СПЕКТАКЛЬ «РАСКРЫЦЦЁ» ДРАМАТУРГА АЛЕНЫ ІВАНЮШАНКА, ДА ЯКОЙ ДАЛУЧЫЛАСЯ РЭЖЫСЁРКА НАТАЛЛЯ ЛЯВАНАВА, АПАВЁЎ ПРА РОДЫ. ПРАБЛЕМЫ, ЗВЯЗАНЫЯ З ЦЯЖАРНАСЦЮ І З’ЯЎЛЕННЕМ НА СВЕТ ДЗІЦЯЦІ, АПОШНІМ ЧАСАМ СТАЛІ АДКРЫТА АБМЯРКОЎВАЦЦА Ў ГРАМАДСТВЕ: МАГЧЫМАСЦІ І ПРАВА ВЫБАРУ ТАГО, ЯК І ДЗЕ ЖАНЧЫНЕ НАРАДЖАЦЬ (ЦІ НЕ НАРАДЖАЦЬ), АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПРЫНЯТАЕ РАШЭННЕ, БЕЗАБАРОННАСЦЬ КАБЕТЫ ПЕРАД МЕДЫЦЫНСКАЙ СІСТЭМАЙ І ВЫПАДКІ, КАЛІ ПАРАДЗІХА СУТЫКАЕЦЦА НЕ ТОЛЬКІ З АБЫЯКАВАСЦЮ, АЛЕ І З ЖОРСТКАСЦЮ.
Падчас работы над спектаклем першапачатковы варыянт п’есы зазнаў змены, тэкст набыў дакументальнасці і асабовасці — на пэўным этапе драматург і рэжысёрка збіралі рэальныя гісторыі цяжарнасці і родаў. Гэта, аднак, не ператварыла «Раскрыццё» ў дакументальны тэатр. Нягледзячы на, пэўна, правакатыўную назву, што сведчыць пра натуральныя родавыя працэсы, і на афішу, якая адмыслова падтрымлівае такую інтэрпрэтацыю, па вялікім рахунку спектакль апавёў не столькі пра роды ці сацыяльныя праблемы, звязаныя з імі, колькі пра чалавечае стасункаванне і жаданне паразумення. «Раскрыццё» ў нашым выпадку не медыцынскі тэрмін, а стан гатоўнасці зразумець іншага чалавека, якой бы адрознай ні была ягоная пазіцыя.
Роды ў пастаноўцы — своеасаблівая кропка біфуркацыі, складаны і непрадказальны досвед, што змяняе свет жанчыны, яе адчуванне сябе. Пастаноўка не прэтэндуе на ўсёабдымнае раскрыццё тэмы, аднак абазначае важныя праблемы, звязаныя з цяжарнасцю і родамі. Галоўная з іх — фізічная і псіхалагічная датклівасць цяжарнай жанчыны і неабходнасць падтрымкі блізкіх незалежна ад таго, які варыянт абірае парадзіха: роды ў «бізнэс-палаце» па мадэлі «ўсё ўключана» ці хатнія пад наглядам акушэркі. Уздымаюцца падчас спектакля і іншыя пытанні. Напрыклад, інфармацыйны вакуум, які пагаршае псіхалагічны стан жанчыны, эмацыйная абыякавасць і жорсткасць медперсаналу, стаўленне да жанчыны як да «кавалка мяса». Важна, што стваральніцы «Раскрыцця» не ціснуць на гэтыя болевыя кропкі, а толькі абазначаюць іх у бальшыні сцэн, не дэкларуюць безвыходнасць і безальтэрнатыўнасць развіцця падзей. Магчымасць сцэнарыя з добрымі дактарамі і далікатным стаўленнем прадугледжвае адна з гераінь, цяжарная Саша. Форма тэатральнай гульні, абраная пастаноўшчыкамі, дапамагае пазбегнуць ператварэння пастаноўкі ў «жудзік» для парадзіх і сваякоў.
Героі і гераіні «Раскрыцця» — цяжарная маці дваіх дзяцей Саша (Алена Зуй-Вайцэхоўская), яе муж Жэня (Максім Дубоўскі), сястра Рыта (Кацярына Бондарава) і сяброўка Вальжына (Крысціна Дробыш). Яны прыходзяць у крэатыўную прастору (удала абыгрываецца месца правядзення спектакля), каб пагуляць у ролевую гульню «Раскрыццё». Кожнаму з удзельнікаў прапанавана выбраць персанажа-парадзіху і прайсці шлях ад першых схватак да моманту нараджэння дзіцяці. Майстрам гульні, які ў адпаведнасці з абраным персанажам мадэлюе сцэнарый для кожнага з удзельнікаў, выступае Саша. Яна, дарэчы, адзіная ў гэтай кампаніі мае досвед родаў і праз сваю чарговую цяжарнасць — самая ўразлівая. Кожны абірае персанажа, што адпавядае ягонай індывідуальнасці: эмансіпаваная Вальжына ў чырвоных туфліках на высокіх абцасах — бізнэс-лэдзі, дзяўчынка-хіпстар Рыта — «эка-парадзіху», а Жэня (ён відавочна перажывае не самы лёгкі перыяд у адносінах з жонкай) — «нерашучую» парадзіху, з якой ён асацыюе Сашу. Сітуацыі пазнавальныя, нават тыповыя. Яны, безумоўна, крыху перабольшаныя, завостраныя (спадзяюся, у рэальным жыцці парадзіхам не крычаць «А ты ў танку гарэла?!»), аднак (пераважна) камедыйная афарбоўка змякчае непрыемныя і нават страшныя па сваёй сутнасці праявы. Гратэскава пададзены тыпажы медыкаў, з якімі сутыкаюцца «парадзіхі», — з дапамогай акуляраў, халатаў і шапачак у іх па чарзе ператвараюцца гульцы: у маладую нахабную медсястру, у доктарку з няўдалым асабістым жыццём і нянавісцю да цяжарных, у «доктара Ліўсі» з анімацыйнай стужкі Давіда Чаркаскага. Значную частку спектакля ў зале гучыць смех, аднак гэта не замінае разуменню: смешна ў гульні і ў тэатры, дзе можна спыніцца ў любы момант. Рэальнасць пакуль не весяліць.
У пэўныя моманты для герояў рэальнасцю раптоўна стае гульня — калі чапляе іх асабістыя перажыванні і комплексы. Стваральнікі пастаноўкі і акцёры прадстаўляюць іх пэўнымі тыпажамі з адпаведнымі патэрнамі паводзін і праблемамі, што раскрываюцца праз гульнёвае пражыванне досведу родаў. За падкрэсленай незалежнасцю і раскаванасцю Вальжыны хаваецца адзінота і безабароннасць, магчыма, зайздрасць да Сашы ды цень даўніх дачыненняў з Жэнем. Выходзіць на свет рэўнасць Рыты, якой маці ставіць у прыклад сямейную сястру, ды крыху пагардлівае стаўленне да Сашы, чыё жыццё абмежавана «кашамі-малашамі». Класічным выглядае непаразуменне паміж Жэнем, што шмат працуе «дзеля сямейнае будучыні», і Сашай, якая хоча часцей быць побач з мужам, адчуваць ягоную падтрымку. Усе героі раўназначныя з гледзішча права выбару ўласнага сцэнарыя жыцця і яго «правільнасці/няправільнасці», але пратаганістам усё ж з’яўляецца Саша. Праз яе вобраз рэпрэзентавана не толькі тэма датклівасці цяжарнай кабеты, але і адсутнасці эмпатыі да яе, вымкнутасці жанчыны-маці на пэўным этапе з сацыяльнага жыцця, звядзення яе ролі да згаданых «кашаў-малашаў» нават самымі блізкімі людзьмі. Дзіўным чынам падчас спектакля ўзнікае думка, што гульня, якую мадэлюе Саша, не без асалоды маніпулюючы сваімі блізкімі, насамрэч дае магчымасць звярнуць увагу на свае адчуванні і пачуцці, стаць больш зразумелай. Выдае на тое, што Саша дасягае мэты.
Гульня, распачатая героямі, застаецца без фіналу — іх рэальныя праблемы таксама не маюць вырашэння. Дзеянне спектакля раптоўна абрываецца на эмацыйным піку, калі высвятляецца, што траўматычны досвед, набыты Сашай падчас папярэдніх родаў, быў траўмай і для Жэні. Агульнае перажыванне дазваляе ім нарэшце паразумецца. У выніку зусім не роды, а ўвага да бліжняга, спачуванне яму і адчуванне ягоных патрэбаў апынаюцца самай складанай справай у жыцці. Святло, якое запаўняе ў фінале Сашын жывот, і Жэнеў дотык да яго падаюцца знакам гатоўнасці спрычыніцца да свету іншага чалавека, падтрымаць і разам перажыць новы досвед нараджэння.
Прастора пастаноўкі належыць акцёрам, што існуюць у ёй лёгка і нязмушана. Сцэнаграфічнае рашэнне (Ірына Камісарава) мінімалістычнае і функцыянальнае, відэазмест не загрувашчвае спектакль, не перацягвае ўвагу на сябе. Хуткая змена сітуацый, пераходы герояў ад абраных роляў парадзіх да рэальнага жыцця ўтвараюць імклівы тэмпарытм; праўда, пакуль не заўжды гэта адбываецца аднолькава дыхтоўна і беспамылкова, а за імклівасцю дзеяння не стае часу заглыбіцца ў стасункі персанажаў, ухапіць і асэнсаваць усе праблемы-тэмы-намёкі, багата парассыпаныя па спектаклі. Добра, што псіхалагічная глыбіня і дасканалая распрацоўка тэмы родаў на мэце не мелася. Задача была больш сціплая: загаварыць пра іх уголас, распачаць афлайн-дыялог. Мяркуючы па абмеркаванні пасля аднаго з прэм’ерных паказаў, не толькі стваральніцы «Раскрыцця» маюць падобнае жаданне і патрэбу, якія, у сваю чаргу, не залежаць ад палавой прыналежнасці ды наяўнасці досведу родаў.
Кацярына Яроміна