнасці, але зусім не абавязкова да дзейнасці артыстычнай. Тым больш зарабляць адным джазам на хлеб вельмі няпроста, і не толькі ў Літве. Таму многія ідуць на кампраміс і выконваюць іншую, камерцыйна прыбытковую музыку. Хоць усё залежыць, зразумела, ад самога чалавека. У Літве цяпер шмат добрых джазавых калектываў, у тым ліку аркестраў, але нельга катэгарычна казаць пра тое, што джаз у нас надзвычай папулярны. Можна нават пажартаваць: наведнікаў канцэртаў, джаз-фестываляў у нас менш, чым музыкантаў, бо, як казаў адзін мой знаёмы, на душу насельніцтва ў Літве саксафаністаў больш, чым у якой іншай краіне Еўропы. Мяркуючы па наведніках фэсту «Каўнас-джаз», густы аўдыторыі істотна змяніліся: цяпер яе могуць прыцягнуць найперш гучныя імёны выканаўцаў.
А колькі штогод адбываецца ў Літве джаз-фестываляў і якая іх спецыялізацыя?
— Каля дзесяці фэстаў. Усе яны розныя па маштабах і скіраванасці. Цікава, што ёсць такія фестывалі, на канцэрты якіх уваход бясплатны. У сталіцы краіны двойчы на год ладзяцца два фэсты. Першы — гэта «Вільнюс-джаз», спецыялізуецца на цалкам імправізацыйнай музыцы і фры-джазе і адбываецца ў верасні, калі не памыляюся, ужо 30 гадоў. Другі — крыху больш маладзейшы «Вільнюс Мама джаз», у якім удзельнічаюць выканаўцы розных напрамкаў джазу. Аднак і ў невялічкіх гарадах праходзяць лакальныя, без гучных імёнаў джаз-фестывалі, як, прыкладам, у Кедайняе, Ёнаве. У Нідзе ў першыя дні жніўня «Джаз-марафон» ладзіць вядомы і ў Беларусі бас-гітарыст Леанід Шынкарэнка. Ёсць фэст «Бэбі-джаз» і, канешне ж, фэст у Бірштанасе, які найперш характэрны як агляд менавіта літоўскага джазу, хоць і з удзелам музыкаў з-за мяжы.
Засноўваючы фестываль у Каўнасе, якія мэты вы ставілі перад сабой?
— «Каўнас-джаз» вядзе адлік ад 1991 года. Гэта найбольш маштабнае свята джазавай музыкі ў Літве. Ягоная формула змяшаная: ёсць канцэрты па квітках у вялікай зале, начныя клубныя канцэрты, таксама платныя, фестывальныя канцэрты адбываюцца ў Вільнюсе і невялікіх гарадах. Аднак у Каўнасе мы ладзім і шмат бясплатных канцэртаў, у тым ліку на гарадской плошчы, дзе, канешне ж, гучыць больш лёгкі для ўспрымання джаз. Штогод у горадзе з’яўляецца і джазавая вуліца, на якой знаходзяцца 3-4 невялікія сцэны для ў першую чаргу джазменаў-пачаткоўцаў. Адбываецца і канцэрт у цэнтральнай сінагозе, джаз-канцэрты са званамі. Усе мерапрыемствы фэсту здымаюцца і потым выдаюцца на DVD-дысках, цяпер запісы будуць і на флэшках.
А што з джазам у вас на радыё, тэлебачанні?
— Джаз ёсць і там, і там. У Літве дзве радыёстанцыі, якія транслююць толькі джазавую музыку, пра інтэрнэт-радыё не кажу. На Грамадскім тэлебачанні ёсць праграма «Культура», у якой паказваюцца фактычна ўсе цікавыя праекты, не толькі фэсту «Каўнас-джаз», але і іншых, калі маецца дазвол на здымкі з боку выканаўцаў. Што да Каўнаса, дык гарадское кабельнае тэлебачанне рэгулярна запісвае джазавыя канцэрты і транслюе іх у сваіх сетках.
Ці існуе падтрымка джазавага руху ў Літве з боку дзяржавы?
— Так. Калі я займаў пост міністра культуры, была створана праграма, разлічаная на тры гады, якая распаўсюджвалася ў тым ліку і на ўсе джаз-фестывалі. Тая праграма існуе і цяпер, але фінансаванне фестываляў ажыццяўляецца праз Савет культуры, а не праз міністэрства. Савет атрымлівае грашовыя сродкі з бюджэту і потым размяркоўвае іх, падтрымліваючы ўсе мерапрыемствы культурнай скіраванасці, у тым ліку і джазавай. Праўда, штогод арганізатарам неабходна складаць у той Савет заяву, якую разглядаюць эксперты, і ў залежнасці ад маштабу мерапрыемства выдаткоўваюцца адпаведныя сродкі.
Калі не памыляюся, за ўсе гады «Каўнас-джазу» на фестывалі толькі аднойчы выступалі музыкі з Беларусі — група «Apple Tea». Якія ёсць магчымасці ў будучыні паказаць у вас і іншых беларускіх джазменаў?
— Магчымасці маюцца заўсёды. Ужо хоць бы таму, што мы радыя прымаць суседзяў. Шмат пры гэтым залежыць ад таго, які інфармацыйны пакет мы атрымаем ад вашых музыкантаў. Толькі пасля гэтага можна будзе вызначацца з запрашэннем. Варта заўважыць, што праграма фэсту на наступны, 2019 год практычна вызначана, але штотыдзень мы атрымліваем дзве-тры прапановы на ўдзел у канцэртах, так што пра ўсё трэба рупіцца загадзя. Нам дапамагае яшчэ і тое, што Каўнас падтрымлівае партнёрскія сувязі з джаз-фестывалямі ў Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы, Сербіі, апошнім часам пасябравалі з фэстам у Кіеве, з якім памяняліся калектывамі. Такія абмены часткова фінансуюцца з боку Савета культуры.
Наколькі мне вядома, ваша сям’я таксама звязана з джазам...
— Так. Я пачынаў гэты фестываль, але ў тыя гады, калі быў на дзяржаўнай службе, займаўся палітыкай, выступаць у ролі арганізатара не мог. Цяпер мая дачка Індрэ, з адукацыі музыкант і менеджарка, з’яўляецца музычнай дырэктаркай, хоць, канешне ж, і раіцца са мной. Сужаніца Аўдра, архітэктарка з адукацыі, — дырэктарка «Каўнас-джазу». Я цяпер на пенсіі і выконваю функцыі кансультанта, час ад часу чытаю лекцыі студэнтам, удзельнічаю ў працы розных журы.
На заканчэнне назавіце літоўскіх салістаў, калектывы, якія вы заўсёды гатовыя слухаць з найбольшым задавальненнем.
— Найперш гэта квінтэт Дайнюса Пулаўскаса. Дайнюс — выдатны музыкант і кампазітар, у складзе ягонага калектыву заўсёды выступаюць яркія выканаўцы. Яшчэ гэта маэстра Пятрас Вішняўскас, ён, калі не памыляюся, удзельнічаў у нашым фестывалі часцей за ўсіх іншых літоўскіх джазменаў (На адным з фестываляў у Каўнасе Пятрас саліраваў, знаходзячыся на паветраным шары, у той час як яму на гарадской плошчы акампанаваў аркестр. — Д.П.). Назаву таксама Вітаса Лабуціса, які кіруе многімі творчымі праектамі. Леанід Шынкарэнка, канешне ж! Каўнаскі біг-бэнд, пастаянны ўдзельнік фестывалю. Можна назваць і многіх маладых і нават самых юных музыкантаў. У нас такіх таленавітых сапраўды шмат!