Згадаўшы старэйшых калег (а заглітамі служылі, напрыклад, слынныя паэты Артур Вольскі і Леанід Дранько-Майсюк, знаны драматург Аляксей Дудараў), сведчу: прафесію даўно называюць няўдзячнай, непрэстыжнай. Нават з самым дасведчаным кіраўніцтвам і самым высокім статусам установы — «дзіўнай сцяжынай абсалютных вар’ятаў». Рухацца па ёй варта вельмі абачліва, дбаючы пра абазнанасць, досвед, самаўдасканаленне... спадзеючыся, што яны спатрэбяцца напоўніцу. Пры гэтым загліцкія веды ў Інтэрнэце не ляжаць. Але не ляжаць яны і ў бібліятэцы, і ў Акадэміі мастацтваў... Шмат гадоў таму была з’явілася ініцыятыва Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры ладзіць прафесійнае навучанне, але дваццаць сем гіпатэтычных чалавек так і не патрапілі збірацца на яго хоць з нейкай перыядычнасцю.
Украіна, паводле лічбаў 2015 года, мае сто трынаццаць прафесійных тэатраў, падтрыманых дзяржавай; прыкладна столькі ж — незалежных тэатральных утварэнняў. Кіеў разам з недатацыйнымі калектывамі налічвае каля пяцідзесяці. Прафесійным паслядыпломным навучаннем для іх заглітаў (таксама як і для артыстаў, і для рэжысёраў) моцна заклапочаны Нацыянальны саюз тэатральных дзеячаў. Абноўлены ў 2016 годзе, «пакліканы ствараць пэўны асяродак для мастацкага прадукту: генераваць ідэі, ставіць праблемныя пытанні, якія існуюць у тэатральнай галіне, ды шукаць шляхі для іх вырашэння», ён зазнаў перабудову і займеў сапраўдную каманду супрацоўнікаў — маладых, амбітных, абазнаных. Найперш яны дбаюць пра мастацкую палітыку (рэгіянальную і моладзевую) ды забеспячэнне (інфармацыйнае ды экспертна-аналітычнае). Ідэя старшыні НСТДУ Багдана Струцінскага (народнага артыста Украіны, мастацкага кіраўніка Нацыянальнай аперэты) простая, як праўда: дыялог. Сабраць, згуртаваць, перазнаёміць, даць магчымасць камунікаваць, абменьвацца напрацоўкамі і досведам — і вынікае не пакручастая, але складаназлучаная і досыць зручная сцяжына для прафесійнага руху.
Мне выпала совацца па гэтай сцяжыне на чарговым (!) навучанні загадчыкаў літаратурных частак — тэатральная геаграфія ахоплівала тэрыторыю да Херсона, Сумаў, Адэсы... Тэмамі заняткаў рабілася аўтарскае права і пошук матэрыялу для пастановак, стасункаванне з крытыкамі і драматургамі, межы адказнасці за драматургічны выбар, тэатральны менеджмент, прысутнасць у сацыяльных сетках і напісанне рэкламных тэкстаў...
Некаторых не адпусцілі дырэктары, і калегі бралі дні за свой кошт. Некаторыя выбраліся падвучыцца ў Кіеў між фестывальнымі альбо гастрольнымі мітрэнгамі. Усе паспелі паўдзельнічаць у прэзентацыях фестывалю сучаснай украінскай драматургіі «Новая п’еса», чытках, сустрэчах з Наталляй Варажбіт і Віталём Кіно — да ўсяго атрымаўшы і практычныя заняткі. Але пакуль доўжыліся абмеркаванні і ўшчыльняліся праграмы, пакуль рыхтавалася да працы Вясновая школа акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства (туды, дарэчы, выпраўляўся выкладаць наш рэжысёр-лялечнік Ігар Казакоў), украінскія тэатры падавалі заяўкі на ўдзел у першым Фестывалі-Прэміі «ГРА/GRA — Great Real Art» — нацыянальнай тэатральнай прэміі Украіны.
Дваццаць пяць гадоў таму адбылося першае ўручэнне тэатральнай прэміі «Кіеўская пектараль», заснаванай гарадскімі ўладамі і Тэатральнай суполкай Украіны. Ад Канфедэрацыі тэатральных саюзаў у Кіеў прыехаў Алег Яфрэмаў і настолькі ўразіўся, што па вяртанні ў Маскву сабраў калег... і нарадзілася знакамітая расійская «Залатая маска». А ва Украіне яшчэ доўгія гады цягнулася гаворка, што, маўляў, трэба, можна, варта... Для паўтара дзясятка міністраў культуры крытыкі і мастацтвазнаўцы распрацоўвалі чарговыя прэміяльныя канцэпцыі — і яны прадказальна каналі што ў кабінетах Мінкульта Украіны, што ў самой тэатральнай суполцы. Геніяльны менеджар Багдан Струцінскі (так ахарактарызавалі яго мае суразмоўцы) схапіўся за гэтую ідэю адразу, як мага паспрыяў яе распрацаваць і зладзіць для яе фінансаванне на ўзроўні Камітэту па духоўнасці і культуры Вярхоўнае Рады. У ідэале, паводле экспертаў, знаных тэатральных крытыкаў Ганны Ліпкоўскай і Ганны Весялоўскай, хацелася б ахапіць усе прэм’еры ўсіх украінскіх тэатраў за пэўны перыяд (сезон, каляндарны год). Фармаваць асобныя экспертныя гурты па ўсіх кірунках пакуль не выпадае — бракуе рэсурсаў. (Дарэчы, пакуль тэатральныя дзеячы выспявалі хоць да нейкага варушняка, украінскія кінематаграфісты здзейснілі сваю агульнадзяржаўную кінапрэмію імя Аляксандра Даўжэнкі і прэмію «Залатая дзыга».)
Сённяшняя распрацоўка прадугледжвае ўсяго шэсць агульных намінацый: лепшы драматычны спектакль (таксама і малой сцэны), лепшы музычны, харэаграфічны, эксперыментальны на сутыку тэатральных жанраў і спектакль для дзяцей. Лялечнікі адразу пакрыўдзіліся, маўляў, для іх не прадугледзелі асобнай намінацыі, але ім патлумачылі: адасобленая лялечная намінацыя вельмі падобная да рэзервацыі, а так яны могуць заяўляцца і ўдзельнічаць аж у чатырох. Цяперашняя рэальнасць такая, што лялечнікі не саступяць драматычным артыстам у налаўчонасці, а драматычныя пастаноўкі карыстаюцца шмат чыімі выяўленчымі сродкамі — у тым ліку і сродкамі традыцыйнага мастацтва лялечнікаў. Але нікога не збянтэжыла ні колькасць намінацый, ні сцяжына, якой трэба прайсці, каб у іх удзельнічаць: першы фэст Нацыянальнай прэміі фармуецца паводле прынцыпу «адзін заяўца — адна заяўка» з прэм’ер 2017 года ў межах года бюджэтнага.
Як ні дзіўна, першапачатковы этап мусіць спраўджвацца паводле відэазапісаў — аніводзін з дзесяці экспертаў (тэатральныя крытыкі, музыказнаўцы) не бачыць у гэтым нічога непрымальнага. Маецца, аднак, і галоўная ўмова: ніхто з экспертаў не можа мець пастаянных працоўных дачыненняў ні з адным тэатрам, што мае права падаваць заяўку. Гэта набывае асаблівай прынцыповасці на тле «Кіеўскай пектаралі», яна апошні час культывуе іншы рэжым: ён не спрыяе якой бы там ні было адцягненасці ад сітуацыі. Пасля фармавання лонг-аркуша (туды, дарэчы, увайшло дваццаць сем прац) усё будзе праглядацца жыўцом. Часу, вядома, забракуе, тым больш на другім этапе эксперты мусяць пісаць абавязковыя разгорнутыя водгукі на спектаклі. Вынік другога этапу праглядаў, вядома, шорт-аркуш з дванаццаццю назвамі — з іх збярэцца афіша нацыянальнай прэміі для паказаў у Кіеве, дзе незалежнае міжнароднае журы (падкрэсліваю — з розных краін!) паглядзіць і абярэ шасцярых пераможцаў. Што атрымае кожны пераможца? Самае вартае: грант на пастаноўку спектакля. Яго можна скарыстаць толькі па прызначэнні. А з 1 студзеня 2019 года распачнецца чарговы прыём заяў з дасягненнямі года 2018.
...Калі кветка падабаецца, яе, часцей за ўсё, папросту зрываюць. Калі кветку любяць, яе прынамсі паліваюць, а то і даглядаюць па ўсіх правілах. Я ўсведамляю: асяродак для мастацкага прадукту ва Украіне прыпадобнены да ўлюбёнай кветкі: за няпоўныя два гады НСТД Украіны па-свойму аджывіла, адрадзіла і заахвоціла квецень арганізацыйную, інтэлектуальную, творчую, так што «дзіўная сцяжына абсалютных вар’ятаў» не толькі пачысцілася ад буралому ды калюжын, але і давяла свае ходкія вартасці.