Мы размаўляем пра выставу з яе куратаркай — старэйшай навуковай супрацоўніцай і намесніцай дырэктара Інстытута даследаванняў культуры Літвы, доктарам мастацтвазнаўства Іалантай Шыркайтэ.
Іаланта, раскажыце, калі ласка, аб праекце, яго мэтах і задачах. Хто ініцыятар, якія інстытуцыі прынялі ў ім удзел і падтрымалі?
— Праект «Academie de Vilna — Віленская мастацкая школа 1866—1915» выспяваў не адзін год. Ужо пасля абароны доктарскай дысертацыі на гэтую тэму для навуковай манаграфіі быў назапашаны дакументальны і іконаграфічны матэрыял, які паслужыў візуальнаму ўвасабленню маіх даследаванняў. Пра існаванне школы ведалі толькі вузкія спецыялісты, але яе сутнасць заўсёды зводзілася да чарговай інстытуцыі рускай культуры, укаранёнай у Літве. Аднак пасля ўважлівага азнаямлення з яе праграмамі, прозвішчамі выпускнікоў і іх творчасцю з’явілася неабходнасць пераацаніць яе дзейнасць — яна мела немалаважнае значэнне не толькі для мастацтва Літвы, бо стала «калыскай» для многіх яўрэйскіх, рускіх, беларускіх мастакоў.
На выставе хацелася паказаць як мага больш твораў прадстаўнікоў школы — была рада кожнай знойдзенай карціне, малюнку, не зважаючы на іх мастацкую каштоўнасць. Шукаць давялося не толькі ў фондах музеяў, але і ў прыватных калекцыях. Асновай для экспазіцыі паслужылі зборы Мастацкага музея Літвы і карпаратыўная калекцыя Канторы адвакатаў Ellex Valiunas. Яны і былі галоўнымі мецэнатамі — музей прадаставіў самую вялікую залу Нацыянальнай мастацкай галерэі разам з тэхнічным куратарам, Ellex Valiunas аплаціла працу архітэктараў выставы, дапамагла выдаць альбом-каталог. Праект падтрымалі і іншыя прыватныя калекцыянеры — нямала карцін было імі набыта за мяжой спецыяльна для выставы, у працэсе экспанавання амаль што кожны тыдзень ішлі прапановы куплі карцін. Выстава не была б поўнай без прыватнай калекцыі фонду Lewben Art Foundation і яго данатарскай ін’екцыі. Завочна ў праект уключыўся і дыпламатычны корпус — аташэ па культуры нашых амбасад у Ізраілі і Францыі дапамагалі ў перамовах аб творах для выставы Хаіма Суціна, пасольства Ізраіля ў Вільні паклапацілася пра выдаткі транспарціроўкі карцін з Ізраільскага музея ў Іерусаліме. Спонсарамі выставы былі і Савет па культуры Літвы, а па навуковай частцы — Савет па навуцы Літвы.
Усяго было паказана больш за 360 работ васьмідзесяці прадстаўнікоў школы — выкладчыкаў і вучняў. Творы для выставы далі практычна ўсе самыя буйныя музеі Літвы. Вядомы пецярбургскі калекцыянер Аляксей Радзівонаў сам прывёз карціны і малюнкі Роберта Геніна.
Удзел у гэтым міжнародным праекце прынялі і ўстановы Беларусі. Наш нацыянальны мастацкі музей накіраваў 23 творы васьмі мастакоў. Як вы ацэньваеце беларускі складнік? Рамкі выставы не дазволілі пра-
дэманстраваць усё цікавае. Што з беларускіх музеяў хацелася б вам паказаць дадаткова, але засталося за полем увагі?
— У Віленскай мастацкай школе вучыліся і многія мастакі, што нарадзіліся або тварылі на тэрыторыі Беларусі, таму беларускі сегмент быў непазбежны і важны. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь даў мне магчымасць пакапацца ў яго фондах, супрацоўнікі з вялікім разуменнем паставіліся да маіх патрэб. Мой апетыт быў вялікі, на жаль, з-за абмежаванага бюджэту і месца, адведзенага пад экспазіцыю, давялося яго паменшыць і ўзяць толькі пару дзясяткаў карцін тых мастакоў, чыіх твораў у Літве няма наогул. Для сучаснага літоўскага гледача карціны Льва Альпяровіча, Зянона Ленскага, Язэпа Драздовіча, Паўла Южыка, Шрагі Файбіша Царфіна былі паказаны ўпершыню, як і многія малюнкі, акварэлі, праекты сцэнічных касцюмаў іншых выпускнікоў школы. На жаль, давялося адмовіцца і ад карцін, што захоўваюцца ў іншых музеях Беларусі. Шчыра ўдзячная беларускім калегам за іх выдатныя даклады пра беларускіх мастакоў на навуковай канферэнцыі, якая адбылася на фоне выставы.
Мушу прызнацца, што першапачатковая ідэя гэтай выставы была цесна звязана з Беларуссю, пасля Вільнюса яна ў трохі змененым варыянце (з дадаткам карцін калекцыі Белгазпрамбанка і музеяў) мелася адбыцца ў Мінску, але такія міжнародныя праекты вельмі дарагія, мабыць, музею не ўдалося знайсці спонсараў.
Вільня — своеасаблівае «гняздоўе» Парыжскай школы, з якой яе выхаванцы разляцеліся па ўсім свеце. Вы пішаце, што выхадзец з Літвы мастак Арбіт Блат назваў Манпарнас сталіцай літоўскага мастацтва. З’явіўся нават тэрмін «літвак». Хто такія літвакі? Ці можна аднесці да іх і ўраджэнцаў беларускіх зямель?
— Скульптар Арбіт Блат, аўтар помніка Суціну ў Парыжы, напісаў тое, што адчуваў, — ён быў часткай калоніі літвакоў у Парыжы. А тэрмін «літвак» існуе з даўніх часоў для абазначэння яўрэяў з былой тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, якое на ідыш называлі «Ліце». Літвакоў яднае не толькі тэрыторыя, але адзін з асноўных еўрапейскіх дыялектаў мовы ідыш — Litvishe Yiddish. Так што мастакі-яўрэі — ураджэнцы беларускіх зямель таксама называюцца літвакамі.
Гэтая выстава адкрыла працы творцаў, якія нарадзіліся ў Беларусі і да гэтага часу невядомыя або малавядомыя. Пасля Віленскай школы многія з нашых землякоў скончылі Пецярбургскую або Кракаўскую акадэміі мастацтваў, выкладалі ў Пецярбургу і Варшаве. Мікалай Цыкоўскі з Пінска, Браніслаў Ямонт і Барыс Крэмер з Ашмянаў, Францішак Ясевіч з Лепеля, Майсей Ляйбоўскі з Навагрудка і іншыя. Гэта паказчык, што нас чакае яшчэ шмат адкрыццяў. Віленская мастацкая школа вельмі важная для разумення развіцця адукацыі на Беларусі. Гісторыя яе ў беларускім мастацтвазнаўстве толькі акрэслена. Ці мяркуецца навуковае даследаванне па выніках выставы, публікацыі матэрыялаў канферэнцыі?
— Усё наадварот: менавіта даследаванні паслужылі ідэяй выставы. На гэтую тэму я абараніла доктарскую работу, публікавала некалькі артыкулаў у навуковых і папулярных выданнях. На жаль, заняткі іншымі тэмамі не дазволілі далей сістэматычна паглыбляцца ў дзейнасць школы. З іншага боку, вельмі дапамагла праца над слоўнікам мастакоў Літвы ХIX стагоддзя — усплыло шмат новых імёнаў і яшчэ не кранутых матэрыялаў. З задавальненнем вярнулася да незавершанага і падрыхтавала навуковую манаграфію. Летась я атрымала фінансаванне толькі на выставачны праект, а кніга павінна з’явіцца ўжо ў канцы гэтага года. У ёй падрабязна будзе прадстаўлена дзейнасць школы, яе выкладчыкаў, былых вучняў. Частковы іх спіс на сённяшні дзень складае больш за 700 імёнаў.
Якія адкрыцці вам прынесла праца над арганізацыяй выставы?
— У пошуках экспанатаў я адкрывала для сябе ўсё новыя творы, пра існаванне якіх ведалі толькі захавальнікі музейных фондаў. Капаючыся ў іх, знайшла і некалькі вучнёўскіх малюнкаў і алейных эцюдаў, зробленых непасрэдна ў самой школе. Адкрыццём для мяне сталі вялікія акадэмічныя малюнкі мастака і віленскага фатографа Станіслава Філіберта Флёра, што знаходзіліся ў прыватным зборы, — адзін з іх паслужыў вокладкай каталога. Прыемным здзіўленнем для мяне было і знаёмства з раннім аўтапартрэтам Хаіма Суціна, прыкладна датаваным 1916 годам (некалькі гадоў да таго, як пакінуў Вільню), закінуты ў сховішчах Мастацкага музея ў Тэль-Авіве. Па словах куратара збору, схаваны быў таму, што занадта шэры і змрочны. А я ўбачыла ў ім водгалас вечна пахмурнага неба Літвы і моцны адрыў ад акадэмічнага рэалізму, які нібыта лютаваў у Віленскай мастацкай школе.