Гіпнатычныя танец і грукат «крысталаў часу» ў «Лабараторыі часу» — шэрагі залітых святлом акварыумаў, дзе ў броўнаўскім руху гойсаецца мноства невялічкіх пясочных гадзіннікаў. Такія ж дзіўныя рэчы адбываліся ва ўсіх астатніх дзесяці пакоях Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў на Някрасава, дзе з 28 красавіка праходзіла выстава вядомага расійскага мастака Сяргея Катрана.
Сяргей Катран — адзін з найцікавейшых герояў арт-сцэны сучаснай Расіі. Мастак-вынаходнік (як ён сам сябе вызначае) і аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў. Загадчык кафедры фундаментальных даследаванняў будучыні (КАФДБ) у Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце псіхагеаграфіі і памежных станаў (ЦНДІ ПІПС), куратар і актыўны ўдзельнік мноства міждысцыплінарных праектаў, а таксама інтэрнацыянальных мастакоўскіх калабарацый. Сярод яго шматлікіх рэпрэзентацый у розных гарадах розных краін — персанальная выстава «Пакуль не знікне слова» на апошняй Венецыянскай біенале.
Творчасць Катрана аб’ядноўвае размаітыя віды і формы сучаснага мастацтва: інсталяцыю і скульптуру, аўдыя- і відэа-арт, перформанс і хэпенінг. Вельмі хочацца аднесці нестандартныя працы творцы да папулярнага сёння кірунку science-art — што цалкам лагічна, улічваючы яго бэкграўнд зусім не «лірыка», а самага сапраўднага «фізіка». Аднак усё значна складаней. Выпрабоўваючы на трываласць межы і правілы мастацтва, Катран працуе на скрыжаванні адразу некалькіх практык — навуковых, сацыяльных, візуальных, лінгвістычных. І звянчаком яго мультыдысцыплінарнасці становіцца менавіта паэзія.
Звяртаючыся да базавых уласцівасцей фізічнай рэальнасці, што нетыпова для нашых ізаляваных ад прыроды «белых галерэйных кубоў», Катран кажа пра надзённыя і важныя рэчы. Не капіюючы і не ўпрыгожваючы — як (шчыра кажучы, часцяком) водзіцца ў нашым айчынным мастацтве, — а перадаючы іх нейкі асноўны прынцып, экзістэнцыю. Оптыка Катрана сягае да сутнасці з’яў, дазваляючы зірнуць на іх з нечаканага боку — (пера)усвядоміць іх альбо нават папросту ўбачыць. У чым, уласна, і палягае місія жывога сучаснага арту.
Двухпавярховы будынак Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў з мноствам ізаляваных залаў — ідэальная выставачная пляцоўка для «Сакрэтнай зоны». Перамяшчаючыся з адной прасторы ў іншую, гледачы праходзілі шэраг унікальных «лабараторый» нейкай глабальнай мастацка-навуковай інстытуцыі, створанай Сяргеем Катранам. Па сутнасці, цяперашні НЦСМ, што месціцца ў былых «майстэрнях Савіцкага», ператвораны ў татальную інсталяцыю аднаго мастака. І гэтая інсталяцыя інтэрактыўная — бо ўключае ў сябе нас, наведвальнікаў. І яна мае «рухомы маштаб» — па трапным вызначэнні амерыканскага мастака і арт-крытыка Роберта Смітсана, — бо яе ўспрыманне, як тэарэтызуе Смітсан, залежыць ад таго, дзе знаходзіцца глядач.
Варта адзначыць узорную комплекснасць катранаўскай рэпрэзентацыі: акрамя дасканала выбудаваных фізічных параметраў, яна мае вытанчаны дызайн-складнік, аўтарства вядомай маскоўскай дызайнеркі Алены Зайкінай. Сярод выставачнай паліграфіі — эстэцкі зін, створаны Аленай, што выдатна выконвае інфарматыўную функцыю, скіроўваючы наведвальніка па «лабараторыях» і канцэпцыях Катрана. Выстава прадстаўлена і ў віртуальнай прасторы, а да прасторы фізічнай аўтар намагаецца дадаць дыскутыўную прастору сэнсаў — грунтоўна падыходзячы да справы: у НЦСМ павінны адбыцца лекцыі і прэзентацыі вядучых даследчыкаў з розных краін, якія прадставяць сучасныя аспекты ўзаемадзеяння прыроды, навукі і мастацтва.
Выдатна, што дзякуючы інтэрнацыянальнай праграме фестывалю «Арт-Мінск» удалося зрабіць такі складаны праект у Беларусі — бо нам ёсць чаму павучыцца ў Сяргея Катрана. Акрамя смеласці і ўпэўненасці — сур’ёзнаму стаўленню да простых рэчаў, якія здаюцца несур’ёзнымі. Віртуознаму балансаванню на мяжы паміж артыстычным і рэальным. Як казаў Уладзімір Набокаў, геніяльнасць творцы — ва ўменні збудаваць уласны пераканаўчы сусвет, пагрузіўшы ў яго чытача. Арт-сусвет Катрана ініцыюе з’яўленне асабістых глядацкіх сусветаў. Выключны талент Катрана — запальваць сусветы, нават больш пераканаўчыя за так званую рэальнасць.