Лялькатрон

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек паказваюць «Гісторыю аднаго горада» паводле М.Салтыкова-Шчадрына. Аўтар п’есы і рэжысёр-пастаноўшчык — Аляксандр Янушкевіч. Мастак-пастаноўшчык — Валерый Рачкоўскі. Кампазітар — Ігар Сацкевіч. У спектаклі заняты вядомыя акцёры-лялечнікі Валянціна Пражэева, Аляксандр Васько, Уладзімір Грамовіч, а таксама маладыя выканаўцы Яўген Карняг, Цімур Муратаў, Марс Чыгіркін.

ФОТА А. СПРЫНЧАНА. 
ФОТА А. СПРЫНЧАНА.

 

ФОТА А. СПРЫНЧАНА.
ФОТА А. СПРЫНЧАНА.

ФОТА А. СПРЫНЧАНА.
ФОТА А. СПРЫНЧАНА.

ФОТА А. СПРЫНЧАНА.
ФОТА А. СПРЫНЧАНА.

ЗВЫЧАЙНАЕ І НЕАРДЫНАРНАЕ ў гэтым спектаклі цесна пераплецена. Прынамсі, уласцівы тэатру Аляксея Ляляўскага драматычны роздум пра жыццё становіцца ўсё больш нязвыклым для тэатральнай публікі. Той, хто ведае Дзяржаўны тэатр лялек не па чутках, заўважае паслядоўнасць тутэйшых эстэтычных і зместавых намаганняў. Той, хто трапіў сюды выпадкова, уражаны не толькі прапанаваным відовішчам, а і творам, абраным для інсцэнізацыі. Зварот да няўздымнай, складанай для асэнсавання літаратуры — накшталт адзінокай выспы ў акіяне маскультуры.

Такім чынам, Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын — паводле «Гісторыі аднаго горада»... Нават асэнсаваўшы разам з тэатрам «Ганеле» Г.Гаўптмана, «Дом, які пабудаваў Свіфт» Р.Горына, «З Парыжам скончана!» («Вішнёвы сад») і «Чайку» А.Чэхава, цяжка было ўявіць, што наступным у зону ўвагі лялечнікаў трапіць бязлітасны расійскі класік. Ягоны пранізлівы сатырычны опус з
нежартоўнымі перажываннямі і зусім недзіцячымі развагамі пра недасканаласць светабудовы і нашу непрыстасаванасць да існавання на зямлі. Спектакль для сямейнага прагляду, разлічаны на дарослую публіку, на юнакоў і падлеткаў. І ўсё ж тэатр рызыкаваў, зважаючы на сённяшнюю агульную схільнасць да багатых і павярхоўных відовішчаў. 
 
Колькі яшчэ ў Беларусі зной дзецца тэатраў, гатовых так рызыкаваць,— пытанне рытарычнае. Як ні дзіўна, знаходзяцца. Агульную статыстыку значна паляпшаюць менавіта лялечныя тэатры, рашуча разбураючы даўнія абывацельскія ўяўленні пра цацачны тэатр за шырмай з пальчаткавай лялькай на руцэ. Тут дарэчы згадаць пра цвятаеўскага «Пацукалова» і талстоўскага «Халстамера» ў Брэсце, пра купалаўскі «Сон на кургане» і «Адвечную песню» ў Гродне і Мінску. І пераканацца, што ў наш час аазісам духоўнасці ўсё часцей становяцца тэатры лялек, са сваёй магічнай уласцівасцю і прыцяга льнасцю.

Пра тое, што лялечнікам пад уладна многае, сведчаць і абраны для інсцэнізацыі твор М.Салтыкова-Шчадрына, і вынесеныя ў эпіграф ягоныя словы: «Я люблю Расію да болю сардэчнага...»

Рэжысёр спектакля і аўтар п’есы Аляксандр Янушкевіч (які ў чэхаўскай «Чайцы» сыграў адразу дзве галоўныя ролі — Трэплева і Трыгорына і нейкім чынам паставіў паміж гэтымі героямі знак роўнасці) спрабуе асэнсаваць генетычную страсць расійскага класіка, парадаксальна сфармуляваную такім чынам: «... а ў нас лепш. Лепш, таму што балюча. Гэта зусім асаблівая логіка, але ўсё ж такі логіка, і менавіта — логіка любові».

А.Янушкевіч — вучань Аляксея Ляляўскага паводле эстэтыкі, манеры абыходжання з лялькай і па схільнасці да сур’ёзнага тэатра, неадлучанага ад штодзённага жыцця. І хоць пераняць душэўную ўзрушанасць, з якой выдаткоўваецца ў сваіх спектаклях А.Ляляўскі, наўрадці магчыма — можна навучыцца адчуваць сябе чалавекам на гэтым свеце, на гэтай зямлі і з годнасцю ў сваёй творчасці такому ўменню адпавядаць.

...За шэрым дашчаным плотам — на ўсе падмосткі ад падлогі да столі (мастак-пастаноўшчык В.Рачкоўскі) — існуе, дыхае, мітусіцца вялікі горад. (Велізарнае грамадства, незвычайная краіна, асаблівы сусвет?) У шчылінах паміж дошкамі доўгімі шарэнгамі шмыгаюць, перасоўваюцца або нешта здзяйсняюць шэрыя са сцёртымі абліччамі аднолькава насатыя і валасатыя лялькі. Трэба доўга і ўважліва ўглядацца ў іх невыразныя палатняныя тварыкі, сачыць за рухамі і ўчынкамі, каб знайсці тры адрозненні. Нейкім чынам ідэнтыфікаваць кожную асобу. Зірнуць больш пільна і зацікавіцца, вылучыць і прасачыць за старцам Дабрамыслам, сіроткам Іонкам, дзеўкай Дамашкай, юродзівым Парамошам, хадаком Яўсеічам... Лялькамі рухаюць, іх ролі ўвасабляюць акцёры ў чорным адзенні, але з адкрытымі тварамі — Я.Агеенка, У.Грамовіч, Я.Карняг, Ц.Муратаў, В.Пражэева, М.Чыгіркін.
 
Калі такі вобраз спектакля адпавядае позірку зверху, з космасу, перад намі нямілы Богу народ. Гэта першае, што пры ходзіць у галаву і выклікае сум. Ды раптам... кантрастным і прыгожым кантрапунктам на прасцэніуме ўзнікае Граданачальнік, велічны і маляўнічы ў чорным адзенні, з кійком і высокім цыліндрам на галаве. У выкананні А.Васько — кіраўнік, правіцель, уладар думак і памкненняў народа... Спачатку Васіліск Сямёнавіч, потым Феафілакт Ірынархавіч, потым Дзяменцій Варламавіч... Далей — паводле класічнага сюжэта, адмыслова інсцэнізаванага і адаптаванага А.Янушкевічам. А.Васько рашуча разбурае гадамі замацаваныя ўяўленні пра ягонае амплуа ліхадзея і ягоныя акцёрскія магчымасці. Стварае цэлую панараму разнастайных характараў і абліччаў. Паўстае перад намі то велічным, то апантаным, то захопленым, то разгубленым, то рахманым... Гэта адзіная выкананая ў «жывым плане» роля. І выбар акцёра стаўся беспамылковым.

Відавочна, рэжысёр і аўтар п’есы паводле М.Салтыкова-Шчадрына калі і нарадзіўся ў СССР, дык незадоўга да перабудовы. Мабыць, таму і расставацца з нашым агульным мінулым нам прапануе смеючыся. Прынамсі, эпохі, часы, абставіны, персанажы, іх учынкі, лёс, наканаванне, прычыны і вынікі перамешаны ў гэтым спектаклі, нібы некалькі марак шампуню ў адным вялізным флаконе. Асацыяцыі і гістарычныя спасылкі пры гэтым вельмі канкрэтныя. Хада падзей утрымлівае адмысловую логіку. Таму не мае значэння, што за чым ідзе і што чаму адпавядае. Гэта насамрэч позірк пазачасавы, зверху, па-над схваткай.

Канкрэтныя абставіны, гістарычныя алюзіі і намёкі пададзены ў спектак лі з відавочнай іроніяй. Але нават сатырычнай камедыяй відовішча назваць цяжка. У ім прысутнічае выразны сучасны жанравы акцэнт. Калі смех, дык «скрозь відочныя свету слёзы». ...Сцэнічная прастора за ліваецца сінім святлом, у якім рухаюцца светлыя плямы лялек. Вось нехта за канторкайпіша гусіным пяром. Скача коннік у зялёным мундзіры і з шабляю наперавес. Граданачальнік змяняе апраткі і абліччы. Ва ўсім — толькі на мёк на змену эпох. Нічога сапраўднага, толькі бутафорскія медалі. Метафары або грушы на вярбе? Гледачы павінны самі здагадацца, калі ў неіснуючай краіне надыходзіць эпоха кукурузы, каралевы палёў, калі галадамор. Што азначаюць двухгаловыя гусі на дзвюх чырвоных лапах... Чаму знаёмыя кожнаму вырабленыя з рысавай саломкі і ўвасабляючыя натоўп венікі апрацоў ваюць спачатку сярпом, а пасля молатам...

Прамільгнулі чэргі людзей з бляшанымі міскамі — за ежай... Хлеб-соль на белым ручніку... Доўгія красамоўныя прамовы... Знакамітыя самалёты-кукурузнікі... Помнікі-бюсты ўсенародна любімага з «іканастасам» урадавых узнагарод. І, нарэшце, раскрыжаваны Хрыстос, якога зноў пацягнулі на Галгофу. Ён і паставіў апошнюю кропку ў гэтым расповедзе, дзе галоўнае значэнне мае не слова, не рух сюжэта, а гульня вольных асацыяцый на прасторах мінулых эпох.

Цяжка сказаць, як бы паставіўся да спектакля сам М.Салтыкоў-Шчадрын, які вылучаўся крутым норавам і рэзкімі ацэнкамі. Прынамсі, выступаючы як тэатральны крытык, з тэатрамі ніколі не цырымоніўся. Зрэшты, так бывае заўсёды: новы час — новыя песні. 

ЛЮДМІЛА ГРАМЫКА