Дзень аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці — не проста гістарычная дата, гэта прадмет нацыянальнага гонару, які мае асаблівае значэнне і асабістае гучанне. Чым ёсць для Літоўскай Рэспублікі і для вас гэтае свята?
— Сто гадоў таму, 16 лютага 1918 года, дваццаць дэлегатаў Савета Літвы пад старшынствам Ёнаса Данісявічуса падпісалі Акт аб незалежнасці, які стаў законным абгрунтаваннем існавання незалежнай Літвы як у міжваенны перыяд, так і пасля 1990 года. У Акце былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу. Доўгі час дакумент лічыўся страчаным, але летась адзін з яго арыгіналаў расшукаў у берлінскім архіве Людас Мажыліс, прафесар універсітэта Вітаўтаса Вялікага.
Сёння Акт аб незалежнасці экспануецца ў Доме сігнатараў у Вільнюсе, у тым самым пакоі, дзе 16 лютага сто гадоў таму яго падпісалі сябры Савета Літвы. Гэта самы важны дакумент для літоўскай дзяржавы ХХ стагоддзя, ён сімвалізуе імкненне літоўскага народа да волі і адраджэння.
Скажу шчыра: для нас гэта сапраўды не казённая, штучная, навязаная дата. Дзень аднаўлення незалежнасці адзначаецца ў кожнай сям’і нароўні з Калядамі. У Літве гэта афіцыйны выходны. Мы з сям’ёй заўсёды ходзім на цырымонію ўзняцця сцяга, якая адбываецца ў цэнтры Вільнюса. Там шмат моладзі, людзі прыходзяць сем’ямі. Для людзей гэта — свята свабоды.
У 2018 годзе амбасада правяла некалькі мерапрыемстваў для маленькіх літоўцаў, якія жывуць у Беларусі, пад агульнай назвай «Палёт ста гадоў гісторыі Літвы». Дзецям з Пялесы і Рымдзюнаў распавялі пра самыя важныя падзеі і сімвалы літоўскай гісторыі, пра тое, як мяняліся літоўцы і іх адносіны да свету, як яны навучыліся змагацца за свабоду, берагчы традыцыі і верыць у будучыню…
— Так, мы імкнемся выхоўваць цікавасць да нацыянальнай гісторыі і ўсведамленне прыналежнасці да літоўскай нацыі з самага дзяцінства. І святкуючы гістарычны юбілей, мы робім асаблівы акцэнт на будучыню, бо наступныя сто гадоў — за моладдзю. Таму мы надаем асаблівую ўвагу прэзентацыі і падтрымцы маладых літоўскіх творцаў, будзь тое выстава мастакоў у Беларускай акадэміі мастацтваў ці выступленне сімфанічнага аркестра ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Увогуле самыя свежыя і ў добрым сэнсе вар’яцкія ідэі — у маладых, таму з імі так цікава мець справу. Вельмі важна, каб маладыя літоўцы і беларусы больш даведваліся адно пра аднаго, бо мы самыя блізкія суседзі — у тым і палягае галоўная задача нашай амбасады. Не ўсё вырашаюць сацыяльныя сеткі, лепш размаўляць адной мовай ужывую, і хай гэта будзе мова мастацтва. Асабліва выдатна тое заўважна, калі заключаюцца пагадненні аб супрацоўніцтве, як, напрыклад, сёлета паміж Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна ў Смілавічах і Клайпедскай мастацкай школай імя Адомаса Бракаса.
Якія падзеі і праекты культурнай праграмы 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы вы лічыце самымі маштабнымі і знакавымі?
— Складана вылучыць, настолькі гэты год насычаны падзеямі. І калі ўзяць нават самае маленькае мястэчка і паглядзець, што яны плануюць, — у кожным знойдзецца нешта цікавае, а такіх гарадкоў і мястэчак па Літве — сотні. На маю думку, галоўнае свята адбудзецца 6 ліпеня — гэта наша самае знакамітае Свята песні, яно занесена ў Спіс шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Плануецца, што каля 40 тысяч чалавек з усёй Літвы збяруцца ў Вільнюсе, каб спяваць народныя ды сучасныя песні і танчыць. Дарэчы, у літоўцаў па ўсім свеце ёсць традыцыя збірацца 6 ліпеня а 9-й вечара і спяваць нацыянальны гімн.
Ці робіцца асаблівы акцэнт на прэзентацыю літоўскай культуры ў еўрапейскіх краінах сёлета?
— Мастацтва — галоўны чыннік і паказчык развіцця нацыі, асабліва для невялікіх дзяржаў і народаў. І гэта галоўны прадукт экспарту, каб паказаць сябе свету. Каб нас заўважылі ў іншых еўрапейскіх краінах, усе тры прыбалтыйскія рэспублікі намагаюцца выступаць разам і ўтраіх удзельнічаць у буйных еўрапейскіх праектах, кніжных кірмашах, напрыклад, ці фестывалях кіно.
Адзначу, што свет глабалізуецца і наша мастацтва гэты ўплыў адчувае. У такіх умовах цяжка захаваць сваю ідэнтычнасць, і перадаць сваё асаблівае, літоўскае, у сучасных формах — задача складаная.
Але ёсць даволі паспяховыя і цікавыя прыклады. Так, мастачка Яліта Вайткутэ стварае цыкл «Гаворыць літоўская зямля»: падчас святкавання Дня адраджэння незалежнасці 16 лютага ў нашай амбасадзе яна прама на падлозе намалявала літоўскай і беларускай зямлёй вялізную стылізаваную выяву вершніка — Віціса, толькі ў руках у яго быў не меч, а галінка алівы, знак міру. Віціс — важны сімвал нашай дзяржавы, ён злучае старую і новую Літву.
Як вы любіце бавіць вольны час у Вільнюсе — і ў Мінску? Якія тэатры, музеі, спектаклі, выставы і канцэрты наведваеце?
— Мінск — вялікая сталіца, насычаная падзеямі, але так атрымліваецца, што выходныя я ўсё ж часцей праводжу з сям’ёй у Вільні. Як і многія — люблю шпацыры, люблю заходзіць у маленькія галерэі, камерныя і ўтульныя, з далікатнымі праектамі. Не займаюся фатаграфіяй, не ведаю, адкуль пайшла такая пагалоска, магу хіба што паздымаць на тэлефон. Фатаграфіяй прафесійна захапляецца аташэ па культуры нашай амбасады Міндаўгас Габрэнас. А вось роварныя вандроўкі сапраўды люблю, хоць веласцежку каля Свіслачы ўжо вывучыў на памяць, хочацца адкрыць новыя месцы. Не магу назваць сябе аматарам оперы ці тэатра, але цікаўлюся кіно. Яшчэ 15-20 гадоў таму здавалася, што ў нашага кінематографа няма шансаў выжыць, але аказваецца — не, у літоўскага кіно ёсць сваё аблічча, з’явіліся цікавыя праекты, фільмы. Мы рэгулярна выстаўляемся на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад», у кінафестывалі «Паўночнае ззянне» сёлета бралі ўдзел усе тры прыбалтыйскія амбасады, каб адзначыць 100-годдзе незалежнасці. У самой Літве трываюць некалькі кінафэстаў, у тым ліку Kino Pavasaris і VDFF у Вільнюсе, Kaunas IFF у Каўнасе... Наша кіно паспяхова знаходзіць свайго гледача.
Калі вы толькі заступілі на пасаду, то казалі, што збіраецеся падвучыць беларускую мову. Як вашы поспехі ў гэтым кірунку праз амаль два гады?
— Гэта быў завышаны аптымізм. Канешне, я разумею беларускую і магу прачытаць афіцыйную прамову альбо верш Янкі Купалы (дыпламаты розных краін чыталі ўрыўкі з купалаўскіх твораў у межах акцыі МЗС Беларусі «Чытаем Купалу разам». — А.К.), але размаўляць складана. Патрэбна прафесійная дапамога, настаўнік, які зможа раскласці па палічках, распавесці пра моўную логіку і структуру. А пакуль што ўпэўнена магу прамовіць: «Дзякуй!»